Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§4. Партызанская і падпольная барацьба супраць германскіх агрэсараў на захопленай тэрыторыі Беларусі

Партызанскі рух. Барацьба беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ажыццяўлялася як: а) узброеныя дзеянні партызан; б) дзейнасць падпольных груп і агранізацый; в) масавы зрыў насельніцтвам, якое не ўваходзіла ў склад партызанскіх фарміраванняў і падпольных арганізацый, эканамічных, палітычных і ваенных планаў акупантаў.

Арганізатарам барацьбы беларускага народа супраць акупантаў была Камуністычная партыя. Для нелегальнай работы ў Беларусі летам 1941 г. было пакінута каля 9 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. камсамольцаў. У час акупацыі ў рэспубліцы дзейнічалі 203 падпольныя партыйныя органы (райкомы, гаркомы і абкомы) Сакратары абкомаў КП(б)Б узначальвалі партызанскія злучэнні.

У ліку першых партызанскіх атрадаў, што ўзніклі самастойна ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, былі Пінскі атрад пад камандаваннем В.З. Каржа (узнік на 5-ы дзень вайны), атрад “Чырвоны Кастрычнік” пад камандаваннем Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага, атрад пад камандаваннем М.П. Шмырова (Бацькі Міная).

На аснове былых знішчальных батальёнаў, якія ствараліся з мясцовага насельніцтва для барацьбы з нямецкімі дысантнікамі і дыверсантамі, сфарміраваліся партызанскія атрады ў Парыцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Лоеўскім, Рагачоўскім і іншых раёнах Беларусі. За ліпень – верасень 1941 г. у цэнтралізаваным парадку ў Беларусі было сфарміравана звыш 430 партызанскіх атрадаў і груп, у якіх налічвалася больш за 8 тыс. чалавек. У склад першых атрадаў і груп уваходзілі камуністы і камсамольцы, савецкія і гаспадарчыя кіраўнікі, актывісты, беларускія патрыёты, а таксама вайскоўцы, што трапілі ў акружэнне ці вырваліся з варожага палону.

Частка створаных летам – восенню 1941 г. атрадаў і груп была разгромлена. Некаторыя атрады самараспусціліся. Іншыя, выканаўшы заданні, выйшлі ў савецкі тыл ці перайшлі на паўлегальнае становішча. Аднак каля 200 атрадаў і груп нават у вельмі цяжкіх, неспрыяльных умовах працягвалі барацьбу з ворагам.

У 1942 г. пачаўся новы ўздым партызанскай барацьбы. Разгром немцаў пад Масквой узняў маральны настрой патрыётаў. Расла колькасць атрадаў і груп, якія аб’ядноўваліся ў брыгады. Значна палепшылася ўзбраенне “лясных байцоў”. Удасканальвалася структура партызанскіх сіл, якая ўсё больш набліжалася да вайсковай. Брыгады ў асноўным складаліся з атрадаў, якія ў сваю чаргу дзяліліся на ўзводы, аддзяленні. Узрастала майстэрства камандных кадраў і штабоў усіх узроўняў, умацоўваліся сувязі з мясцовым насельніцтвам.

Вялікае значэнне для развіцця партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці мела існаванне так званых Суражскіх (Віцебскіх) варот – 40‑кіламетровага прарыву ў лініі фронту паміж Веліжам і Усвятамі на стыку нямецкіх армій “Поўнач” і “Цэнтр”. Праз “вароты” з Вялікай зямлі ў тыл ворага накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, зброя, боепрыпасы, медыкаменты і інш. Многія партызанскія атрады падтрымлівалі сувязь з Віцебскім абкомам і ЦК КП(б)Б, што дзейнічалі за лініяй фронту, а таксама з ваеннымі саветамі 3‑й і 4‑й ударных армій. “Вароты” існавалі з лютага па верасень 1942 г.

Клічаўскае партызанскае злучэнне было самай буйной групоўкай партызанскіх сіл у Магілёўскай вобласці. У пачатку верасня 1942 г. у ім знаходзілася 17 партызанскіх атрадаў, якія налічвалі ў сваім складзе каля 3 тыс. чалавек. Шляхам аб’яднання партызанскіх атрадаў ствараліся партызанскія злучэнні і ў іншых месцах Беларусі. Пры гэтым атрады, якія ўваходзілі ў партызанскія аб’яднанні, не трацілі сваёй самастойнасці.

Характэрнай асаблівасцю партызанскага руху ў 1942 г. стала вызваленне ад акупантаў значных тэрыторый і ўтварэнне там партызанскіх зон. Першая такая зона ўзнікла ў студзені – лютым 1942 г. у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. На яе тэрыторыі размяшчаўся партызанскі гарнізон, які налічваў 13 атрадаў і больш за 1300 народных мсціўцаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала некалькі дзесяткаў партызанскіх зон – Клічаўская, Ушацкая, Полацка-Лепельская, Барысаўска-Бегомльская і інш. Партызанскія зоны ўваходзілі ў больш буйное аб’яднанне – партызанскі край. На тэрыторыі партызанскіх зон і краёў была адноўлена савецкая ўлада.

Асаблівасцю партызанскага руху ў 1942 г. было і тое, што ён стаў больш арганізаваным і эфектыўным. Гэтаму спрыяла стварэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале з П.К. Панамарэнкам і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) на чале з П.З. Калініным.

Пачалося разгортванне масавага партызанскага руху, ствараліся занальныя і абласныя партызанскія злучэнні. Партызаны ўсё часцей пачалі праводзіць буйныя наступальныя аперацыі, наносіць удары па камунікацыях, гарнізонах, апорных пунктах, іншых аб’ектах праціўніка. У студзені 1942 г. партызанскія атрады разграмілі нямецкі гарнізон у райцэнтры Капаткевічы, у лютым – у мястэчку Азарычы і на станцыі Муляраўка.

У сакавіку 1942 г. быў арганізаваны партызанскі баявы рэйд па тэрыторыі Любанскага, Жыткавіцкага, Ленінскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага і Слуцкага раёнаў, у якім удзельнічалі каля 600 партызан. Падчас рэйду знішчаліся гарнізоны, сельскія і валасныя ўправы, узрываліся масты, праводзілася агітацыйная работа сярод насельніцтва. У выніку была ўтворана Любанская партызанская зона. У красавіку 1942 г. яна аб’ядналася з Кастрычніцкай партызанскай зонай. Гэта прывяло да ўтварэння злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, якое ўзначалілі сакратары Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б В.І. Казлоў і Р.Н. Мачульскі.

У 1943 – 1944 гг. з удзелам усіх партызанскіх злучэнняў былі праведзены аперацыі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “рэйкавая вайна”. Яе задачай быў зрыў ваенных перавозак праціўніка і садзейнічанне наступленню Чырвонай Арміі. Аперацыя “рэйкавая вайна” ажыццяўлялася ў тры этапы: а) першы этап пачаўся ў ноч з 3 на 4 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г.; б) другі этап – з 9 верасня 1943 г. да пачатку лістапада 1943 г. (атрымаў назву “Канцэрт”); в) трэці этап пачаўся ў ноч 20 чэрвеня 1944 г.

Асаблівасцю партызанскай антыфашысцкай барацьбы ў заходніх раёнах Беларусі з’яўлялася знаходжанне тут адначасова з савецкімі партызанамі ваенных фарміраванняў польскай Арміі Краёвай (акаўцаў) і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (аўнаўцаў). Акаўцы, якіх у народзе называлі белымі ці польскімі партызанамі, змагаліся за аднаўленне Польшчы ў межах 1 верасня 1939 г., гэта значыць з уваходжаннем у яе склад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Яны вялі барацьбу на два фронты: супраць гітлераўцаў і супраць бальшавікоў, бо, на іх думку, менавіта Германія і СССР знішчылі Польшчу як дзяржаву. Аўнаўцы, якіх у народзе называлі бандэраўцамі, змагаліся супраць гітлераўцаў і бальшавікоў за самастойную Украіну. У 1943 – 1944 гг. акаўцы і аўнаўцы вялі баявыя дзеянні супраць партызан і падпольшчыкаў, а таксама часцей Чырвонай Арміі.

Вынікам баявой дзейнасці партызан з’яўлялася тое, што пад іх кантролем знаходзілася 60 % акупіраванай тэрыторыі Беларусі, значная частка якой была цалкам вызвалена ад захопнікаў.

У абсалютнай большасці ўзаемаадносіны партызан і мясцовага насельніцтва былі надзвычай высакароднымі. Шмат людзей жылі ў партызанскіх зонах пад аховай партызан. Народныя мсціўцы дапамагалі сялянам ахоўваць, сеяць і збіраць ураджай. Партызанскія медыцынскія работнікі лячылі хворых, змагаліся з эпідэміямі. У партызанскіх зонах адкрываліся і працавалі дзесяткі школ. На тэрыторыі зон дзейнічала вялікая колькасць гаспадарчых прадпрыемстваў, якія працавалі на патрэбы партызан і мясцовага насельніцтва. Партызанскія зоны з’яўляліся арганізацыйна-прапагандысцкімі цэнтрамі. Тут выпускалася 170 падпольных газет, працавала 168 радыёстанцый, праводзіліся гутаркі і лекцыі, дэманстраваліся кінафільмы, урачыста адзначаліся святы.

Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі дзейнічала 374 тыс. партызан і 400 тыс. чалавек скрытага партызанскага рэзерву, якія ў любы момант маглі стаць у шэрагі партызан. У партызанскіх атрадах змагалася каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў. Большую частку беларускіх патрыётаў складалі юнакі і дзяўчаты. Моладзь да 26 гадовага ўзросту складала звыш 54 % беларускіх партызан. На абарону Радзімы актыўна выступалі настаўнікі і навучэнцы. У партызанскім руху ўдзельнічала больш за 7 тыс. настаўнікаў і 34 тыс. навучэнцаў, з якіх каля 5 тыс. з’яўляліся піянерамі. У барацьбе з ворагам загінула 44 791 партызан.

Падпольная барацьба. Адначасова з партызанскай барацьбой разгортвалася падпольная антыфашысцкая дзейнасць у гарадах і іншых населеных пунктах. Як і партызанскія фарміраванні, падпольшчыкі здзяйснялі дыверсіі, баявыя аперацыі (знішчэнне жывой сілы і баявой тэхнікі акупантаў), сабатаж, агітацыйную работу сярод насельніцтва, разведку.

Мінскае падполле, нягледзячы на вялікія страты, якія яно панесла ў сакавіку – красавіку і верасні – кастрычніку 1942 г., працягвала дзейнічаць. У яго складзе змагалася звыш 9 тыс. чалавек, больш чым 1 тыс. камуністаў і 2 тыс. камсамольцаў, антыфашысты замежных краін. За час акупацыі ў Мінску было праведзена звыш 1500 дыверсій. Тут знайшлі сваю пагібель многія высокапастаўленыя асобы, у тым ліку генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. За мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску прысвоена ганаровае званне “Горад-герой” (1974 г.).

У ноч на 30 ліпеня 1943 г. падпольшчыкі горада Асіповічы здзейснілі на чыгуначным вузле адну з самых буйных дыверсій Другой сусветнай вайны. Камсамолец Фёдар Крыловіч падклаў дзве магнітныя міны пад эшалон з гаручым. Пачуліся выбухі, і гіганцкі вогненны слуп падняўся над станцыяй. Пажар працягваўся 10 гадзін. У выніку аперацыі былі поўнасцю знішчаны 4 эшалоны, у тым ліку адзін з танкамі “тыгр”, 31 цыстэрна з гаручым, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі.

У Віцебску ў 1941 – 1942 гг. дзейнічала 56 падпольных груп. Адной з іх з кастрычніка 1942 г. кіравала В.З. Харужая. Яна была накіравана сюды Беларускім штабам партызанскага руху. 13 лістапада 1942 г. фашысты схапілі і пасля доўгіх допытаў закатавалі яе і іншых падпольшчыкаў. Пасмяротна В.З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Гомелі актыўную барацьбу з ворагам вялі падпольныя групы на чыгуначным вузле, паравоза-вагонарамонтным заводзе, лесакамбінаце, гарадской электрастанцыі, іншых прадпрыемствах горада – усяго больш за 400 чалавек.

Ні на адзін дзень не спынялася антыфашысцкая барацьба ў акупіраваным Магілёве. Вясною 1942 г. каля 40 груп (больш за 400 чалавек) аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю “Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі”, якую ўзначальваў мясцовы настаўнік К.Ю. Мэтэ. Камітэт каардынаваў дзейнасць групы чыгуначнікаў, настаўнікаў, рабочых хлебазавода, аўтарамонтнага завода, фабрыкі штучнага шоўку, работнікаў абласной бальніцы, былых ваеннаслужачых і іншых. Дзякуючы пільнасці, надзейнай канспірацыі і ўдалай структуры арганізацыі, магілёўскаму падполлю доўгі час удавалася пазбягаць масавых правалаў і арыштаў.

У заходніх абласцях Беларусі таксама дзейнічалі антыфашысцкія арганізацыі. Яны ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых актывістаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У маі 1942 г. быў створаны “Акруговы беларускі антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці”. Восенню 1942 г. пад кіраўніцтвам гэтага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі обальскіх падпольшчыкаў. Падпольная камсамольская арганізацыя “Юныя мсціўцы” на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Былая работніца віцебскай фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі” камсамолка Ефрасіння Зянькова ўзначальвала гэту арганізацыю. У склад яе ўваходзіла каля 40 чалавек. Усяго маладыя падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, карысныя разведданыя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро і інш. Пасля вайны Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

На акупіраванай тэрыторыі мужную барацьбу вялі звыш 70 тыс. падпольшчыкаў. У барацьбе з ворагам велізарныя страты панесла падполле. Напрыклад, з 1500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Прыкладна такая ж сітуацыя была і ў іншых падпольных арганізацыях.

За гераізм і мужнасць 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

Разам з партызанамі і падпольшчыкамі супраць ворага змагалася большасць мірнага насельніцтва. Барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў з’яўлялася сапраўды ўсенароднай.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr