Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§11. Прамысловая рэвалюцыя ў Беларусі ў другой палове хіх ст. Транспарт, гандаль, крэдыт

Дасягненні прамысловай рэвалюцыі на Захадзе ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Капіталістычная гаспадарка прадугледжвае вытворчасць тавараў для продажу іх на рынку. На аснове ручной працы немагчыма значнае павелічэнне колькасці таварнай прадукцыі. Таму кожная капіталістычная краіна абавязкова праходзіць праз так званую прамысловую рэвалюцыю. Прамысловая рэвалюцыя (прамысловы пераварот) – гэта замена ручной працы машыннай, пераход ад мануфактуры да фабрычна-заводскай вытворчасці. Найраней – яшчэ да сярэдзіны ХІХ ст. – прамысловая рэвалюцыя завяршылася ў Англіі, у іншых буйных капіталістычных краінах Захаду заканчэнне прамысловай рэвалюцыі прыпала на апошнюю трэць ХІХ ст.

Прамысловая рэвалюцыя прывяла да карэнных змен у тэхніцы і арганізацыі вытворчасці. Адбыўся гіганцкі скачок у росце прадукцыйнасці працы. Няўхільна пашыралася вытворчасць і прымяненне ўсё больш дасканалых машын, усё шырэй выкарыстоўваліся новыя матэрыялы і электрычная энергія, новыя віды транспарту і сувязі. Узнікалі новыя галіны прамысловасці. За апошнія 30 гадоў ХІХ ст. прадукцыя ўсёй здабыўной прамысловасці краін Захаду павялічылася ў 4 разы, здабыча нафты – амаль у 25 разоў, выплаўка сталі ўзрасла ў 56 разоў, а прадукцыя апрацоўчай прамысловасці патроілася. Працягласць чыгункі стала ў 4 разы большай, грузападымальнасць паравых суднаў павялічылася ў 7 разоў. Аб’ём сусветнага гандлю ўзрос у 3 разы.

Асаблівасці пераходу ад ручной да машыннай вытворчасці ў прамысловасці Беларусі. Прамысловы пераварот у асноўных галінах прамысловасці Расіі завяршыўся ў пачатку 1880-х гг. Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст., разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі, было пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

У 1860-я гады ў прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры. Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), воўны і лёну (ткацкі). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці дробных рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 1890-х гг. ён складаў 37,8 % усей прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічалі толькі 76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы ХІХ ст. фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8 % валавога прадукту.

Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі ў Беларусі 85,5 % усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці складалі 3,5 %, то ў беларускай – толькі 1,2 %. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза меншы, чым увогуле па Расіі.

Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, што ўзніклі ў гэты час, складала 18,5 % (у Расіі – 23,4 %), то ў 1880 – 1890-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 раза).

Галіновая структура прамысловасці Беларусі. Пераважнае значэнне ў Беларусі атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь з’яўлялася адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18 % усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавала 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5 % ад усёй прадукцыі беларускай прамысловасці.

Адно з важных месц у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны – асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 1890-я гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымалі запалкавая і папярова-кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі 4 запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці працуючых на іх рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык найбуйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых і гадавая сума вытворчасці 1,6 млн. рублёў). Да таго ж яна была абсталявана найноўшымі па тым часе машынамі. У Гродзенскай губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны: мукамольна-крупяныя, крухмальна-патачныя, маслабойныя, піваварныя, тэкстыльныя, ільно- і пянькаапрацоўчыя, гарбарныя. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. Але ў мукамольна-крупяной прамысловасці ў 1900 г. 93,1 % усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было занята звыш 1 800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці былі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску і суконная фабрыка ў маёнтку Парэчча Пінскага павета.

Гарбарная вытворчасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, на якіх ужывалася ручная праца. Параўнальна буйныя гарбарныя прадпрыемствы ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 1880-х гг. Найбуйнейшым цэнтрам гарбарнай вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных заводаў і да 50 мануфактур. У працэсе вытворчасці на самых вялікіх прадпрыемствах выкарыстоўваліся ўдасканаленыя прыёмы апрацоўкі сыравіны, якая дастаўлялася з усіх канцоў Расіі. У Смаргонь, напрыклад, сыравіна прывозілася з Растова.

Значнае развіццё атрымала тытунёвая прамысловасць, якая таксама працавала на прывазной сыравіне. Найбуйнейшай з’яўлялася тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, заснаваная ў 1862 г. У 1900 г. на ёй працавала 1445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн. руб. Тытунёвае лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а прадукцыя збывалася па ўсёй Расіі, а таксама ў Польшчы.

У другой палове ХІХ ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. У Беларусі атрымала развіццё, у першую чаргу, вытворчасць цэглы. Сярод буйных прадпрыемстваў гэтай галіны вызначаліся цагельныя заводы ў маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203 рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама прадпрыемствы па вытворчасці кафлі (некалькі кафляных заводаў у Копысі) і шклозаводы. Найбольш буйным са шклозаводаў быў крыштальны завод “Нёман” у Лідскім павеце Віленскай губерні, які пачаў выпускаць сваю прадукцыю ў 1875 г.

Металаапрацоўчая прамысловасць Беларусі з-за адсутнасці дастатковай колькасці мясцовай сыравіны развівалася марудна. Заводы, якія выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду, у канцы 1870-х гг. зачыніліся. Яны былі эканамічна нявыгаднымі і не маглі канкурыраваць з металургічнымі заводамі Польшчы і Расіі. У 1880-я гг. у Беларусі дзейнічалі сярэднія па велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы: завод земляробчых прылад у Ракаве, які вырабляў малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі, чыгуналіцейны завод у Мінску, дзе рабілі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных заводаў. У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай галіны, якія выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойкі і інш.

З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні па рамонце рухомага саставу. Гэта былі буйныя капіталістычныя прадпрыемствы, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. У 1900 г. дзейнічалі 19 такіх майстэрань. Аднак удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва ўсёй прамысловасці Беларусі ў 1890‑я гг. не перавышала 3 %.

Вынікі прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. дасягнула таго ж узроўню развіцця, што і ў іншых аграрных раёнах Расіі, але значна адставала ад асноўных індустрыяльных цэнтраў. Галоўнымі прычынамі гэтага былі адсутнасць прамысловых запасаў карысных выкапняў і рэшткі прыгонніцтва, якія стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін.

Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага, Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, дзе буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў апошняй атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а таксама рамесна-саматужная вытворчасць, што абслугоўвала побытавыя патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.

Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў 1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (на тэрыторыі Беларусі ўключала ўчастак Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. – Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871 – 1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы – Бабруйск – Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня – Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы – Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрыўся чыгуначны ўчастак Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін. Увогуле даўжыня чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі – Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.

Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву, папера і кардон – у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі часткамі краіны станавіліся ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі.

Фарміраванне нацыянальнага рынку. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. У той жа час наладжваліся сувязі з усерасійскім рынкам. Асаблівасцю ўтварэння нацыянальнага рынку на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася тое, што тут эканамічная агульнасць не ўмацоўвалася дзяржаўным аб’яднаннем у рамках этнічнай тэрыторыі. Цэнтрамі абласных рынкаў у канцы ХІХ ст. сталі найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар гандлёвых сувязей унутры мясцовых рынкаў вызначаўся асаблівасцямі эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі ў гэты час быў Мінск. Ён знаходзіўся ў прамых ці ўскосных сувязях з усёй тэрыторыяй краю. На мінскім рынку гандлявалі вырабамі шкляной вытворчасці, паперай, кардонам, сельскагаспадарчымі машынамі. Сюды прывозілі шмат прамыслова-мануфактурных тавараў з Маскоўскага, Пецярбургскага раёнаў, Польшчы. Мінск як зборны і размеркавальны пункт абслугоўваў большую частку раёнаў Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі. З прадуктаў сельскай гаспадаркі на мінскім рынку пераважалі збожжа, малочныя прадукты, мяса, рыба.

Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся Гомель, які абслугоўваў таксама суседнія паветы Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Прамысловыя тавары, што вырабляліся ў Гомельскім раёне, – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і інш. – вывозіліся і за межы Беларусі. Гомель быў размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў, а затым сплаўляліся ў Сярэдняе і Ніжняе Падняпроўе, галоўным чынам у Адэсу, Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні. Частка грузаў з Гомеля вывозілася па чыгунцы на поўнач і ўсход, у Рыгу, Пецярбург, Лібаву. У Гомель жа лясныя матэрыялы дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія траплялі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Для Магілёўскага эканамічнага раёна найбольш характэрным з’яўляўся гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі прадуктамі. Магілёў знаходзіўся ў цеснай сувязі з Сярэднім і Ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай, праз якую ішлі тавары ў Мінскую і Смаленскую губерні. З Оршы адпраўляліся галоўным чынам лясныя грузы, збожжа, пянька, макуха, вотруб’е, яблыкі і іншыя тавары. Прывозілі на аршанскі рынак хлебныя прадукты, соль, газу, нафту, будаўнічыя матэрыялы.

Значная частка Магілёўскай губерні мела сувязі з Віцебскім эканамічным раёнам. Галоўнымі прадуктамі вывазу адсюль былі лес і прадукты льнаводства, якія ў асноўным вывозіліся за мяжу. Лясныя грузы сплаўляліся па Заходняй Дзвіне ў Рыгу, а з Украіны прывозіліся пшанічная мука і цукар.

Важнае месца ў гандлёвых сувязях Беларусі займаў горад Гродна. Праз яго ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Гродзенскі рынак быў цесна звязаны з Ваўкавыскім рэгіёнам, Мінскам, Вільняй, Масквой, Пецярбургам. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя грузы, жытняя мука, вотруб’е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.

Сярод гандлёвых цэнтраў Беларусі асабліва вылучаўся Пінск. Ён служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Развіццё капіталізму прыводзіла да зліцця мясцовых рынкаў Беларусі ў адзіны нацыянальны рынак. Адначасова ўнутраны рынак Беларусі з’яўляўся састаўной часткай усерасійскага рынку. У беларускім гандлі пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. У той жа час беларускія губерні служылі рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі, напрыклад, вырабаў з жалеза, жалезных і стальных загатовак, якія перапрацоўваліся на мясцовых заводах.

Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне ў Беларусі акцыянерных кампаній. У канцы ХІХ ст. у Беларусі дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы. Так, з 1877 г. пачало дзейнічаць “Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў”, у 1895 г. – “Таварыства віцебскіх водаправодаў”, у 1898 г. – бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай”.

Разам з канцэнтрацыяй вытворчасці адбывалася цэнтралізацыя капіталу. У эканамічным жыцці Беларусі, асабліва ў апошняй трэці ХІХ ст., значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Вядучае месца сярод крэдытных устаноў займаў Мінскі камерцыйны банк, заснаваны ў 1873 г. У шэрагу гарадоў дзейнічалі аддзяленні найбуйнейшых расійскіх банкаў, напрыклад, пяць аддзяленняў Дзяржаўнага банка. З 1871 г. свае філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску меў Азова-Данскі камерцыйны банк. У Мінску ў 1890-я гг. дзейнічала аддзяленне Пецярбургска-Азоўскага банка. Віленскі прыватна-камерцыйны банк і Беластоцкі камерцыйны банк мелі свае філіялы ў Бабруйску, Гомелі і Слоніме. У Бабруйску, Гомелі і Брэсце былі адкрыты філіялы Арлоўскага камерцыйнага банка.

У выніку дзейнасці банкаў назапашваліся значныя капіталы, якія ўкладваліся пераважна ў сферу гандлю. Банкаўскія сродкі накіроўваліся таксама ў прамысловасць па першаснай апрацоўцы лесу і лёну. Істотную ролю ў вывазе за мяжу гэтых тавараў адыгрываў германскі капітал, які актыўна ўкладваўся ў большасць леса- і льногандлёвых фірм.

Увогуле ў пачатку ХХ ст. узмацнілася пранікненне ў эканоміку Беларусі замежнага капіталу. Гэта спрыяла павелічэнню колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія належалі акцыянерным таварыствам, і пашырэнню дзейнасці банкаў. Так, у Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы – піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Аднак узровень манапалізацыі прамысловасці Беларусі быў ніжэйшы, чым ў індустрыяльна развітых раёнах Расіі.

Урбанізацыя. Развіццё прамысловасці і чыгуначнай сеткі садзейнічалі росту гарадоў. У 1897 г. у гарадах Беларусі пражывала 648 тыс. чалавек, або 9,8 % ад усяго насельніцтва беларускіх губерняў. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва беларускія гарады адставалі ад гарадоў Еўрапейскай часткі Расіі. Прычынамі былі адносна слабае развіццё прамысловасці і штучная канцэнтрацыя ў гарадах Беларусі яўрэйскага насельніцтва, якое стварала значны рэзерв рабочай сілы. Перанаселенасць беларускіх гарадоў стрымлівала прыток у іх як пралетарызаванага, так і буржуазнага сельскага насельніцтва. Тым не менш насельніцтва гарадоў Беларусі павялічвалася. Значнымі цэнтрамі фабрычна-заводскай прамысловасці сталі Мінск, Пінск, Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, Бабруйск. У многіх з іх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі сталі чыгуначныя майстэрні і дэпо. У канцы ХІХ ст. найбольш буйнымі гарадамі краю былі Мінск (90,9 тыс. жыхароў) і Віцебск (65,9 тыс. жыхароў), насельніцтва астатніх гарадоў складала менш за 50 тыс. чалавек.

У гарадах Беларусі выраблялася толькі каля 31 % прамысловай прадукцыі. Пераважная колькасць прадпрыемстваў размяшчалася ў мястэчках і маёнтках. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Смаргонь, Дуброўна і інш.). У канцы ХІХ ст. у мястэчках Беларусі было 679 тыс. жыхароў.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr