Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

9 9.5 .5. Формы ненавуковага пазнання

С

Формы ненавуковага пазнання

посабы пазнання аб’ектыўнага свету вызначаюцца асалівасцямі суб’екта, які пазнае, наяўнымі ведамі і гістарычна складзенымі пазнавальнымі традыцыямі. У гісторыі чалавецтва ўзнікалі, змянялі адзін аднаго і адначасова суіснавалі розныя спосабы спасціжэння рэальнасці: звычайна-эмпірычнае, мастацкае, філасофскае, навуковае пазнанне, а таксама міфалогія і рэлігія.

Звычайнае пазнанне – жыццёвае пазнанне, якое складваецца пад уплывам розных форм дзейнасці – вытворчай, палітычнай, эстэтычнай. Яно з’яўляецца вынікам калектыўнага вопыту, назапашанага пакаленнямі людзей. Індывідуальнае звычайнае пазнанне звязана з эмацыйным пера­жываннем і асэнсаваннем жыццёвага вопыту асобы. Перадумовы звы­чайнага пазнання караняцца ў разнастайных формах дзейнасці людзей, якая рэгламентуецца звычаямі, абрадамі, святамі і рытуаламі, калектыў­нымі дзеяннямі, маральнымі і іншымі прадпісаннямі і забаронамі.

Старажытнай формай спасціжэння рэальнасці з’яўляецца міф, спецы­фіка якога заключаецца ў не адрозненні рэчы і вобраза, цела і ўласцівасці. Падабенства ці паслядоўнасць падзей міф вытлумачвае як прычынна-выніковую сувязь. Змест міфа выражаецца ў сімвалічнай мове, што робіць яго абагульненні шырокімі і шматзначнымі. Характэрнымі рысамі міфала­гічных ведаў з’яўляюцца прынцып множнасці, адлюстраванне ўсіх элемен­таў быцця ва ўзаемасувязі, двухсэнсоўнасць і шматзначнасць, пачуццёвая канкрэтнасць і антрапаморфнасць, г. зн. перанясенне на аб’екты прыроды чалавечых якасцей, а таксама атаясамліванне вобраза і аб’екта. Як спо­саб спасціжэння рэальнасці міф мадэліруе, класіфікуе і інтэрпрэтуе чалавека, грамадства, свет.

Мастацкае спасціжэнне быцця з’яўляецца асаблівай формай рефлек­сіі, якая атрымлівае спецыфічную рэалізацыю на ўсіх этапах быцця мас­тацтва. Мастацкая творчасць ёсць апрадмечванне ў мове мастацтва думак і перажыванняў мастака ў неразрыўнай сувязі з аб’ектам cпасці­жэння – светам увогуле. Асаблівасць мастацкага спасціжэння рэальнасці ў значнай меры тлумачыцца спецыфікай мовы мастацтва. Мастацтва пераўтварае мовы культуры ў сродкі мастацкага мыслення і адносінаў.

Адной з неабходных і гістарычна найбольш ранніх форм пазнання з’яўляецца рэлігія, асноўным значэннем якой з’яўляецца вызначэнне сэнсу жыцця чалавека, быцця прыроды і грамадства. Рэлігія рэгламентуе важ­нейшыя праявы чалавечага жыцця, абгрунтоўвае сваё ўяўленне аб канеч­ных сэнсах універсуму, чым садзейнічае разуменню адзінства свету і чала­вецтва, а таксама змяшчае сістэмы ісцін, здольных змяніць чалавека і яго жыццё. Рэлігійныя дактрыны выражаюць калектыўны вопыт і таму аўтары­тэтныя для кожнага веруючага. Рэлігія выпрацавала свае спецыфічныя спосабы інтуітыўна-містычнага ўсведамлення свету і чалавека, да гэтых спосабаў адносяцца адкрыццё і медытацыя.

Філасофскае пазнанне мае на мэце духоўную арыентацыю чалавека ў свеце. Яно фарміруе агульнае ўяўленне аб свеце ўвогуле, аб яго «першых» пачатках, універсальнай узаемасувязі з’яў, усеагульных уласці­васцях і законах быцця. Філасофія стварае цэласны вобраз свету ў яго суаднесенасці з чалавекам. Яна выступае як самасвядомасць грамадства, тэарэтычнае выражэнне яго культуры. Філасофія вызначае сістэму прын­цыпаў, поглядаў, каштоўнасцей і ідэалаў, якія накіроўваюць дзейнасць чалавека, яго адносіны да свету і самога сябе.

Галіной спецыялізаванай пазнавальнай дзейнасці з’яўляецца навука. Сваім узнікненнем і развіццём, выдатнымі дасягненнямі яна абавязана еўрапейскай цывілізацыі, якая стварыла унікальныя ўмовы фарміравання навуковай рацыянальнасці.

У самым агульным выглядзе рацыянальнасць трэба разумець як пастаянную апеляцыю да довадаў розуму і развагі і максімальнае выклю­чэнне эмоцый, схільнасцяў, асабістых думак пры прыняцці рашэнняў, датычных да лёсу пазнавальных сцверджанняў. Перадумовай навуковай рацыянальнасці з’яўляецца той факт, што навука асвойвае свет у паняц­цях. Навукова-тэарэтычнае мысленне перш за ўсё характарызуецца як паняційная дзейнасць. У плане рацыянальнасці навуковае мысленне так­сама характарызуецца такімі рысамі, як доказнасць і сістэмнасць, у аснове якіх ляжыць лагічная ўзаемасувязь навуковых паняццяў і суджэнняў.

У гісторыі філасофскага мыслення можна выдзеліць шэраг этапаў у развіцці ўяўленняў аб навуковай рацыянальнасці. На першым этапе, пачынаючы з антычнасці, панавала дэдуктыўная мадэль навуковай рацыя­нальнасці, у якой навуковае пазнанне ўяўлялася ў выглядзе дэдуктыўна спарадкаванай сістэмы палажэнняў, у аснове якой ляжалі агульныя прадпасылкі, праўдзівасць якіх устанаўлівалася па-за лагічным і па-за вопытным шляхам. Усе астатнія палажэнні выводзіліся з гэтых агульных пасылак дэдуктыўна. Рацыянальнасць вучонага ў гэтай мадэлі заключа­лася ў даверу аўтарытэту розуму пры прыняцці зыходных прадпасылак і жорсткім прытрымліванні правілаў дэдуктыўнай логікі пры вывядзенні і прыняцці ўсіх астатніх суджэнняў Гэта мадэль ляжыць у падмурку метафізікі Арыстоцеля, «Пачатках геаметрыі» Еўкліда, фізікі Р. Дэкарта.

У XVII–XVIII стст. Ф. Бэкан і Д. С. Міль ствараюць індуктывісцкую ма­дэль навуковых ведаў і навуковага метаду, у якой вызначальным факта­рам даказанасці ці абгрунтаванасці навуковых ведаў выступае вопыт, фак­ты, атрыманыя ў ходзе назірання і эксперыменту, а функцыі логікі зводзяц­ца да ўстанаўлення лагічнай залежнасці палажэнняў рознай агульнасці ад фактаў. Навуковая рацыянальнасць у такой мадэлі атаясамлівалася з эмпірычнай прымусовасцю навуковага мыслення, з апеляцыяй да дова­даў вопыту.

Супраць такога падыходу выступіў Д. Юм, які прызнаваў, што эмпі­рычнае прыродазнаўства базіруецца на індуктыўных разважаннях, але ён сцвярджаў, што гэтыя разважанні не маюць надзейнага лагічнага апраў­дання і што ўсе нашы вопытныя веды з’яўляюцца разнавіднасцю «жывёльнай веры». Тым самым ён прызнаваў, што вопытнае пазнанне з’яўляецца ў сваёй аснове ірацыянальным. У далейшым былі спробы пераадолець недахопы індуктывісцкай мадэлі з дапамогай выкарыстання паняцця імавернасці. Другі шлях заключаўся ў распрацоўцы гіпатэтыка-дэдуктыўнай мадэлі навуковых ведаў і навуковага метаду.

У 50-я гады ХХ ст. спробу вырашыць праблему рацыянальнасці зрабіў К. Попер. Ён з самага пачатку адмаўляў магчымасць доказу праўдзі­васці навуковых палажэнняў на аснове фактаў, паколькі для гэтага няма неабходных лагічных сродкаў. Дэдуктыўная логіка не можа трансліраваць праўдзівасць у індуктыўным кірунку, а індуктыўная логіка з’яўляецца міфам. Асноўным крытэрыем навуковай рацыянальнасці з’яўляецца не доказнасць і пацвярджаемасць ведаў, а іх абвержанасць. Навуковая дзей­насць захоўвае сваю рацыянальнасць да таго часу, пакуль захоўваецца фальсіфікаванасць яе прадуктаў у выглядзе законаў і тэорый. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў навуцы захоўваюцца пастаянныя крытычныя адносіны да вылучаемых тэарэтычных гіпотэз, і гатоўнасць ад­кінуць тэорыю ў выпадку яе актуальнай фальсіфікацыі. У 60–80-я гг. уяўленне аб навуковай рацыянальнасці распрацоўвалі, у прыватнасці, Т. Кун і І. Лакатос. Т. Кун вылучыў парадыгмальную мадэль навуковых ведаў, у рамках якой навуковая дзейнасць з’яўляецца рацыянальнай у той ступені, у якой вучоны кіруецца пэўнай дысцыплінарнай матрыцай, ці парадыгмай, прынятай навуковай суполкай. І. Лакатос звязваў новае разуменне навуковай рацыянальнасці з паняццем «даследчай праграмы» і сцвярджаў, што вучоны дзейнічае рацыянальна, калі ў сваёй дзейнасці прытрымліваецца пэўнай даследчай праграмы, нават насуперак узнікаю­чым у ходзе яе развіцця супярэчнасцям і эмпірычным анамаліям.

Другім важным пытаннем, звязаным з навуковай рацыянальнасцю, з’яўляецца пытанне аб адпаведнасці мэтаў і сродкаў у навуковым дасле­даванні. Для рацыянальнай дзейнасці характэрным з’яўляецца адпавед­насць выбіраемых сродкаў пастаўленым мэтам.

Стварэнне якой-небудзь канчатковай мадэлі навуковай рацыяналь­насці немагчыма. Хутчэй за ўсё, сама навуковая рацыянальнасць з’яўля­ецца гістарычна эвалюцыянізіруючым ідэалам, да якога навука павінна імкнуцца, але які ў ёй ніколі не рэалізуецца поўнасцю.

Чалавечае пазнанне, мысленне, веды, розум на працягу многіх ста­годдзяў былі прадметам філасофскага даследавання. Са з’яўленнем кібернетыкі, кампьютараў і камп’ютарных сістэм, якія сталі называць інтэлектуальнымі сістэмамі, з развіццём такога кірунку як штучны інтэлект, мысленне і веды сталі прадметам цікавасці матэматычных і інжынерна-тэхнічных дысцыплін. У ходзе бурных дэбатаў 60–70-х гг. ХХ ст. былі прад­стаўлены розныя варыянты адказу на пытанне пра тое, хто можа быць суб’ектам пазнання: толькі чалавек і, у абмежаваным сэнсе, жывёлы, ці, можа, машына. Камп’ютарнае мадэляванне мыслення дало магутны штур­шок даследаванням механізмаў пазнавальнай дзейнасці ў рамках такога кірунку, як кагнітыўная (пазнавальная) псіхалогія. Тут зацвердзілася «камп’ютарная метафара», якая арыентуе на вывучэнне пазнавальнай дзейнасці чалавека па аналогіі з перапрацоўкай інфармацыі на камп’ю­тэры. Камп’ютарнае мадэляванне мыслення, выкарыстанне метадаў матэ­матычных і тэхнічных навук у яго даследаванні спарадзіла надзеі на ства­рэнне ў хуткім часе строгіх тэорый мыслення, якія настолькі поўна апіс­ваюць дадзены прадмет, што гэта робіць лішнім усякія філасофскія спекуляцыі на яго конт.

У камп’ютарных навуках прыкметная ўвага стала ўдзяляцца такому прадмету, які традыцыйна ўваходзіць у сферу філасофіі, як веды. Слова «веды» стала выкарыстоўвацца ў назвах кірункаў і складнікаў камп’ютар­ных сістэм. Тэма «камп’ютар і веды» стала прадметам абмеркавання і ў больш шырокім кантэксце, дзе на першы план выйшлі яе філасофска-эпістэмалагічныя, сацыяльныя і палітыка-тэхналагічныя аспекты. Тэорыя штучнага інтэлекту стала іншым разам характарызавацца як навука пра веды, пра спосабы іх здабычы і паказу ў штучных сістэмах, перарацоўкі ўнутры сістэмы і выкарыстанне для вырашэння задач, а гісторыя штучнага інтэлекту – як гісторыя даследаванняў метадаў уяўлення ведаў. З’явіўся такі кампанент інтэлектуальнай сістэмы, як база ведаў.

У сувязі з гэтым узніклі тры вялікія группы пытанняў пра веды: тэхна­лагічныя, экзістэнцыяльныя і метатэхналагічныя. Першая група пытанняў датычыць, у значнай ступені, спосабаў паказу ведаў і метадаў набыцця ведаў, другую групу складаюць пытанні пра тое, як існуюць веды, якія яны ёсць, у прыватнасці, пытанні аб суадносінах ведаў з думкай ці верай, аб структуры ведаў і іх відах, аб анталогіі ведаў, аб тым, як адбываецца пазнанне, трэцяя група – гэта пытанні пра тэхналагічныя задачы і іх ра­шэнні, у прыватнасці, што такое тэхналагічны падыход да ведаў, як суад­носяцца тэхналагічныя і экзістэнцыяльныя веды. Метатэхналагічныя пы­танні могуць быць звязаны з ацэнкай тэхналогій атрымання, захоўвання і апрацоўкі ведаў у больш шырокім кантэксце мэт чалавека і ўмоў чалаве­чага дабрабыту, гэта могуць быць пытанні пра ўплыў інфармацыйнай тэхналогіі на развіццё ведаў, у тым ліку на эвалюцыю формаў і відаў ве­даў, выкарыстоўваемых у прафесійнай дзейнасці. У многіх выпадках яны могуць разумецца як разнавіднасць экзістэнцыяльных пытанняў пра веды.

Спецыфіка сацыяльнага пазнання.

1. Грамадства з’яўляецца самым складаным з аб’ектаў пазнання, бо ўяўляе сабой вышэйшую форму руху матэрыі. З гэтай прычыны сутнасць сацыяльных з’яў і працэсаў, заканамерныя сувязі паміж імі выяўляюцца нашмат цяжэй, чым гэта адбываецца пры даследаванні неарганічнай і арганічнай прыроды.

2. У сацыяльным пазнанні мы маем справу з даследаваннем не толькі матэрыяльных (як у прыродазнаўстве), але і ідэальных, духоўных адно­сінаў. Гэтыя адносіны не проста ўплецены, уманціраваны ў канструкцыю матэрыяльнага жыцця грамадства, але і самі па сабе значна больш складаныя, разнастайныя і супярэчлівыя, чым сувязі ў прыродзе.

У сацыяльным пазнанні грамадства выступае і як аб’ект, і як суб’ект пазнання: людзі ствараюць сваю ўласную гісторыю, і яны ж пазнаюць яе. Такая тоеснасць аб’екта і суб’екта не можа быць ацэнена адназначна. З аднаго боку, яна мае станоўчае значэнне, паколькі працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, найбольш блізкія суб’екту, які пазнае, па яго непасрэдным і апасродкаваным жыццёвым вопыце, што садзейнічае глыбокаму асэнсаванню і правільнаму пазнанню гэтых працэсаў. Але, з другога боку, у сукупным суб’екце пазнання паказаны розныя, часам дыяметральна процілеглыя волі, інтарэсы, мэты.

Спецыфіка пазнання грамадскага жыцця характарызуецца і тым, што яно заўсёды працякае ў атмасферы асабістых адносін суб’екта да даследуемай праблемы. Гэтыя адносіны могуць альбо садзейнічаць праўдзіваму пазнанню альбо тармазіць яго. Пры гэтым мэты, якія ставяць перад сабой розныя людзі нават аднаго класа (слоя) ці сацыяльнай групы, далёка не аднолькавыя, а, значыць, і вынікі іх дзейнасці пры дасягненні гэтых мэт далёка не супадаюць. Людзі вельмі часта не дасягаюць сваіх мэт не толькі таму, што яны сустракаюць супраціўленне з боку носьбітаў процілеглых мэт, але і таму, што гэтыя мэты альбо нерэальныя, альбо адсутнічаюць умовы і сродкі іх дасягнення. Адгэтуль элемент выпадковасці, які ў з’явах грамадскага жыцця выяўляецца больш рэльефна. Усё гэта спараджае дадатковыя цяжкасці ў пазнанні.