Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыял.docx
Скачиваний:
193
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
572.36 Кб
Скачать

Паэтычныя прыёмы і сродкі выразнасці народнай песні

Усе народныя песні паводле іх мастацкай прыроды або па спосабу адносін да рэчаіснасці дзеляцца на два асноўныя роды: эпічны і лірычны. Апрача таго, ёсць і пераходныя, прамежкавыя формы  лірыка-эпічныя і лірыка-драматычныя.

Для эпічных песень важна тыпізацыя з'яў аб'ектыўнай рэчаіснасці і не важным з'яўляецца выражэнне адносін да гэтых з'яў.

Для лірычных песень характэрна тыпізацыя эмацыянальных адносін да рэчаіснасці, выяўленне пачуццяў, выкліканых знешняй з'явай. Вельмі часта суадносіны гэтых родавых прызнакаў бываюць ураўнаважаны  у такім выпадку мы разглядаем песню як лірыка-эпічную. Калі ж у лірычнай песні выражаны драматургічны элемент, эмацыянальныя адносіны спалучаюцца з пэўным тэатралізаваным дзеяннем  такую форму называюць лірыка-драматычнай.

Беларускія народныя песні эпічнага складу дзеляцца на гераічныя, гістарычныя, сацыяльна-бытавыя і камічныя. Пераходная форма лірыка-эпічнай песні прадстаўлена жанрам балады, часткова  народным рамансам, а таксама некаторымі дзіцячымі і жартоўнымі песнямі.

Фалькларысты класіфіцыруюць народныя лірычныя песні па розных прынцыпах: сацыялагічны, тэматычны, этнаграфічны, эстэтычны. Найбольш прымальная і абгрунтаваная класіфікацыя народных песень зроблена В.Е. Гусевым у кнізе "Эстэтыка фальклору", у аснову яе пакладзены эстэтычны прынцып. Усе лірычныя песні ён зводзіць да наступных асноўных жанраў: гімнічныя, песні гераічныя, песні элегічныя, песні жартоўныя і песні сатырычныя.

Паводле характару напеву фалькларысты-музыказнаўцы дзеляць пазаабрадавыя лірычныя песні на дзве асноўныя групы: частыя і працяжныя. Частыя  гэта песні вясёлыя, жартоўныя, сатырычныя; працяжныя  з роздумамі сацыяльнага характару, песні старога сялянскага быту, рэкруцкія, салдацкія.

Калі гавораць пра высокую мастацкасць народных песень, то маюць на ўвазе іх вобразнасць і эмацыянальнасць. Усе гэта дасягаецца цэлай сістэмай прыёмаў і сродкаў паэтычнага адлюстравання рэчаіснасці, выпрацаваных песеннай творчасцю народа за доўгія стагоддзі.

Найбольш пашыраны сродак мастацкага адлюстравання ў беларускім песенным фальклоры з'яўляецца эпітэт  выдзяленне характэрнай рысы ці прыкметы якога-небудзь прадмета, што выклікае пэўныя эмацыянальныя адносіны да яго. У традыцыйных песнях эпітэт мае сталы характар і ўжываецца з азначальным словам сотні і тысячы разоў у самых розных узорах песеннай творчасці: шырокае поле, сіняе мора, сырая зямля, жоўтыя пяскі, белыя рукі, залатыя ключы, горкія слёзы, дробныя дажджы і інш. Заўважым, што некаторыя словы ў песнях без эпітэтаў амаль не сустракаюцца або сустракаюцца надзвычай рэдка.

Эпітэты бываюць:

а) эпітэты, выражаныя кароткай формай прыметніка: "На маёры сінь жупан дарагі", "Шыз арол лятае, крылом засявае", "Ой ды заблудзіўся бел малойчык у чыстым полі палюючы";

б) двайныя эпітэты, нярэдка сінанімічныя: "Бярозанька кудравая, малажавая", "Цераз сад дарожка быта, таптана";

в) таўталагічныя эпітэты: "Зарадзі, божа, жыта коласам каласістае, ядром ядраністае", "А нам жа ехаць борам баравым", "Ой, пасею канапелькі карэннійкам караністы, галоўкамі галавісты";

г) складаныя эпітэты: "Сцялі, сцялі, міла, сцялі, чарнаброва, вішаннікам двор";д) эпітэты ў форме прыдатка: "Наша курачка-залатапёрачка", "Пацёр, памяў руту-мяту  жоўты цвет", "Ой, поле, поле, перабірае, перабор-зелле за плот кідае".

Параўнанне як мастацкі прыём таксама даволі часта сустракаецца ў песнях. Гэты прыём дазваляе ахарактарызаваць які-небудзь прадмет або з'яву з дапамогай іншых падобных у нечым прадметаў і з'яў: "Мая жоначка маладая, ну як ягадка наліўная". Параўнанне ў народных песнях нярэдка выражаецца без дапамогі злучнікаў і злучальных слоў: "Туманікам апушчуся, туманікам ціхусенькім"; "А у горадзе кубкамі ружа вілася". Супастаўленне прадметаў або з'яў у параўнанні можа быць станоўчым або адмоўным. Апошняе сустракаецца радзей: "А ў гародзе макі зацвітаюць, то ж не макі  усё дачцы  казакі". Сустракаюцца і сталыя параўнанні: "Маці плача  рэкі цякуць, сястра плача  калодзеж стаў, жонка плача  раса пала".

Вобразны паралелізм з'яўляецца разнавіднасцю параўнання, ён займае ў паэтыцы традыцыйнай народнай лірыкі вялікае месца. Паралелізмы ў беларускіх народных песнях вызначаюцца надзвычайным паэтычным хараством:

Разгарэлася каліна,

Перад зарою стоячы...

Расплакалася дзяўчынка,

Перад бацькам стоячы...

Вобразны паралелізм можа ахопліваць усю песню:

Як табе, зараначка,

З сонейкам расстаціся?

Хмаркамі абаўюся,

Дожджыкам абальюся,

З сонейкам расстануся,

Як табе, дзевачка,

З матухнай расстаціся?

Коскамі апушчуся,

Слёзкамі абальюся,

З матухнай расстануся.

З параўнанняў і паралелізмаў вырасла цэлая песенная сімволіка. Прадмет або з'ява прыроды выкарыстоўваецца так часта ў вобразным супастаўленні з жыццём чалавека, яго настроем, што за гэтымі з'явамі або прадметамі замацоўваецца пэўнае значэнне. Так, вянок у песнях азначае дзявочую цнатлівасць і чысціню, туман  тугу і смутак, зязюля сімвалізуе адзінокую гаротную дзяўчынку, ясны сокал  прыгожага маладога хлопца, голуб і галубка  сімвал закаханай пары і г.д. Калі ў песні сустракаецца прадметны вобраз з пастаянным сімвалічным значэннем, адпадае неабходнасць тлумачыць сэнс песні, таму што змест яе будзе зразумелы. Так, калі спяваецца: "Кацілася чорна галка па бару, па бару, а з ёю ясны сокал паблізу, паблізу"  зразумела, што ў песні ідзе размова не пра птушак, а пра дзяўчыну і хлопца.

Увасабленне як мастацкі прыём песеннай паэтыкі азначае перанясенне ўласцівасцей жывых істот на прадметы і з'явы прыроды, адушаўленне іх. Найбольш часта сустракаецца асобы тып увасаблення  персаніфікацыя (ачалавечванне), якой падлягаюць не толькі прадметы нежывой прыроды, але і абстрактныя паняцці:

Адклікніся, мая доля,

На тым баку сіня мора,

А прыплыві, мая доля,

А к крутому беражку.

Блізка да ўвасаблення стаіць метафара, даволі распаўсюджаны мастацкі прыём. Тыповы прыклад  метафарычны вобраз вайны ў вядомай жніўнай песні: "У нас сёння вайна была  ўсё поле зваявалі".

З іншых мастацкіх сродкаў, асабліва ў песнях эпічнага складу трэба адзначыць гіпербалу:

А мой конік за тры мілі,

Выяў травы тры даліны,

Выпіў вады паў-Дуная,

Сам дадому не думае.

Паўтарэнне (таўталогія)  вельмі распаўсюджаны сродак мастацкай выразнасці ў народных песнях. Шырока распаўсюджаны аднакарэнныя спалучэнні тыпу "зіму зімаваць", "гора гараваць", або "пералетую адна лецечка ў цябе" і г.д.

Адна з форм таўталогіі, якая часта сустракаецца ў народных песнях анафара  паўтарэнне аднолькавых слоў ці выразаў у пачатку песень:

Пыл, пыл па дарозе,

Пыл, пыл па шырокай,

Дым, дым па дуброве,

Дым, дым па зялёнай...

Да характэрных сродкаў мастацкай выразнасці належыць і зваротак: "Ты скажы, скажы, дуброванька, ты скажы, скажы, зялёная..."

Адметнай асаблівасцю паэтычнай мовы народных песень з'яўляецца выкарыстанне памяншальна-ласкальных слоў, напрыклад, "Суботанька нядзеленьку радзіла, сабралася Настульчына радзіна", "Вы, пташачкі, малышачкі, скіньце па пярынцы маёй мілай галубачцы на шызыя крылцы".

Што датычыць асноўных кампазіцыйных прыёмаў песеннай творчасці, то тут, апрача звычайнага вобразнага паралелізму, трэба адзначыць "ступенчаты паралелізм" (Сакалоў), або паступовае, ці ступенчатае, звужэнне вобразаў. Прыём гэты сустракаецца рэдка, але ён спецыфічна песенны:

Ой, сярод сяла стаяла гара,

Ой, на той гарэ стаяла вярба,

А на той вярбе срэбрана кара,

Срэбрана кара, залатая раса.

Адкуль узяліся русыя пташкі

Ой, тую кару паабівалі,

Ой, тую расу паабкалацілі.

Адкуль узялася маладая панна

Ой, тую кару пазбірала,

Ой, тую расу пазмятала...

Не часта сустракаецца і спецыфічны фальклорны прыём, якім вызначаецца кампазіцыйная будова песень  выключэнне адзінкавага з множнага  проціпастаўленне аднаго вобраза ўсім астатнім:

Ляцяць галачкі ў тры радочкі,

Зязюлечка папераду;

Усе галачкі на іве селі,

А зязюлечка на клеці;

Усе галачкі зашчабяталі,

А зязюлечка закувала.

Вялікую ролю ў кампазіцыйнай будове мае зачын. Ён можа быць звязаным з асноўным зместам і сюжэтам, а таксама можа паказваць на месца або час дзеяння. Часта ён пачынаецца з часціцы "ой": "Ой, борам, борам, баравінаю, да хто там едзе вечарынаю?"

Народная песня паводле кампазіцыі можа мець форму маналога, дыялога, апавяданняуспаміна, а часцей назіраецца спалучэнне розных форм, асабліва апавядання з дыялогам:

А ў полі вярба,

Пад вярбой вада,

Там хадзіла, там гуляла

Дзеўкамалада.

Дзеўка ад вады,

Хлопец да вады:

Пастой, пастой, дзяўчыначка,

Дай каню вады!

Рада б пастаяць,

Каню вады даць,

Мае ножкі босенькія

Сцюдзёна стаяць.

Спецыфічнай асаблівасцю кампазіцыі некаторых песень з'яўляецца кантамінацыя  зліццё ў адно цэлае двух або некалькіх песенных тэкстаў, блізкіх між сабой па вобразах і зместу, сходных па рытму ("Захацела бабуленька разам збагацеці").

Сустракаюцца ў народных песнях і прыпевы, або рэфрэны, нярэдка яны маюць вандроўны характар, уплятаючыся ў тэксты розных песень: "Ту, та-та, гу, лё-ля", "Ой, люлі, ой ды люлі", "Гэй, лю-ля-лі" і інш.

Часта прыпеў змяняецца паўтарэннем апошняга ці двух апошніх радкоў куплета:

А ўсе людзі жыта сеюць,

А я сваё гора,

Ой-ой, а я сваё гора.

А ўсе людзі з севялочка,

А я з падалочка,

Ой-ой, а я з падалочка.

Мелодыя песні вызначае вершаваны размер і рытмічную будову народных песень. Яна ж вызначае і страфічную арганізацыю песень  калі завяршаецца мелодыя, тады ж завяршаецца і набывае форму страфа. З набліжэннем да сучаснасці верш, рытм, страфа станавіліся больш блізкімі да форм літаратурнай паэзіі, несумненна, пад яе ўздзеяннем.

Вывады. Такім чынам, паэтычныя сродкі і прыёмы народнай песні ўзбагачаюць вобразны строй песеннай лірыкі, раскрываюць для рэжысёра неабсяжны прастор творчай выдумкі пры вырашэнні канкрэтнай сцэнічнай дзеі, паказваюць у свяце багацце светаўспрымання народа, якое ідзе ад рэчаіснасці, параджаецца ёю. Паэтыка народнай песні дазваляе рэжысёру выкарыстоўваць яе пры напісанні сцэнарыя свята, трапна адлюстроўваць канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі ў сцэнічных умовах. Веданне паэтыкі народнай песні рэжысёрам і ўдзельнікамі свята перадаецца гледачам, далучае іх да народных вытокаў, якія заўсёды мелі эстэтычную прыгажосць, уласцівую народу.