Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

11.3. Паняцце дзейнасці і грамадскіх адносінаў

У

Паняцце дзейнасці і грамадскіх адносінаў

11.3

самым шырокім сэнсе слова «дзейнасць» абазначае рознабаковы працэс стварэння грамадскім суб’ектам умоў свайго існавання і развіцця, працэс пераўтварэння сацыяльнай рэальнасці ў адпаведнасці з грамадскімі патрэбамі, мэтамі і задачамі. Дзейнасць людзей мае разнастайныя формы і віды. Спосаб вы­творчасці людзьмі свайго матэрыяльнага жыцця, з’яўляючыся асновай дзейнасці, вызначае адзіныя агульнасацыялагічныя законы яго развіцця. У той жа час кожны, грамадска неабходны від дзейнасці, валодаючы спе­цыфікай, падпарадкоўваецца сваім асаблівым законам і ажыццяўляецца пры розных суадносінах стыхійнага і свядомага ў грамадскіх суб’ектах. Грамадскія законы, ажыццяўляючыся ў дзейнасці людзей, якая фарміруе грамадскую сутнасць чалавека, адлюстроўваюць унутраную сувязь прыро­ды і грамадства.

Грамадскія законы выражаюць істотныя сувязі і адносіны, якія склад­ваюццца ў розных сферах чалавечай дзейнасці, і перш за ўсё ў асноўнай з іх – матэрыяльнай вытворчасці. Дзейнасць выступае як сіла, што аднаў­ляе і змяняе сістэму аб’ектыўных і суб’ектыўных умоў: грамадскіх адно­сінаў і сацыяльных інстытутаў, а разам з гэтым і сістэму адпаведных ім уяўленняў, увесь лад жыцця і думак.

У агульнафіласофскім плане чалавечая дзейнасць з’яўляецца сацы­яльнай формай руху матэрыі, спосабам існавання і развіцця грамадства і асобнага чалавека. Дзейнасць людзей служыць вытворчасці і змяненню як канкрэтных умоў існавання індывідаў, так і самога грамадства ва ўсіх яго разнастайных праявах; ад спосабу вытворчасці да тыпалогіі асобы.

Дзейнасць спосаб існавання і развіцця грамадства і чалавека, усебаковы працэс пераўтварэння ім навакольнай прыроднай і сацыяльнай рэальнасці (уключаючы яго самога) у адпаведнасці з яго патрэбамі, мэтамі і задачамі. Для таго, каб ператварыць дзейнасць у рэальнасць, неабходна захаванне наступных асноўных умоў:

1) уключэнне дзейнасці чалавека ў сістэму грамадскай працы;

2) мэтазгоднасць, рэзультатыўнасць працэсу дзейнасці, яе неабход­насць і карыснасць, як для грамадства, так і для асобнага чалавека;

3) спецыялізацыя грамадскай працы, якая, паводле слоў К. Маркса, стварае «спажывецкія вартасці», спараджаючы тым самым неабходныя сувязі паміж людзьмі.

Любая дзейнасць звязана з пераўтварэннем агульнародавага ў інды­відуальнае і наадварот. У дзейнасці адбываецца практычнае ўвасабленне сацыяльнага вопыту ў індывідуальнае быццё чала­века, а індывідуальныя намаганні рэалізуюцца ў пабудове грамадскіх адносін.

Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, зразумела, што дзейнасць не з’яўляецца механічнай сукупнасцю дзеянняў асобных індывідаў, гэта ёсць грамадска-гістарычны працэс.

Важнай характарыстыкай дзейнасці з’яўляецца і тое, што яна як бы звязвае ў адно ўсе кампаненты грамадскага жыцця, утвараючы ўстойлівыя і дынамічныя сувязі паміж рознымі сферамі дзейнасці, рознымі эпохамі, пакаленнямі людзей. Сувязнымі сродкамі з’яўляюцца прадметы матэры­яльнага і духоўнага свету: прылады працы, прыроднае асяроддзе, веды, ідэалы і г. д. Гэтыя сувязі ў цэлым называюцца грамадскімі адносінамі Іх спецыфіка праяўляецца, перш за ўсё, у спосабе злучэння чалавека з умовамі дзейнасці, іншымі людзьмі і супольнасцямі, у тыпе ўласнасці, характары абмена дзейнасцю, спосабе размеркавання і спажывання яе вынікаў. Усё гэта, у канчатковым выніку, вызначае сутнасць вытворча-эканамічных адносінаў, якія складваюцца ў вырашальнай сферы чала­вечай дзейнасці – у матэрыяльнай вытворчасці. Яны складаюць аб’ектыў­ныя ўмовы разнастайнай дзейнасці людзей. Грамадскія адносіны – галоўнае, што адрознівае сацыяльныя сістэмы ад іншых утварэнняў матэрыяльнага свету. Менавіта яны ператвараюць індывіда ў грамадскага чалавека, жыццядзейнасць людзей у грамадскую жыццядзейнасць, нада­юць сацыяльнае значэнне прыродным прадметам і працэсам.

Грамадскія адносіны носяць безасабовы характар, паколькі ў іх выяў­ляюцца істотныя сацыяльныя сувязі паміж сферамі жыццядзейнасці лю­дзей, відамі працы і супольнасцей. Пры гэтым аб’ектыўныя заканамер­насці не залежаць ад канкрэтных індывідаў, якія ўступаюць у адносіны адзін з другім і персаніфікуюць іх сувязі. Безасабовасць, аб’ектыўнасць грамадскіх адносін асабліва відавочная ў сферы раздзялення працы: педагог, інжынер, шафёр, токар паюць патрэбу ў «абмене дзейнасцю», яе прадуктамі незалежна ад таго, якая канкрэтная асоба выступае ў гэтых прафесійных ролях. Пры гэтым, аднак, якасць прадуктаў, вынікаў работы не абыякавая для кожнага з іх, і ў ім, безумоўна, выяўляюцца індывіду­альныя здольнасці работнікаў і іх адносіны да справы.

Разгляданне грамадства ў якасці сукупнасці грамадскіх адносін да­зваляе, па-першае, падыходзіць да яго канкрэтна гістарычна, па-другое, выявіць спецыфіку галоўных сфер грамадскага жыцця (эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага), па-трэцяе, называць суб’екты сацыяльных стасункаў (асоба, сям’я, група, клас, партыя, дзяржава і інш.).

Грамадскія адносіны разнастайныя: выдзяляюць эканамічныя, сацы­яльна-палітычныя, прававыя, маральныя і іншыя грамадскія адносіны. У далейным пры вывучэнні розных сфер жыцця чалавека і грамадства мы будзем аналізаваць канкрэтныя віды грамадскіх адносін і дзейнасці. Катэгорыя «грамадскія адносіны» дазваляе вывучаць сацыяльнае жыццё як працэс.

Дзейнасць і грамадскія адносіны з’яўляюцца неабходнымі бакамі адзінства і ўзаемасувязі асобы і грамадства і ні адзін з гэтых бакоў не можа замяніць іншага: аналіз дзейнасці выяўляе дынаміку, развіццё функцый і здольнасцей грамадскага чалавека, аналіз грамадскіх адносін – рухаючыя сілы, кірунак дзейнасці, гістарычныя формы і законы яе развіцця і стымуляцыі.

Такім чынам, грамадства ўзнікае і існуе пры ўзаемадзеянні двух фактараў: дзейнасці і грамадскіх адносін. Пры вызначэнні грамадства ў цэлым, можна сказаць, што гэта ёсць дынамічная, гістарычна самаразві­вальная сістэма грамадскіх адносінаў паміж людзьмі, паміж чалавекам і светам (прыродай).

Аналізуючы спецыфіку сацыяльнага руху, неабходна звярнуць асаблі­вую ўвагу на тое, што ён заўсёды становіць сабой пэўнае спалучэнне матэрыяльнага і ідэальнага, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, стыхійнага і свя­домага. Гэта звязана ўжо з тым, што ў грамадстве, у адрозненне ад прыроды, дзейнічаюць людзі, надзеленыя свядомасцю і воляй. Іх учынкі заўсёды мэтанакіраваныя, яны не залежаць ад таго, робяцца яны абдумана ці пад уплывам сваіх схільнасцей. Разам з тым, як адзначаў яшчэ Гегель, у дзеяннях людзей змяшчаецца і тое, што ніколі не ўваходзіла ў іх намеры.

У дзейнасці найбольш выразна выяўляецца ўзаемасувязь проці­леглых тэндэнцый. І гэта не выпадкова: менавіта яна выступае спецы­фічным спосабам існавання і змянення сацыяльнай рэчаіснасці. Яна пранізвае ўсе кампаненты грамадскай сістэмы, пачынаючы ад чалавека і заканчваючы прадметамі «другой» прыроды. Адпаведна разнастайныя і формы дзейнасці. Да іх адносяцца, перш за ўсё сама «жывая» дзейнасць, якая выступае ў форме руху. Але гэта і яе аб’ектываваныя вынікі – прадукты дзейнасці, якія валодаюць прадметнай формай, і грамадскія адносіны як формы сувязі людзей паміж сабой. З іншага боку, дзейнасць – гэта не што іншае, як чалавечыя дзеянні. Чалавек з’яўляецца носьбітам і суб’ектам усіх сацыяльных змяненняў. Таму і свядомась (мэты, ідэалы, ацэнкі) неаддзельныя ад дзейнасці.

Першасны і другасны ўзроўні грамадскага жыцця адлюстроўваюцца з дапамогай суадносных парных катэгорый, сярод якіх неабходна вылу­чыць «грамадскае быццё» і «грамадскую свядомасць», «матэрыяльныя грамадскія адносіны» і «ідэалагічныя адносіны», «эканамічны базіс» і «надстройка». Паколькі ў гэтых суадносінах катэгорый гутарка ідзе пра адлюстраванне адной і той жа альбо першаснай, альбо другаснай дзейнасці грамадскіх індывідаў, пастолькі змест гэтых катэгорый пранікае адзін у другі. Адпаведна грані, якія раздзяляюць гэтыя катэгорыі, – умоў­ныя і адносныя. Важна пры гэтым падкрэсліць, што кожная пара катэгорый дае цэласную характарыстыку грамадскага жыцця. Таму адрозненне паміж імі заключаецца не ў фармальна-лагічным аб’ёме і змесце, не ў тым, што яны ўключаюць і выключаюць (хоць гэта таксама мае важнае значэнне), а ў аспектах адлюстравання імі грамадскіх з’яў.

Але для таго, каб выстраіць тэарэтычную карціну грамадства як сама­развівальнага арганічнага цэлага, адзінства разнастайных кампанентаў, неабходны змястоўны аналіз катэгорый, пры дапамозе якіх даецца разгорнутае дыялектыка-матэрыяльнае вырашэнне асноўнага пытання філасофіі ў прымяненні да грамадства.

Сярод гэтых катэгорый выдзяляюцца як найбольш агульныя, аб­страктныя, а таму і зыходныя паняцці «грамадскае быццё» і «грамадская свядомасць».

Грамадскае быццё – філасофская катэгорыя, якая абазначае сукупнасць матэрыяльных адносінаў людзей да прыроды і адзін да аднаго, незалежных ад іх свядомасці, і ў канчатковым выніку яны ж і вызначаюць гэту свядомасць. Распрацоўка класікамі марксізму катэгорыі грамадскага быцця мела вырашальнае значэнне для пераадолення ідэалістычнай і натураластычнай трактовак грамадскага развіцця, для матэрыялістыч­нага вырашэння асноўнага пытання філасофіі ў прымяненні да грамадства і тым самым для матэрыялістычнага разумення гісторыі.

Грамадская свядомасць становіць сабой ідэальнае адлюстраванне грамадскага быцця, г. зн. тыя ідэі, тэорыі, погляды, уяўленні, пачуцці, на­строі, прывычку і традыцыі, у якіх людзям дадзена матэрыяльнае жыццё грамадства і ўся сістэма грамадскіх адносін.

Метадалагічнае значэнне закона першасці грамадскага быцця і дру­гаснасці грамадскай свядомасці заключаецца ў тым, што ў ім канкрэтызу­ецца ў прымяненні да гісторыі чалавечага грамадства асноўнае пытанне філасофіі. Закон патрабуе пры аналізе усіх грамадскіх з’яў зыходзіць з іх матэрыяльных прычын, якія ўтвараюць у канчатковым выніку сапраўдныя рухаючыя сілы гісторыі. Ён не дапускае звядзення матэрыяльнага да ідэальнага. Ва ўсіх выпадках ён патрабуе ўлічваць «аб’ектыўны змест», «аб’ектыўную логіку» гістарычнага працэсу, г.зн. незалежнасць грамад­скага быцця ад грамадскай свядомасці. Па сваёй сутнасці гэты закон абазначае самае паслядоўнае прымяненне філасофскага матэрыялізму да галіны гісторыі.

Гэтыя катэгорыі выражаюць абсалютнае проціпастаўленне матэры­яльнага і ідэальнага ў грамадстве як першаснага і другаснага, незалеж­нага і залежнага, вызначаючага і вызначальнага. Гэтыя паняцці не прэтэн­дуюць на вычарпальнае вызначэнне грамадскага жыцця. Яны толькі тлу­мачаць вытокі сацыяльных з’яў, адзначаючы, што быццё людзей вызначае іх свядомасць, і што грамадская свядомасць адлюстроўвае грамадскае быццё.

Устанавіўшы залежнасць грамадскай свядомасці ад грамадскага быцця, ідэальнага ад матэрыяльнага, ходу ідэй ад ходу рэчаў, Маркс раздзяліў грамадскія адносіны на матэрыяльныя і ідэалагічныя.

Першая пара катэгорый характарызуе спецыфіку фарміравання першасных і другасных сацыяльных сувязяў. Сувязі першага ўзроўню – матэрыяльныя адносіны – складваюцца апроч волі і свядомасці чалавека: людзі ўступаюць у вытворчыя (матэрыяльныя адносіны), нават не ўсведамляючы, што тут маюцца грамадска-вытворчыя адносіны.

Матэрыяльныя адносіны таму і матэрыяльныя, што рэалізуючы іх, грамадства ўзнаўляе сябе як «уласнае цела», забяспечвае саму магчы­масць свайго існавання. Гэтыя адносіны выражаюць у першую чаргу ўласцівую менавіта чалавечаму грамадству форму абмена рэчываў паміж ім і прыродай. Другасныя – ідэалагічныя адносіны, яны валодаюць пэўнай аб’ектыўнай логікай функцыянавання, тым не менш заўсёды папярэдне ўсведамляюцца людзьмі. Гэта тыя віды дзейнасці, у рамках якіх людзі дзейнічаюць адпаведна сваім мэтам, свайму разуменню.

Ідэалагічныя адносіны і звязаныя з імі сацыяльныя з’явы ад матэры­яльных адносінаў? ператварае апошнія ў базіс грамадства, яго экана­мічную структуру. Гэта першасная структура з прычыны яе матэрыяль­насці дазваляе прымяніць да даследавання грамадскага жыцця агульна­навуковыя крытэрыі, вывучыць спецыфічныя сацыяльныя законы. У той жа час яна дае магчымасць растлумачыць у канчатковым выніку ўсю надбудову грамадства.

Катэгорыі «базісу» і «надбудовы» маюць важнае метадалагічнае значэнне перш за ўсё тым, што дазваляюць канкрэтызаваць вырашэнне асноўнага пытання сацыяльнай філасофіі аб суадносінах грамадскага быцця і грамадскай свядомасці, нацэльваць даследчыка грамадскага жыцця матэрыялістычным разуменнем грамадскіх з’яў у адносінах да іх матэрыяльнай асновы, базісу, дзе корань крыніцы і прычыны ўзнікнення і развіцця ідэалагічных з’яў, а таксама агульныя заканамернасці іх развіц­ця. Акрамя таго, гэтыя катэгорыі даюць больш разгорнутую характарыс­тыку грамадства як сістэмы, раскрываюць субардынацыю важнейшых элементаў яго агульнай структуры. Але і яны не ахопліваюць усёй разна­стайнасці кампанентаў грамадскага жыцця і іх узаемасувязей. Каб наблі­зіцца да такога ўзроўню даследавання, трэба звярнуцца да вывучэння асноўных сфер грамадскага жыцця.

Асновы іх дыферэнцыяцыі выкладзены ў вядомым палажэнні К. Маркса, згодна з якім, спосаб вытворчасці матэрыяльнага жыцця абу­моўлівае сацыяльны, палітычны і духоўны працэсы жыцця наогул. У адпа­веднасці з ім у грамадстве выдзяляюцца: 1) матэрыяльна-вытворчая; 2) сацыяльная; 3) палітычная; 4) духоўная сферы. Кожная з іх становіць сабой адносна самастойную падсістэму сацыяльнай рэчаіснасці, займае ў ёй пэўнае месца і выконвае адпаведныя функцыі.

Важна адзначыць, што ў кожнай сферы прысутнічаюць і матэрыяль­ныя і ідэальныя моманты. Іх суадносіны носяць характар адноснага, а не абсалютнага проціпастаўлення. І па меры пераходу ад эканамічнай сферы да духоўнай узрастае роля і значэнне свядомасці як унутры кожнай сфе­ры, так і пры ўплыве яе на іншыя галіны грамадскага жыцця. Сказанае не азначае адмаўлення значнасці матэрыяльных кампанентаў. Толькі пры іх пасрэдніцтве адбываюцца рэальныя змяненні ў грамадстве. Спосабам сувязі, пераводу ідэальнага ў матэрыяльнае з’яўляецца практыка.

У адрозненне ад пазнання практыка мае сваім вынікам аб’ектыўна-рэальнае змяненне рэчаіснасці. Але адначасова практыка – мэтазасна­вальная дзейнасць людзей, а таму мае і суб’ектыўны бок. Таму пры аналізе практыкі трэба ўлічваць асаблівасці як суб’екта, так і аб’екта.

Трэба мець на ўвазе, што ў прымяненні да сацыяльнай рэчаіснасці аб’ектыўнае не тоеснае матэрыяльнаму. Аб’ектыўнае – гэта не толькі тое, што знаходзіцца па-за свядомасцю, але і тое, што не залежыць ад свядо­масці. Да апошняй адносіцца, напрыклад, нават такі змест грамадскай свядомасці, які з’яўляецца спантаннай рэакцыяй людзей на змяненне умоў іх жыцця. Таму аб’ектыўнымі выступаюць і натуральныя, і сацыяльныя ўмовы жыцця людзей, і матэрыяльныя, і сацыяльна-палітычныя, і духоўныя.

Важнае месца ў сістэме аб’ектыўных умоў займаюць сацыяльныя законы і грамадскія адносіны людзей, менавіта яны вызначаюць сацыяль­нае становішча, патрэбы і інтарэсы грамадскіх суб’ектаў, а адпаведна, рамкі магчымасцей іх дзеянняў.

Паколькі дзейнасць людзей заўсёды свядомая, суб’ектыўны фактар пастаянна ўдзельнічае ў жыцці грамадства. Але сіла і глыбіня яго ўздзе­яння на гістарычныя змены розныя ў залежнасці ад ступені свядомасці і арганізаванасці сацыяльных дзеянняў. Па меры таго, як павышаецца ўзровень усведамлення суадносін бліжэйшых і канчатковых мэт усё больш шырокімі масамі людзей, класаў, сацыяльных груп, узрастае і значэнне суб’ектыўнага фактару. Адпаведна змяняюцца формы сацыяльных пра­цэсаў, паскараюцца тэмпы і павялічваюцца маштабы развіцця грамадства.

Такім чынам, катэгорыі аб’ектыўных умоў і суб’ектыўнага фактару выконваюць важную пазнавальную, тэарэтыка-метадалагічную функцыю. Калі такія катэгорыі, як «грамадскае быццё» і «грамадская свядомасць», «матэрыяльныя і ідэалагічныя адносіны, «базіс і надбудова», служаць для тлумачэння структуры грамадства, то ў пэўнай меры катэгорыі «аб’ектыў­ных умоў» і «суб’ектыўнага фактару», якія стаяць з імі ў адным шэрагу, раскрываюць працэс змянення грамадскіх адносін. Гэтыя катэгорыі непасрэдна ўказваюць на тое, як здзяйсняецца гістарычны працэс прагрэ­сіўнага пераўтварэння грамадства чалавекам, як чалавек змяняе ўмовы свайго быцця. Катэгорыі «матэрыяльных і ідэалагічных адносінаў», «базісу і надбудовы» па сутнасці статычныя, іх процілегласць абсалютная: свядо­масць не можа быць тоесная быццю, а базіс страціць сваю матэрыяль­насць. Аб’ектыўныя ўмовы таксама з’яўляюцца вызначальнымі ў адносінах да суб’ектыўнага фактару. Гэтым катэгорыям уласцівы дынамізм самога рэальнага жыцця, дзе назіраецца складанае дыялектычнае ўзаема­дзеянне аб’ектыўнага і суб’ектыўнага. Прычым, пры пэўных абставінах, калі ў наяўнасці складзеныя аб’ектыўныя ўмовы, сталасць суб’ектыўнага фактару ператвараецца ў вырашальную сілу, ад якой залежыць далейшы ход гістарычных падзей.

Такое дыялектычнае ўзаемадзеянне паміж аб’ектыўнымі ўмовамі і суб’ектыўным фактарам у гісторыі.

Выдзяленне вытворчых адносін як эканамічнай асновы грамадскага жыцця дазволіла К. Марксу ўпершыню прымяніць крытэрый паўтараль­насці да з’яў гісторыі. Гэта і з’явілася ўмовай адкрыцця грамадскай закана­мернасці.

Грамадская заканамернасць – аб’ектыўна існуючая неабходная, істотная, якая паўтарае сувязь з’яў грамадскага жыцця, выражае паступальнае развіццё гісторыі. Неабходнасць, такім чынам, існуе ў пры­родзе і ў грамадстве ў форме аб’ектыўных законаў. Значыць, заканамер­насць ёсць выражэнне неабходнасці. Поспех свядомай дзейнасці людзей забяспечваецца тады, калі гэта дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі гістарычнымі законамі (г. зн. заканамернасць, неабход­насць з’яўляецца першаснай аб’ектыўнай асновай, на якой разгортваецца дзейнасць людзей).

Гістарычная заканамернасць і свядомая дзейнасць людзей дыялек­тычна ўзаемазвязаны. Гістарычная заканамернасць – аб’ектыўная аснова дзейнасці людзей толькі ў тым сэнсе, што закон незалежны ад свядомасці і волі людзей. Грамадская заканамернасць з’яўляецца зместам гістарыч­нага працэсу, а дзейнасць людзей з’яўляецца формай яе праяўлення.

Гэта дзейнасць (як форма праяўлення неабходнасці) можа быць стыхійнай, свядомай, свабоднай.

Стыхійная – калі людзі не ўсведамляюць аб’ектыўнага складвання грамадскіх наступстваў сваіх дзеянняў і маюць на ўвазе бліжэйшыя мэты.

Свядомая будуецца на адпаведнасці індывідуальных мэтаў агульным мэтам усяго грамадства, калі людзі дзейнічаюць з веданнем справы, разумеюць і прадбачаць тыя грамадскія наступствы, якія выні­каюць з іх дзеянняў, учынкаў. Стыхійнасць і свядомасць як формы грамад­скай дзейнасці ёсць выражэнне розных адносінаў людзей да неаб­ходнасці. Стыхійны элемент уяўляе сабой, па сутнасці, не што іншае, як зачаткавую форму свядомасці.

Грані паміж імі рухомыя, дыялектычныя. І выражэннем гэтага з’яўля­ецца свабода. Менавіта яна і характарызуе здольнасць людзей прымаць рашэнні з веданнем справы на аснове пазнанай неабходнасці. Свабода – вышэйшае выражэнне свядомасці, а неабходнасць – заканамерны тып сувязі з’яў, якая вызначаецца іх устойлівай унутранай асновай, і сукуп­насць існуючых умоў іх узнікнення, існавання і развіцця. Свабода, такім чынам, прысутнічае ў неабходнасці, а неабходнасць рэалізуецца праз свабоду выбару.

Існуюць дзве ўмовы ажыццяўлення свабоды. Па-першае, чалавек робіць выбар на свой страх і рызыку. На яго кладзецца поўная адказнасць за тое, як ён скарыстае свабоду. Па-першае, свабода аднаго не павінна шкодзіць свабодзе і інтарэсам іншых людзей. Інакш кажучы, свабода не з’яўляецца абсалютнай і неабмежаванай. Яе межы, г.зн. парадак карыс­тання ёю, вызначаюцца законам. Закон – агульнапрызнанае і безасабо­вае, г. зн. яно не залежыць ад асабістых меркаванняў і жаданняў,– устанаўленне права.

Свабода выражаецца ў дадзеных асобе правах, абавязках, адказ­насці. Адказнасць выступае як сацыяльна-маральны рэгулятар узаема­сувязі асобы і грамадства. Сутнасць сацыяльнай дыялектыкі выражаецца, такім чынам, ва ўзаемнай адказнасці.

Аснову свабоды асобы складаюць:

  • эканамічнае вызваленне ад гнёту;

  • разумная арганізацыя эканомікі і натуральная патрэба ў рас­крыцці магчымасцей асобы.

Свабода ўключае ў сябе:

– пазнанне законаў;

– пазнанне законаў грамадскага развіцця;

– пазнанне самога сябе.

Крытэрыем дасягнутай свабоды з’яўляецца грамадска-гістарычная практыка. Пакуль мы не ведаем закона прыроды і грамадства, ён існуе і дзейнічае без нас, па-за нашым пазнаннем, робіць нас рабамі сляпой неабходнасці, але калі мы даведаемся пра гэты закон, то мы – «паны» прыроды і грамадскіх адносін. Але пры гэтым свабода не з’яўляецца раз і назаўсёды дадзенай велічынёй, яна носіць гістарычны характар. Аб’ектыўны змест свабоды змяняецца з пераходам ад адной ступені развіцця грамадства да другой, больш прагрэсіўнай.

Аднак дыялектыка развіцця свабоды і гісторыі грамадства носіць складаны і супярэчлівы характар. Так, з развіццём прамысловасці і навукі ўлада чалавека над сіламі і законамі прыроды пастаянна ўзрастае, а што датычыць грамадскіх адносінаў, то тут, нягледзячы на пэўны прагрэс, чалавек заўсёды знаходзіцца ў той ці іншай форме залежнасці ад іншага чалавека. Свабода паводзін чалавека заўсёды абмяжоўваецца гістарыч­нымі магчымасцямі. Катэгорыя свабоды раскрываецца ў такіх канкрэтных праявах як свабода слова, свабода друку, свабода асобы, свабода вера­вызнання і г. д. Выдзяляюць таксама два дыялектычна ўзаемазвязаныя аспекты свабоды: суб’ектыўны і аб’ектыўны, інакш кажучы – унутраны і знешні.

У гісторыі філасофіі, напрыклад, у працах Аўгустына, быў сфармуля­ваны пункт гледжання гістарычнага фаталізму, згодна з якім гістарычнае развіццё прадвызначаецца лёсам, а дзейнасць чалавека нічога не можа змяніць у гісторыі; тым самым ён выключаў свабодны выбар і лічыў кожны ўчынак непазбежнай рэалізацыяй прадвызначанасці.

Другі кірунак звязаны з валюнтарызмам у разуменні грамадскага развіцця (Шапенгауэр, Ніцшэ і інш.) і заключаецца ў адмаўленні аб’ектыў­нага характару законаў і ў прызнанні вырашальнага значэння чалавечай ці Боскай волі ў гісторыі. Валюнтарызм, такім чынам, абсалютызуе свабоду волі, даводзіць яе да самадурства.

Значыць, грамадскае жыццё можна даследаваць у розных аспектах. Яны нераўназначныя, адыгрываюць неаднолькавую ролю ў гісторыі ў цэлым ці ў асобных сферах грамадскага жыцця, ва ўзнікненні, структуры, функцыянаванні ці развіцці грамадства альбо канкрэтных яго кампанентаў.

Адзінай дэтэрмінанты розных сацыяльных змяненняў няма і быць не можа, але агульная для ўсіх – існуе. Гэта сацыяльныя супярэчнасці ў іх разнастайных відах і формах. Дзякуючы супярэчнасцям сацыяльны рух выступае як самарух. Грамадства з’яўляецца, такім чынам, самаразвіваль­най сістэмай. Побач з гэтым у складанай, узаемазвязанай, шматмернай сістэме фактараў, дэтэрмінуючых грамадскае жыццё, выдзяляецца фактар, які ў канчатковым выніку вызначае ўсе астатнія. Ён знаходзіцца ў матэрыяльна-вытворчай сферы жыцця грамадства і становіць сабой эканамічную неабходнасць. Такім чынам, у гісторыі неабходным з’яўля­ецца тое і толькі тое, што народжана чалавечай свабодой і вядзе да далейшага развіцця апошняй.

Жыццядзейнасць чалавека ажыццяўляецца ў розных сферах грамад­скага быцця: эканамічная, сацыяльная, палітычная, духоўная.

11.4. Падсістэмы грамадства