Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
118
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§10. Развіццё сельскай гаспадаркі ў другой палове хіх ст.

Характарыстыка землеўладання ў Беларусі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу – 150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час сярэдні памер сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор. Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці, выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арандаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арандавалі ў памешчыкаў 1/10 частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацей і пашаў. Гэтая арэнда мела напаўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была пашырана больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма была найбольш пашырана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г. сельская гаспадарка Беларусі ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя сувязі. Развіццё капіталізму ў Беларусі адбывалася пад непасрэдным уплывам агульнарасійскага рынку. У параўнанні з цэнтральнымі прамысловымі губернямі, значнай часткай Украіны, Польшчай і Прыбалтыкай Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўні развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у  прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой праходзілі стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Польшчу, Прыбалтыку, Заходнюю Еўропу. Хутчэй складваліся капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пераважала падворнае землекарыстанне. Гэтыя губерні знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнанні з Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, перайшлі на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым многія памешчыкі самі не вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду (у 1887 г. у Беларусі ў арэнду здавалася 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі).

Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы найважнейшай галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880 – 1890-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся (толькі за 1880-я гг. больш як у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі Беларусі не былі здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі таннага і высакаякаснага збожжа з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць прадуктаў, што давалі большы прыбытак. Паступова ў Беларусі аформіліся пэўныя раёны, дзе пераважную ролю адыгрывала тая ці іншая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 1890-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. З 1883 да 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. Лепш развіта была жывёлагадоўля ў Мінскай, Віленскай і Віцебскай губернях. У краі з’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо налічвалася не менш за 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру. Дзякуючы высокаму попыту, малочныя прадукты мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Другім важным кірункам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі было вінакурэнне, якое мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася 536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася бульба. Адходы ад вінакурэння – брага – выкарыстоўваліся на корм жывёле. Спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнні суправаджалася значнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў. Найбольш высокімі тэмпамі развівалася травасеянне. Плошчы пад кармавымі культурамі (канюшына, віка, сырадэля, цімафееўка і інш.) у 1880 – 1890-я гг. павялічыліся на тэрыторыі Беларусі ў 7 разоў.

З сярэдзіны 1860‑х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала як на мясцовыя суконныя фабрыкі, так і ў Польшчу, Германію і Аўстра-Венгрыю. Але пазней, з‑за канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад.

Яшчэ адным кірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе пасевамі за 1881 – 1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы гэтай культуры павялічылася на 48,5 %. Вытворчасць лёну, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў беларускіх губернях ў канцы ХІХ ст. займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 1890-х гг. па распаўсюджанасці розных сельскагаспадарчых прылад працы Беларусь знаходзілася на другім месцы ў Расіі пасля Новарасійскага рэгіёна. Лепш былі забяспечаны машынамі памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі шырока выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Але ўсё ж у большасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Фарміраванне аграрнай буржуазіі. Да пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ не завяршылася. Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у перадавых гаспадарках, захоўваліся і іншыя перажыткі феадалізму. У дадатак да цяжкіх эканамічных умоў свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся ніжэйшым саслоўем у дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і купецтва, яны плацілі дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі фурманачную, дарожную, паліцэйскую павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

З-за перавагі памешчыцкай зямельнай уласнасці ў Беларусі не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У канцы ХІХ ст. сярод сялян было 61 % беднякоў, 28 % сераднякоў, і толькі 11 % заможных. Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у Цэнтральнай Расіі. За 1877 – 1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі толькі 10,8 % сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2 %. У першую чаргу гэта з’яўлялася вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых адносін.

Аднак пераход зямлі ад памешчыкаў да іншых саслоўяў на тэрыторыі Беларусі стрымліваўся і ўрадавай палітыкай. У заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель і зямель, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў за ўдзел у паўстанні 1863 – 1864 гг., быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную фінансавую палітыку праводзіў і Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Ён выдаваў сялянам доўгатэрміновыя крэдыты для куплі зямлі і садзейнічаў памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах. Пазыкі выдаваліся, як правіла, на 55,5 года пры ўмове штогадовага пагашэння іх у памеры 6,5 % даўгавой сумы. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Аднак, як ужо адзначалася, сялянам-католікам забаранялася купляць больш як 60 дзесяцін на аднаго чалавека, памешчыкі каталіцкага веравызнання не мелі права набываць зямлю, акрамя як у спадчыну, а яўрэі наогул былі пазбаўлены права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак. Такім чынам, феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст. у Беларусі ахоплівала толькі 16,5 % агульнай зямельнай плошчы.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr