Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
118
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

Раздзелvii. Беларусь у гады другой сусветнай і вялікай айчыннай войнаў (верасень 1939 г. – верасень 1945 г.) §1. Савецкі Саюз і краіны свету напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны

Міжнароднае становішча ў свеце ў 30-я гады ХХ ст. Ачагі ваеннай напружанасці на Далёкім Усходзе, у Еўропе, Паўночнай Афрыцы і ў басейне Міжземнага мора. У другой палове 30-х гадоў абвастрыліся супярэчнасці паміж найбуйнейшымі дзяржавамі, якія імкнуліся да перадзелу свету, зон ўплыву, што склаліся пасля Першай сусветнай вайны. Германія пры патуранні Англіі, Францыі і ЗША стала на шлях ліквідацыі Версальска-Вашынгтонскай сістэмы дагавораў 1919 – 1922 гг., нарошчвання ваеннай сілы ў мэтах ўстанаўлення сусветнага панавання.

У 1932 г. Германія дабілася канчатковай адмены рэпарацый і атрымала прызнанне ад заходніх дзяржаў яе права на ўзбраенне. У 1933 г. Германія дэманстратыўна выйшла з Лігі Нацый і Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1935 г. кіруючыя колы Германіі аб’явілі аб аднаўленні ў краіне ўсеагульнай вайсковай павіннасці. У кароткі тэрмін пры фінансавай падтрымцы заходняга капіталу было пабудавана 300 новых ваенных заводаў, рэканструявана і мадэрнізавана авіяцыйная прамысловасць. Важным крокам на шляху далейшай мілітарызацыі з’явіўся ўвод у сакавіку 1936 г. германскіх войск у Рэйнскую дэмілітарызаваную вобласць.

У кастрычніку 1936 г. паміж Германіяй і Ітаіяй быў падпісаны пакт аб утварэнні восі “Берлін – Рым”, у лістападзе 1936 г. Германія і Японія заключылі так званы “Антыкамінтэрнаўскі пакт”, а ў верасні 1940 г. Германія, Італія і Японія заключылі ў Берліне ваенна-палітычны і эканамічны саюз – “Траісты пакт” (“вось Рым – Берлін – Токіо”). Узброеная падтрымка Германіяй і Італіяй фашысцкага мецяжа генерала Франка супраць рэспубліканскай Іспаніі ў 1936 – 1939 гг., аншлюс Аўстрыі ў 1938 г., захоп Чэхаславакіі ў 1938 – 1939 гг. – усё гэта сведчыла аб тым, што ў Еўропе ўзнік небяспечны ачаг вайны.

Другі небяспечны ачаг вайны ўзнік па віне фашысцкай Італіі ў Паўночнай Афрыцы і ў басейне Міжземнага мора. Яго ўзнікненне было звязана з захопам Італіяй Абісініі (Эфіопіі) у 1935 – 1936 гг., аб’яўленнем яе калоніяй, а таксама з уварваннем у красавіку 1936 г. італьянскіх фашыстаў у Албанію.

Трэці ачаг ваеннай напружанасці разгараўся на Далёкім Усходзе, дзе барацьбу за тэрытарыяльны перадзел вяла Японія, якая імкнулася да панавання ў Кітаі і ў басейне Ціхага акіяна. Яшчэ ў верасні 1931 г. японскія войскі акупіравалі Маньчжурыю і стварылі марыянетачную дзяржаву Маньчжоў‑Го з праяпонскім урадам. У 1937 г. японскія мілітарысты разгарнулі шырокамаштабную агрэсію ў Цэнтральным Кітаі, захапіўшы велізарную тэрыторыю і багатыя прыродныя рэсурсы. Летам 1938 г. японскія войскі захапілі частку савецкай тэрыторыі каля возера Хасан, але былі разгромлены. У маі – жніўні 1939 г. у раёне р. Халхін-Гол у Мангольскай Народнай Рэспубліцы савецкія і мангольскія войскі разбілі буйную японскую групоўку. Усяго з 1936 па 1938 гг. на мяжы СССР адбылося 230 узброеных канфліктаў савецкіх войск з японскімі.

Такім чынам, рост мілітарызму і рэваншысцкіх настрояў у Германіі, Італіі і Японіі прывёў да ўзнікнення ў 30‑я гг. трох ачагоў ваеннай напружанасці – у Еўропе, Паўночнай Афрыцы і Міжземнамор’і і на Далёкім Усходзе, з якіх потым разгарэўся сусветны пажар. Кіруючыя колы ЗША, Англіі і Францыі ў гэты час займалі пазіцыю так званага «уміратварэння» і рабілі шмат, каб адхіліць ад сябе германскую агрэсію і накіраваць яе на Усход, супраць Савецкага Саюза.

Важнай для Гітлера пры нападзенні на СССР з’яўлялася Польшча, якая была фашысцкай ці паўфашысцкай дзяржавай з моцнымі антысавецкімі і антысеміцкімі настроямі. Гэта адкрывала магчымасці для змовы з ёй. Яшчэ ў 1934 г. Германія і Польшча падпісалі пакт аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў. Пры раздзеле Чэхаславакіі Гітлер аддаў палякам Цешынскую вобласць, спадзеючыся, што хутка палякі стануць саюзнікамі Германіі ў вайне супраць СССР. Восенню 1938 г. і ў пачатку 1939 г. Германія прапанавала Польшчы ператварыць пакт аб ненападзенні ў саюзны дагавор супраць СССР тэрмінам на 25 гадоў. У выпадку згоды палякаў чакалі новыя тэрыторыі на Усходзе, дапамога ў рашэнні яўрэйскага пытання і захаванне за Польшчай Познані і Верхняй Сілезіі. Адзінае, аб чым прасіў Гітлер Польшчу, – вярнуць Германіі Данцыг і пагадзіцца са стварэннем экстэрытарыяльнага калідора паміж гэтым горадам і Германіяй. Варшаве прапанавалася стаць саюзнікам Германіі, такім жа як Венгрыя і Румынія, і прыняць удзел у хуткай вайне з СССР.

Але палякі, спадзеючыся на падтрымку з боку саюзнікаў – Англіі і Францыі, праявілі незгаворлівасць. Гэтага не мог зразумець Гітлер, які ў роспачы нават паабяцаў аддаць Польшчы частку Украіны. Не атрымаўшы адказу, Гітлер вырашыў пакараць палякаў, ператварыць Польшчу, як і СССР, у поле для эксперыментаў па знішчэнні славянства. Вясной 1939 г. Гітлер прыняў рашэнне аб вайне з Польшчай – не за Данцыг і не за калідор, а аб вайне на знішчэнне.

У ваенна-палітычнай сітуацыі, калі Англія і Францыя праводзілі палітыку “улагоджвання” агрэсара, Савецкі Саюз прапанаваў палітыку стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Ён праявіў гатоўнасць супрацоўнічаць з усімі еўрапейскімі краінамі для барацьбы супраць германскай агрэсіі. Але перагаворы паміж СССР, Англіяй і Францыяй, якія праходзілі летам 1939 г. у Маскве, зайшлі ў тупік і станоўчых вынікаў не далі.

Савецка-германскія адносіны ў канцы 30-х гадоў. Пачатак Другой сусветнай вайны. Летам – восенню 1939 г. СССР, каб пазбегнуць магчымай палітычнай ізаляцыі і вайны на два фронты, прыняў прапанову Германіі наладзіць міждзяржаўныя адносіны. Нечаканы паварот у палітыцы вышэйшага савецкага кіраўніцтва ў адносінах да Германіі быў абумоўлены не выяўленнем індывідуальнай волі І.В. Сталіна, а быў здзейснены пад націскам рэальнай гістарычнай сітуацыі, прадыктаванай абставінамі, якія “загналі” СССР у пакт. Адхіленне Англіяй і Францыяй усіх прапаноў СССР аб саюзе, у тым ліку прапановы аб стварэнні адзінага антыфашысцкага фронту прывяло да спробы хоць у нейкай меры адтэрмінаваць вайну з Германіяй. У савецкага кіраўніцтва не было іншага выбару.

23 жніўня 1939 г. у Маскве паміж СССР і Германіяй быў падпісаны Дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў (“пакт Молатава – Рыбентропа”). Падпісваючы дагавор, Савецкі Саюз імкнуўся выйграць час для завяршэння мерапрыемстваў па ўмацаванні абараназдольнасці краіны, адвесці пагрозу стварэння адзінага антысавецкага фронту. У сваю чаргу Германія атрымала свабоду дзеянняў для пашырэння агрэсіі супраць краін Еўропы.

Разам з дагаворам аб ненападзенні быў падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, па якім вызначаліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаў. У сферу інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, што было актам гістарычнай справядлівасці, а таксама Усходняя Польшча аж да Варшавы, Латвія і Эстонія, што з’яўлялася грубым парушэннем правоў польскага, латвійскага і эстонскага народаў на незалежнасць і суверэнітэт сваіх дзяржаў. Пратакол прадугледжваў ліквідацыю Польшчы як дзяржавы і падзел яе тэрыторыі.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, ведаючы канкрэтны тэрмін нападзення Германіі на Польшчу, нават не паведамілі аб гэтым сваёй саюзніцы. Яны ахвяравалі Польшчу толькі для таго, каб хутчэй справакаваць вайну паміж СССР і Германіяй, “вайну з камунізмам”, які яны люта ненавідзелі. 3 верасня 1939 г. Англія і Францыя, ствараючы бачнасць падтрымкі Польшчы як саюзніцы, аб’явілі вайну Германіі. У вайну ўступілі брытанскія дамініёны і калоніі: Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Канада, Паўднёва-Афрыканскі Саюз. Пачалася Другая сусветная вайна.

Нягледзячы на мужнасць польскіх салдат і афіцэраў, нямецкія войскі імкліва рухаліся ў глыб польскай тэрыторыі. 17 верасня 1939 г., калі амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкімі войскамі, савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі ўзяць пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У гэты час фашысцкія войскі ўжо захапілі Брэст і Беласток, якія пазней увайшлі ў склад БССР.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Большасць польскіх войск здавалася без бою. Толькі асобныя часці аказалі моцнае супраціўленне.

Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю, кветкамі, хлебам-соллю. З удзелам былых членаў Кампартыі Заходняй Беларусі і камсамола Заходняй Беларусі ствараліся органы новай улады: часовыя ўправы – у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сялянскія камітэты – у мястэчках і вёсках.

У час паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну былі ўзяты ў палон польскія афіцэры (дакладная іх лічба не ўстаноўлена). Яны знаходзіліся ў савецкіх лагерах для ваеннапалонных. У гады Другой сусветнай вайны былі выяўлены масавыя пахаванні расстраляных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска. Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і на сённяшні дзень з-за адсутнасці патрэбных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі не ўстаноўлена, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў.

У некаторых падручніках па гісторыі сцвярджаецца аб тым, быццам “гэта злачынства было здзейснена органамі НКУС па рашэнні Палітбюро ЦК УКП(б)”. На сённяшні дзень гэта версія не мае дакументальнага пацвярджэння. Другая версія – ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Германіяй у 1941 г. Незалежна ад таго, хто здзейсніў гэты акт варварства, расстрэл ваеннапалонных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска, як і знішчэнне пілсудчыкамі савецкіх салдат і афіцэраў, што трапілі ў палон да палякаў у час правядзення Варшаўскай аперацыі 1920 г., – цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці. Ва ўзаемаадносінах паміж цывілізаванымі краінамі такое ніколі не павінна паўтарацца.

28 верасня 1939 г. СССР і Германія падпісалі новы дагавор “Аб дружбе і мяжы”. Згодна з дагаворам, граніца была праведзена па так званай “лініі Керзана”, вызначанай яшчэ ў 1919 г. Вярхоўным саветам Антанты як усходняя граніца Польшчы. Гэта была этнічная мяжа паміж беларусамі і палякамі. Прыкладна па гэтай “лініі” праходзіць сёння беларуска-польская граніца. Да дагавора былі прыкладзены два сакрэтныя пратаколы, згодна з якімі ў сферу ўплыву СССР дадаткова ўключаліся Літва і Фінляндыя. Забаранялася польская агітацыя на тэрыторыі СССР і Германіі.

Дагавор “Аб дружбе і мяжы” у цэлым і асабліва ў той частцы, якая тычылася “дружбы” Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй, нанёс вялікую шкоду міжнароднаму аўтарытэту СССР, дэзарыентаваў антыфашысцкія сілы ў многіх краінах у пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з тым дзяржаўная мяжа СССР адсоўвалася на 200 – 300 км на захад. Фашысцкая Германія пазбаўлялася выгаднага стратэгічнага плацдарма для нападзення на СССР.

28 – 30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Па дакладах дэпутатаў С.В. Прытыцкага і Ф.Д. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У выніку ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, тэрыторыя апошняй павялічылася з 125,6 тыс. км2 да 225,6 тыс. км2, а насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. На далучанай тэрыторыі было ўтворана 5 абласцей – Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская, якія ў сваю чаргу дзяліліся на раёны і сельсаветы.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ў межах рэспублікі апынуліся тры епархіі, якія раней уваходзілі ў склад праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы: Віленская, Гродзенская і Палеская. Там дзейнічала каля 800 храмаў і 5 манастыроў. Савецкая ўлада не стала на шлях правядзення масавых рэпрэсій у адносінах да духавенства і закрыцця храмаў, як гэта рабілася ў свой час у Беларускай ССР. Аднак было аб’яўлена аб нацыяналізацыі царкоўнай маёмасці, забароне выкладання ў школах закона божага і згортванні кнігавыдавецкай дзейнасці. У сродках масавай інфармацыі разгарнулася шырокая антырэлігійная кампанія.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з СССР і БССР мела гістарычнае значэнне. Быў пакладзены канец падзелу беларускага этнасу і беларускай этнічнай тэрыторыі. Збылася адвечная мара беларускага народа жыць у адзінай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад СССР і БССР садзейнічала паскарэнню іх сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

У пачатку кастрычніка 1939 г. Віленская ўправа прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарах Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Аднак насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у іх не давялося. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Ковенскай Літвы (сталіцай Літвы ў той час быў г. Коўна (зараз Каўнас) адносна лёсу Віленшчыны. 10 кастрычніка 1939 г. у палітычных мэтах, для схілення літоўскага кіраўніцтва на савецкі бок быў падпісаны дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы.Дагавор прадугледжваў пропуск савецкіх войск праз літоўскую тэрыторыю, узбраенне літоўскага войска. Літве было паабяцана не перашкаджаць у яе самастойнай унутранай і знешняй палітыцы. На тэрыторыі Літвы размяшчаўся кантынгент савецкіх войск колькасцю 20 тыс. чал.

У лістападзе 1940 г. адбыліся новыя тэрытарыяльныя змены не на карысць Беларусі.Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лістапада 1940 г. Савецкай Літве перадаваліся Свянцянскі раён і часткі тэрыторый Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў Беларускай ССР, а таксама курорт Друскенікі (зараз Друскенінкай), які спрадвеку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. Гэтая тэрыторыя складала 2600 км2з насельніцтвам 65 тыс. чал.9

Гісторыкі выказваюць розныя меркаванні адносна тэрытарыяльных змен на карысць Літвы, праведзеных у 1939 – 1940 гг. Аднак многія з іх аднадушныя ў тым, што гэтыя змены праводзіліся ў палітычных мэтах, без згоды Беларускай ССР, без уліку нацыянальнага складу насельніцтва.

Сапраўды, савецкае кіраўніцтва добра разумела, што Літва, Латвія і Эстонія, якія ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР, у хуткім часе стануць савецкімі (так і здарылася летам 1940 г.). Таму для Масквы не мела прынцыповага значэння, каму будзе належаць Вільня, Віленскі край і некаторыя іншыя тэрыторыі, якія раней уваходзілі ў склад БССР. Галоўнае ў тым, што БССР, Літва, Латвія і Эстонія з’яўляюцца савецкімі і што ўсе яны ўваходзяць у склад СССР. Тут браўся пад увагу інтарэс не нацыянальны, а класава-палітычны, інтэрнацыяналісцкі.

Што тычыцца нацыянальнага складу насельніцтва, то гэта вельмі складанае і спрэчнае пытанне. Вядома, што ў 1939 г. у Вільні і Віленскім краі ні беларусы, ні літоўцы не складалі большасці насельніцтва. Наадварот, яны з’яўляліся нацыянальнымі меншасцямі. Большасць насельніцтва краю складалі палякі, яўрэі і рускія. Сцвярджэнне некаторых гісторыкаў аб тым, што ў Вільні ў 1939 г. большасць насельніцтва складалі беларусы, – памылковае. Па розных крыніцах, беларусы складалі ад 1,7 % да 5 % насельніцтва Вільні. Прыкладна столькі ж было і літоўцаў у агульным складзе насельніцтва Вільні. Вось і паспрабуй вырашыць тэрытарыяльнае пытанне Беларусі і Літвы, улічваючы нацыянальны склад насельніцтва!

Беларуская ССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўская Германія разам са сваімі саюзнікамі пашырала агрэсію супраць краін Еўропы. Вясной 1940 г. яна захапіла Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 22 чэрвеня 1940 г. падпісала акт аб капітуляцыі Францыя. У жніўні 1940 г. германская авіяцыя пачала масіраваныя бамбардзіроўкі Англіі. У верасні 1940 г. Германія ўвяла свае войскі ў Румынію, а вясной 1941 г. акупіравала Балгарыю, Грэцыю і частку Югаславіі. Вяліся таксама баявыя дзеянні ў Афрыцы.

Адначасова Германія пачала падрыхтоўку да вайны з СССР. 22 чэрвеня 1940 г. Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план – план маланкавай вайны пад кодавай назвай “Барбароса” быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты яшчэ адзін план – план “Ост”, які ўяўляў з сябе праграму знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны БССР была адной з індустрыяльна-аграрных рэспублік СССР. У яе склад уваходзіла 10 абласцей і 188 раёнаў. У 1940 г. валавая прадукцыя прамысловасці рэспублікі ўзрасла ў параўнанні з 1913 г. у 8,1 разы, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – у 1,7 разы.

У сувязі з нарастаннем ваеннай пагрозы савецкае кіраўніцтва прымала меры па ўмацаванню абараназдольнасці краіны. Быў завершаны пераход ад тэрытарыяльна-кадравай да адзінай кадравай сістэмы пабудовы Узброеных Сіл. У адпаведнасці з Законам СССР “Аб усеагульнай воінскай павіннасці” (верасень 1939 г.) Узброеныя Сілы краіны павялічыліся з 1,9 млн. чалавек у 1939 г. да 5 млн. чалавек у пачатку 1941 г. Абаронныя заводы пераводзіліся на серыйны выпуск новых відаў узбраенняў.

На тэрыторыі БССР уздоўж заходняй граніцы краіны былі пабудаваны 193 баявыя ўмацаванні (“лінія Молатава”) (сістэма баявых умацаванняў на заходняй граніцы СССР да 17 верасня 1939 г. (“лінія Сталіна”) страціла цяпер сваё былое ваенна-стратэгічнае значэнне). Павялічвалася таксама прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі да граніцы, войскі забяспечваліся новай баявой тэхнікай і сродкамі сувязі. Шмат увагі надавалася будаўніцтву авіяцыйных заводаў у Мінску і Магілёве, танкарамонтных заводаў у Віцебску і Баранавічах. Дзейнічалі шматлікія абаронныя і спартыўныя таварыствы. Праводзілася вялікая работа па выхаванні пачуцця патрыятызму ў савецкіх людзей, іх гатоўнасці абараняць Айчыну.

Аднак многія меры па ўмацаванні абараназдольнасці краіны былі частковымі і запозненымі. Сістэма ўмацаванняў на заходніх рубяжах да пачатку вайны цалкам не была пабудавана, марудна ішло пераўзбраенне войск новай тэхнікай, некаторыя воінскія часці не былі цалкам ўкамплектаваныя асабовым складам.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr