Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

ТэМа 10 Навука, яе кагнітыўны і сацыякультурны статус

Навука – сфера даследчай дзейнасці, якая скіравана на вытворчасць новых ведаў аб прыродзе, грамадстве і мысленні і ўключае ў сябе ўсе ўмовы і моманты гэтай вытворчасці: вучоных з іх ведамі і здольнасцямі, навуковыя ўстановы, эксперыментальнае і лабараторнае абсталяванне; метады навукова-даследчай работы, паняційны і катэгарыяльны апарат, сістэму навуковай інфармацыі, а таксама ўсю суму наяўных ведаў, якія выступаюць у якасці альбо прадпасылкі, альбо сродку, альбо выніку навуковай вытворчасці. Прычым навука разглядаецца як цэласная сістэма, якая ўключае гістарычна рухомыя суадносіны частак: прырода­знаўства і грамадазнаўства, філасофіі, метаду і тэорыі, тэарэтычных і пры­кладных даследаванняў, а не абмяжоўваецца даследаваннем прыроды ці «дакладнымі» навукамі, як лічаць пазітывісты.

Навука з’явілася ў старажытным свеце (Індыя, Егіпет, Кітай). Гэты набытак усходніх цывілізацый быў успрыняты і перапрацаваны ў стройную тэарэтычную сістэму ў старажытнай Грэцыі. З гэтага часу і аж да індустры­яльнай рэвалюцыі галоўнай функцыяй навукі з’яўлялася тлумачальная функцыя; яе асноўная задача – пазнанне – з мэтай расхінуць гарызонты бачання свету, прыроды, часткай якой з’яўляецца сам чалавек.

Са з’яўленнем капіталістычнага спосабу матэрыяльнай вытворчасці ствараюцца ўмовы для ператварэння навукі ў актыўны фактар самой вытворчасці. У якасці асноўнай вылучаецца цяпер задача пазнання з мэтай пераўтварэння прыроды. Але каб навука магла задавальняць патрэбы сучаснай вытворчасці, навуковыя веды павінны стаць набыткам вялікай арміі спецыялістаў, інжынераў, арганізатараў вытворчасці і рабо­чых. Такім чынам, навука ўсё больш ператвараецца ў непасрэдную вы­творчую сілу, а практычная рэалізацыя вынікаў навукі адбываецца праз яе асобаснае ўвасабленне, г.зн. навука заклікана ва ўсё большай ступені арыентавацца ўжо не на адну толькі тэхніку, але на самога чалавека, на бязмежнае развіццё яго інтэлекту, яго творчых здольнасцей, культуры мыслення, на стварэнне матэрыяльных і духоўных прадпасылак для яго ўсебаковага, цэласнага развіцця. У сувязі з гэтым сучасная навука ўжо не проста ідзе за развіццём тэхнікі, а абганяе яе, становіцца вядучай сілай прагрэсу матэрыяльнай вытворчасці. Яна фарміруецца як цэласны, інтэграваны арганізм, які пранізвае ўсе сферы грамадскага жыцця – экономіку, палітыку, сферу кіравання, адукацыі і г. д.

Сучаснае развіццё навукі вядзе да далейшых пераўтварэнняў усёй сістэмы жыццядзейнасці чалавека. Асабліва ўражвае яе ўздзеянне на развіццё тэхнікі і навейшых тэхналогій, уздзеянне навукова-тэхнічнага прагрэсу на жыццё людзй. Навука стварае новае асяроддзе для быцця чалавека.

Першае, зыходнае «чляненне» навукі – выдзяленне яе ў структуры фундаментальных і прыкладных даследаванняў, фундаментальных и прыкладных навук. Адным словам, фундаментальныя даследаванні – гэта такія даследаванні, якія адкрываюць новыя з’явы і заканамернасці. Гэта даследаванні таго, што ляжыць у прыродзе рэчаў, з’яў, падзей. Навука прыкладная ставіць перад сабой задачу вырашэння пэўнай тэхніч­най праблемы звычайна ў непасрэднай сувязі з матэрыяльнымі інтарэсамі грамадства. Але пры правядзенні фундаментальнага даследавання можна ставіць і чыста навуковую задачу, і канкрэтную практычную праблему. Пры гэтым няважна, якія суб’ектыўныя намеры і ўстаноўкі даследчыка.

Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні адыгрываюць розныя ролі ў грамадстве і ў адносінах да самой навукі. Распрацоўка фундамен­тальнай навукі скіравана, перш за ўсё, на ўнутраныя патрэбы і інтарэсы навукі, на падтрыманне функцыянавання навукі як адзінага цэлага, і дася­гаецца гэта шляхам распрацоўкі абагульненых ідэй і метадаў пазнання, якія характарызуюць глыбінныя асновы быцця. Адпаведна гэтаму гавораць пра «чыстую» навуку, тэарэтычную навуку, пра пазнанне дзеля пазнання. Прыкладныя навукі скіраваны вонкі, на асіміляцыю з іншымі, практычнымі відамі дзейнасці чалавека, і асабліва на асіміляцыю з вытворчасцю. Адгэтуль і кажуць пра практычную навуку, скіраваную на змяненне свету.

Асноўнае значэнне прыкладных навук ёсць даследаванне рэчаіснасці, таму застаеца адкрытым пытанне аб дастасоўваннях навукі, яе вынікаў. Пытанні дастасоўванняў навукі, яе ўключанасці ў разнастайныя сферы практычнай дзейнасці чалавека цяпер характырызуюцца як пытанні тэхналогіі. Яна – прымяненне ведаў на практыцы з мэтай вытворчасці прадметаў спажывання, з мэтай змянення, удасканальвання і кантраля­вання ўмоў жыцця.

Калі цяпер разглядаюцца праблемы тэхналогіі, то непазбежна паў­стае пытанне аб скіраванасці яе развіцця, яе ўздзеяння на жыццё грамад­ства. Як іншы раз кажуць: кожнае тэхналагічнае дасягненне па неабход­насці амбівалентнае, г. зн. яно можа служыць у залежнасці ад падыходу да яго ці ад складзенай сітуацыі на карысць ці на шкоду чалавеку. Больш за тое, тэхналогіі, якія задзейнічаны дзеля дабра чалавека, могуць мець у ходзе свайго развіцця і адмоўныя пабочныя наступствы, так што тэхна­лагічнае развіццё мае патрэбу ў пастаянным разуменні і кантролі. Апош­няе стала больш чым відавочным у наш час, у перыяд імклівага тэхнала­гічнага развіцця грамадства. Цяпер грамадства авалодала такімі магут­нымі сіламі, дзеянне якіх можна параўнаць з геалагічнымі, і пагражае чала­вецтву самазнішчэннем. Навуковыя даследаванні пранікаюць у найтанчэй­шыя механізмы генетычнага кіравання жывымі сістэмамі, што можа пры­весці да карэнных, незваротных змяненняў у ходзе эвалюцыйных працэсаў.

Чалавек усё больш усведамляе не толькі тое, што ён «уладар свету», але таксама і тое, наколькі кволае само яго існаванне. Пра гэта ўладна заяўляюць у наш час многія глабальныя праблемы, і ў прыватнасці, экалагічны крызіс. Адгэтуль і паўстаюць пытанні пра кірунак тэхналагічнага развіцця грамадства і пра адказнасць за наступствы гэтага развіцця.

На прадбачанні фактычна грунтуецца ўся практыка чалавека. Уклю­чаючыся ў любы від дзейнасці, чалавек загадзя мяркуе (прадбачыць) атрымаць некаторыя зусім пэўныя вынікі. Дзейнасць чалавека ў сваёй аснове арганізавана і мэтанакіравана, і ў такой арганізацыі сваіх дзеянняў чалавек абапіраецца на веды. Менавіта веды дазваляюць яму пашырыць межы свайго існавання, без чаго не можа працягвацца жыццё. Веды да­зваляюць прадбачыць ход падзей, паколькі яны нязменна ўключаюцца ў структуру саміх метадаў дзеяння. Метады характарызуюць любы від дзейнасці чалавека, і ў іх аснове ляжыць выпрацоўка асаблівых прылад, сродкаў дзейнасці. Як выпрацоўка прылад дзейнасці, так і іх «прымянен­не» заснаваны на ведах, што і дае магчымасць паспяхова прадбачыць вы­нікі гэтай дзейнасці.

Кажучы пра прадбачанне, неабходна таксама мець на ўвазе яго ад­носны характар. Будучае адкрыта, яно заўсёды ў чымсьці непрадказаль­нае. Як кажуць, дарога ў будучыню брукавана выпадковасцямі, і іх аналіз патрабуе бесперапынных намаганняў, пастаяннага авалодвання ўсё новы­мі выпадковасцямі. Наяўныя веды складаюць аснову прадбачання, а прак­тыка вядзе да бесперапыннага ўдакладнення, пашырэння гэтых ведаў. Засваенне новай практыкі ўключае ў сябе і лінію пераемнасці, і ўлік навіз­ны. Мастацтва прадбачання і абапіраецца на гэтыя кампаненты ў дзей­насці чалавека.

Першасным у разуменні прыроды навукі з’яўляецца яе ўздзеянне на самога чалавека, на сістэму яго інтарэсаў, патрэб і магчымасцей да дзе­яння ў арганізацыі свайго быцця і яго ўдасканалення. Навука не ёсць штосьці знешняе ў адносінах да сутнасці чалавека, яна, хутчэй, звязана з самой яго сутнасцю. Апошняя выражаецца, перш за ўсё, у патрэбах ча­лавека. Менавіта патрэбы, іх так ці інакш упарадкаваныя сістэмы вызнача­юць тое, што можна назваць феноменам чалавека. Патрэбы чалавека ве­льмі разнастайныя, іерархічна арганізавныя і гістарычна многія з іх абнаў­ляюцца. У наш час прынята выдзяляць тры віды базісных патрэб: віталь­ныя (біялагічныя), сацыяльныя (прыналежнасць да пэўнай групы) і пазнання.

Задавальняючы і развіваючы патрэбы пазнання, чалавек робіць маг­чымым сваё комплекснае, цэласнае развіццё. Навука стварае ідэальны свет, сістэму ідэальных уяўленняў аб свеце, папярэднічае практычным дзеянням.

У развіцці навукі ўвасоблена эвалюцыя мыслення чалавека, яго інтэлекту. Менавіта навука карэнным чынам садзейнічае станаўленню і ўз­багачэнню абстрактна-лагічнага мыслення, робіць яго ўсё больш вытан­чаным і поўным. Разам з тым прырода чалавека далёка не зводзіцца да мысліцельнай дзейнасці. Важнейшай характарыстыкай жыццядзейнасці чалавека з’яўляецца яе эмацыянальна-маральны аспект, уяўленні пра які ўвасоблены галоўным чынам у мастацтве, маралі. Адпаведна гэтаму ўзаемадзеянне навукі, мастацтва і маралі абумоўлівае цэласнае развіццё чалавечай асобы, па меншай меры, яе духоўнага свету.

Роля і месца навукі як сацыяльнага інстытута ў жыцці грамадства пра­яўляюцца ў яе сацыяльных функцыях. Галоўныя з іх – культурна-светапогляд­ная функцыя, функцыя непасрэднай прадукцыйнай сілы, функцыя сацыяльная.

Першая з іх характарызуе ролю навукі як важнейшага элемента духоўнага жыцця і культуры, які адыгрывае асаблівую ролю ў фарміра­ванні светапогляду, шырокага навуковага погляду на навакольны свет.

Другая функцыя з асаблівай сілай выявіла сваё дзеянне ў нашы дні, у абстаноўцы паглыбленай НТР, калі сінтэз навукі, тэхнікі і вытворчасці стаў рэальнасцю.

Нарэшце, роля навукі як сацыяльнай сілы выразна выяўляецца ў тым, што ў сучасных умовах навуковыя веды і навуковыя метады знаходзяць усё больш шырокае прымяненне пры вырашэнні шырокамаштабных праб­лем сацыяльнага развіцця, яго праграмавання і г. д. У гэты перыяд асаб­лівае месца навуцы належыць у вырашэнні глабальных праблем сучас­насці – экалагічнай, праблемы рэсурсаў, харчавання, здароўя людзей, праблемы вайны і міру і г. д.

У навуцы, як і ў любой галіне чалавечай дзейнасці, узаемаадносіны паміж тымі, хто ў ёй заняты, і дзеянні кожнага з іх падпарадкоўваюцца пэўнай сістэме этычных норм, якія вызначаюць, што дапускаецца, што заахвочваецца, а што лічыцца недазволеным і непрымальным для вучо­нага ў розных сітуацыях. Гэтыя нормы ўзнікаюць і развіваюцца ў ходзе развіцця самой навукі, з’яўляючыся вынікам своеасаблівага «гістарычнага адбору», які захоўвае толькі тое, што неабходна навуцы і грамадству на кожным этапе гісторыі. Гісторыя навукі, ды і гісторыя чалавецтва, з удзяч­насцю і пашанай ставіцца да імёнаў падзвіжнікаў, такіх, як Джардана Бруна, якія не адракліся ад сваіх перакананняў нават у цяжкую часіну страшэнных выпрабаванняў і аж да самай смерці.

Нормы этыкі навукі, як правіла, перадаюцца ад аднаго пакалення вучоных да другога. У навуковай дзейнасці роўна неабходныя як павага да таго, што зрабілі папярэднікі (яшчэ Ньютан казаў, што дасягнутае ім стала магчымым пастолькі, паколькі ён стаяў «на плячах гігантаў»), так і кры­тычныя адносіны да іх вынікаў. Больш за тое, вучоны павінен не толькі мужна і настойліва адстойваць свае навуковыя перакананні, выкарыстоў­ваючы ўсе даступныя яму сродкі лагічнай і эмпірычнай аргументацыі, але і валодаць мужнасцю, каб адмовіцца ад гэтых перакананняў, калі будзе выяўлена іх памылковасць. Разам з тым існует шэраг навуковых прац, у якіх зроблены спробы выявіць, апісаць і прааналізаваць гэтыя нормы. Напрыклад, амерыканскі сацыёлаг навукі Р. Мертан у працы «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» адзначае, што нормы навукі будуюцца вакол такіх асноватворных каштоўнасцей, як: універсалізм – перакананне ў тым, што прыродныя з’явы, якія вывучае навука, паўсюдна працякаюць аднолькава і што праўдзівасць навуковых сцверджанняў павінна ацэнь­вацца незалежна ад узросту, полу, расы, аўтарытэту, тытулаў і званнняў тых, хто іх фармулюе; супольнасць, сэнс якой заключаецца ў тым, што навуковыя веды павінны свабодна станавіцца агульным здабыткам; беска­рыслівасць, пры якой першасным стымулам дзейнасці вучонага з’яўля­ецца пошук ісціны, свабодны ад разліку асабістай выгады; арганізаваны скептыцызм, калі кожны вучоны нясе адказнасць за ацэнку дабраякаснасці таго, што зроблена яго калегамі, і за тое, каб сама ацэнка стала здабыткам галоснасці.

Глабальныя праблемы сучаснасці, экалагічная асабліва, сведчаць пра тое, што ад людзей навукі патрабуецца ў цяперашні час павышаная патрабавальнасць да ацэнкі пазнавальнай і практычнай дзейнасці.

Тэма 11

Прырода сацыяльнай рэальнасці і асноўныя стратэгіі яе даследавання ў філасофіі

11.1. Эвалюцыя ўяўленняў аб грамадстве ў гісторыі філасофскай думкі

У

Эвалюцыя ўяўленняў аб грамадстве ў гісторыі філасофскай думкі

11.1

яўленне аб сутнасці грамад­ства з’яўляецца з зараджэннем філа­софіі. У антычнай філасофіі ўзнік­ненне грамадства тлумачылася нату­ральнай патрэбай людзей у сумес­ным жыцці, а грамадства, сінонімамі якога выступалі паняцці «супольнае жыццё», «абшчына», разглядалася як частка прыроды. Так, на думку старажытнагрэчаскага філосафа Платона, галоўнае ў грамадстве (у дзяржаве) – устанаўленне, рэалізацыя ідэі грамадскай справядлівасці. Гэта ідэя выражае дзеянне ў грамадстве сусветнага закона касмічнай гармоніі. Неабходна наблізіць існаванне грамадства да ідэі грамадскай справядлівасці з дапамогай пазнання гэтай ідэі, разумнага кіравання, вывядзення законаў дзяржавы з яе. Зрэшты, ажыццявіць яе на практыцы цалкам немагчыма. Арыстоцель выказваў думку, што ў аснове існавання грамадства ляжыць аб’яднанне людзей для найбольш поўнага задаваль­нення сацыяльных інстынктаў. Грамадства мае натуральнае паходжанне і ўяўляе сабой вынік дзейнасці і сувязяў паміж людзьмі ў сувязі з задаваль­неннем іх сацыяльных патрэбаў. Старажытнакітайскі мысліцель Канфуцый лічыў, што грамадства абапіраецца на маральныя нормы, якія маюць ня­бёснае паходжанне. Да найбольш старажытных адносяцца таксама ідэі дагаворнай асновы грамадства і дзяржавы, выказаныя ў філасофіі будыз­му ў Старажытнай Індыі, у вучэннях Эпікура і Лукрэцыя, а таксама некато­рымі філосафамі Сярэднявечча. Меркавалася, што грамадскі лад грунту­ецца на свядомым пагадненні паміж людзьмі. У развіваемых рэлігійнай філасофіяй Сярэднявечча (Аўгустынам, Фамой Аквінскім) поглядах грамад­скае быццё выводзілася з Боскага прадпісання. У сярэднія вякі паняцце грамадства знікае, яго замянілі паняццямі «дзяржава», «краіна», «народ».

Эпоха Адраджэння пазначана ўзнікненнем новага погляду на чала­вечае грамадства і яго гісторыю, на дзяржаву і права. Буйнейшыя мыслі­целі XVI ст. (Н. Макіавелі, Ж. Бодэн) разглядалі грамадства як вынік дзей­насці саміх людзей, яны паставілі пытанне аб заканамернасцях гістарыч­нага развіцця. Так, Бодэн падкрэсліваў уплыў натуральнага асяроддзя на фарміраванне грамадства. Макіавелі лічыў палітычную барацьбу і матэры­яльны інтарэс галоўнай рухаючай сілай грамадскага жыцця.

Уяўленне аб грамадстве як самастойнай сферы быцця са спецыфіч­нымі рысамі існавання, якое адрозніваецца ад існавання прыроды і чала­века, сфарміравалася толькі ў Новы час. Дагэтуль у філасофскіх вучэннях разглядаліся альбо антрапалагічныя праблемы, альбо толькі асобныя бакі сацыяльнага быцця: этычныя, палітычныя, эканамічныя і інш. У аснове ўяўленняў аб грамадстве як асаблівай сферы існавання ляжалі галоўным чынам гістарычныя прычыны, а менавіта – фарміраванне капіталізму з уласцівым яму грамадскім характарам эканомікі і палітычнага кіравання.

Канцэптуальнае афармленне ўяўлення аб грамадстве атрымліваюць у XVII–XVIII стст. У гэты час філасофскія праблемы грамадства выдзя­ля­юцца ў самастойны прадмет даследавання, фарміруецца асобная сфера філасофствавання – сацыяльная філасофія – раздзел філасофіі, які пэўным чынам апісвае якасную своеасаблівасць грамадства, яго законы, сацыяльныя ідэалы, генезіс і развіццё, лёс і перспектывы, логіку сацыяль­ных працэсаў. Сацыяльная філасофія наследуе класічную філасофію гіс­торыі, займаючыся праблемамі сацыяльнай эвалюцыі і скіраванасці гра­мадскіх працэсаў.

Як тэарэтычна абрунтаваная сістэма ведаў аб функцыянаванні і раз­віцці грамадства сацыяльная філасофія фарміруецца ў перыяд станаў­лення дысцыплінарна арганізаванай навукі, пачынаючы з канца XVIII – першай паловы XIX ст., калі ўзнікаюць спробы пабудавання сістэматыч­нага грамадазнаўства. Сацыяльная філасофія ставіць перад сабой наступ­ныя пытанні:

– якая спецыфіка сацыяльнага (грамадскага) быцця і грамадскай свядомасці?

– ці існуюць законы грамадскага жыцця?

– як спалучаюцца свабода і творчая накіраванасць асобы з сацы­яльнымі традыцыямі і нормамі?

– якія суадносіны ўлады і павіннасці, эмпірычнага і тэарэтычнага пазнання ў грамадскім жыцці?

– у чым сэнс сацыяльнай гісторыі?

– ці магчыма ўвасабленне ідэальных мадэлей грамадства ў рэча­існасці?

Нягледзячы на тое, што грамадства, будучы складанай самаарганіза­ванай сістэмай, з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук, гэта не ад­мяняе неабходнасці філасофскай рэфлексіі над грамадствам, над рознымі канцэпцыямі, кірункамі, у якіх робяцца спробы аналізу тлумачэнняў самых розных прыватных метадаў.

Першыя сацыяльныя філасофскія тэорыі ствараюць Т. Гобс, Дж. Лок, Ж.-Ж. Русо, Ш. Мантэскье, П. Гольбах, К. Гельвецый, Дж. Віка, І. Г. Гердэр і іншыя філосафы. Якія ж гістарычныя, сацыяльна-эканамічныя, культур­ныя перадумовы садзейнічалі з’яўленню сацыяльнай філасофіі? У XVII–XVIII стст. у Еўропе складваецца і сцвярджаецца буржуазная цывілізацыя. Узнікае аб’ектыўная магчымасць і надзённая патрэба накаплення, аба­гульнення, параўнання фактаў гістарычнага пранікнення ў глыбінныя прычыны, заканамернасці грамадскага жыцця, пошуку гістарычных перс­пектыў. Гэта эпоха вызвалення чалавечага розуму ад ранейшых непахіс­ных культурных традыцый, галоўным чынам рэлігійных: эпоха актыўнай дзейнасці розуму, прычым сфера яго дзейнасці падаецца неабмежаванай, а любы прадмет вывучэння – прынцыпова падуладным яго моцы. І чала­вечы розум прэтэндуе на выяўленне і пазнанне адкрытых яму асноў гра­мадства. Так, у XVII–XVIII стст. у Заходняй Еўропе складваецца індустры­яльнае грамадства і сцвярджаецца механістычны светапогляд. І грамад­ства, і чалавек у яго рамках уяўляюцца складанымі механізмамі, машы­намі, а галоўнымі праблемамі сацыяльнай філасофіі лічаць рацыянальны лад грамадства і адпаведнае выхаванне чалавека. Але ва ўмовах адной і той жа гістарычнай эпохі развіваюцца зусім непадобныя канцэпцыі гра­мадства і чалавека Дзідро і Канта, Русо і Гердэра, што адлюстроўвала шматслойнасць грамадскага жыцця і розны кірунак грамадскага развіцця, своеасаблівасць існавання нацыянальных культур, асаблівасці гісторыі і рэальнае багацце папярэдняй філасофскай думкі. Кожнай з сістэмных тэорый грамадства ўласцівы зусім пэўныя агульнафіласофскія і сацы­яльна-філасофскія асновы. Гэта праяўляецца ў зыходных прынцыпах тэо­рыі, сетцы інструментаў (ідэальных аб’ектаў), катэгорыях і законах, агуль­най карціне гістарычнай жыццядзейнасці. Пабудаванне тэарэтычнай мадэ­лі грамадства пачынаецца з вызначэння асновы яго існавання і развіцця, якое вызначае яго структуру і функцыянаванне, характэрныя рысы. Разгледзім асноўныя стратэгіі даседавання сацыяльай рэальнасці ў сучас­най філасофіі.

Фундаментальныя ідэі класічнай нямецкай філасофіі пазней былі ўспрыняты і развіты К. Марксам і Ф. Энгельсам. Аднак супярэчнасці папя­рэдніх канцэпцый патрабавалі пошуку іншага, неідэлістычнага абгрунта­вання сацыяльнай філасофіі. Маркс развіў дыялектыка-матэрыялістычную тэорыю грамадства. Яго галоўны прынцып: «Не свядомасць людзей вы­значае іх быццё, а наадварот, іх грамадскае быццё вызначае іх свя­домасць».

Фундаментальная роля, паводле Маркса, належыць матэрыяльнай вытворчасці. Аб’ектыўныя працэсы ўзаемадзеяння прыроды і працы абумоўліваюць існаванне людзей.

Такім чынам, сцвярджаецца вызначальная роля грамадскага быцця – аб’ектыўнай сацыяльнай рэальнасці ў адносінах да грамадскай свядо­масці. Аднак сама матэрыяльная вытворчасць мае патрэбу ў пэўных сацыяльна-палітычных і духоўных адносінах, вызначае іх. Яна адыгрывае ў грамадстве сістэмаўтваральную фундаментальную ролю.

Суб’ектам гісторыі з’яўляецца ў такім выпадку не дух, не асоба асветніка, а шырокія сацыяльныя супольнасці людзей, якія ства­раюць духоўна і практычна сваё сапраўднае жыццё.

І калі класічная філасофія выводзіць сутнасць грамадства з аб’ек­тыўнай духоўнай культуры, то Маркс апелюе да грамадскай дзейнасці суб’ектаў, і, у першую чаргу, да матэрыяльна-вытворчай практыкі. Значную ролю ў сацыяльнай філасофіі адыгралі ідэі Маркса аб грамадстве як цэласнай сістэме, адзіным сацыяльным арганізме са складанай іерархічнай структурай.

К. Маркс для абазначэння асноўных ступеней развіцця цывілізацыі выкарыстоўваў паняцце эканамічнай грамадскай фармацыі, пад якой ён разумеў гістарычны тып грамадства, заснаваны на пэўным спосабе матэрыяльнай вытворчасці, са сваімі асаблівымі законамі ўзнікення, развіцця і пераходу на новую ступень сусветнай гісторыі. Ён выдзеліў тры грамадскія фармацыі: першасную, другасную і трацічную, якія таксама пазначаны ім адпаведна як архаічная, эканамічная і камуністычная. Асноўнымі крытэрыямі вызначэння трох фармацый з’яўляецца наяўнасць ці адсутнасць прыватнай уласнасці, класаў і таварнай вытворчасці. Пры наяўнасці гэтых прыкмет, – лічыў К. Маркс, – мы маем справу з эканаміч­най грамадскай фармацыяй, а пры адсутнасці іх – з архаічнай ці з камуні­стычнай, якая ідзе следам за эканамічнай грамадскай фармацыяй. Метадалагічнае значэнне катэгорыі «грамадска-эканамічная фармацыя» заключаецца ў тым, што, па-першае, яна дазваляе адрозніць адзін перыяд гісторыі ад другога і замест разважанняў аб «грамадстве ўвогуле» даследаваць гістарычныя падзеі ў рамках пэўных фармацый; па-другое, выявіць агульныя і ісотныя рысы розных краін, якія знаходзяцца на аднолькавай ступені развіцця вытворчасці, а значыць, выкарыстоўваць у даследаванні агульнанавуковы крытэрый паўтаральнасці; па-трэцяе, разглядаць чалавечае грамадства ў кожны перыяд яго развіцця як адзіны «сацыяльны арганізм», што ўключае ў сябе ўсе грамадскія з’явы ў іх арганічным адзінстве і ўзаемадзеянні на аснове спосабу вытворчасці; па-чацвёртае, звесці імкненні і дзеянні асобных людзей да дзеянняў вялікіх мас (групы, класы, слаі), інтарэсы якіх вызначаюцца іх месцам у сістэме грамадскіх адносінаў дадзенага грамадства.

Відавочна, што самарух грамадства захоўвае натуральны характар там і тады, дзе і калі гістарычны працэс развіцця выступае як вынік разна­стайных узаемадзеянняў мноства самых розных натуральных імкненняў людзей. Гісторыя розных краін і эпох дэманструе надзвычай багатую разнастайнасць канкрэтных варыянтаў грамадскага ладу, якія ў большай ці меншай ступені адпавядаюць гэтым умовам. Буржуазнае грамадства абавязана сваім поспехам не толькі развіццю прадукцыйных сіл. Калі б гістарычны працэс зводзіўся толькі да гэтага, то капіталістычны спосаб вытворчасці, напэўна, узнік бы спачатку ў азіяцкіх краінах. Аднак ён зарадзіўся ў Еўропе, у краінах, дзе быў выпрабаваныі і рэалізаваны спецы­фічны варыянт вырашэння функцыянальнаой праблемы ўсякага грамад­скага ладу – узаемаадносінаў асобы і грамадства. Капіталізм узнік там, дзе супалі па часе два працэсы – развіццё прадукцыйных сіл і фарміраванне грамадзянскай супольнасці, заснаванай на прыярытэце асобы, яе правоў і свабод. У нетрах самой грамадзянскай супольнасці натуральным шляхам з’явілася імкненне абмежаваць свабоду тых, хто яе манапалізаваў. У гэтым сэнсе сацыялістычная ідэя – такі ж заканамерны прадукт еўрапейскай цывілізацыі, як і капіталізм з яго свабодай індывідуальнага прадпрымальніцтва.

Гісторыя – цячэнне, рух, незавяршальны працэс. І ў залежнасці ад таго, як ён развіваецца, змяняюцца значэнне і сэнс усяго таго, што ажыццяўлялася ў мінулым. Гісторыя як працэс змяняе значэнне адных і тых жа падзей, эпізодаў, дынамічнага быцця людзей. Інакш кажучы, марк­сізм нельга разглядаць па-за часам.

Уплыў гістарычнай канцэпцыі Маркса на ўсю сацыяльную думку другой паловы XIX–XX стст. падкрэсліваў стваральнік канцэпцыі індустры­яльнага грамадства Д. Бел: «Я падвергнуты нападкам савецкіх ідэолагаў, таму што яны лічылі, што я антымарксіст. Але я зусім не антымарксіст… Я б хутчэй назваў сябе постмарксістам, у тым сэнсе, што я ўспрыняў даволі многа марксісцкіх уяўленняў аб соцыуме… Марксісцкія прароцтвы аб развіцці прадукцыйных сіл спраўджваюцца. Менавіта гэта адбываецца сёння і будзе адбывацца ў наступным стагоддзі».

Дык вось, гэта разуменне гісторыі заключаецца ў тым, каб, зыходзячы менавіта з матэрыяльнай вытворчасці непасрэднага жыцця, разгледзець сапраўдны працэс вытворчасці і зразумець звязаную з гэтым спосабам вытворчасці і народжаную ім форму стасункаў, г.зн. грамадзянская суполь­насць на яго розных ступенях, як аснову ўсёй гісторыі… Гэта канцэпцыя паказвае, што гісторыя не раствараецца ў «самасвядомасці», як «дух ад духу», але кожная яе ступень застае ў наяўнасці пэўны матэрыяльны вынік, пэўную суму прадукцыйных сіл, гістарычна створаныя адносіны людзей да прыроды і адзін да другога.

Якія б ні былі грамадскія формы вытворчасці, рабочыя і сродкі вытворчасці заўсёды застаюцца фактарамі. Для таго каб наогул ствараць, яны павінны спалучыцца. Той асаблівы характар і спосаб, якім ажыццяў­ляецца гэта спалучэнне, адрознівае розныя эканамічныя эпохі грамад­скага ладу. Эканамічныя эпохі адрозніваюцца не тым, што ствараецца, а як ствараецца, якімі сродкамі працы. Сродкі працы – не толькі мерка развіцця чалавечай рабочай сілы, але і паказчык тых грамадскіх адносінаў, пры якіх выконваецца праца.

Такім чынам, многае ў марксісцкім аналізе сацыяльных і вытворчых структур захавала сваё значэнне ў сучаснай тэорыі, як і вынікі любых іншых глыбокіх канцэптуальных абагульненняў.

Развіццё сацыяльнай філасофіі XX ст., разуменне сутнасці, спецыфікі грамадства працягваецца ў рэчышчы некласічных традыцый, якія пачалі складвацца ў другой палове XIX ст. Сучасная сацыяльнае і культурнае жыццё садзейнічае іх умацаванню і развіццю. Немагчыма аднесці іх да некалькіх кірункаў, тым больш ахапіць і параўнаць усё. Выдзелім тут тыповыя, г.зн. тыя, якія выражаюць асноўныя тэндэнцыі сучаснага філасофскага светапогляду, якія спецыяльна вырашаюць праблему асноў існавання і развіцця грамадства.

Канцэпцыя сацыяльнага дзеяння М. Вебера была распрацавана ў канцы XIX – пачатку XX стст., але яго ідэі папулярныя, яны інтэнсіўна распрацоўваюцца і ў сучаснай сацыялогіі. М. Вебер разглядае грамадства як складаную сістэму ўзаемадзеючых эканамічных, сацыяльных, палітыч­ных, ідэалагічных і рэлігійных фактараў. У станаўленні і развіцці сучаснай заходняй цывілізацыі сістэмаўтваральную ролю адыграла ідэя эканаміч­най рацыянальнасці, у якой рэалізуецца дух капіталістычнай гаспадаркі і ладу жыцця. Яна паслядоўна выражаецца ў сучасным капіталістычным грамадстве ў рацыянальнай рэлігіі (пратэстантызме), рацыянальным пра­ве і кіраванні (рацыянальная бюракратыя), рацыянальным грашовым аба­роце і г. д. Гэта забяспечвае максімальную рацыянальнасць гаспадаркі і максімальную эканамічную эфектыўнасць. Вебэр звяртае ўвагу на ролю рэлігійнай свядомасці (у сучаснай заходняй цывілізацыі – пратэстантызму з яго этычным кодэксам) у генезісе, развіцці гаспадарчага жыцця.

Мадэль грамадства ў канцэпцыі структурнага функцыяналізму Т. Парсонса. Парсонс Талкот – амерыканскі філосаф, ён прапанаваў сваю мадэль эвалюцыі грамадства. На яго думку, развіццё грамадства ажыццяў­лялася ў кірунку павышэння «абагульненай адэкватнай здольнасці» ў вы­ніку функцыянальнай дыферэнцыяцыі і ўскладнення сацыяльнай аргані­зацыі. Ён адрозніваў тры тыпы грамадства: прымітыўнае, прамежкавае і сучаснае. На яго думку, развіццё адбываецца шляхам паслядоўнага раз­гортвання эвалюцыйных універсалій – дзесяці ўласцівасцей і працэсаў, якія ўзнікаюць у ходзе эвалюцыі любых грамадскіх сістэм: сістэмы камуні­кацый; сістэмы роднасці; пэўнай формы рэлігіі; тэхналогіі; сацыяльнай стратыфікацыі; легітымізацыі стратыфікацыйнай супольнасці; бюракратыі; грошай рыначнага комплексу; сістэмы абагульненых безасабовых форм; сістэмы дэмакратычных аб’яднанняў. Кожная з гэтых універсалій узаема­дзейнічае з іншымі, складваецца і функцыянуе нераўнамерна.

Паводле Парсонса, пераход да «прамежкавай» фазы вызначаецца з’яўленнем пісьменнасці, сацыяльнай стратыфікацыі і культурнай легітымі­зацыі. Пераход да «сучаснага» тыпу характарызуецца раздзяленнем пра­вавой і рэлігійнай сістэм, фарміраваннем бюракратыі, рынку, дэмакратыч­най выбарчай сістэмы. Пасля эканамічнай і палітычнай падсістэм ідзе «дэмакратычная» рэвалюцыя, якая аддзяляе ад «сацыяльнага грамад­ства» ад палітыкі, затым «адукацыйная» рэвалюцыя, мэта якой аддзяліць ад «сацыяльнай супольнасці» падсістэму ўзнаўлення структуры і пад­трымання культурнага ўзору.

Грамадская рацыянальнасць і камунікатыўнае дзеянне ў тэорыі Ю. Хабермаса. Юрген Хабермас – нямецкі філосаф і сацыёлаг. Гэта найбольш вядомы прадстаўнік другога пакалення Франкфурцкай школы. Ядро філасофствавання Хабермаса складае філасофія свабоды і камуні­катыўнага дзеяння «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння», «Дэмакратыя. Розум. Маральнасць», «Маральная свядомасць і камунікатыўнае дзеян­не», якія, згодна з яго пунктам гледжання, адыгрываюць вырашальную ролю ў сацыялізацыі чалавека і эвалюцыі грамадства. Галоўнай умовай эмансіпацыі чалавецтва Хабермас лічыць дасягненне рацыянальных суадносін навукова-тэхнічных магчымасцей і каштоўнасных арыентацый асобы, навукі, палітыкі. Ён прапагандуе ідэі аднаўлення адзінства ведаў і інтарэсу, інтэлекту і дзеяння. З ліберальных пазіцый Хабермас падверг­нуў крытыцы канцэпцыю «тэхнічнай рацыянальнасці» як «новай ідэалогіі», разнавіднасці тэхнакратызму. Хабермас крытычна адносіцца да заходняй філасофіі тэхнікі. У яго тэорыі філасофіі свабоды і камунікатыўнага дзеян­ня крытычна аналізуюцца такія заганы заходняга грамадства, як растучая камерцыялізацыя чалавечых адносін, празмерная палітызацыя грамад­ства, уварванне дзяржавы ў жыццё індывіда. Шляхі пераадолення гэтых заганаў і недахопаў і ён бачыць у развіцці камунікатыўнай і дыскурсіўнай дэмакратыі, г.зн. у стварэнні і фарміраванні «свабодных ад прымусу камунікацый», арганізацыі свабодных і дэмакратычных дыскусій па самых розных тэмах і праблемах развіцця незалежнай грамадскай думкі.

З пункту гледжання Хабермаса, камунікатыўная дэмакратыя – са­праўдная дэмакратыя. Такая дэмакратыя трактуецца ім не толькі як магчымасць меншасці выказваць сваю думку ў рамках існуючага закана­даўства, але і як правіла альтэрнатыўных груп на супраціўленне і негвал­тоўныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных органаў.

Толькі ў вызваленым грамадстве, якое рэалізавала разумнасць сваіх членаў, камунікацыя, паводле слоў Хабермаса, магла бы развівацца ў сва­бодны ад прымусу дыялог усіх з усімі, дзе кожны з’яўляецца прыкладам як узаемнага фарміравання сябе, так і ідэі сапраўднай згоды. Радыкальны паварот да свабоды мае на мэце, згодна з Хабермасам, перагляд акцэн­таў у культуры, змену яе прыярытэту з рэжыму «суб’ект-аб’ект», з уласці­вым яму дэфармаваным стылем мыслення, на прынцыпова міжасабістую, дыялогавую, «суб’ект-суб’ектную» камунікацыю, нацэленую на разуменне, саўдзельніцтва, судакрананне, ствараючы аснову для «камунікатыўных паводзін.

Важнейшую асноватворную ролю пры гэтым адыгрывала такая катэ­горыя як «сацыяльнае дзеянне», што дазволіла ў некласічнай сацыяльнай філасофіі разгледзець чалавечую дзейнасць як сукупнасць мноства дзе­янняў індывідаў, а кожнае з такіх індывідуальна-матываваных дзеянняў прадставіць як пратэстуючую адзінку (першаэлемент) такога рода дзейнасці.

Далейшае развіццё гістарычнага працэсу вядзе да таго, што ўяўленне аб агульным, паўтаральным у падзеях, становіцца глыбейшым, больш усебаковым, больш наглядным. Акрамя таго, змененыя гістарычныя ўмовы могуць змяніць і форму дзеяння грамадскіх законаў, пераўтварыць канк­рэтнае адзінства іх зместу і формы. Ніколі не будзе знойдзена такая арганізацыя грамадства, якая застанецца нязменна лепшай ва ўсе часы. Гэта азначала б разумовы застой чалавека, затрымку прагрэсу, што, вядома ж, немагчыма.

Разнастайнасць існуючых сацыяльных канцэпцый, безумоўна, звя­зана з разнастайнасцю існуючых грамадстваў, шматварыянтнасцю іх раз­віцця, іх унутранай складанасцю, шматаспектнасцю. З гэтага пункту гледжання розныя сацыяльныя канцэпцыі існуюць і ўзаемадапаўняюць адна адну, што, вядома, не выключае навуковых спрэчак, сумесных пошукаў ісціны, выяўлення агульначалавечых тэндэнцый развіцця.