Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 5. Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 1830 – 1850-х гг.

Сельская гаспадарка. Сацыяльныя супярэчнасці.Характэрнай асаблівасцю развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было панаванне буйнога дваранскага землеўладання.Да канца другой трэці стагоддзя па адносных памерах дваранскай зямельнай уласнасці Беларусь займала першае месца ў еўрапейскай частцыРасіі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў з’яўлялася земляробства, ад якога землеўладальнікі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. У структуры пасеваў першае месца займала азімае жыта–галоўная харчовая і рыначная культура. Сярод яравых пераважалі авёс і ячмень. З канца 20-хгг. ХІХ ст. папулярнай культурай становіцца бульба. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыраецца вытворчасць ільну. Найбольш важным напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, з’яўляецца танкарунная авечкагадоўля. Хаця асновай вытворчай базы маёнтка памешчыка заставалася сялянская гаспадарка, важнае месца пачынае займаць вотчыннае прадпрымальніцтва. Памешчыкі стваралі ў сваіх маёнтках прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя.Вельмі важнай галіной прыбытку быў продаж лесу.

З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў. Адным з паказчыкаў крызісу прыгонніцтва быў сялянскі рух. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці – больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх перапляценне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і памешчыкамі. Самай пашыранай формай пратэсту беларускіх сялян з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей.Значна распаўсюдзіліся ўцёкі сялян з родных месцаў у пошуках “вольных зямель”. Барацьба дзяржаўных і памешчыцкіх сялян за паляпшэнне свайго становішча прымусіла расійскі ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі. Былі праведзены рэформы якія мелі на мэце захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўнаваць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў графП.Дз. Кісялёў– кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

Рэформа дзяржаўнай вёскі. Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны лічыліся вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававы статус дзяржаўных сялян нічым не адрозніваўся ад памешчыцкіх. Арандатар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Аднак галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі знаходзіліся на падушным аброку, а ў Беларусі дзяржаўныя сяляне выконвалі паншчыну.

Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудова яе апарату кіравання. З 1 студзеня 1836 г. агульнае кіраванне дзяржаўнай вёскай было сканцэнтравана ў новым Міністэрстве дзяржаўных маёмасцей. П.Дз. Кісялёў стаў першым яго міністрам. У снежні 1839 г. пачалося рэфармаванне адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання дзяржаўнай вёскай у Беларусі. Тут устанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерняакругасельская ўправа (у расійскіх губернях існавала чатырох’ярусная сістэма). У выніку рэформы сялянская абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору, павысіўся статус сельскай абшчыны, было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі адміністрацыйны кантроль за часовымі ўладальнікамі.

Другой часткай рэформы П.Дз. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. На выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам. Акрамя гэтага, ставіліся пытанні аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказанні медыцынскай дапамогі, правядзенні розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцці сістэмы страхавання, барацьбе з п’янствам. Аднак з-за недахопу дзяржаўных сродкаў усе гэтыя мерапрыемствы планавалася ажыццяўляць за кошт сялян, таму асаблівага поспеху яны не мелі.

Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Дз. Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта мерапрыемства мела тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У дзяржаўных маёнтках Беларусі былі ліквідаваны фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. З фальварковых зямель дзяржаўныя сяляне атрымалі прырэзкі да сваіх надзелаў і з1844 г.пачалі пераводзіцца з паншчыны на пазямельны аброк.

Такім чынам, галоўнымі вынікамі рэформы П.Дз. Кісялёва, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар, з’явіліся адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк. У ходзе рэформы становішча дзяржаўных сялян было некалькі ўраўнавана, зменшыліся памеры павіннасцей. Аднак праблема забяспечанасці сялян зямлёй не была вырашана. Гэта тлумачыцца тым, што хаця агульная плошча сялянскага надзельнага фонду хоць і павялічылася за гады рэформы на 10,73 %, колькасць рэвізскіх душ таксама ўзрасла на 38,5 %. Больш значныя перамены назіраліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. Яны атрымалі грамадзянскую свабоду: права ўступаць ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы на спадчыну і ўласнасць, на заняткі гандлем, промысламі і інш. Усё гэта выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян.

Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы.У 1840 г. адначасова з рэформай дзяржаўнай вёскі П.Дз. Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы памешчыцкіх маёнткаў. У1844 г.Мікалай І зацвердзіў Палажэнне, згодна з якім ва ўсіх заходніх губернях ствараліся губернскія дваранскія камітэты для складання абавязковых інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. Галоўнай мэтай інвентарнай рэформы ў памешчыцкай вёсцы было рэгуляванне памераў надзелаў і павіннасцей памешчыцкіх сялян шляхам складання абавязковыхінвентароў(спіс сялянскіх павіннасцей) па адзіных правілах.

З-за супраціўлення памешчыкаў інвентарная рэформа была значна менш радыкальнай, чым рэформа дзяржаўнай вёскі. Па сутнасці, ў становішчы сялян мала што змянілася. Значнага скарачэння павіннасцей не адбылося, рэформа іх толькі ўніфікавала. Агульны памер сялянскіх павіннасцей складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу. У адрозненне ад дзяржаўных сялян, пераведзеных на аброк, памешчыцкія працягвалі выконваць многія ранейшыя павіннасці: паншчыну (штодзённую), згоны, шарваркі, жаночую працу, старажоўства, даніну.

У цэлым люстрацыя дзяржаўных маёнткаў і інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы прынцыпова не змянілі становішча сялян, бо мелі дваранскую скіраванасць і не закранілі асноў прыгонніцкай сістэмы. Феадальная ўласнасць на зямлю засталася.

Прамысловасць. На працягу першай паловы ХІХст. прамысловасць у Беларусі знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Большасць мануфактур знаходзілася ў сельскай мясцовасці, а іх гаспадарамі з’яўляліся памешчыкі. Працавалі на вотчынных мануфактурах прыгонныя сяляне. Акрамя вотчынных мануфактур былі ў Беларусі і прадпрыемствы, дзе выкарыстоўвалася праца вольнанаёмных рабочых.Аднак большую частку такіх рабочых складалі прыгонныя сяляне, адпушчаныя сваімі панамі на заробкі. Дробнатаварная вытворчасць была сканцэнтравана ў гарадах і мястэчках Беларусі, дзе мелася шмат розных дробных (з 1–3 рабочымі) прадпрыемстваў і майстэрань, якія належалі купцам і мяшчанам.

У Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. Вядучай галіной прамысловасці ў першай палове ХІХст. заставалася суконная. Гэта было звязана з распаўсюджаннем тут танкаруннай авечкагадоўлі. На стварэнне новых суконных мануфактур прадпрымальнікам нават даваліся дзяржаўныя пазыкі. Цэнтрам суконнай прамысловасці была Гродзенская губерня (55 прадпрыемстваў).Увогуле на пачатку 1860-хгг. у Беларусі налічвалася 64 суконныя прадпрыемствы, з 51тыс. працуючых.

Другое месца ў прамысловасці Беларусі займала вытворчасць ваўняных тканін. У 1857г. налічвалася 7 прадпрыемстваў гэтай галіны, на якіх працавала 1444 рабочых. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні. Працавалі таксама папяровыя, шкляныя, чыгунныя, медзеплавільныя, жалезаапрацоўчыя, цагельныя і іншыя прадпрыемствы.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі стала выкарыстанне на асобных прадпрыемствах паравых рухавікоў і іншых машын. Фабрыкі тут пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХст. Першымі былі суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскагапавета і Косаве Слонімскага павета. На Старынкаўскім (Чэрыкаўскі павет) чыгунаплавільным і машынабудаўнічым заводзе Бенкендорфа працавала каля 900 рабочых.

Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскімі былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – маруднымі. Адчуваўся востры недахоп працоўнай сілы і асабліва спецыялістаў, якія валодалі тэхнічнымі ведамі.

Гарады. У першай палове ХІХст. у Беларусі назіраўся рост гарадскога насельніцтва. Колькасць насельніцтва ў гарадах расла як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі большасць гарадскога насельніцтва і засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. Мяшчане (рамеснікі і дробныя гандляры) складалі 70–90 % гарадскога насельніцтва, дваране і духавенства – 6–7 %, купцы – 2–2,5 %. У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак гарадская прамысловасць у першай палове ХІХ ст. яшчэ не адыгрывала колькі-небудзь значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прамысловасцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці і была набліжана да таннай сыравіны, працоўных рэсурсаў і развівалася за кошт эканамічнай ініцыятывы дваран. У гарадах Беларусі працягвалі панаваць рамяство і гандаль.

Гандаль і шляхі зносін.Рост гарадскога насельніцтва і развіццё прамысловасці стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку.У першай палове ХІХст. ва ўнутраным гандлі Беларусі пераважную ролю адыгрывалі кірмашы. Штогод тут праходзіла больш за 200 кірмашоў, большасць з іх былі аднадзённымі і толькі асобныя працягваліся тыдзень і болей. Гандлёвы абарот больш за 100 тыс. рублёў мелі кірмашы Зэльвенскі ў Гродзенскай губерні (гадавы абарот перавышаў 1 млн. руб.), Бешанковіцкі ў Віцебскай, Любавіцкі ў Магілёўскай, кантрактавы ў Мінску і Троіцкі ў Гомелі. Сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары сюды прывозілі не толькі з Беларусі, але і з губерняў Расіі (Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай), а таксама з Украіны, Польшчы, Прусіі і іншых месц.

Паступова павялічваўся замежны гандаль. Беларусь экспартавала збожжа, лён, пяньку, каноплі, лес і лесаматэрыялы, гарэлку, спірт, смалу, дзёгаць, паташ і г.д. УБеларусь увозілі соль, цукар, воўну, металы, тытунь, рыбу, чай, каву, сельскагаспадарчую і прамысловую тэхніку, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г.д. У 1830–1840-ягг. назіралася паступовае перамяшчэнне знешнегандлёвых сувязей Беларусі з захаду на ўсход. Калі ў пачатку стагоддзя на кірмашы ў Беларусь прыязджалі ў асноўным купцы з Варшавы, Данцыга і іншых заходніх гарадоў, то ў 1840-ягг. іх выцеснілі купцы з гарадоў Расіі.

Пашырэнню гандлю ў Беларусі спрыяла развіццё сістэмы шляхоў зносін. У 1804–1805гг. завершылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. У першай палове ХІХ ст. амаль усе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. На беларускіх рэках і каналах знаходзілася каля 85 прыстаней. Буйныя баржы з таварамі з Беларусі адпраўляліся за мяжу праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг.

На працягу першай паловы ХІХ ст. былі пашыраны ўжо існуючыя і пабудаваны новыя грунтовыя шасэйныя дарогі, якія злучалі Маскву і Пецярбург з заходнімі і паўднёвымі рэгіёнамі імперыі, напрыклад, Пецярбургска-Кіеўская, Маскоўска-Рыжская. Праз тры беларускія губерні–Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую–прайшла Маскоўска-Варшаўская шаша. Агульная працягласць шасэйных дарог у 1860г. у Беларусі дасягнула 1100км.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr