Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыял.docx
Скачиваний:
193
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
572.36 Кб
Скачать

Эпічныя і лірыка-эпічныя песні

Да эпасу належаць песенныя творы апавядальнага характару, у якіх расказваецца аб важнейшых падзеях нацыянальнай гісторыі, апісваюцца найбольш істотныя рысы і асаблівасці гістарычнага жыцця людзей, яго сацыяльнага і культурна-бытавога ўкладу. У жанравых адносінах эпічная народная творчасць вельмі разнастайная: яна ахоплівае ўсе жанры і віды мастацкай прозы: казкі, сказанні (міфы), легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, загадкі, анекдоты, прытчы і апавяданні (былі); па-другое,яна ўключае так званыя слоўна-музычныя групы: песні-сказы, у якіх спеў спалучаецца з апавяданнем, эпічныя песні (гераічныя, гістарычныя, казачныя, сацыяльна-бытавыя, камічныя), народныя эпапеі (тыпу калмыцкага "Джангара" або кіргізскага "Манаса"), і, нарэшце,  народныя балады і рамансы, якія з'яўляюцца пераходнымі жанрамі ад эпасу да лірыкі.

Сярод запісаных на Беларусі эпічных песень быліннага складу асабліва цікавыя "Вых, вы, людзі, людзі старыя", "Сяўрук" і "Прыехаў дзед на таляначку". ршая з іх  гэта беларускі варыян шырока вядомай у рускім і ўкраінскім фальклоры гістарычных песень пра Каструка. У аснове яе сюжэта  жаніцьба цара Івана Грознага на кабардзінскай княжне Марыі Цямрукаўне. Зачын у ёй гучыць як быліна:

Вох вы, людзі, людзі старыя,

Мужыкі вы праваслаўныя,

Ох вы, братцы, да вы слушайця,

Во што я буду і-і сказываці,

Разгаворы разгаварываці...

Асноўным і спецыфічным мастацкім прыёмам быліны з'яўляецца гіпербалізацыя. У быліне "Вох вы, людзі, людзі старыя" ў апісанні паядынку паміж "мужычым сынам Андрэя дай Андрэевіча" за напышлівым і фанабэрыстым госцем-асілкам, "большым шурынам" цара. Браты Андрэя да й Андрэевіча надзелены незвчайнай сілай:

Як узяўся ж меншы брат,

Як і скочыць чрэз семдзесяць сталоў

Ён і семдзесяць татарынаў убіў летучы...

Як і хваліць ён за праую руку,

Мпетанёць яго аб зямлю:

На ім плацьіца палопалась,

І сапажонкі папалопалісь,

І шатанёнкі далоў спаўзлі.

Блізкія да песень былін стаяць некаторыя духоўныя або старэцкія песні: "Сказанне пра Барыса і Глеба" і "Пра багатага". У першай з іх інтэрпрэціруецца вядомы сюжэт: забойства сяноў кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча Барыса і Глеба. Другая прадстаўляе адзін з беларускіх варыянтаў пашыранага ў фальклоры ўсходніх славян хрысціянскага сюжэта пра беднага лазара і яго багатага брата. Вось апісанне выезду багатага барата са свайго двара:

Садзіўся багачый на добра каня,

Саязджаў багачый з дому свайго,

Выязджаў багатый у чыстае поле,

У чыстае поле на пагулянне,

А на красаванне ў поле паляваць;

Уперадзе багатага пышная рожа,

Па бакам багачага два лютыя пса,

Пазадзі багачага жана і з дзецьмі,

Падносяць багачаму мёду і віна.

У духоўных песнях усе падзеі разглядаюцца з хрысціянскай маралі (бедны чалавек павінен цярпець цяжкасці ў жыцці, каб потым папасці ў рай).

Беларускія гістарычныя песні не вызначаюцца строгай эпічнасцю формы. Часцей гэта творы ліра-эпічнага, баладнага складу, для якіх характэрна не столькі гістарычная канкрэтнасць, колькі перадача агульнай грамадскай і сацыяльна-бытавой атмасферы часу. У многіх выпадках пэўныя моманты гісторыі адлюстраваліся ў розных тэматычных цыклах песень абрадавых і лірычных. У некаторых шчадроўках сустракаюцца, напрыклад, татарскія наезды з іх бясчынствамі і разбоем("Пакінь маляваць да едзь ваяваць  ужо ж тваю дзевачку татары ўзялі"), у любоўных песнях ("Устань, казак, абудзіся, едуць татарскія раці, хочуць твайго каня ўзяці"). Упамінаецца ў лірычных песнях і вайна з французамі, і Крымская вайна ("Дзесь паехаў міленькі ў Крым на вайну, а мяне пакінуў гараваць адну"), і многія іншыя падзеі, якія так і іначай адбіваліся на лёсе беларускага сялянства, закраналі яго жыццёвыя інтарэсы, уплывалі на яго настроі і светапогляд. У беларускім фальклоры гістарычных песень небагата, прычым некаторыя захаваліся ва ўрыўках. Адна з такіх песень расказвае пра падзеі пад Крыгавам, пра разгром татара-манголаў і пра заслугі ў гэтым невядомага па гістарычным помніках кіраўніка крыгаўскай абароны Івашкі:

Палілася кроў, змяшалась

З чорнаю зямлёю, '

Злы татары падаліся

Уцякаць гурбою.

А Івашка гоніць, гоніць,

Голасна смяецца,

Што татарва ўцякае,

Аж хахол трасецца.

У гістарычным песенным эпасе адлюстравана і тэма барацьбы беларускага народа супраць апалячвання і акаталічвання працоўных мас. Сустракаюцца ў песнях і апісанні гераічных паходаў запарожскіх казакоў на чале з атаманам Налівайкам і пра іх помсту панам-ляхам. Напрыклад, у песні "Ой, у горадзе Магілёве дымам пацягнула":

Ой, у горадзе Магілёве дымам пацягнула,

Як то войска запарожска з гармат да раўнула.

Ой, у горадзе Малілёве да сталася пуста,

Як павеялі казакі з самапалаў густа.

Ой, у горадзе Магілёве арлы да гадзюкі

Ляцкім целам загдуюцца, ляцку дзелу радуюцца.

Ой, у горадзе Магілёве што пні да калоды,

Прылучылася, бач, ліха ляцкай пародзе.

Спяваліся Ў Беларусі і песні аб Айчыннай вайне 1812 года, як, напрыклад: "А ў двенаццатам гаду", "Хранцуз бераг заступіў", "Разароная дарожка", "Маць Расея, маць Расея" і інш. Вайна ў гэтых песнях падаецца ў вобразах гіпербалізаваных, як страшэнная крывавая вайна, дзе пакладзена народу  "роўна ляда цёмны лес, между бітага народу чалавеку негдзе стаць", дзе "са таго са народу з руды рэчка працякла". Вельмі папулярнай была песня пра слаўнага казацкага генерала Платава ("пра Платона-казака"), асабліва пра яго прыгоды ў Парыжы:

Пранцузскую доч любіў,

У пранцуза ў гасцях быў,

Пранцуз яго не ўвазнаў

За белыя рукі браў,

За цясовы стол саджаў,

Румку водкі наліваў,

На падносах падносіў,

У яго міласці прасіў.

У той перыяд, калі эпічная народная творчасць пачала затухаць, на змену ёй прыйшла балада. Балада азначала паварот у народнай паэзіі да канкрэтнай чалавечай асобы, да яго прыватнага жыцця. Героем балад амаль заўсёды з'яўляецца нічым не выдатны тыповы прадстаўнік народа  сялянская дзяўчына, старая маці, салдат або казак.

Самыя раннія беларускія балады ўваскрашаюць асобныя моманты і эпізоды з часоў татара-мангольскага разгулу на тэрыторыі ўсходнеславянскіх народаў. Прыкладам можа быць балада пра сустрэчу маці з дачкой у татарскім палоне. Змест балады, а іх некалькі варыянтаў у беларускім фальклоры, наступны: басурманін прывозіць дадому ў "векавечныя работніцы" старую паланянку. Жонка татарына пазнае ў паланяцы-рабыні сваю родную маці, пазнае па песні, якую тая запела "ўнічатку-татарчатку". Дачка просіць маць застацца ў іх доме, прапануючы ёй эыццё ў пашаноце і роскашы:

Хадзем у пакоі, а сядзь за сталом,

Бяры ў мяне, маці, ключы залатыя,

Адмыкай жа імі скрыні дубовыя,

Бяры золата-срэбра, колькі табе трэба,

А будзь у мяне, родна, як у сябе дома.

Але маці адмаўляецца ад грошай і просіцца ў дачкі: "Пусці дадому". Апошні матыў важны, таму што ў ім бачны моцны патрыятызм простых людзей, аб іх неадольным імкненні да свабоды, якая не прадаецца ні за ласку, ні за багацце.

У баладах гісторыка-легендарнага зместу татары атаясамліваюцца з туркамі. Відаць, гэта адбылося ў выніку храналагічнага змяшчэння розных эпох, што характэрна для фальклору. Сюжэты або асобныя матывы клаліся ў аснову новых балад аб барацьбе з туркамі. У баладзе "Як па моры на падоле" запалоненая дзяўчына просіць бацьку, брата і мілага друга выкупіць яе з "няволюшкі", але з татарскай, а з турэцкай. У песні "А збегла, збегла з поля старожка", гістарычнай па паходжанню, але пераробленай пазней на каляндарна-абрадавую (мае шчадроўскі прыпеў "святы вечар")  татары і туркі ўпамінаюцца разам як адна разбойная зграя чужакоў-захопнікаў. Маладому Іванічку шчадроўнікі пяюць:

Тваю паненку ў палон забралі,

У палон забралі туркі з татарамі,

Туркі з татарамі, баяр з баярамі!

А я тых баяр мечам парублю,

А я тых турак канём патапчу,

Я сваю паненку за сябе вазьму.

Сапраўдным шэдэўрам беларускай ліра-эпічнай паэзіі з'яўляецца вядомая ў многіх варыянтах балада пра Бандароўну  прыгожую, гордую і смелую дзяўчыну з народа, якая рашыла лепей загінуць, чым паступіцца сваёй чалавечай і дзявочай годнасцю. Можна думаць, што ў аснову балады легла сапраўднае здарэнне, якое мела месца ў Беларусі або на Украіне ў часы панавання польскіх феадалаў (песні пра Бандароўну пашыраны і ва ўкраінскім фальклоры). Месца падзей у Беларусі называецца "мястэчка Берастэчка", або Слуцк, ці Янаў. Забойцам Бандароўны выступае ці пан Хаміцкі, ці пан Канюшны, ці пан Канеўскі, або безымянны пан Крулевіч, і тое, што апошні з іх безымянны,  падкрэслівае тыповасць вобраза прыгнятальніка. У варянтах гэтай балады не апісваецца, дзе і калі, пан Заміцкі ўбачыў прыгажуню, чаму людзі ведалі, што здарыцца няшчасце. Адсутнасць псіхалагічнай матывіроўкі паводзін і ўчынкаў героя  характэрныя жанравая асаблівасць усіх балад, у тым ліку і песні пра Бандароўну:

У мястэчку Берастэчку каманда стаяла,

Там жа наша Бандароўна ўсю ночку не спала.

Гаварылі Бандароўне ды добрыя людзі:

"Уцякай ты, Бандароўна, ліха табе будзе".

Бандароўна не паслухалася  пан злавіў яе за "белыя ручачкі", прывёў у сваю святлічаньку, пасадзіў яе "на белым крэсельку" і загадаў спяваць, а сам пайшоў "стрэльбу набіваці". Далей у баладзе ідзе дыялог паміж самадурам-распуснікам і маладой дзяўчынай, у якім якраз і выяўляецца яе незвычайная сіла духу, непахісная стойкасць і высакароднасць гордай дачкі народа:

А ці лепей, Бандароўна, у сырым пяску гніці,,

Як за мною, за Хаміцкім, у атласе хадзіці?

Ой, лепей, пане Хаміцкі, у сырым пяску гніці,

Як за панам за Хаміцкім у атласе хадзіці...

Бандароўна прыняла смерць, але не скарылася панскай прыхамаці, не аддала на здзек свой дзявочы гонар. Змест балады натхніў Купалу на стварэнне выдатнай паэмы-легенды "Бандароўна".

Балады на бытавыя і сацыяльна-бытавыя, а таксама сямейна-інтымныя колькасна пераважаюць над гістарычна-легендарнымі, але непараўнальна ўступаюць апошнім па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях. Балады пра лёс чалавека, канешне, не маюць такога агульнанароднага значэння, як балады, якія выражаюць самыя глыбінныя думы і пачуцці шырокіх працоўных мас. Балады сямейныя і бытавыя грунтуюцца на падзеях выпадковых і прыватных, напрыклад, у адной з балад "у трэцім полушку брат брата забіў" з-за паненкі, якую ўдваіх палюбілі, або баладу пра мужыка-разбойніка, які з вечара сядаў на каня і к раніцы прывозіў золата, а аднойчы прывёз акрываўленую вопратку жончынага брата )або маткі ці бацькі).

Але сярод сямейна-бытавых балад ёсць і такія, якія ставяць трагедыю простага чалавека ў пэўную сувязь з сацыяльна-класавымі адносінамі і ў пэўную залежнасць ад тагачасных умоў. Так, у адной з такіх балад бедны сялянскі хлопец пакахаў вяльможную пані, якая "свайго пана мела". За недазволеную любоў судзяць не абоіх, а аднаго, хаця пані "Петруся кахала". Балада заканчваецца тым, што Петруся ўкінулі ў Дунай глыбокі. У некаторых баладах асуджаецца нявернасць і здрада. Народная мараль тут выступае ў абарону чысціні і шчырасці ў сямпйных адносінах.

Вельмі папулярнымі ў Беларусі былі балады пра смерць дзяўчыны ад рук казакоў. У адной з іх казакі ўгаварылі дзяўчыну паехаць з імі, а ў цёмным лесе прывязалі яе да дрэва, выкрасалі агонь з "белага камення" і "запалілі сосну зверху да карэння".

Сустракаюцца ў баладах і сюжэты, калі разлучаныя ў маленстве брат і сястра сустракаюцца выпадкова і, не ведаючы пра сябе нічога, збіраюцца пажаніцца; дзяўчына-дзетазабойца раскайваецца на судзе ў сваім злачынстве і інш.

Такім чынам, гістарычныя балады раскрываюць у паэтычных вобразах і малюнках нейкія істотныя моманты нацыянальнай гісторыі, а балады сацыяльна-бытавыя адлюстроўваюць некаторыя бакі сацыяльна-грамадскага становішча працоўнага чалавека, пэўныя рысы народнага жыцця.

Вывады. Такім чынам, калі рэжысёр у свяце будзе выкарыстоўваць апрача абрадавых песень разнастайныя сацыяльна-бытавыя, гістарычныя, эпічныя і іншыя творы, то ён зможа зрабіць свята ўнікальным, непаўторным, самабытным. Справа ў тым, што якраз у вышэйадзначаных творах раскрываецца мудрасць народа, разнастайныя жыццёвыя аспекты, адлюстроўваецца яго гісторыя. Выкарыстанне гэтых твораў узбагачае творчую палітру рэжысёра, выхоўвае гледачоў у сапраўды этнічным накірунку, дапамагае зрабіць іх "сапраўднымі беларусамі".