Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыял.docx
Скачиваний:
193
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
572.36 Кб
Скачать

Агляд асноўнай літаратуры па музычнаму фальклору беларусі План

1. Першыя публікацыі па музычнаму фальклору Беларусі.

2. Характарыстыка публікацый па музычнаму фальклору Беларусі кампазітараў, навукоўцаў М. Чуркіна, Р. Шырмы, Г. Цітовіча, З. Мажэйкі, Г. Таўлай, І. Ялатава, М. Сіраты, Ул. Раговіча і інш.

3. Сучасны стан публікацый па музычнаму фальклору Беларусі (Серыя БНТ  беларуская народная творчасць, публікацыі А. Аляхновіча, Ул. Грома, У. Зяневіча, У Крамко і інш.).

Мэта: пазнаёміць студэнтаў з асноўнымі публікацыямі па музычнаму фальклору Беларусі, паказаць гісторыю публікацый – ад мінулага да сучаснага.

У збіранні і вывучэнні беларускіх народных песень і танцаў вялікая заслуга належыць кампазітарам М. Чуркіну, А. Грыневічу, Р. Шырме, Г. Цітовічу, М. Анцаву і інш.

Першы музычна-фальклорны зборнік М.М. Чуркіна "Беларускія народныя песні і танцы", у якім змешчана 177 песень і танцаў, выйшаў у 1949 г. У зборніку складальнік расказаў пра сваю фальклорную збіральніцкую дзейнасць. Ён адзначыў асаблівасці спеваў сольнага і калектыўнага, аднагалосся і поліфоніі, двухгалосся. Аўтар коратка вызначыў таксама рытміку беларускіх фальклорных песень.

Народныя песні сістэматызаваны ў зборніку па трох раздзелах: абрадавыя, бытавыя, карагоды і інш. Раздзел абрадавых песень складаецца з каляндарна-абрадавых і сямейна-абрадавых. Бытавыя песні дзеляцца на сем падраздзелаў: пра прыгнёт, беднасць і барацьбу з панамі; рэкруцкія і салдацкія; дзіцячыя, любоўныя; жаночыя; баладныя; жартоўныя. Трэці раздзел уключае: карагодныя і гульнёвыя песні; танцы; прыпеўкі. Такая класіфікацыя ў асноўным паслядоўная і навукова абгрунтаваная ў параўнанні з класіфікацыяй у дарэвалюцыйных зборніках. Але ж і ў гэтым зборніку назва другога раздзела ("Бытавыя песні") не ахоплівае ўсёй відавой разнастайнасці ўключаных сюды песень.

Каляндарна-абрадавыя песні прадстаўлены адной каляднай і васьмю веснавымі песнямі. Калядка называецца "Ішла пайшла сівая свіння", веснавыя песні ў асноўным папулярныя ў народзе: "Вол бушуе...", "Вясна красна...", "Ой, чаму ты, яліначка..." і інш. Цікавыя па зместу тэксты купальскіх песень. У жніўных песнях адлюстраваны сацыяльныя і сямейныя адносіны мінулага.

Сямейна-абрадавыя песні ўключаюць чатыры хрэсьбінныя і дванаццаць вясельных. Гэтыя песні былі змешчаны ў дарэвалюцыйных публікацыях.

Сацыяльная лірыка пачынаецца з пазаабрадавых песень: антыпрыгонніцкіх, песень нядолі і змагання. Асабліва вострай сацыяльнай накіраванасцю адрозніваюцца 19 рэкруцкіх і салдацкіх песень, змешчаных збіральнікам.

Разнастайныя па зместу песні пазаабрадавай лірыкі: калыханкі, жартоўныя, любоўныя. Але ж М.М. Чуркін памылкова аднёс да дзіцячых песень жартоўную "Камар лазню тапіў", якая па зместу не з'яўляецца дзіцячай. У гэты раздзел не трэба было ўключаць ліра-эпічныя песні-балады. Гульнёва-карагодная песня "Як пайшоў Халімон..." таксама змешчана ў гэтым раздзеле нягледзячы на тое, што ў зборніку ёсць адпаведны раздзел, які ўключае 12 песень.

Да большасці банцаў даюцца тэксты адпаведных песень. Асаблівую цікавасць мае публікацыя кадрылі з шасці "кален".

У зборніку ёсць асобы падраздзел прыпевак, у якім змешчана песня "Мой міленькі памёр".

Да ўсіх песень складальнікам дадзены напевы і кароткія паказальнікі, у якіх адзначаецца, калі, хто, дзе і ад каго запісаў тэкст. Асобныя песні маюць падрабязныя каментарыі ("Цярэшка", "Зязюля", "Я малёшанькі" і інш.). Многія тэксты песень дадзены ў запісах Е.Р. Раманава, М.Я. Грынблата, І.А. Сербава. Але ж большая частка твораў запісана М.М. Чуркіным. Кампазітар апублкаваў шмат народных песень, апрацаваных і неапрацаваных, якія выходзілі асобнымі выданнямі. Напрыклад, у 1953 годзе быў надрукаваны зборнік "Беларускія народныя песні".

У 1959 годзе быў выдадзены зборнік М. Чуркіна "Беларускія народныя песні / Зап. М. Чуркіна". У рэдакцыйнай прадмове адзначаецца, што аснову зборніка склалі творы з рукапісу кампазітара "Справаздача па збіранню беларускіх народных песень у Ашмянскім павеце 1910 – 1911 гг." З гэтага рукапіса апублікавана 60 тэкстаў. Апрача іх М. Чуркін змясціў яшчэ 26 песень з сваіх апошніх запісаў на Магілёўшчыне. Усе творы з'яўляюцца традыцыйнымі і толькі пяць з іх адносяцца да сучаснай фальклорнай творчасці. Тэксты песень сістэматызаваны і адрэдагаваны М.Я. Грынблатам, музычная рэдакцыя нотных запісаў зроблена Р.Р. Шырмай.

У адпаведнасці з этнаграфічным і жанрава-відавым прынцыпам сістэматызацыя песень ажыццяўляецца па шасці раздзелах: каляндарна-абрадавыя; сямейна-абрадавыя; казацкія, рэкруцкія і салдацкія; любоўныя; жаночыя; танцавальныя. У сувязі з тым, што класіфікацыя песень ні ў прадмове, ні ў паказальніку не тлумачыцца, застаецца невядомым, якімі прынцыпамі і крытэрыямі кіраваліся складальнік і рэдактар, вылучаючы жаночыя песні. Творы гэтага раздзелу ў асноўным сямейна-бытавыя песні, некалькі – жартоўных, адна – баладная. Вылучэнне гэтых песень у асобны від не адпавядае этнаграфічнаму жанрава-відавому прынцыпу, які прыняты ў зборніку.

У кнізе змешчаны і савецкія песні, якія адлюстроўваюць калгаснае жыццё. Трэба адзначыць, што ў адносінах да аўтарскіх песень (напрыклад, аўтарскіх слоў песні "Ой, рэчанька, рэчанька" адзначан М. Танк, а ў іншых песнях вядомы толькі выканаўцы) трэба ставіцца асцярожна, таму што іх шырокая распаўсюджанасць не пацверджана фалькларыстамі. Узнікае сумненне ў аднясенні іх да фальклорнай творчасці.

У цэлым зборнік мае навуковую і практычную каштоўнасць. Вельмі важнай з'яўляецца яго практычная значымасць, таму што песні і танцы могуць выкарыстоўвацца як самадзейнымі калектывамі, так і ў штодзённым жыцці.

Г.І. Цітовіч называў М.М. Чуркіна старэйшынай беларускай музыкі. Сапраўды, М.М. Чуркін унёс значны ўклад у збіранне і вывучэнне беларускага народнага меласу.

Велізарны ўклад у беларускую фалькларыстыку зрабіў Р.Р. Шырма. На працягу амаль 50 гадоў клапаціўся ён аб прапагандзе беларускай народнай песні самадзейнымі і прафесійнымі калектывамі, а таксама праз друк. Ён пісаў: "Цудоўная, шчырая, як народнае сэрца, мелодыя, высокапаэтычны верш народнай паэзіі, з яго наіўнымі чаруючымі вобразамі і зваротамі – усё гэта, разам узятае, падымае беларускую песню на высокі мастацкі п'едэстал" (Шырма Р. Беларускія народныя песні. Вільня, 1929. С. 3).

Р.Шырма выступаў з лекцыямі і артыкуламі: "Беларуская народная песня", "Песня ў жыцці народаў", "Музычныя апрацоўкі беларускіх мелодый" і іншымі.

У 1974 годзе Р. Шырма выдаў першы том "Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі", у якім змешчаны песні Вілейскага, Пастаўскага, Слонімскага, Валожынскага, Гродзенскага, Нясвіжскага, Косаўскага і іншых паветаў.

У зборніку апублікавана 337 песень, 26 прыпевак, 60 прыказак і 44 загадкі. Усе песні дзеляцца на абрадавыя, сямейныя, рэкруцкія і салдацкія, песні 17 верасня 1939 г., жартоўныя. Класіфікацыя песень выклікае пярэчанні. Не зусім правамерны падзел песень на абрадавыя і пазаабрадавыя. Лепей было б падзяліць іх на абрадавыя і сямейныя. У раздзел сямейных песень уключаны не толькі любоўныя, пра жаночую долю, недабраную пару, сямейны лад, а таксама чатыры хрэсьбінныя песні. Гэтыя песні адносяцца ад абрадавых.

Нягледзячы на пэўныя недахопы зборнік мае вялікую каштоўнасць для мастацкай самадзейнасці.

У 1955 годзе выйшаў з друку зборнік "Беларускія песні" для песенных самадзейных калектываў. Фальклорны матэрыял размешчаны ў ім наступным чынам: традыцыйныя і сучасныя народныя песні і песні беларускіх кампазітараў і паэтаў. У сціслых каментарыях адзначаецца, хто напісаў музыку або гарманізаваў твор, хто аўтар слоў, адкуль узяты тэкст. Народныя песні дадзены ў апрацоўцы М. Аладава, К. Галкоўскага, С. Палонскага, А. Багатырова, Р. Пукста, П. Падкавырава, Я. Цікоцкага і інш. У зборніку змешчаны таксама і папулярныя песні "У полі вярба", "Каліна-маліна", "Рэчанька", "Ой, пайду я лугам, лугам", "Зялёны гай", "Камары гудуць", "Ой, ляцелі гусі з броду", "Як пагнала бабуленька куранятак псці", "Кукавала зязюля" і інш. У зборніку змешчаны каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, пазаабрадавыя: валачобныя, купальскія, жніўныя, восеньскія, вясельныя і інш. Але ж сістэматызацыя песень у зборніку ненавуковая: спачатку пададзены лірычныя пазаабрадавыя, потым сямейна-абрадавыя і каляндарна-абрадавыя.

У 1959 г. у Маскве быў выдадзены зборнік Р. Шырмы "200 беларускіх народных песень". У прадмове да зборніка Л.С. Мухарынская падкрэслівала здзіўляючае адчуванне складальнікам меладычнай прыгажосці беларускай фальклорнай песні.

У 1959 – 1976 гг. быў апублікаваны чатырохтомны збор Р. Шырмы "Беларускія народныя песні". У першым томе пададзены любоўныя, баладныя, бытавыя, жартоўныя і іншыя песні.

У пачатку зборніка змешчаны песні, якія вызначаюцца эмацыянальнай задушэўнасцю закаханай дзяўчыны. Маладая дзяўчына скардзіцца на сваю ліхую долю: "міленькі, чарнабрывенькі" ад яе ўцякае ("Чырвона каліна ды ў лесе стаяла"). Тугой і сумам аб непадзельным каханні дзяўчыны прасякнуты і іншыя песні ("Ой, ляцелі гусі", "Жыта спее", "Ах ты, дубе, ты бяроза", "Закукавала зязюля" і інш.).

У гэты том уключаны балады, якія характарызуюцца паэтычным хараством, эпічнасцю адлсютравання з'яў і падзей ("Ты бяроза кудравая", "Гэй, там пры дарозе", "Выпраўляла маці" і інш.), а таксама бытавыя песні.

Завяршаюць том жартоўныя песні ("Захацеў я жаніціся", "Мой міленькі захварэў" і інш.). У некаторых песнях людскія ўчынкі паказаны ў дзеяннях птушак ("Наварыў верабей піва", "Залажыў верабей на прыпечку жніва" і інш.).

Першы том беларускіх народных песень Р. Шырмы з'явіўся значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, таму што ў ім упершыню былі апублікаваны з мелодыямі песні пра каханне, балады і жартоўныя.

У другім томе Р. Шырмы пераважаюць пазаабрадавыя песні – аб жаночай долі, сіроцкія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, батрацкія, прымацкія, песні няволі і змегання (усяго 288 песень).

Батрацкія і прымацкія песні вылучаюцца вострым сацыяльным зместам, у іх паказваецца нялёгкая доля беднякоў, якія ідуць у наймы да багацеяў або ў прымы:

Ой, бадай жа ты, дый багачова,

Ела хлеб і з вадою,

Ой, як я прышоў маладзюсенькі,

З бядою дадому.

Сямейна-бытавыя песні, уключаныя ў два раздзелы "Жаночая доля" і "Нядобраная пара", адзначаюцца вялікай эмацыянальнай пачуццёвасцю. Напрыклад, у песні "Матка ж мая старэнькая" дачка папракае маці за тое, што яна яе не збудзіла рана, а "ўсе дзевачкі рана ўсталі, шчасце і долю разабралі, ёй жа засталася доля як макаў цвет: рана цвіце, ўдзень ападзе!".

У многіх песнях паказваецца канфлікт паміж жорсткай свякрухай і маладой нявесткай: Як была я ў маманькі, любіла гуляць, а цяпер у свякрованькі – слёзы праліваць".

У трэці том уключаны песні земляробчага беларускага календара – веснянкі, валачобныя, юраўскія, купальскія і пятроўскія, жніўныя, восеньскія, калядныя і масленічныя (усяго 194 песні).

Класічнымі ўзорамі вылучаюцца валачобныя песні, у якіх велічаецца гаспадар і яго гаспадарка. Паэтычнымі сродкамі малююцца вобразы сына, жонкі, гаспадара. У гэтых песнях трапна выкарыстоўваюцца паэтычны паралелізм і сімволіка для абмалёўкі вобразаў.

У валачобных песнях яскрава адлюстраваліся клопаты селяніна. Яго двор, сям'я, гаспадарка паказваюцца ідэалізавана: "брама падуняна, абгародка пазлачана", сталы стаяць цясовы, пасціланы абрусы сурвятовыя", "панскія дзеткі, як у горадзе кветкі". Ідэальна малюецца і гаспадарскае поле: жыта "ў трубы павілося", жнуць яго "жнейкі маладзенькія, іх сярпочкі залаценькія. Што жннечка – то жменечка, што жменечка – то снапочак, што снапочак – то копачка, што копачка – то й вазочак".

Песні купальскія і пятроўскія вылучаюцца высокай мастацкасцю. У іх адлюстраваліся сямейна-бытавыя і любоўныя матывы, звычаі, звязаныя са святкаваннем Купалля. Не адрозніваюцца ад купальскіх і пятроўскія песні, якія характарызуюцца высокай вобразнасцю, матывамі і структурай.

Шмат жніўных песень у томе прадставіў Р. Шырма. Мінорныя мелодыі песень адпавядаюць яркім малюнкам жыцця жанчыны пад сацыяльным і сямейным прыгнётам.

У трэцім томе змешчаны дажыначныя песні, а таксама песні яравога жніва і восеньскія. Высокай мастацкасцю характарызуюцца ў гэтым томе многія калядныя і масленічныя песні.

У чацвёртым томе Р. Шырма змясціў вясельныя песні, жарты, прыпеўкі, танцы, многія з якіх і сёння папулярныя ў народзе.

У томе даецца спачатку апісанне беларускага вяселля, а потым творы групіруюцца паводле асноўных этапаў абраду: "Заручыны", "Вяночкі", "Перад выездам да шлюбу", "Пасля шлюбу", "Вяселле ў маладой", "Сіроцкія", "Як выяджаюць па маладую", "Каравай, благаслаўляюць маладых", "Прыданне", "Спевы, жарты, прыпеўкі і танцы".

Многія танцы, сабраныя ў томе, вельмі якасныя ў мастацкіх адносінах. Р. Шырма нездарма называў вяселле своеасаблівай народнай операй з пралогам, драматычнай кульмінацыяй і заўсёды шчаслівым заканчэннем.

У асноўным усе песні чатырохтомніка вызначаюцца высокай мастацкасцю, вялікай разнастайнасцю зместу, прыгажосцю мелодый. Большасць песень даецца з нотамі.

У 1971 г. выйшлі з друку "Беларускія народныя песні" (апрацоўкі для хораў). У гэты зборнік уключаны песні партызанскія, калгасныя, салдацкія, бытавыя, валачобныя, купальскія, жніўныя, калядныя, асеннія і сямейна-абрадавыя, балады.

Вялікая заслуга Г.І. Цітовіча ў нястомным збіранні беларускіх народных песень. Ён сабраў каля пяці тысяч народных песень і танцаў, лепшыя з іх уключаны ў зборнікі.

У 1959 г. выйшлі з друку "Песні беларускага народа", у якія ўключаны ўсе асноўныя песенныя жанры (усяго 296 песень). Усе песні сістэматызаваны складальнікам паводле гістарычнага і жанра-відавога прынцыпаў. Зборнік з поспехам выкарыстоўваюць прафесіянальныя і самадзейныя калектывы.

Сваю збіральніцкую і навуковую дзейнасць Г. Цітовіч увасабіў пры складанні "Анталогіі беларускай народнай песні" (1968 г.). Ён імкнуўся раскрыць усю разнастайнасць жанраў беларускага музычнага фальклору. Пры сістэматызацыі песень Г. Цітовіч улічваў ступень іх папулярнасці ў музычным бытаванні вёскі і горада, а таксама мастацкую якасць напеву.

У "Анталогію..." уключаны каляндарна-абрадавыя песні (калядныя, шчадроўкі, вяснянкі, валачобныя, юраўскія, купальскія, талочныя, жніўныя, дажынкавыя, восеньскія, піліпаўскія), затым сямейна-абрадавыя (вясельныя, радзінныя, хрэсьбінныя). Потым змешчаны пазаабрадавыя песні: дзіцячыя, любоўныя, сямейна-бытавыя, баладныя, рэкруцкія, салдацкія, казацкія, песні пра прыгнёт, нядолю і барацьбу супраць эксплуататараў, бяседныя і жартоўныя, прыпеўкі да танцаў, карагодныя і гульнёвыя, частушкі.

Прадстаўлены ў "Анталогіі..." і песні савецкага часу, якія сістэматызаваны паводле гістарычнага прынцыпу.

У 1975 г. было надрукавана другое, значна дапоўненае выданне "Анталогіі беларускай народнай песні". У кнігу ўключаны 430 тэкстаў, сістэматызаваныя як у першым выданні.

Як удумлівы даследчык народнага меласу выступіў Г.І. Цітовіч. У прыватнасці трэба адзначыць яго зборнік нарысаў з нотнымі прыкладамі "О белорусском песенном фольклоре: Избр. очерки" (1976 г.). У гэтым зборніку ён адзначыў ладава-інтанацыйныя асаблівасці напеваў веснавых, касарскіх, вясельных, баладных песень, прасачыў змены ў народным меласе пад уплывам прафесійнай музыкі, даследаваў працэс ўзнаўлення фальклорных песень пад уплывам сучаснасці.

Песні беларускага земляробчага календара надрукаваны ў 6 тамах акадэмічнага выдання. Ахарактарызуем коратка кожны з тамоў. "Зімовыя песні. Калядкі і шчадроўкі" (1975 г.). У томе змешчаны лепшыя ўзоры піліпаўскіх, калядных і шчадроўскіх песень па функцыянальна-тэматычнаму прынцыпу. Многія песні надрукаваны з напевамі. У грунтоўных устпных артыкулах разглядаюцца ідэйна-тэматычны змест, мастацкія асаблівасці беларускіх зімовых песень, іх мелодыі. Музычная частка складаецца з 250 мелодый.

"Веснавыя песні" (1979 г.). У томе вельмі поўна прадстаўлены песні веснавога цыкла, многія тэксты даюцца з напевамі, характарызуюцца змест, паэтыка, музычныя асаблівасці беларускіх веснавых песень.

"Валачобныя песні" (1980 г.). Гэтыя песні ў Беларусі лепш захаваліся, чым у іншых славянскіх народаў, яны выконваліся ў час абходу групай валачобнікаў сялянскіх двароў, але ўжо не зімой, а вясной. Іх структура і паэтыка вельмі блізкія да калядных.

"Купальскія і пятроўскія песні" (1985 г.). У томе сабраны лепшыя ўзоры купальскіх і пятроўскіх песень, многія з іх пададзены з мелодыямі. Ва ўступных артыкулах разглядаюцца сувязь гэтых песень з купалаўскімі абрадамі і звычаямі, музычныя асаблівасці.

"Жніўныя песні" (1974 г.). Падкрэсліваецца антыпрыгонніцкая тэматыка і стабільнасць музычнай структуры песень, што выклікана перш за ўсё канкрэтнай функцыянальнай накіраванасцю жніўных песень. Разам з асаблівасцямі інтанавання, якія вынікаюць з працоўных абставін, пэўную ролю ў захаванні стабільнасці структуры жніўных песень мае абрад. Усяго ў томе 1055 тэкстаў і 301 мелодыя.

"Восеньскія і талочныя песні" (1981 г.). Гэтыя песні раскрываюць працу, быт і духоўны свет чалавека. У томе разглядаюцца ідэйна-тэматычны змест, мелодыка восеньскіх і талочных песень.

Сямейна-абрадавая паэзія надрукавана ў 10 тамах.

"Радзінная паэзія" (1971 г.). У томе змешчаны творы, звязаныя з нараджэннем дзіцяці. Тут дадзены хрэсьбінныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, бабкі, кумы і кума, застольныя тосты, прыказкі і прымаўкі. Хрэсьбінныя песні належаць да спецыфікі беларускага фальклору, яны адсутнічаюць у рускім і украінскім фальклору.

"Вяселле. Абрад" (1978 г.). У томе дадзены найбольш тыпавыя апісанні традыцыйных вясельных абрадаў, зробленых этнографамі і фалькларыстамі ў ХІХ – ХХ стст.

"Вяселле. Песні" кн. 1 – 5 (1980 – 1986 гг.). Песні класіфікаваны па адпаведных этапах вяселля.

У першую кнігу ўключаны песні заручын і ад'езду маладога да маладой.

У другой кнізе змешчаны каравайныя песні, а таксама песні зборнай суботы і пасада.

У трэцяй кнізе прадстаўлены сірочыя і вянчальныя песні, а таксама песні, якія выконваюцца ў доме маладой перад прыездам маладога.

У чацвёртай кнізе апублікаваны вясельныя песні, якія спяваюцца ў час прыезду жаніха па нявесту і злучэнне маладых.

У пятым томе змешчаны песні, якія спяваюцца ў час прыезду маладога забіраць нявесту і яе развітання з бацькамі, сяброўкамі, домам, гаспадаркай. гэта лірычныя песні. Яны меньш звязаны з канкрэтным абрадам.

Беларуская пазаабрадавая лірыка выпушчана ў пяці тамах:

"Песні пра каханне" (1978 г.). У томе апублікаваны лепшыя ўзоры беларускіх лібоўных песень.

"Жартоўныя песні" (1974 г.). Складальнікі тома І.К. Цішчанка і С.Г. Нісневіч абагульняюць унутрыжанравую класіфікацыю песень, разглядаюць мастацкія прыёмы і сродкі абмалёўкі вобразаў, іх музычную структуру, рытмічную пабудову.

"Сямейна-бытавыя песні" (1984 г.). У томе надрукаваны поўны збор лепшых беларускіх пазаабрадавых песень, у якіх раскрываюцца ўзаемаадносіны ў сям'і, доля жанчыны, яе высакародства, крытыкуюцца негатыўныя сямейна-бытавыя з'явы.

"Сацыяльна-бытавыя песні" (1987 г.). У томе змяшчаюцца беларускія казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і іншыя сацыяльна-бытавыя песні.

"Песні савецкага часу" (1970 г.). Як і кожны том песень, гэты том мае два ўступныя артыкулы, адзін з якіх прысвечаны разгляду ідэйна-мастацкія асаблівасцей песень савецкага часу, другі – музычных. У томе надрукаваны многія аўтарскія песні, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў массах і фалькларызаваліся.

Большую частку тома займаюць песні і ў зборніку "Дзіцячы фальклор" (1972 г.). У ім сабраны калыханкі, забаўлянкі, дзіцячыя песенькі, лічылкі, гульні і інш. Музычную спецыфіку дзіцячай народнай песні разглядзеў у асобным артыкуле В.І. Ялатаў.

Сярод вядучых савецкіх вучоных фалькларыстаў трэба назваць Ніла Сямёнавіча Гілевіча, выдатнага беларускага паэта, прафесара БДУ імя У.І. Леніна.

Н.С. Гілевіч апублікаваў шэраг зборнікаў беларускіх народных песень. Сярод іх песні "Песні сямі вёсак", "Традыцыйная народная лірыка Міншчыны" (1973 г.), "Песні народных свят і абрадаў" (1974 г.), "Лірыка беларускага вяселля" (1979 г.), "Лірычныя песні" (1976 г.).

Рад манаграфій прысвяціў тэарэтычнаму даследаванню беларускага народнага меласу В.І. Ялатаў ("Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі", 1964; "Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі", 1966; "Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі", 1970), у якіх даследуюцца заканамернасці развіцця беларускай народнай музыкі.

У сваіх даследаваннях З.Я. Мажэйка канцэнтруе ўвагу на рэгіянальным вывучэнні музычнага фальклору. Яна выяўляе агульнабеларускія і адметныя рысы ў музычна-песеннай творчасці пэўных рэгіёнаў, аналізуючы рэпертуар, жанрава-стылявую спецыфіку народных песень, выяўляючы тыя змяненні, якія адбываюцца ў час бытавання і трансфармацыі твораў у розныя гістарычныя перыяды.

Мясцовы песенны фальклор разглядаюцца З.Я. Мажэйка ў манаграфіі "Песенная культура Беларускага Палесся" (1971 г.). З. Мажэйка вызначае асаблівасці, якія адрозніваюць мясцовую песенную спецыфіку ад стыляў іншых этнаграфічных раёнаў Беларусі, раскрывае месца і ролю традыцыйнага мастацтва ў сучасным побыце вёскі. У рабоце характарызуюцца формы спеваў, народныя спевакі і гурты. Аўтар прааналізавала матэрыялы непасрэдных назіранняў, якія праводзіла ў час экспедыцый з 1963 па 1970 г., пераважна ў вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Асобны раздзел манаграфіі адведзены разгляду традыцыйных стыляў палескіх песень, у іх суадносінах з традыцыйнымі стылямі сумесных і адзіночных спеваў.

З.Я. Мажэйка паказвае, што перабудова вёскі адыграла вялікую ролю ў фарміраванні новых рысаў музычнага быту, у стварэнні ўмоў для развіцця музычнай творчасці мас, мастацкай самадзейнасці. У песеннай практыцы народа традыцыйнае і новае існуюць побач не механічна, а развіваюцца ва ўзаемасувязі, узаемаабумоўленасці.

У 1983 – 1984 гг. З.Я. Мажэйка надрукавала "Песні Беларускага Палесся", у двух выпусках. У першы выпуск увайшлі песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. У другім выпуску змешчаны пазаабрадавыя песні, разнастайнай тэматыкі і стыляў. Сярод іх сямейна-бытавыя, лірычныя песні пра каханне, сацыяльна-бытавыя, балады і інш.

Песенныя традыцыі Паазер'я З.Я. Мажэйка разглядае ў кнізе "Песні беларускага Паазер'я" (1981 г.). Аўтар аналізуе самабытнасць мясцовых пеўчых традыцый, улічваючы ўзаемасувязі функцый, паэтычнага і музычнага зместу песень, суадносіны тыпалагічных груп напеваў, раскрывае тыпалагічную сістэму паўночнабеларускай песеннай творчасці, параўноўваючы яе з меладычнымі тыпамі ўсіх этнаграфічных раёнаў Паазер'я.

У рабоце даюцца спецыяльныя карты раёнаў пашырэння тыповых каляндарных напеваў "Цярэшкі"; калядных; валачобных; масленічных; юраўскіх; веснавых; вяснова-талочных; веснавых; купальскія (дзве карты); жніўных, дажынкавых; ярынных, ільнавых; восеньскіх песень. У падтэкстоўках да напеваў і ў паэтычных тэкстах захаваны ўсё лексічныя і асноўныя фанетычныя асаблівасці мясцовых гаворак.

З. Мажэйка характарызуе народна-песенную культуру Паазер'я, заснаваную на лінеарным мысленні, пры перавазе адзіночнага спявання або калектыўнага спявання аднагалосых мелодый ва унісон. Пры гэтым падкрэсліваюцца дзве тэндэнцыі меладычнага стылю паўночнабеларускіх песень: тэматычная сціпласць і свабода распеву, часаммеладычнага разліву, напрыклад, у працяжных лірычных песнях. Абгрунтоўваецца роля гэтых традыцый.

У зборніку прадстаўлены разам з традыцыйнымі песнямі і сучасныя (партызанскія). У гэтых песнях выкарыстоўваюцца традыцыі салдацкіх песень, а таксама песень літаратурнага паходжання.

Асабліва каштоўны матэрыял у навуковых адносінах сабраны ў манаграфіі З. Мажэйка "Каляндарна-песенная культура Беларусі. Вопыт сістэмна-тыпалагічнага даследавання" (1985 г.). У кнізе ўпершыню разглядаюцца песні земляробчага календара беларусаў у сукупнсці ўсёй песеннай сістэмы, шляхам раскрыцця яе з этнамузыказнаўчых пазіцый. Народна-песенная сістэма аналізуецца не ў плане выяўлення прыкладнога значэння песень, а сацыяльна-псіхалагічнай іх характарыстыцы. Земляробчы песенны цыкл разглядаецца не як рэліктавая з'ява, а як жывая з'ява сугучнасці, якая дайшла "да нас з глыбіні вякоў, ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці праблемы ў аспектах гістарычным і канкрэтна-сацыялагічным (фальклор і сучаснасць)". Беларускія песні разглядаюцца ў агульнатэарэтычным, арэальным і сацыялагічным аспектах. У кнізе робіцца спроба раскрыць месца песеннай сістэмы жанраў і відаў у беларускім фальклоры, вызначыць тыпы напеваў і зоны іх распаўсюджання.

Значны навуковы ўклад у развіццё беларускага музычнага фальклору ўнесла Л.С. Мухарынская. У кнізе "Беларуская народная песня" (1977 г.) яна даследуе разнастайнасць песенна-меладычных тыпаў у беларускай песеннай творчасці ў іх гістарычным развіцці. У рабоце разглядаюцца важныя пытанні тыпалогіі ранняй традыцыйнай песеннай сістэмы, аналізуюцца казацкія, антыпрыгонніцкія, рэвалюцыйныя песні, раскрываюцца суадносіны старога і новага ў песеннай творчасці народа.

Нотныя ілюстрацыі музычнага суправаджэння да беларускіх народных танцаў даюцца ў вучэбным дапаможніку для вучняў культурна-асветных устаноў і харэаграфічных вучылішч Л.А. Алексютовіч "Беларускія народныя танцы і гульні" (1978 г.).

У сваіх кнігах "Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовные" (1979 г.) і "Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные" (1982 г.) І.Д. Назіна, якая на працягу многіх гадоў вывучала ва ўсіх рэгіёнах Беларусі самагучальныя, духавыя, струнныя музычныя інструменты, даследуе класіфікацыю беларускіх музычных інструментаў, вызначае састаў музычных народных інструментаў, сістэматызуе іх , апісвае канструкцыю, спосаб вырабу, лад і гукарад, характарызуе ігру на іх, асаблівасці выкарыстання кожнага інструмента на практыцы.

У наш час змяшчаецца колькасць носьбітаў песеннага і інструментальнага фальклору. Разам з імі беззваротна знікаюць і некаторыя музычныя творы. Таму вельмі важнай задачай застаецца запісванне іх на магнітафонную стужку, навуковае сістэматызаванне і ашчаднае захоўванне. Не меньш важнай задачай з'яўляецца прапаганда музычнага фальклору, беражлівае і кампетэнтнае засваенне яго у другасных формах, у прыватнасці ў мастацкай самадзейнасці.

Вывады. Такім чынам, важнае месца пры публікацыі матэрыялаў па музычнаму фальклору Беларусі належыць карыфеям беларускага фальклору Р. Шырме і Г. Цітовічу. Зразумела, што ў сучасных умовах выключнае значэнне набываюць публікацыі навукоўцаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Гэта публікацыі З.Я. Мажэйкі, Т.Б. Варфаламеевай, Г.В. Таўлай, І.Д. Назінай і інш. Рэжысёры абавязаны ведаць гэтыя публікацыі па вядомай серыі БНТ – Беларуская народная творчасць.