Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 4. Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі ў 1830 – 1850-я гг.

Пашырэнне расійскага ўплыву на беларускіх землях. Паўстанне 1830 – 1831 гг. выклікала рэзкую перамену палітычнага курса расійскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. Пераканаўшыся ў палітычнай нядобранадзейнасці мясцовага дваранства, урад Мікалая І зрабіў стаўку на поўную уніфікацыю 9 заходніх губерняў з Цэнтральнай Расіяй як адзіную надзейную гарантыю ўтрымання гэтай тэрыторыі ў складзе Расійскай імперыі. У верасні 1831 г. у Пецярбургу быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў, які распрацоўваў палітыку ўрада ў 9 заходніх губернях адносна сістэмы кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. У кастрычніку 1831 г выдаецца чарговы закон аб “разборы шляхты”.

Указам ад 1 студзеня 1831 г. ў Магілёўскай і Віцебскай губернях адмянялася дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і ўводзілася расійскае заканадаўства. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы. У мясцовыя адміністрацыйныя органы заходніх губерняў сталі прызначаць пераважна расійскіх чыноўнікаў, якіх матэрыяльна заахвочвалі да пераезду. У судаводстве польская мова замянялася на рускую.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літoўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Быў уніфікаваны і адміністрацыйны падзел Беларусі і Літвы: указ ад 18 ліпеня 1840 г. прадпісаў замест агульнага наймення беларускіх і літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская.

Полацкі царкоўны сабор і яго вынікі. Ужо ў 1827 – 1830 гг. прымаюцца захады каб рэфармаваць уніяцкую царкву і наблізіць яе да праваслаўнай. Была заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія, чатыры уніяцкія епархій рэарганізаваны ў дзве – Беларускую і Літоўскую. Прадугледжвалася выключыць польскую мову з богаслужэння і карыстацца мясцовымі гаворкамі. У аснову адукацыі дзяцей уніятаў была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў у Віленскую каталіцкую семінарыю. Для іх у 1828 г. была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (каля Слоніма).

Лёс уніяцкай царквы канчатковы вызначыла польскае паўстанне 1830 – 1831 гг. У 1835 г. ствараецца Сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах. Кіраванне уніяцкай царквой у студзені 1837 г. пераходзіць да Свяцейшага Сінода. У лютым 1838 г. памёр уніяцкі мітрапаліт І. Булгак, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі. Грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І. Сямашка, які разам з епіскапамі В. Лужынскім і А. Зубко падтрымлівалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12 лютага 1839 г. ў Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства быў падпісаны Саборны акт з просьбай на вышэйшае імя аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Да прашэння быў прыкладзены спіс 1 305 свяшчэннікаў, якія падтрымалі аб’яднанне. “Сінадальны ўчынак” зацвердзіў Мікалай І. Усяго ў 1839 г. да праваслаўнай царквы далучылася каля 1,5 млн. вернікаў.

Змяненні палітыкі ў галіне асветы. У другой чвэрці ХІХ ст. у Расіі пачалося рэфармаванне сістэмы асветы. Статут навучальных устаноў, выдадзены ў 1828 г., уводзіў у народную адукацыю прынцып строгай саслоўнасці і ліквідаваў пераемнасць паміж ступенямі навучання. Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнай прыналежнасці вучня. Пачатковая і сярэдняя адукацыя былі падзелены на тры катэгорыі. Аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання прызначаліся для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян); трохкласныя павятовыя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання – для дзяцей мяшчан, купцоў і рамеснікаў; сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва універсітэты, – для дзяцей дваран і чыноўнікаў.

У 1829 г. была створана Беларуская навучальная акруга, у якую ўвайшлі Віцебская, Магілёўская губерні, а ў 1831 г. – і Мінская губерня. Стварэнне акругі тлумачылася “неабходнасцю навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі” і прадпісвалася “навучаць роднай мове”. Пасля паўстання 1830 – 1831 гг. у свецкіх вучылішчах Беларускай навучальнай акругі было рэкамендавана найхутчэй перайсці да выкладання ўсіх прадметаў на рускай мове ў мэтах збліжэння тутэйшых жыхароў з “прыроднымі рускімі”.

У сувязі з закрыццём Віленскага універсітэта ў маі 1832 г. была ліквідавана Віленская навучальная акруга. У Беларускую навучальную акругу уключылі навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці. Цэнтр Беларускай навучальнай акругі знаходзіўся ў Віцебску. Яе папячыцелямі былі вядомы матэматык Р.І. Карташэўскі (1829 – 1835) і былы дырэктар вучылішчаў Закаўказскай вобласці і Тыфліскага шляхецкага пансіёна Е.А. Грубер (1836 – 1850). Новае палажэнне аб навучальных акругах ад 1835 г. істотна пашырала правы папячыцеляў, а навучальныя ўстановы выключаліся з-пад улады універсітэтаў.

Зменшыць уплыў прапольскіх настрояў у заходніх губернях урад спадзяваўся перанясеннем універсітэцкай адукацыі з Вільні ў Кіеў, дзе ў 1834 г быў адкрыты універсітэт Святога Уладзіміра. Замест універсітэта ў Вільні былі створаны медыка-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі, аднак і тыя ў пачатку 1840-х гг. былі пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Выпускнікам Віленскага універсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах.

Адзінай вышэйшай навучальнй установай на Беларусі была адкрытая ў 1840 г. Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут. Увогуле на пачатку 60-х гг. ХІХ ст. у беларускіх губернях налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку звыш 400 пачатковых школ, 21 духоўнае вучылішча, 12 сярэдніх і адна вышэйшая.

У час праўлення імператара Мікалая І у беларускіх губернях павялічылася колькасць ваенна-навучальных устаноў. Калі ў эпоху Аляксандра І яны былі прадстаўлены юнкерскімі вучылішчамі ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, то пры Мікалаі І адкрыліся кадэцкія карпусы ў Полацку (1835) і Брэсце (1842). Гэтыя ўстановы разглядаліся расійскім урадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю, таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

Да пытання аб “забароне” расійскім урадам назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. У беларускай савецкай гістарыяграфіі, а таксама ў публікацыях апошніх дзесяцігоддзяў шырока выкарыстаны тэзісы аб так званай “забароне” Мікалаем I назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Ля вытокаў гэтых тэзісаў знаходзіліся складальнікі 2‑га тома дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі акадэмік М.М. Нікольскі, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель і інш. Яны, перадрукоўваючы ўказ ад 18 ліпеня 1840 г. з “Хронологического указателя указов и правительственных распоряжений…”, на што зроблена адпаведная спасылка, замянілі яго назву: замест “Об именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою” па палітыка-ідэалагічных матывах назвалі гэты дакумент так: “Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва” (гл.: Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772 – 1903). Мн.: Выдавецтва АН БССР, 1940. Т. 2. С. 369). Аналагічным чынам зрабілі і складальнікі 4‑га тома зборніка дакументаў і матэрыялаў “Белоруссия в эпоху феодализма”, якія далі такі загаловак указу ад 18 ліпеня 1840 г.: “Указ Сената о запрещении употребления терминов “Белоруссия и Литва” (гл.: Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1979. Т. 4. С. 131).

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам.

“1840. 18 июля. Сенатский, по Высочайшему повелению.

Об именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою.

Правительствующий Сенат слушали предложение управляющего Министерством Юстиции, что управляющий делами Комитета Министров, по поручению оного, отношением от 26 минувшего июня сообщил ему, что по случаю внесения по высочайшему предписанию проекта указа, в котором упоминались губернии Белорусския и Литовския под сими наименованиями, государь император, зачеркнув название Белорусских и Литовских, изволил приказать переписать указ с поименованием губерний, каждой отдельно, Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою; при чем последовало собственноручное высочайшее повеление: “Правила сего держаться и впредь, никогда иначе не прописывая как поименно губернии”. О таковом высочайшем повелении он, управляющий Министерством Юстиции, предлагает Правительствующему Сенату. Приказали: (послать куда следует указы)” (гл.: Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет, с 1652 по 1892 год. Составитель С.Ф. Рубинштейн. Вильна, 1894. С. 495).

Па-першае, у гэтым указе не названа Мінская губерня. I гэта невыпадкова. Як відаць з імператарскіх указаў і ўрадавых распараджэнняў, да ліку беларускіх губерняў адносіліся Магілёўская і Віцебская губерні, а да літоўскіх – Віленская і Гродзенская. Мінская губерня ні да беларускіх, ні да літоўскіх губерняў не адносілася. Так, 11 кастрычніка 1821 г. былі “высочайше” зацверджаны правілы “О взыскании недоимок в губерниях Белорусских, Литовских, Минской, Киевской, Волынской, Подольской и Белостокской области”.

Па-другое, у гэтым указе няма ні слова аб забароне ўжываць назвы “Беларусь” і “Літва”. Размова ў ім ідзе толькі аб упарадкаванні дзяржаўнага справаводства, што бачна з далейшых імператарскіх загадаў і ўрадавых распараджэнняў. Так, 3 снежня 1840 г., праз 4 месяцы пасля так званай “забароны”, з’явіўся “именный, объявленный обер-прокурором Святейшего Синода” указ “О введении Белоруско-Литовской духовной коллегии в один разряд с конторами Синода по предмету определения на службу молодых людей дворянского происхождения или приобревших право на классные чины”. 28 лютага 1856 г. было абнародавана “Высочайше утвержденное положение комитета министров о выдаче безденежных паспартов жителям некоторых Западных и Белорусских губерний для отлучек на заработки”, 19 лютага 1861 г. – “Высочайше утвержденное местное положение об устройстве крестьян, водворенных на помещичьих землях в губерниях Великороссийских, Новороссийских и Белорусских” і г. д. Можна назваць больш за 10 урадавых распараджэнняў, выдадзеных у 40 – 80‑я гады XIX ст., у якіх ужываецца назва “беларускія і літоўскія губерні”.

Па-трэцяе, тэрміны “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні” ўжывалі ў сваіх запісках, справаздачах і іншых дакументах расійскія чыноўнікі. Так, віленскі генерал-губернатар У.І. Назімаў пісаў 14 лютага 1862 г. аб тым, што “вслед за высоч. Манифестом (19 лютага 1861 г. аб адмене прыгоннага права. – Я.Н.) в пределах Царства Польского, Литовских, Белорусских и некоторых других западных губерниях возникли беспорядки…”.

Па-чацвёртае, у тыя гады, калі быццам бы дзейнічаў указ аб забароне тэрмінаў “Беларусь”, “беларускія”, існавала Беларуская навучальная акруга. Яна была створана ў 1829 г. для арганізацыі і кіравання навучальнымі ўстановамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, кіраўніцтва якімі да гэтага часу ажыццяўляла Пецярбургская навучальная акруга. З закрыццём Віленскага універсітэта ўсе падначаленыя яму вучылішчы былі далучаны да Беларускай навучальнай акругі. 20 мая 1850 г. была адноўлена Віленская навучальная акруга. Віцебская і Магілёўская губерні спачатку былі далучаны да Пецярбургскай навучальнай акругі, а 7 кастрычніка 1864 г. – да Віленскай навучальнай акругі.

Па-пятае, малавядомым фактам гісторыі з’яўляецца існаванне ў расійскай арміі 7‑га гусарскага Беларускага палка імя імператара Аляксандра I. Полк удзельнічаў у руска-турэцкіх войнах 1806 – 1812, 1828 – 1829, 1877 – 1878 гг., Айчыннай вайне 1812 г., Крымскай вайне 1853 – 1856 гг., у падаўленні паўстання 1830 – 1831 гг.

Па-шостае, у друкарнях Пецярбурга, Масквы, Мінска, Вільні і іншых гарадоў Расійскай імперыі выдаваліся кніжкі, брашуры, артыкулы з назвамі “Беларусь”, “беларускі”. Паводле няпоўных падлікаў доктара гістарычных навук А.П. Ігнаценкі, з 1841 па 1917 г. было выдадзена каля 190 такіх кніг і брашур. Гэта сведчыць аб тым, што ніякай афіцыйнай забароны тэрмінаў “Беларусь”, “беларускі” не існавала.

Па-сёмае, многія навукоўцы і пісьменнікі сцвярджаюць, што пасля забароны тэрмінаў “Беларусь” і “Літва” было ўведзена “невыразнае штучнае найменне” “Паўночна-Заходні край”, “Заходні край”. Але гэта яўная недарэчнасць або свядомая фальсіфікацыя гісторыі. Заходнія губерні, Заходні край, Заходняя паласа Расіі – гэта тэрыторыя Украіны, Беларусі і Літвы (Кіеўская, Валынская, Падольская, Магілёўская, Віцебская, Мінская, Віленская, Гродзенская губерні і Беластоцкая вобласць). Паўднёва-Заходні край – гэта тэрыторыя Украіны, Паўночна-Заходні край – тэрыторыя тагачаснай Літвы, як яе тады разумелі (сучасная Літва і Заходняя Беларусь). Указ ад 18 снежня 1842 г. “О преобразовании Северо-Западных губерний” сведчыць аб тым, што Паўночна-Заходні край – гэта тэрыторыі Мінскай, Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў. Але 22 снежня 1870 г. быў абвешчаны новы ўказ “Об изъятии Минской губернии из ведения главного управления Северо-Западным краем”. Гэта дае падставу лічыць, што Мінская губерня была аднесена да беларускіх губерняў Беларускага краю (разам з Віцебскай і Магілёўскай губернямі).

Можна прывесці шмат іншых дакументаў, у якіх размяжоўваюцца паняцці “Беларускія губерні”, “Беларускі край” і “Паўночна-Заходнія губерні”, “Паўночна-Заходні край”. Напрыклад, 12 чэрвеня 1893 г. з’явілася “Распоряжение, объявленное Правительствующему Сенату министром внутренних дел. Об утверждении формы выкупного акта на участки земли, выкупаемые русскими арендаторами православного исповедания, водворенными на владельческих землях в губерниях Северо-Западных и Белорусских до 19 февраля 1861 г.”. З цягам часу тэрмін “Паўночна-Заходні край” пачаў распаўсюджвацца на ўсе 6 беларуска-літоўскіх губерняў. Аднак тэрміны “Беларусь” і “беларускі” ніколі не забараняліся і не выключаліся з дзяржаўнага і афіцыйнага ўжывання, бо яны разам з назвамі “Велікаросія”, “велікароскі”, “Маларосія”, “малароскі”, маючы адзіны корань “рос”, служылі для самадзяржаўя пацвярджэннем яго тэорыі “о трёх племенах единого русского народа”.

Па-восьмае, гістарычнай навуцы невядомы імператарскі ўказ ці ўрадавае распараджэнне аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Наадварот, кнігі на беларускай мове выдаваліся ў друкарнях Расійскай імперыі, асабліва ў другой палове XIX – пачатку XX ст.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr