Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыял.docx
Скачиваний:
193
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
572.36 Кб
Скачать

Вясельныя песні

Вясельныя песні з'яўляюцца праяўленнем няпісанага закона, бо яны даводзілі да ведама грамадскасці ход вяселля ад этапа да этапа, замацоўваючы новыя сямейныя адносіны паміж тымі, хто ўступае ў шлюб. Ужо самыя першыя песні заручынныя, у якіх зацвярджаецца згода маладой на шлюб, апавяшчаюць і выступаюць як сродак бытавога юрыдычнага замацавання адносін паміж маладымі ў прысутнасці родзічаў, бацькоў.

Каб быць прызнанымі родам, новая сям'я павінна прыняць усе накладваемыя на яе абавязкі. Песні маральна-дыдактычнага характару змяшчаюць усе настаўленні і парады маладым, як паводзіць сябе не толькі ў час вяселля, але і пасля яго ў адносінах да роду, у новай сям'і, з суседзямі і г.д. Вясельныя песні падрабязна раскрываюць сваяцкія адносіны. Кожнаму сваяку дакладна вызначаецца месца і роля ў вясельным дзеянні. У вясельных песнях прадстаўлены маральны і этычны кодэкс. Культура паводзін простых людзей адлюстравана ў спецыяльных песнях, слоўных формулах. Пры дапамозе такіх формул маладыя або іх бацькі звяртаюцца да сваякоў, суседзеў, каб вырашыць з імі неабходныя дзеянні. У сваю чаргу рытуал патрабуе і запрошаных весці сябе ў адпаведнасці з тымі або іншымі дзеяннямі, якія яны выконваюць. Напрыклад, формула-пажаданне "Дай жа, божа, маладым добрую долю".

Сямейныя і земляробчыя матывы ў вясельных песнях шчыльна пераплятаюцца, сімвалізуючы будучы гаспадарчы дабрабыт, які заключаецца ў дзетараджэнні і ўрадлівасці. У беларускім вяселлі акт пасвячэння маладых у іншы стан захаваўся ў выглядзе даволі поўнага абраду пасаду і падстрыгання.

Вяселле падзяляла жыццё селяніна на дзве часткі  да і пасля жаніцьбы. З гэтага моманту не толькі для маладых, але і для членаў роду адлік часу ішоў ад вяселля. У народзе можна было пачуць: "Гэта было ў два гады пасля Грышкавага вяселля", "Гэта было яшчэ да таго, як Еўку выдавалі".

Вясельныя песні выконвалі не толькі юрыдычную, але і магічную функцыю. На некаторых этапах вяселля яны мелі не меншую сілу, чым самі абрадавыя дзеянні. Без слова не адбывалася ніводнага руху на вяселлі, і сам абрад набываў большую сілу, дзякуючы слову, песні. Без песні (слоў) і адпаведных дзеянняў, напрыклад, пячэнне каравая або віццё вянка страціла б рытуальны сэнс і не было б заўважана.

Спявалі і выконвалі вясельныя абрады блізкія маладым людзі. Існавала павер'е, што забяспечыць дабра маладым могуць толькі тыя, хто гэтага вельмі жадае. Дабро ў адпаведнасці з павер'ем дасягаецца тады, калі выкананы ўсе ўстаноўленыя абрады і песні. Калі ж традыцыя парушалася, у народзе казалі: "Абвёў вакол бярозы ды дамоў прывёў" або: "Вянчаліся вакол елі, а чэрці ім пелі". Прыказкі сведчаць аб вялікім значэнні рытуалу (маладых вадзілі не вакол стала, а вакол елі). Маладых вадзілі вакол ачага, а пазней  стала, якія захавалі значэнне важных абрадавых месц і былі звязаны з культам продкаў. Песні з магічным зместам заклікалі ахоўваць маладых ад уздзеяння розных чараўнічых сіл, якія пагражалі ім у гэты адказны момант жыцця.

Важнай функцыяй, разам з юрыдычнай і магічнай, у вясельных песнях з цягам часу набывае эстэтычная функцыя. Рэшткі далёкага часу на працягу гістарычнага развіцця гублялі сваё першапачатковае значэнне і рабіліся паэтычным упрыгожваннем або сімвалам. Вяселле становіцца для чалавека не толькі актам гаспадарча-грамадскага значэння, але і самым урачыстым момантам у жыцці. У вясельных песнях маладым раскрываецца паэзія душы селяніна, які жадае здароўя, багацця і шчаслівай долі. Тут селянін мог праявіць свой талент у мастацтве, у гэтай своеасаблівай "народнай оперы".

Падобна драме вяселле мае завязку, кульмінацыю і развязку. Яно падзяляецца на асобныя акты, сцэны, дзеянні. Але кожны ў вяселлі іграе сам сябе і толькі так, як таго патрабуюць светапогляд і традыцыя. Па сутнасці няма тут і гледачоў, бо яны самі непасрэдна ўдзельнічаюць у гэтым складаным народным відовішчы.

У беларускім вяселлі як ні ў водным іншым, поўна і яскрава праявілася ўласцівае фальклору спалучэнне элементаў славесна-паэтычнага, музычнага, харэаграфічнага і драматычнага мастацтваў. Увесь гэты складаны комплекс вынікае з народнага жыцця, з яго бытавымі і грамадскімі абрадамі і звычаямі.

Абрадавыя дзеянні ўзніклі раней, чым мастацкія элементы вяселля. Канчаткова вясельны барад склаўся пад уздзеяннем канкрэтных гістарычных умоў жыцця беларусаў ХIV  XVII стст., адначасова з утварэннем і развіццём беларускай народнасці і яе мовы.

Для беларускіх вясельных песень характэрна калектыўнасць іх выканання. Хор выступае як актыўная дзеючая асоба вясельнага музычна-драматычнага прадстаўлення. Хор складаецца з жаночай часткі вясельнікаў і старонніх гледачоў. Жанчыны ў вяселлі былі больш актыўнымі, чым мужчыны. Мужчыны ж не спяваюць і ў асноўным выконваюць рацэі і прыгаворы. Самі ж маладыя, а таксама іх бацькі, родныя, хросныя, сёстры і браты не спяваюць. Хор, як правіла, складецца з дзвюх груп  роду маладой і роду маладога або маладзейшых і старэйшых спявачак. Хор старонніх складецца таксама з дзвюх груп  у кожную з якіх уваходзяць дзве або больш асоб.

Спявачкі станавіліся тварамі адна да другой, браліся пад рукі і спявалі, гледзячы ўзаемна на вусны, каб спевы гучалі аднародна, асабліва тады, калі трэба было імправізаваць, дапасаваць куплеты да пэўнай сітуацыі. Часта хоры спявалі папераменна адзін і той жа радок або куплет. Гэта дыктавалася дыялагічным характарам вясельнага дзеяння, а таксама яго працягласцю і дынамічнасцю. Наяўнасць двух хораў дыктуецца таксама песнямі-дыялогамі. Хоры спяваюць ад імя мужчын або хлопцаў, маладых, іх бацькоў, сваякоў і г.д. Жаночыя хоры як з боку маладога, так і маладой складаліся з дзвюх узроставых груп  замужніх жанчын (свахі) і незамужніх дзяўчаткі, бальшанкі, шафера і інш.). Гэта адзін з відаў вясельных хораў. Другі ж від складаюць хоры, якія асобна прадстаўляюць род нявесты і род жаніха. Часта гэтыя хоры (замужніх і незамужніх, роду маладой і роду маладога) дэманструюць сваю "варожасць" адзін да аднаго, вядуць "спрэчкі" ў форме песенных дыялогаў, заступаюцца за інтарэсы свайго боку. У гэты момант выконваюцца пераважна абразлівыя і жартоўныя песні, якіх у арсенале вяселля шмат.

Хор суправаджае ўвесь вясельны абрад: паведамляе аб чарговым павароце дзеяння, каменціруе, тлумачыць чакаемы вынік. Песні часам змяшчаюць больш абрадавай інфармацыі, чым самі рытуальныя дзеянні. Па сутнасці хор кіруе ўсім вясельным дзействам. Хор паказвае маладым з якімі жыццёвымі сітуацыямі ім прыдзецца сустрэцца ў жыцці. У задачу хора зваходзіць таксама эмацыянальнае ўздзеянне на маладых, на гасцей і на старэйшых гледачоў. Хор у беларускім вяселлі захаваў эпічную ролю. Як у антычных камедыях і трагедыях, хор апавядаў і тлумачыў змест дзеянняў, што паказваюцца. Такая роля хору больш выразна праяўляецца ў паўночна-ўсходняй і паўднёвай частках Беларусі. У заходніх жа раёнах Беларусі больш прыкметная роля на вяселлі належыць свату, свацці, маршалку, бальшанцы, першай дружцы і інш., а песні рацэі часта носяць сольны характар, хоць і тут не абыходзіцца без хору.

У беларускім вяселлі вылучаюцца наступныя тэматычныя групы песень:

Апавядальныя песні. Асноўнае іх прызначэнне  апісанне і тлумачэнне ўсіх дзеянняў, якія адбываюцца ў час вяселля. Галоўная ўвага ў іх удзяляецца не таму, што думаюць, адчуваюць вясельныя персанажы, а што яны згодна з абрадам выконваюць.

Імператыўныя песні  гэта песні закліку, загаду, наказу, парады, просьбы. Яны напамінаюць пра існуючы этыкет, устаноўлены звычаямі вясельнага абраду. Сюжэт гэтых песень разгортваецца ў канкрэтнай і выразнай форме.

Заклінальныя песні з'яўляюцца заклёнамі-заклікамі, скіраванымі да звышнатуральных магічных сіл (святой нядзелькі, добрай гадзіны, язычніцкіх божастваў і інш.). Гэтыя песні маюць магічны характар і выступаюць у выглядзе формул. У беларускім вяселлі заклінальнымі песнямі пачынаюцца ўсе яго важнейшыя этапы.

Велічальныя песні ўшаноўваюць асноўных удзельнікаў вяселля, асабліва маладую і маладога і іх блізкіх. Па свайму паходжанню яны магічнага характару і выконваліся ва ўсталяваныя традыцыяй моманты (калі маладых апраналі, пасля зводзін, пасля клеці, у гонар цнатлівасці маладой і інш.). Гэтыя песні дапускаюць імправізацыю.

Жартоўна-сатырычныя песні. Па сваёй функцыі яны супрацьлеглыя велічальным песням, бо кпяць са свата, свацці, дружак, а часам і маладых.

Элегічныя песні выяўляюць пачуцці маладых, асабліва нявесты, яе бацькоў і блізкіх.

Прыпеўкі да танцаў і ў час застолля  маюць самы разнастайны змест. У час спеваў танцуючыя мдуць паасобку, не ў парах, ідуць дробнымі крочкамі, перад музыкантамі, паварочваючыся на ўсе бакі. У канцы вяселля яго ўдзельнікі перапранаюцца ў "цыганоў", "дзядоў", "салдатаў", "яўрэя", "ксяндза", ходзяць па хатах, скачуць і спяваюць.

Прыгаворы, рацэі, зычанні  гэта прамовы празаічнага або рыфмаванага характару, з якімі сват звяртаецца да прысутных на вяселлі з просьбай рабіць розныя дзеянні: пякчы каравай, рыхтавацца да благаславення і г.д. Зычэнні маюць кароткую зашыфрованую форму і выконваюцца ў час адорвання маладых.

Аўтар Малаш на аснове функцыянальнага, жанравага і тэматычнага прынцыпаў класіфіцыруе вясельныя песні на шэсць асноўных вялікіх груп:

1. Заручынныя. Малады збіраецца і едзе да маладой.

2. Каравайныя. Зборнай суботы. Пасадныя.

3. Сірочыя. Малады прыяджае да маладой. Шлюбныя.

4. Пасля шлюбу ў маладой.

5. Пасля шлюбу ў маладога.

6. Велічальныя. Жартоўна-сатырычныя. Прыпеўкі. Прыгаворы, рацэі, пажаданні.

Вывады. У сямейна-абрадавых песнях адлюстраваны важнейшыя этапы жыцця кожнага чалавека – нараджэнне, вяселле і пахаванне. Веданне сюжэту сямейных песень дапамагае рэжысёру больш глыбока раскрыць у сцэнічных умовах сэнс абрадавых дзей, паказаць гледачу незвычайную прыгажосць гэтых песень з пункту гледжання іх мелодыкі, гармоніі і рытму. Выкарыстанне гэтых песень у сцэнарыі надае яму жыццёвую пераканаўчасць, глыбіню раскрыцця сюжэтнай лініі, далучае ўсіх да эстэтычнай прыгажосці народнай песні.