Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 6. Паглыбленне палітычнага крызісу. Тры падзелы Рэчы Паспалітай. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі

У канцы ХVІІІ ст. у Рэчы Паспалітай назіраўся ўнутрыпалітычны крызіс, які быў вынікам дзеяння шэрагу ўзаемазвязаных фактараў.

Першым вытокам крызісу была Люблінская унія, якая заклала аснову нераўнапраўнага становішча ВКЛ у складзе дзяржавы і паклала пачатак унутранага антаганізму паміж дзвюма складовымі часткамі краіны.

Другім вытокам крызісу стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які заканамерна падрываў самыя асновы дзяржаўнасці. Існаванне “залатых шляхецкіх вольнасцей” (выбранне караля, Pacta conventa, liberum veto, канфедэрацыі, рокашы) прывяло да аслаблення цэнтральнай улады, да фактычнага паралічу дзяржаўнага кіравання, магчымасці зрыву любога памкнення да змены існуючага ладу. “Залатая вольнасць” абарочвалася самавольствам, беспарадкамі, анархіяй, асабліва ў перыяды бескаралеўя. А запрашэнне манарха з суседніх краін адчыняла шлях для знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, вяло да распаўсюджвання карупцыі і заняпаду духоўнасці і грамадзянскага сумлення шляхты.

Крызісныя з’явы ў Рэчы Паспалітай абвастрала і невырашанасць рэлігійнага пытання (трэці выток). Ні адно з існаваўшых веравызнанняў тут не было забаронена. Але на практыцы толькі прадстаўнікі каталіцкай шляхты і святарства маглі займаць дзяржаўныя пасады, удзельнічаць у працы сеймаў. У другой палове ХVІІІ ст. негатыўнымі вынікамі такой недальнабачнай палітыкі стала ўмяшанне суседніх дзяржаў (Расіі, Прусіі) ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад выглядам абароны адзінаверцаў.

Чацвёртым вытокам было спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: уцёкі ад гаспадароў, падпальванне маёнткаў, узброеныя паўстанні. Адным з буйнейшых сялянскіх рухаў у XVIII ст. было паўстанне пад кіраўніцтвам В. Вашчылы ў Крычаўскім старостве, уладанні князя Г. Радзівіла, у 1740 – 1744 гг. Паўстанне было жорстка падаўлена: 74 паўстанцы былі закатаваны (адны павешаны, іншыя – жывымі пасаджаны на кол).

Пятым вытокам паглыблення палітычнага крызісу была барацьба паміж магнатамі за ўладу. Аслабленне цэнтральнай улады ў другой палове XVII ст. суправаджалася ўзмацненнем магутнасці буйнейшых магнатаў, якія ператварыліся па сутнасці ва ўдзельных князёў. У ВКЛ у гэты час некаторыя магнацкія роды дасягалі пэўнай гегемоніі, дзякуючы канцэнтрацыі ў сваіх руках важнейшых дзяржаўных пасад. Так, у сярэдзіне XVII ст. назіралася дамінаванне рода Радзівілаў. У процілегласць ім кароль Ян Казімір Ваза падтрымліваў прадстаўнікоў родаў Гансеўскіх, Сапегаў і Пацаў. У 60-х – першай палове 70-х гг. XVII ст. найбольшага ўплыву ў ВКЛ дамагліся Пацы – кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі.

Пасля выбрання каралём Яна Сабескага (1674 г.), аднаго з лідэраў прафранцузскай партыі, Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю ў ВКЛ. Таму кароль падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Паца. Гэта саперніцтва закончылася перамогай Сапегаў, якія атрымалі ад караля высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі павялі курс на аддзяленне ВКЛ ад каралеўства Польскага, маючы намер захапіць велікакняжацкую ўладу. Большая частка ліцвінскай шляхты, на чале з Агінскімі і Вішнявецкімі, незадаволеная ўсеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў, у 1696 г. пачала адкрытую барацьбу супраць апошніх. У гэтым жа годзе памёр Ян ІІІ Сабескі, і яго пераемнік саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст, які стаў каралём Аўгустам ІІ (1697 – 1733), паспрабаваў прымірыць варожыя бакі. Тым не менш, у канцы XVII – пачатку XVIIІ ст. амбіцыі магнацкіх родаў у ВКЛ дайшлі да ўзброенага саперніцтва, перараслі ў грамадзянскую вайну. Але гэта бала ўжо не проста барацьба магнацкіх груповак, паколькі Сапегі намагаліся разарваць унію з Польшчай і дамагчыся незалежнасці ВКЛ. Супрацьстаянне дасягнула апагею ў 1700 г., калі ў бітве пад Алькенікамі атрады Сапегаў былі разбіты іх праціўнікамі. У час Паўночнай вайны Сапегі перайшлі на бок Карла XII і разам з ім пачалі граміць маёнткі сваіх праціўнікаў, якія занялі прарасійскую пазіцыю.

У часы кіравання Аўгуста III (1733 – 1763, сын Аўгуста II) у палітычным жыцці з’явілася новая рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.

У 1764 г. група прыхільнікаў рэформ на чале з князямі Чартарыйскімі ажыццявіла спробу іх рэалізацыі, хоць і ў значна абмежаваным выглядзе. На канвакацыйным сейме былі ўхвалены прапановы абмежаваць liberum veto, аслабіць залежнасць дэпутатаў ад інструкцый мясцовых сеймікаў, упарадкаваць суд, фінансы, павялічыць войска.

Гэта прывяло да стварэння Торуньскай (пратэстанцкай) і Слуцкай (праваслаўнай) канфедэрацый, пад уціскам якіх (ім на дапамогу прайшла 40-тысячная руская армія) сейм 1767 – 1768 гг. быў вымушаны не толькі прызнаць роўнасць усіх веравызнанняў, але і адмяніць большасць прынятых раней рэформаў.

У адказ на гэта частка кансерватыўнай эліты Рэчы Паспалітай ўзняла сапраўднае паўстанне супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795), якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай Барская канфедэрацыя, бо была створана ў лютым 1768 г. у мястэчку Бар на Украіне. Аднак канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай рускай арміі. Вынікам гэтага паражэння стаў першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г.

Па прапанове прускага караля Фрыдрыха II 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую Польшчу і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства, амаль усё Віцебскае, амаль усё Мсціслаўскае ваяводства і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства.

У 1775 г., нягледзячы на правал першага этапа рэформ , была зроблена новая спроба ўдасканалення палітычнага і эканамічнага становішча дзяржавы. Па рашэнню сейма пры каралю быў створаны орган выканаўчай улады – Пастаянная Рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў Пастаяннай Рады выбіраліся на сейме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзілі перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у Радзе кароль (пры яго адсутнасці - прымас), які меў права заканадаўчай ініцыятывы і рашаючага голасу пры нязгодзе членаў. Пастаянная Рада падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці. У выніку дзейнасці Пастаяннай Рады пачаў складвацца цэнтральны апарат кіравання дзяржавай.

Вяршыняй рэфарматарскіх працэсаў, якія разгарнуліся ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIIІ ст., стала дзейнасці Чатырохгадовага (Вялікага) сейма (1788 – 1792), кульмінацыяй якой стала прыняцце Канстытуцыі, што адбылося 3 мая 1791 г. Да найбольш значных змен у дзяржаўным ладзе, якія выклікала яе прыняцце, можна аднесці адмену права liberum veto і выбарнасці караля і вялікага князя. Пры гэтым манарх па Канстытуцыі захоўваў за сабою дастаткова вялікія паўнамоцтвы: ён з’яўляўся галоўнакамандуючым, прызначаў вышэйшых свецкіх ураднікаў, генералаў і афіцэраў, епіскапаў. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. – першы ў Еўропе і другі ў свеце асноўны дзяржаўны закон. Яна прымалася ў абставінах вострай палітычнай барацьбы і з’явілася вынікам пэўнага кампрамісу паміж аджываючымі феадальна-прыгонніцкімі і новымі буржуазнымі адносінамі.

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Карону і ВКЛ. Аднак гэта не азначала поўную ліквідацыю аўтаноміі ВКЛ у складзе краіны. Статус беларуска-літоўскіх зямель пасля прыняцця Канстытуцыі быў акрэслены ў сваоеасаблівым дакуменце, пад назвай “Узаемная Гарантыя двух народаў”, прынятым 20 кастрычніка 1792 г. “Узаемная гарантыя” прадугледжвала аб’яднанне войска і скарбу, а таксама агульных для ВКЛ і Польшчы магістратур. Пры гэтым у іх павінна была засядаць аднолькавая колькасць ліцвінаў і палякаў. Старшынства ў галоўных дзяржаўных камісіях, вайсковай і скарбовай, павінна было гарантавацца. ВКЛ забяспечвала па гэтай “Гарантыі” свой скарб і суд, а таксама права “мець такую ж самую лічбу міністраў і дзяржаўных устаноў і з тымі ж тытуламі і абавязкамі, якія Карона калі-небудзь мець будзе”. Гародня і надалей заставалася адной з дзвюх сеймавых сталіц Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст ухваліў гэта пагадненне і прызнаў яго ў якасці аднаго з артыкулаў Pacta conventa. Такім чынам, быў дасягнуты няпросты кампраміс, які акрэсліваў характар узаемаадносін паміж ВКЛ і Польшчай пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Аўтаномія ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай была значна зменшана, але да канца так і не скасавана.

14 мая 1792 г. праціўнікі канстытуцыі пад пакравіцельствам Расіі ў мястэчку Таргавіцы (на Украіне) створылі канфедэрацыю і абвясцілі акт аб абароне ранейшага парадку кіравання краінай. Зноў пачалася грамадзянская вайна, кароль далучыўся да канфедэратаў.

У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў, а таксама частка Правабярэжнай Украіны.

Гэты падзел выклікаў пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам. Мэтай паўстання было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

З 22 па 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Але абаронцы Айчыны не здолелі згуртавацца. Адсутнічала дысцыпліна, паміж імі працягваліся сваркі і спрэчкі. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоплены паўстаннем, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Аднак выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання.

Супраць Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. У бітве пад Мацяёвіцамі (ля Варшавы) Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола.

У 1795 г. адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя польскія землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.

Такім чынам палітычны крызіс, які ўжо даўно раздзіраў Рэч Паспалітую, у сярэдзіне ХVІІІ ст. перарос у агонію і прывёў дзяржаву да канчатковай гібелі.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr