Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§2. Беларусь у Айчыннай вайне 1812 г.

Міжнароднае становішча ў Еўропе напярэдадні вайны. Захапіўшы ўладу ў Францыі, Напалеон пачаў відавочна праяўляць свае прэтэнзіі на сусветнае панаванне. У ходзе войн 1796 – 1809 гг. Францыя падпарадкавала амаль усе краіны Заходняй Еўропы, за выключэннем Англіі і Швецыі. Такая сітуацыя пагражала інтарэсам Расійскай імперыі. Расія актыўна ўдзельнічала ў ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій, накіраваных супраць Францыі. Але ў вайне 1805 – 1807 гг. кааліцыя пацярпела паражэнне. Аўстрыя і Прусія сталі сатэлітамі Францыі. Англіі Напалеон абвясціў кантынентальную блакаду і прымусіў далучыцца да яе ўсе заваяваныя ім дзяржавы. Расія таксама вымушана была заключыць ў 1807 г. Тыльзіцкі мір, які меў антыбрытанскую накіраванасць. Згодна з гэтым дагаворам, Напалеон стварыў з польскіх зямель, што належалі Прусіі, Герцагства Варшаўскае, васальную Францыі дзяржаву на мяжы з Расіяй. Расіі Напалеон навязаў Беластоцкую акругу з мэтай паглыбіць руска-прускія супярэчнасці. Герцагства Варшаўскае Напалеон выкарыстоўваў у якасці свайго плацдарма на выпадак вайны з Расіяй. Ён нават пагражаў Аляксандру І, што гатовы аднавіць Польшчу ў межах 1772 г.

Да пачатку 1810 г. адносіны паміж Францыяй і Расіяй яшчэ больш абвастрыліся, і яны пачалі рыхтавацца да вайны. Узрастае ваенны бюджэт Францыі, яе войска папаўняецца навабранцамі. Напалеон сцягвае свае войскі ў Прусію і Герцагства Варшаўскае, пастаянна папаўняючы іх кантынгент. Адначасова ён стварае з суседзямі Расіі – Аўстрыяй і Прусіяй – ваенны саюз, абяцаючы ім пашырыць свае тэрыторыі за кошт зямель, якія ўваходзілі ў склад Расіі. У лютым 1812 г. Напалеон заключыў дагавор з Прусіяй, а ў сакавіку – з Аўстрыяй. Прусія абавязалася выставіць 20 тыс. салдат, Аўстрыя – 30 тыс., перадаць іх пад французскае камандаванне і прадаставіць усё неабходнае для забеспячэння саюзнай арміі. Армія Герцагства Варшаўскага ўжо ў сакавіку 1811 г. налічвала 60 тыс. чалавек. Такім чынам, супраць Расіі Напалеон здолеў выставіць 647 158 чалавек войска і 1 372 гарматы.

Падрыхтоўка Францыі да вайны не была тайнай для Расіі. Расійскі ўрад рыхтаваўся да абароны. Буйным поспехам расійскай дыпламатыі напярэдадні вайны стала заключэнне саюзных дагавораў з Швецыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. Перамога Расіі ў руска-турэцкай вайне 1806 – 1812 гг. і Бухарэсцкі мірны дагавор, заключаны ў маі 1812 г., выключылі магчымасць удзелу Турцыі ў вайне на баку Францыі.

Падрыхтоўка Расіі да вайны і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях. Тэрыторыя Беларусі і Літвы разглядалася расійскім камандаваннем у якасці будучага галоўнага тэатра ваенных дзеянняў. Таму ўрад прыняў шэраг мер для яе ўмацавання ў інжынерных і інтэнданцкіх адносінах. У жніўні 1810 г. было вырашана пабудаваць ваенныя цытадэлі ў Бабруйску і Дынабургу і ваенны лагер каля Дрысы, а каля Барысава – масты праз Бярэзіну. У будаўніцтве гэтых абарончых збудаванняў прымала актыўна ўдзел насельніцтва Беларусі. Напрыклад, на работы па пабудове Дрысенскага ваеннага лагера кожны дзень прыцягвалася каля 2 500 чалавек.

У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў бягучым забеспячэнні палявых рэгулярных войск, якія тут дыслацыраваліся, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 – 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў вайны 1809 г. эмігравала ў Герцагства Варшаўскае і паступала служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.

Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Для многіх шляхціцаў імя Напалеона было непарыўна звязана з Французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Частка арыстакратаў і буйных землеўладальнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў “літоўскай” дзяржаўнасці (ВКЛ) у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам І.

У сваю чаргу, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр І істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, а таксама выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад уладай Расіі. У 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр, К. Любамірскі, С. Грабоўскі па даручэнні імператара склалі праект Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім. У склад апошняга планавалася ўключыць усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якія адышлі да Расіі. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было стаць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Паступова, на працягу 10 гадоў, прадугледжвалася асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак у вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі, таму яго ажыццяўленне адкладвалася.

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. Расійскае войска на заходняй мяжы імперыі складалася з трох армій і трох асобных карпусоў. Першая Заходняя армія на чале з ваенным міністрам М.Б. Барклаем дэ Толі (120,2 тыс. чалавек і 580 гармат) дыслацыравалася ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда і прыкрывала пецярбургскі кірунак. Другая Заходняя армія пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі П.І. Баграціёна (49,4 тыс. чалавек і 180 гармат) знаходзілася ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам і засланяла маскоўскі напрамак. Трэцяя Заходняя армія на чале з генералам ад кавалерыі А.П. Тармасавым (44,2 тыс. чалавек і 168 гармат) была размешчана каля г. Луцка ў Валынскай губерні і закрывала кіеўскі напрамак. Акрамя таго, пад Рыгай знаходзіўся асобны корпус генерал-лейтэнанта І. Эсена (38,1 тыс. чалавек), каля Тарапца – рэзервовы корпус генерал-ад’ютанта Я. Мелера-Закамельскага (27,5 тыс. чалавек) і войскі генерал-лейтэнанта Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек). Рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100 – 200 км. (план дыслакацыі распрацоўваў саветнік Аляксандра І прускі генерал К. Фуль). Такі план мог прывесці да разгрому рускіх армій паасобку, на што і разлічваў Напалеон.

У ноч на 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа арміі Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. Расійскае камандаванне на нарадзе ў Дрысенскім лагеры прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія М.Б. Барклая дэ Толі адыходзіла на Віцебск праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Каб прыкрыць пецярбургскі напрамак у Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П.Х. Вітгенштэйна. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2‑я армія П.І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў. Яна страціла сувязі з асноўнымі рускімі войскамі і праследавалася французскай арміяй.

16 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У той жа дзень сюды прыехаў Напалеон. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні; паблізу мястэчкаў Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна Магілёўскай губерні і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 15 ліпеня А.П. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 2 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак у ліпені 1812 г. расійскім арміям не давялося злучыцца ў раёне Віцебска. Рускую армію апярэдзіў корпус Даву, які заняў Магілёў і перагарадзіў шлях каля вёскі Салтанаўка. Рускія войскі спрабавалі тут пераправіцца праз Днепр, але няўдала. Тады П.І Баграціён арганізаваў пераправу каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Сустрэча рускіх армій была прызначана ў Смаленску.

Акупацыйны рэжым французскіх улад. Амаль уся тэрыторыя Беларусі, за выключэннем паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны напалеонаўская армія страціла да 150 тыс. чалавек (разам з хворымі і дэзерцірамі), у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства. Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску.

Напалеон улічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад – Камісію Вялікага княства Літоўскага. Паўнамоцтвы Камісіі распаўсюджваліся на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Галоўныя пасады ў іх занялі французскія военачальнікі – інтэнданты. 8 ліпеня 1812 г. генерал-губернатарам Літвы быў прызначаны граф Дзірк ван Гогендорп, а ў кожным дэпартаменце дзейнічаў ваенны губернатар.

У склад Камісіі ВКЛ ўвайшлі мясцовыя землеўладальнікі і палітычныя дзеячы: С. Солтан (старшыня), К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі. Камісія павінна была вырашаць фінансавыя пытанні (збіраць падаткі і размяркоўваць бюджэтныя сродкі), арганізоўваць узброеныя сілы, сфарміраваць жандармерыю і судовыя органы. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, “польскае праўленне”. Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.

Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсе забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Напрыклад, паводле ўказа Часовага ўрада ад 13 ліпеня Віленскі і Мінскі дэпартаменты павіненны былі прадставіць па 3 тыс. рэкрутаў, Гродзенскі – 2,5 тыс., Беластоцкі – 1,5 тыс. Было абвешчана аб рэквізіцыях, неабходных для папаўнення запасаў фуражу і харчавання для французскай арміі. З беларуска-літоўскіх губерняў загадана было сабраць 3 млн. пудоў жыта, 1,5 млн. чвэрцяў аўса, па 2,5 млн. пудоў сена і саломы, 160 тыс. галоў рагатай жывёлы. Такія аб’ёмы паставак былі непасільныя для насельніцтва.

Пытанне аб палітычнай будучыні ВКЛ засталося нявырашаным. Палякі заклікалі аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах. Аднак Напалеон не спяшаўся з адказам, ён спадзяваўся на заключэнне міру з Аляксандрам І і не жадаў лішняй перашкоды. Да таго ж літоўска-беларуская шляхта марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы і не жадала аб’яднання з Польшчай. Менавіта таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да герцагства Варшаўскага, праігнараваўшы просьбы польскага сейма.

Адносіны розных слаёў насельніцтва Беларусі да падзей вайны 1812 г. Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане арганізоўвалі ўрачыстыя сустрэчы французам. Амаль уся шляхта ўспрымала Напалеона як вызваліцеля ад расійскіх захопнікаў. Каталіцкая царква таксама падтрымлівала Напалеона. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, пачынае выказваць свае пачуцці ўсё больш стрымана. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.

Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі захавала прыгоннае праване, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх беларускіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Актыўна дзейнічалі партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. Улічваючы адносіны сялян да акупантаў, 18 ліпеня ў Полацку Аляксандр І падпісаў маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені – ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.

Ваенныя дзеянні ў Беларусі восенню 1812 г. 22 ліпеня 1812 г. 1-я і 2-я рускія арміі злучыліся ў Смаленску. 4 – 5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек, аднак рускія вымушаны былі пакінуць горад. З 8 жніўня рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітва адбылася 26 жніўня каля в. Барадзіно. На Барадзінскім полі супраць французаў актыўна змагаліся ўраджэнцы Беларусі. Так, вядомыя Баграціёнавы флешы абаранялі чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, сфарміраваныя на Віцебшчыне, а 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. Дзеля захавання арміі М.І. Кутузаў прыняў рашэнне пакінуць Маскву, якую хутка занялі французы. Напалеон прапанаваў Аляксандру І заключыць мір, але расійскі імператар не даў адказу. У пачатку кастрычніка 1812 г. французская армія пачала адступленне з Масквы, прычым па спустошанай Смаленскай дарозе. Пачалося вызваленне Беларусі. 7 кастрычніка 1812 г. ад французаў быў вызвалены Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск, 9 лістапада – Барысаў, 12 лістапада – Магілёў.

У лістападзе 1812 г. каля в. Студзёнка непадалёку ад Барысава французам быў нанесены завяршальны ўдар. Пры пераправе праз Бярэзіну загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. “Вялікая армія” фактычна перастала існаваць. Пасля гэтага змерзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. Даручыўшы 23 лістапада ў Смаргоні камандаванне Мюрату, Напалеон кінуў армію і паехаў у Парыж.

Вынікі вайны для Беларусі. Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Гарадское насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. У Мінску, напрыклад з 11 200 чалавек да 3 480. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка – амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Паводле няпоўных звестак, страты Беларусі ад вайны складалі каля 52 млн. руб. серабром. Пацярпелі ад французаў помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Кацярынінскі храм у Мінску. Так, Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную канюшню. Негатыўныя наступствы вайны 1812 г. адчуваліся ў Беларусі некалькі дзесяцігоддзяў.

Нягледзячы на ваенныя бедствы, у 1813 – 1814 гг. беларскія губерні не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы расійскай арміі, амаль не зменшыліся падаткі. Спадзяванні сялян на адмену прыгоннага права не здзейсніліся. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі.

У гонар перамогі расійскіх войск над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Студзёнка і інш.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr