Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

2 Філасофія і навука: праблема самавызначэння філасофіі ў новаеўрапейскай культуры 2.6 .6. Філасофія і навука: праблема самавызначэння філасофіі ў новаеўрапейскай культуры

XVII–XVIII стст. з’явіліся пе­раломнай эпохай у гісторыі За­ходняй Еўропы, а праз уплыў апо­шняй на ўсе рэгіёны свету, яны аказаліся пераломнымі ў развіцці ўсяго чалавецтва. Перш за ўсё, лёсаноснасць гэтых стагоддзяў заключаецца ў рашучым разбу­рэнні традыцыйных формаў сацы­яльнага жыцця, звязанага з пера­могай буржуазных пераўтварэн­няў грамадства. Гісторыя стагоддзяў у Заходняй Еўропе пачынаецца з пе­рамогі буржуазнай рэвалюцыі ў Нідэрландах і заканчваецца Вялікай фран­цузскай рэвалюцыяй, якая моцна страсянула Еўропу старога парадку.

Нарэшце, у сярэдзіне XVIII ст. спачатку ў Англіі, а затым у іншых краі­нах зараджаюцца і адбываюцца прамысловыя рэвалюцыі, якія канчаткова замацавалі буржуазныя пераўтварэнні ў перадавых краінах Заходняй Еўропы і адкрылі новую старонку ў гістарычным развіцці чалавецтва. Усе характэрныя асаблівасці гістарычнага працэсу ў XVII–XVIII стст. цесна звязаны адзін з адным.

Аснова навукі новага часу заключалася ў перакананні ў тым, што ўсе прыродныя працэсы поўнасцю падпарадкоўваюцца механічным законам. Калі антычныя вучоныя і філосафы, разглядаючы прыродныя з’явы, праводзілі аналогію паміж прыродай і жывым арганізмам, то, з пункту гле­джання вучоных і філосафаў XVII–XVIII стст., прырода ўяўляе сабой велі­зарную машыну, састаўныя часткі якой з’яўляюцца машынамі меншага маштабу. Аднак механіцызм навуковага мыслення вельмі цесна звязаны з тым тыпам вытворчых сіл грамадства і сацыяльных адносінаў, якія энер­гічна зацвярджаліся ў перадавых краінах Заходняй Еўропы. Тэхнічны базіс садзейнічае вырашэнню дзвюх праблем. З аднаго боку, ён дазваляе «пазбавіць» ад абмежаванасці прыродных сіл і прыродных задаткаў асоб­на ўзятага чалавека і ад абмежаванасці яго натуральна ўзросшых сувязей з прыродай. З другога боку, – адкрываючы прастору для матэрыяльных, тэхнічных сродкаў, становіцца ўмовай неабмежаванай эксплуатацыі «жывога» працаўніка, падаўленні і выкараненні ў жывым працаўніку зіхат­лівай разнастайнасці яго чалавечых здольнасцей і інтарэсаў. Механічная тэхніка ў яе вышэйшым увасабленні – машыне – дае вырашэнне гэтай двухадзінай задачы.

Усё гэта садзейнічае замацаванню механіцызму ў навуковым мыс­ленні, тлумачыць прыхільнасць вучоных XVII–XVIII стст. атамістычнай кан­цэпцыі будовы матэрыі, паколькі машына складаецца з пэўных, звязаных адзін з адным элементаў. Атамізм, які тлумачыць вонкава ўпарадкаваныя матэрыяльныя структуры праз бязладны рух атамаў, іх складаючых, выні­кае з тэндэнцыі, уласцівай грамадству першапачатковага накаплення капі­талу, калі індывід паводзіць сябе як хаатычна рухомы атам, дбаючы толькі пра свае асабістыя інтарэсы. Але з гэтага хаатычнага руху людзей-атамаў складваюцца законы капіталістычнага рынку.

Калі антычнае прыродазнаўства было адмыслова тэарэтычнае ці, згодна з літаральным перакладам старажытнагрэчаскага слова theoгia – сузіральнае, яно быццам бы не ўмешвалася ў працэс жыцця прыроды, то прыродазнавец Новага часу сапраўды з’яўляецца даследчыкам прыроды, ён праводзіць эксперыментальныя доследы і змушае прыроду раскрываць яе сутнасныя таямніцы, якія затым выкарыстоўваюцца для паскарэння працэсу вытворчасці. У сваю чаргу гэтыя характэрныя ўласцівасці сацы­яльнага жыцця буржуазнага грамадства і механіцыстская метадалогія навукі Новага часу ствараюць перадумовы для прамысловай рэвалюцыі, машыннай вытворчасці.

Фрэнсіс Бэкан (1561–1626) – англійскі філосаф, заснавальнік матэ­рыялізму і эксперыментуючай навукі Новага часу. У сваім галоўным творы «Новы Арганон» (1620) заклаў асновы матэрыялістычнага разумення прыроды і даў філасофскае абгрунтаванне індуктыўнага метаду пазнання. Абвясціўшы мэтай ведаў здольнасць навукі павялічваць уладу чалавека над прыродай, Бэкан лічыў, што дасягнуць гэтай мэты можа толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў. Бэкан сцвярджаў, што пытанне аб пазнавальнасці прыроды вырашаецца не спрэчкамі, а вопытам. Прырода пазнавальная, але на шляху да яе пазнання, вучыў Бэкан, ля­жыць мноства перашкод. Галоўнай з гэтых перашкод ён лічыў засме­чанасць свядомасці людзей так званымі ідаламі, якіх вучоны раздзяліў на чатыры віды – «ідалы» роду, пячоры, рынку і тэатра, – скажонымі воб­разамі рэчаіснасці, памылковымі ўяўленнямі і паняццямі. Сваім вучэннем аб ідалах Бэкан імкнуўся паказаць шлях вызвалення людзей ад гэтых прымхаў і памылак. Так пачаўся новы этап у гісторыі развіцця матэрыялі­стычнай філасофіі. Бэкан прызнаваў вечнасць матэрыі і руху як само сабой зразумелы, не патрабуючы абгрунтавання факт. Заслуга Бэкана ў развіцці фаласофіі заключаецца ў тым, што ён, па-першае, узнавіў матэрыялістычную традыцыю і ажыццявіў з гэтага пункту гледжання пера­ацэнку філасофскіх вучэнняў мінулага; узвысіў ранні грэчаскі матэрыялізм. Па-другое, Бэкан выпрацаваў уласнае разуменне прыроды, паклаўшы ў аснову погляд на матэрыю як на сукупнасць часціц, а на прыроду – як на сукупнасць цел, надзеленых разнастайнымі якасцямі. Неад’емнай уласці­васцю матэрыі з’яўляецца рух, не абмежаваны механічным перамя­шчэннем (філосаф налічваў 19 відаў руху). Індуктыўны метад, распра­цаваны Бэканам, быў скіраваны на эксперыментальнае вывучэнне прыро­ды і з’яўляўся ў той перыяд прагрэсіўным метадам.

Разуменне «вопыту» Ф. Бэканам кардынальна адрозніваецца ад ранейшага падыходу: па-першае, ён пераходзіць ад разглядання вопыту асобнага чалавека да аналізу вопыту чалавецтва, г. зн. побач з такой уласцівасцю вопыту як фактычнасць, немалаважнае значэнне атрым­лівае ўласцівасць гістарычнасці; па-другое, Ф. Бэкан пераходзіць ад звы­чайнага разумення вопыту да навуковага вопыту як эксперыменту. У сваёй тэорыі індукцыі Бэкан упершыню паказаў значэнне так званых «адмоўных» інстанцый ці падбору выпадкаў, якія супярэчаць ранейшаму абагульненню і патрабуюць яго перагляду як недастаткова абгрун­таванага.

Томас Гобс (1588–1679), англійскі філосаф-матэрыяліст, у сваёй працы «Левіафан» (1651), сістэматызаваў матэрыялізм Бэкана, надаў матэрыялізму XVII ст. класічную форму. Распрацоўваючы асновы тэорыі пазнання, Гобс прызнаваў пазнавальнасць свету і бачыў крыніцу ведаў чалавека ў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Пазнанне, паводле Гобса, пачы­наецца з адчуванняў. Пры гэтым крыніцай адчуванняў ён лічыў матэры­яльны свет, які ўздзейнічае на органы пачуццяў.

Гістарычна цікавым момантам гнасеалогіі Гобса з’яўляецца падкрэс­ліванне ў ёй ролі мовы ў пазнанні. Пры распрацоўцы грунту тэорыі пазнання, Гобс вылучыў элементы матэрыялістычнага разумення ісціны. Ісцінай ён лічыў тыя разважанні чалавека, якія слушна адлюстроўваюць рэчы і іх прычынныя сувязі. Па-за меркаваннямі чалавека, паводле Гобса, не можа быць ні ісціны, ні памылковасці, таму што ісціна змяшчаецца не ў саміх рэчах, а ў нашых меркаваннях пра рэчы, іх уласцівасці і прычын­ныя сувязі.

Рэнэ Дэкарт (1596–1650) – французскі філосаф, матэматык, фізік, фізіёлаг. Філасофія Дэкарта складаецца з дзвюх больш-менш самастой­ных частак: з матэрыялістычнай фізікі як вучэння аб прыродзе і з ідэалі­стычнай метафізікі. Вылучыў тэзіс «Я мыслю, значыць, існую» ў якасці зыходнага пры пабудове сваёй метафізікі. Прычым гэта формула «мыслю, значыць, існую» носіць не анталагічны характар, калі крытэрыем і грунтам існавання з’яўляецца мысленне, а гнасеалагічны, калі мысленне (сум­ненне) выступае ўмовай сцверджання, рэалізацыі існавання.

Стварэнне свету дзеліцца на дзве субстанцыідухоўную, галоўнай прыкметай якой выступае недзялімасць, і матэрыяльную, якая дзеліцца да бесканечнасці.

Асноўныя атрыбуты субстанцыі – мысленне і працягласць, ідэя чыс-лаў і фігур, некаторыя аксіёмы, а над усім – і ўсё ва ўсім – Бог. Менавіта прыроджаныя ідэі разглядаліся рацыяналістамі XVII ст. у якасці ўмовы магчымасці ўсеагульных і неабходных ведаў.

У працы «Разважанне пра метад» (1637) вучоны задаўся мэтай стварыць універсальны метад пазнання, г. зн. такі метад, якім маглі б кіра­вацца вучоныя ўсіх галін ведаў. У вучэнні аб пазнанні Дэкарт – засна­вальнік рацыяналізму, складзенага ў выніку аднабаковага разумення лагічнага характару матэматычных ведаў. Паколькі ўсеагульны і неаб­ходны характар матэматычных ведаў падаваўся Дэкарту як вынікаючы з прыроды самога розуму, то галоўную ролю ў працэсе пазнання ён адвёў дэдукцыі, якая грунтуецца на цалкам дакладных, інтуітыўна спасцігаль­ных законах. Вучэнне Дэкарта аб непасрэднай верагоднасці самасвядо­масці і вучэнне аб прыроджаных ідэях (да іх ён адносіў ідэю Бога, духоўнай і цялеснай субстанцыі) паўплывалі на далейшы ідэалізм і сталі прадметам крытыкі з боку прадстаўнікоў матэрыялізму.

Зыходзячы з існавання думкі, Дэкарт прыходзіць да прызнання рэаль­насці чалавека, як цялеснай істоты, а затым да рэальнасці ўсяго матэры­яльнага, фізічнага свету. З пункту гледжання Дэкарта, жыццёвы вопыт чала­века не мае ніякага значэння ва ўзнікненні гэтых ідэй, а ўсяго толькі пацвярджае факт іх прыроджанасці. Абапіраючыся на прыроджаную ідэю Бога, якая прысутнічае ў свядомасці чалавека, Дэкарт даказваў існаванне Бога, як Творцы ўсяго; спасылаючыся на праўдзівасць Бога, ён «абгрунтоўваў» слушнасць сведчанняў органаў пачуццяў чалавека аб наяў­насці фізічнага свету і да т. п.

У гісторыі новай філасофіі Дэкарт зрабіў спробу стварыць філасоф­скую сістэму на аснове прызнання адначасна самастойнага існавання свя­домасці і матэрыі, душы і цела. Атрыбутам духоўнай субстанцыі, душы, ён лічыў мысленне, а атрыбутам матэрыяльнай субстанцыі, цела – працяг­ласць у даўжыню, шырыню і глыбіню.

Тыпова механістычную характарыстыку Дэкарт даваў і руху матэрыі. Ён адмаўляў якасную разнастайнасць формаў матэрыяльнага руху, зво­дзіў рух матэрыі толькі да самай прасцейшай яго формы – перамяшчэння матэрыяльных цел у прасторы (механічнай).

Стыхійна-дыялектычны падыход Дэкарта найбольш ярка праявіўся ў яго гіпотэзе аб паходжанні сонечнай сістэмы. Дэкарт сцвярджаў, што бясконцы Сусвет першапачаткова складаўся з хаосу віхраў трох асноўных элементаў матэрыі: вогнепадобнага, паветрападобнага, землепадобнага. Паступова з віхраў першага элементу ўзніклі сонца і зоркі, з другога – неба, і з трэцяга – зямля ды іншыя планеты сонечнай сістэмы. Каштоўнай з’яўляецца думка аб гістарычным паходжанні ўсіх зямных і нябесных цел і з’яў. Новай была ідэя развіцця.

Бенедыкт Спіноза (1632–1677), нідэрландскі філосаф-матэрыяліст пачаў сваю філасофскую дзейнасць з крытычнага выкладання філасофіі Дэкарта, а завяршыў яе стварэннем сваёй арыгінальнай матэрыялістыч­най філасофскай сістэмы. Галоўным творам Спінозы з’яўляецца «Этыка» (1675). Крытыкуючы дуалізм Дэкарта, Спіноза распрацаваў маністычнае вучэнне аб матэрыяльнасці свету. Ён даказваў, што свет вечны і ўяўляе сабой адзіную, недзялімую прыроду, выражаную ў дзвюх формах: матэрыяльнай і ідэальнай. Прырода, якую, аддаючы даніну эпосе, Спіноза называў Богам, характарызуецца ім як вечная субстанцыя, што з’яўляецца прычынай самой сябе і якой не патрэбна ў сваім быцці нічога іншага. У сваім вызначэнні прыроды як субстанцыі, вечнае быццё якой выцякае з яе сутнасці, Спіноза поўнасцю здымаў пытанне аб узнікненні прыроды і аб Богу як яе Творцы. Субстанцыі, вучыў Спіноза, уласцівы такія вечныя яе атрыбуты як, працягласць і мысленне. Яны неаддзельныя ад суб­станцыі і выражаюць яе сутнасць.

Самым буйным дасягненнем Спінозы з’яўляецца тое, што ён стварыў маністычную карціну свету, зрабіў выснову – вылучыў усё існае з адзінай матэрыяльнай субстанцыі. Ён таксама выступаў супраць наступнага сцверджэння Дэкарта: рух спараджае вонкавая пазаматэрыяльная прычына. Ён даказваў, што рух вынікае з самой сутнасці матэрыяльнай субстанцыі.

Спіноза – паслядоўны дэтэрмініст. Ён лічыў, што ўзнікненне, існа­ванне і гібель кожнай рэчы ў свеце абумоўлены адпаведнымі аб’ектыўнымі прычынамі. Пры гэтым Спіноза казаў пра наяўнасць у свеце дваякага роду прычыннасці: іманентнай і вонкавай. Іманентная прычыннасць характэрна для субстанцый, паколькі яна з’яўляецца прычынай самой сябе і прычынай існавання ўсёй сукупнасці модусаў. Вонкавая, механічная прычыннасць тыповая для сферы існавання і ўзаемаадносінаў адзінкавых модусаў. Ён лічыў, што існаванне кожнага адзінкавага модуса не вынікае з неабходнасцю з яго сутнасці, а залежыць ад вонкавай прычыны, ад іншага адзінкавага кален­нага модуса. Такім чынам назіраецца разрыў паміж субстанцыяй і адзінка­вымі модусамі, які атрымаў сваё выражэнне таксама і ў метафізічным проціпастаўленні ім іманентнай і вонкавай прычыннасці. Прычыну і вынік, паводле рэальнасці, якую яны ўтрымліваюць, ён лічыў тоеснымі.

У вучэнні аб пазнанні Спіноза працягвае лінію рацыяналізму. Пазнан­не ён падраздзяляў на два асноўныя віды: пачуццёвае і рацыянальнае. Пачуццёвае пазнанне ён лічыў цьмяным, несапраўдным, рацыяналь­нае ж – сапраўдным, выразным і дакладным. У пачуццёвым пазнанні ён бачыў толькі дапаможны сродак для розуму, які дае сапраўднае пазнанне. Крыніцай сапраўднага пазнання ён лічыў розум, які адрываецца ад пачуц­цёвага вопыту. Гэта знайшло сваё выражэнне ў супрацьпастаўленні і раз­рыве рацыянальнага і пачуццёвага момантаў.

У цеснай сувязі з тэорыяй пазнання знаходзіцца яго вучэнне аб сва­бодзе і неабходнасці, што ўтрымліваюць элементы дыялектычнага пады­ходу да гэтай праблемы. Але вырашаючы пытанне аб суадносінах свабоды і неабходнасці, ён акцэнтаваў увагу чалавека толькі на пазнанні прычын. Ён выступаў супраць рэлігіі і забабонаў ва ўсіх формах, але крытыкаваў рэлігію з ідэалістычных пазіцый. Пачынаючы са Спінозы і кан­чаючы вялікімі французскімі матэрыялістамі, філасофія настойліва спра­бавала растлумачыць свет з яго самога, даючы дэтальнае апраўданне гэтага прыродазнаўству будучага.

Джон Лок (1632–1704) – англійскі філосаф-матэрыяліст. У рабоце «Вопыт пра чалавечы розум» ён даў падрабязнае, ў асноўным матэрыя­лістычнае, абгрунтаванне паходжання чалавечых ведаў са свету пачуц­цяў. Лок даказваў, што крыніцай ведаў чалавека, вытокам усіх яго ідэй з’яўляецца пачуццёвы вопыт. Людзі, вучыў Лок, нараджаюцца з адноль­кавымі здольнасцямі да духоўнага развіцця. Усе веды, уяўленні, паняцці маюць доследнае паходжанне. Людзі не нараджаюцца з гатовымі ідэямі, яны набываюць іх у працэсе свайго ўзаемадзеяння з навакольным вон­кавым светам. Гэта сведчыць пра тое, што ўсе веды і ідэі людзей пра рэчы і прадметы вонкавага свету, а таксама саміх сябе з’яўляюцца ведамі і ідэямі не прыроджанымі, а набытымі.

Працэс пазнання пачынаецца, паводле Лока, з уздзеяння вонкавага свету на органы пачуццяў чалавека. Лок паказвае, што ідэі і паняцці чала­века маюць сваім вытокам вонкавы свет. Распрацоўваючы пытанне аб вопыце як крыніцы ведаў, Лок падраздзяляў вопыт на вонкавы і ўнутраны. Вонкавы вопыт, паводле Лока, з’яўляецца вытокам адчуванняў і адпа­ведных паняццяў пра аб’ектыўны свет. Унутраны вопыт з’яўляецца выто­кам адчуванняў і адпаведных паняццяў пра ўнутраны духоўны свет самога чалавека. Матэрыялістычным зместам сваёй філасофіі, вучэннем аб тым, што чалавек чэрпае ўсе веды з вонкавага свету і вопыту, атрыманага ад гэтага свету, Дж. Лок аказаў значны ўплыў на французскіх матэрыялістаў XVIII ст.