Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыял.docx
Скачиваний:
193
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
572.36 Кб
Скачать

Сямейна-абрадавыя песні План

1. Велічальны характар радзінных песень.

2. Адлюстраванне ў радзінных песнях грамадскага і сямейнага ўкладу жыцця.

3. Хрэсьбінныя песні  здабытак беларускага фальклору.

4. Магічная аснова хрэсьбінных песень.

5. Тэматыка хрэсьбінных песень.

6. Сувязь вясельных песень з абрадам.

7. Сямейны і грамадскі быт у вясельных песнях.

8. Вясельныя песні заклінальнага характару.

9. Роля хору ў вясельным абрадзе.

10. Тэматычныя групы вясельных песень.

Мэта: паказаць спецыфічны характар сямейна-абрадавых песень, асабліва вясельных, таму што вясельныя песні шчыльна звязаны з вясельным рытуальным дзеяннем, тлумачаць яго, раскрываюць кожны этап вяселля, кожны яго крок.

Радзінныя або хрэсьбінныя песні суправаджалі абрады, звязаныя з нараджэннем дзіцяці і мелі ў даўнія часы, несумненна, магічны характар. З цягам часу радзінныя абрады былі заменены царкоўным хрышчэннем (адсюль і хрэсьбіны). Сэнс іх змяніўся і яны перайшлі ў свята нараджэння чалавека: дзяліць у застоллі радасць бацькоў, вітаць навароджанага чаркай "на жыццё, на быццё, на добрае здароўе, на доўгі век!".

Асноўны змест радзінных песень пазнейшага паходжання складае радасць сямейнага свята. У песнях боьш ранніх захаваліся і водгаласы некаторых старажытных вераванняў і рэшткі тых абрадаў, якія магічным шляхам павінны былі забяспечыць дзіцяці доўгі век і добрую долю: "і хлебавую, і салявую, трэцюю  здаровейкую!". На гэта былі накіраваны і розны прыгаворы на хрэсьбінах, накшталт: "Дай жа, Божа, каб ты быў крэпак, як вада, багат, як зямля, вясёл, як пчала, а красен, як вясна!". Або: "Колькі ў гэтай хаце сучкоў, каб столькі было і дзяцючкоў, а колькі дзірачак  каб столькі дзевачак!".

Заклінальныя інтанацыі часам сустракаюцца ў песнях, якія не з'яўляюцца заклінальнымі. Адна з іх заканчваецца словамі: "Каб наша ягадка а вяліка расла, а вяліка расла і шчасліва была!".

Радзінныя песні прысвячаюцца навароджанаму, маці-парадзісе, бацьку, бабцы-павітусе і куму з кумой. Гэтыя песні маюць велічальны характар, але не ярка выражаны. Яны велічальныя таму, што ў іх звяртаюцца да таго або іншага ўдзельніка свята, выражаючы яму павагу і пашану, узвялічваюць і ўсхваляюць яго:

У Якімкі на надвор'ейку

Стаіць святліца брусаваная.

У той святліцы калубель вісіць,

У тым калубелі дзіцятка ляжыць.

А Прачыстая ўскалыхае,

Ускалыхае ды папытае:

А дзіцятухна, хто твая матухна?

Аб ушанаванні і ўслаўленні ўдзельнікаў радзіннага абраду сведчаць і многія іншыя дэталі: так, бабцы-павітусе, куму і куме ў песнях на застоллі адводзяць самае пачэснае месца: "сядзіць бабка ды на самым куце, перад бабкай, перад любкай зеляно-віно стаіць"; да дому з банкетавання іх таксама выпраўляюць з вялікай пашанай: "Закладзіце, запражыце, ды дванаццаць канёў, адвядзіце, адвязіце нашу бабку дамоў". З вялікай павагай і пашанай звяртаецца да бабкі, кума і кумы маці-парадзіха:

Каб я знала, каб я ведала,

Што ты ў мяне бабай будзеш

Пасадзіла б я цябе ў гародзе на градзе

Пахучаю мятаю!

Каб я знала, каб я ведала,

Што ты ў мяне кумам будзеш

Пасадзіла б я цябе ў гародзе на градзе

Баравенькім васілёчкам!

Каб я знала, каб я ведала,

Што ты ў мяне кумой будзеш

Пасадзіла б я цябе ў гародзе на градзе

Чырвонаю ружаю.

У пазнейшых радзінных песнях велічальны тон пераходзіць у сваю процілегласць  у насмешку, праўда,у дабрадушна-жартаўлівую або лёгка-іранічную: "Закладзіце, запражыце ды дванаццаць вераб'ёў, адвязіце, адвязіце нашу бабку ў кабак!"; "А і к куму кума ў рэшаце прыплыла, грабянцом прыграбла"; "Кум гужы завязаў, куму ў госці зазваў". Трэба адзначыць, што бадай ні ў якіх іншыя абрадавых песнях не дапускаецца столькі намёкаў эратычна-фрывольнага характару, як у радзінных. Аднак намёкі даюцца ў далікатнай форме, як правіла, у вобразнай форме і з пачуццём такту, досыць тонка і далікатна, не абразліва для слыху.

Хрэсьбінныя песні заключаюць у сабе вялікі гуманны змест, раскрываюць высакародныя пачуцці павагі і любові да чалавека, вітаючы яго паяўленне на свет. Але ж у некаторых з хрэсьбінных песень выяўлены і многія асаблівасці грамадскага і сямейнага быту. Напрыклад, толькі жахлівым становішчам мужыка ва ўмовах класавага грамадства можна вытлумачыць засвечнаыя ў песнях няроўныя адносіны яго да нараджэння хлопчыка і дзяўчынкі. Сын будзе пераемнікам у бацькі, ён будзе весці гаспадарку, а дачка  толькі марныя выдаткі ды клопаты: яе, вырасціўшы, трэба аддаваць чужым людзям ды яшчэ з пасагам; таму і перавага на баку сына. Сацыяльная няроўнасць параджала чэрствасць у душы і жорстка рвала кроўныя сувязі, замяняючы іх класавымі.

У распаўсюджанай у Беларусі песні пра тое, як брат сястру бедную сустракаў, што ішла да яго ў госці: "Прымай, жана, хлеб са стала, бо там ідзе нялюбая сястра", ды не толькі сама ідзе, але яшчэ і сваіх дзяцей вядзе". Але гэта песня, як і многія іншыя, хаця сустракаюцца сярод хрэсьбінных, не маюць непасрэдных адносін да радзіннага абраду і па сутнасці з'яўляюцца пазаабрадавымі.

Хрэсьбінныя песні  здабытак толькі беларусаў. Гэтыя песні ў рускіх і ўкраінцаў з цягам часу зніклі. Прычына, відаць, у адпаведных гістарычных і сацыяльна-эканамічных умовах. У гэтым вялікая каштоўнасць беларускіх хрэсьбінных песень, яны дазваляюць даследаваць той раздзел старажытнага фальклору, які ўжо даўно невядомы ні ў рускай, ні ва ўкраінскай народнай творчасці.

Разгледзім некаторыя абрадавыя дзеянні, якія жанчына рабіла ўжо задоўга да наступлення родаў. Перш за ўсё ўвесь перыяд цяжарнасці быў насычаны безліччу забабонаў, прыкмет, абмежаванняў, якія рэгулявалі паводзіны цяжарнай, засцерагалі яе ад дзеянняў небяспечных сіл для яе самой і будучага дзіця. Народныя ўстанаўленні раілі цяжарнай пазбягаць спалоху, а калі спужаецца, не хапацца рукамі за твар, каб у дзіцяці, якое родзіцца, не было бачных плям; нельга было глядзець на нябожчыка, каб дзіця не было хваравітым і бледным, насіць адзенне з вузельчыкамі, каб не наклікаць цяжкія роды і г.д. Некаторыя забароны мелі раыцянальны характар і вынікалі з жыццёвага вопыту.

Парадзіху імкнуліся засцерагчы ад чужых вачэй, каб пазбегнуць сурокаў і злоснага чаравання. Наступленне родаў утойвалася ад старонніх і нават блізкіх. Па сутнасці ідэальным было, калі аб гэтым ведалі толькі муж і бабка-павітуха. Магічным сродкам лічыліся таксама адмыканне дзвярэй, развязванне вузлоў, распусканне паясоў, расшпільванне каўнерыкаў і іншыя дзеянні, а таксама замовы. Пры цяжкіх родах ішлі да папа прасіць, каб ён раскрыў у царкве царскія вароты (гэта законы першабытнай язычніцкай магіі, на якіх грунтаваліся развязванне вузлоў і іншыя чарадзейныя прыёмы.

Выкарыстоўвалі таксама розныя практычныя прыёмы народнай медыцыны, заснаваныя на жыццёвым вопыце.

Пасля родаў займалі дзеянні, якія павінны былі абараніць навароджанае дзіця ад "варожай" нячыстай сілы. Важнейшую ролю мела абмыванне вадой, якой надавалася значэнне ачышчальнасці.

Са старажытных часоў ва ўсіх плямён і народаў вада лічылася моцным ачышчальным і ахоўным магічным сродкам. Сваё значэнне яна захавала і да нашых часоў. Можна прыгадаць хаця б купанне ў рацэ і качанне ў росным аўсе ў купальскую ноч, абрадавы выган жывёлы на юраўскую расу, якой прыпісвалася значэнне засцерагальнага сродку і інш.

Ахоўны абрад абмывання вадой або апусканне ў яе існаваў задоўга да ўвядзення хрысціянскага таінства хрышэчння. Абрад хрышчэння ўвабраў у сябе першабытныя вераванні старажытных людзей, якія надавалі вадзе цудадзейную сілу, што здольна адганяць варожых духаў.

Хрысціянства, захаваўшы значэнне ачышчальнага і магічнага сродку, надало гэтаму старажытнаму абраду царкоўную форму хрышчэння і првстасавала яго да сваіх рэлігійных дагматаў і сваёй ідэалогіі. Хрышчэнне царква звязвала з вучэннем аб граху, ад якога барад нібыта вызваляў, а навароджаны, такім чынам далучаўся да царквы. Гэты абрад ("хрышчэнне Русі") новая рэлігія, не без гвалту прымусу, укараніла ў Кіеўскай Русі.

Хрэсьбінныя песні не адзіны жанр, які дастасаваны да беларускай радзіннай абраднасці. Вядомы таксама прыгаворкі кума і бабкі, а таксама хрэсьбінныя прыпеўкі, відаць, позняга паходжання.

Паступова хрэсьбінныя песні страцілі абрадава-магічныя дзеянні і набылі рысы велічальнага, гуллівага і жартоўнага характару, што выконваліся толькі ў адпаведныя моманты хрэсьбіннага святочнага застолля.

У аснову класіфікацыі тома "Радзінная паэзія" пакладзены функцыянальна-тэматычны прынцып. Трэба адзначыць, што ў хрэсьбінным рытуале больш акрэслена выступаюць толькі сам хрэсьбінны абрад (абед), адорванне парадзіхай бабкі і кумоў, цырымонія раздачы "бабінай кашы" і некаторыя іншыя моманты. Але хрэсьбінныя песні аб'ядноўваюцца пераважна вакол важнейшых дзеючых асоб: саміх бацькоў і навароджанага і асабліва бабкі, кума і кумы. Хрэсьбінныя песні маюць сваіх "адрасатаў", да якіх яны накіраваны.

Па тэматыцы хрэсьбінныя песні вылучаюцца на наступныя групы: песні-велічанні да парадзіхі і бацькі дзіцяці; песні-зычанні да навароджанага дзіцяці; песні апавядальнага характару пра бабку-павітуху і яе дапамогу пры родах; песні-велічанні да бабкі і кумоў хрэсьбінных; жартоўныя песні да бабкі і кумоў; хрэсьбінныя застольныя і бяседныя песні.

Песні пра парадзіху прасякнуты любоўю і замілаваннем чалавека працы. Маці радуецца нараджэнню сына:

Хоць набралася мукі,

Дык пярэйміць ёй рукі.

Хоць нажылася душка

Будзіць верная служка.

У адрас бацькі таксама накіраваны велічныя пажаданні, з намёкам аб яго дачыненні да прычыны хрэсьбін:

Дзякуй таму кавальку,

Што нам хрэсьбінкі скаваў.

У некаторых хрэсьбінных песнях праглядваецца старажытная аснова. Напрыклад, у выкарыстанні традыцыйнага прыёму паралелізму:

Па сінему мору селязенюшка

Да паплываець...

Па новы сянёк Арсенічка

Ды пахаджываець.

Прыём паэтычнага паралелізму вельмі трывалы ў хрысціянізаваных радзінных песнях:

Хораша свята прачыстая...

Добрая жана Кандрашыха.

У хрэсьбінных песнях выражаюцца клопаты аб долі навароджанага:

А дай, Божа, етай дзіцяц'

Усякую долю ўзяці:

І хлебавую і салявую,

Трэцюю здаваейкую

Каб наша ягадка

А вяліка расла,

А вяліка расла

І шчасліва была.

У хрэсьбінных песнях услаўляецца бабка і гэта зразумела (не было сапраўднай медыцыны і г.д.). Колькі ўдзячнасці ёй за тое, што "дзяржала бабулічка за белыя ручкі", бо:

Была б жа я ў сырой зямлі гніўшы,

Каб гэту ночку бабулькі не быўшы.

Шмат у хрэсьбінных песнях сюжэтаў аб тым, як буж бяжыць да бабкі:

Ты хадзі, бабусь, перабаб дзіця!

Маё дзіця народжаная,

А тваё дзіця а сужыная!

Бабка, якая паспяшае без "боса і без пояса" абмалявана ў песнях без іроніі, сур'ёзна:

Бяжыць яна скарасенька,

Просіць Бога шчыросенька:

Дай жа, Бог, маёй унучцы

Лягесенька, дабрасенька, скарасенька.

У песнях (таксама) шмат разам з сур'ёзннасцю да бабкі і кумоў выказваецца весялосці, гумару, лёгкіх "кпінаў":

Упілася бабка, упілася,

За столікам звілася, звілася.

Мышы-шышы, шалелі, шалелі,

Квартух бабцы праелі, праелі!

Жарты і весялосць дасягаюць кульмінацыі пад канец хрэсьбін:

Бабка кашу нясець,

А кум казной трасець.

Хрэсьбінныя кумы вядомы яшчэ задоўга да ўзнікнення хрысціянства. Яны "васпрыемнікі", хросныя бацькі" навароджанага. У народзе яны карысталіся вялікай павагай.

У музычных адносінах радзінныя песні не вызначаюцца яркімі асаблівасцямі. Мабыць, гэта тлумачыцца, на думку, Ялатава, застольным характарам хрэсьбіннага абраду.

Найбольшая колькасць радзінных песень надрукавана ў зборніку Р. Шырмы "Беларускія народныя песні, Т. 2" (21 напеў), а таксама ў зборніку М. Гарэцкага і А. Ягорава "Народныя песні з мелодыямі (13 напеваў) і невялікая частка ў "Анталогіі" Г. Цітовіча. Асноўная крыніца  том БНТ "Радзінная паэзія" (Мн., 1971).

Па свайму інтанацыйнаму характару хрэсьбінныя песні можна падзяліць на пяць груп: заклінанні, велічанні, лірычныя, жарт, гумар і танцавальнасць.