Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

12.2. Палітычная ўлада і сацыяльны інтарэс

П

Палітычная ўлада і сацыяльны інтарэс

12.2

алітычная ўлада з’яўляецца цэнт­ральнай катэгорыяй сацыяльнай філасофіі. Па сутнасці, усе праблемы, вывучаемыя сацыяльнай філасофіяй, становяць сабой розныя аспекты палітычнай улады, знешняе формаўтварэнне, механізмы яе функцыяна­вання і развіцця. Вядомы амерыканскі вучо­ны Т. Парсонс параўноўвае месца ўлады ў аналізе палітычнай сістэмы з тым, якое месца займаюць грошы ў эканамічнай сістэме. І гэта так, бо ўлада выступае і мэтай, і сродкам ажыццяўлення палітыкі.

Перш, чым высвятляць сутнасць палітычнай улады, разгледзім пры­роду ўлады як грамадскага феномена. Гэтым мяркуецца наяўнасць нейкіх адзіных родавых пачаткаў уладных адносінаў (функцыя, механізм дзейнасці, патрэба). Канкрэтныя віды ўлады рэалізуюць іх у спецыфічных формах.

Большасць вучоных падкрэсліваюць натуральны характар улады. Адныя бачаць гэта ў адвечным імкненні чалавека да ўлады. Хоць ёсць людзі, якія заўсёды імкнуцца да ўлады, а іншыя – падпарадкоўвацца. Большасць людзей у адных сітуацыях лягчэй падпарадкоўваюцца, а ў іншых – камандуюць. Ёсць тып людзей, якія наогул пазбягаюць улад­ных адносінаў. Некаторыя даследчыкі ўлады адзначаюць, што яна з’яўля­ецца выражэннем аб’ектыўнай неабходнасці ў арганізацыі, самарэгуляцыі і захаванні цэласнасці любой сацыяльнай сістэмы, таму што ў ёй заўсёды існуюць розныя інтарэсы. Узнікае патрэба ў супадпарадкаванасці гэтых інтарэсаў для забеспячэння агульных інтарэсаў у сацыяльнай супольнасці. Натуральна-гістарычны характар улады праяўляецца таксама ў яе пера­емнасці. Улада не знікае ніколі, яна можа перадавацца, аднімацца, пераўтварацца. Трэба ўлічваць і такую асаблівасць як канкрэтна-гістарыч­ную натуральнасць улады, што прасочваецца праз прызму шматмернасці, варыятыўнасці яе канстытуіравання і развіцця. Сутнасць уладных адносін – адносіны субардынацыі, загаду – падпарадкавання. Воля, навязванне волі выступаюць у якасці перадатачнага механізму ў ажыццяўленні ўлады. Выкарыстанне волі як ключавога паняцця ў вызначэнні ўлады характэрна для нямецкай палітычнай улады. Паводле класічнага вызначэння М. Вебера ўлада становіць сабой «любую магчымасць праводзіць унутры дадзеных грамадскіх адносін уласную волю, нават насуперак супраціў­ленню, без залежнасці ад таго, на чым такая магчымасць грунтуецца».

Палітычная ўлада, як і любая іншая ўлада, азначае здольнасць і права адных сацыяльных суб’ектаў ажыццяўляць сваю волю ў адносінах да іншых, камандаваць і кіраваць іншымі, абапіраючыся на аўтарытэт, сілу і права. Але разам з тым яна мае ў адрозненне ад іншых формаў улады сваю спецыфіку. У трактаце «Палітыка» Арыстоцель упершыню разводзіць пануючую і сямейную ўладу з паняццем улады грамадскай ці палітычнай. У першабытным грамадстве ўлада яшчэ не насіла палітычны характар, таму што яна належала ўсяму грамадству. Яшчэ няма жорсткіх адроз­ненняў паміж кіраўніком і тым, кім кіруюць. Універсальнымі рэгулятарамі паводзін выступаюць векавыя звычаі, традыцыі і аўтарытэт. Па меры паглыблення сацыяльнай дыферэнцыяцыі ў грамадстве з’яўляюцца супярэчнасці паміж вялікімі групамі людзей (класаў), узнікаюць розныя інтарэсы і неаднолькавае сацыяльнае становішча. Тады і ўзнікае палітыч­ная ўлада, закліканая забяспечыць парадак на аснове прыналежнасці чалавека, групы да дадзенай тэрыторыі, сацыяльнай катэгорыі, адданасці ідэі. Палітычная ўлада ажыццяўляецца заўсёды меншасцю, элітай. Такі від улады ўзнікае на аснове злучэння, узаемасувязі двух кампанентаў: лю­дзей, якія сканцэнтроўваюць у сабе ўладу, і арганізацый, праз якія ўлада рэалізуецца. Адметнымі прыкметамі палітычнай улады з’яўляюцца:

– вяршэнства, абавязковасць яе рашэнняў для ўсяго грамадства і, адпаведна, для ўсіх іншых відаў улады. Яна можа абмежаваць уплыў іншых формаў улады, паставіўшы іх у разумныя межы, альбо зусім скасаваць іх;

– усеагульнасць, г. зн. публічнасць. Гэта азначае, што палітычная ўлада дзейнічае на аснове права ад імя ўсяго грамадства і абавязковая для ўсіх;

– легальнасць у выкарыстанні сілы і іншых сродкаў для забеспячэння арганізаванага прымусу ў межах краіны;

– монацэнтрычнасць, г. зн. існаванне агульнадзяржаўнага цэнтра (сістэмы ўладных органаў) прыняцця рашэнняў;

– найшырэйшы спектр выкарыстоўваемых сродкаў для заваявання, утрымання і рэалізацыі ўлады.

Палітычная ўлада ўключае дзяржаўную ўладу, уладу органаў рэгіянальнага і мясцовага самакіравання, уладу палітычных партый, палі­тычных лідэраў і г. д. Вышэйшым узроўнем, ядром палітычнай улады з’яўляецца дзяржаўная ўлада. Спецыфіка дзяржаўнай улады палягае ў тым, што, па-першае, яна ажыццяўляецца спецыяльным апаратам, які мае на гэта паўнамоцтвы ад усяго грамадства; па-другое, яна рэальная на тэрыторыі, на якую распаўсюджваецца дзяржаўны суверэнітэт; па-трэцяе, прэрагатывай дзяржавы з’яўляецца заканадаўства, правасуддзе, выкарыс­танне ў выпадку неабходнасці інстытуалізаванага прымусу. Выкладзеныя вышэй суадносіны палітычнай і дзяржаўнай улад не заўсёды могуць вытрымлівацца. Палітычная ўлада іншы раз пашыраецца і за межы кампетэнцыі дзяржаўных органаў. Скажам, улада палітычнай апазіцыі ці мафіёзных структур пры пэўных абставінах робіцца больш уплывовай, чым афіцыйная дзяржаўная ўлада, і аказвае вырашальнае ўздзеянне на прымаемыя рашэнні і паводзіны грамадзян. У сучаснай прававой дзяр­жаве дарэчы і сумяшчэнне паняццяў дзяржаўнай і палітычнай улады, так існуюць надзейныя механізмы папярэджання фарміравання нелегальных цэнтраў улады, а палітычная ўлада ў найбольш поўнай форме рэалізуе сацыяльныя і групавыя інтарэсы праз дзяржаўныя органы кіравання. Такім чынам, палітычная ўлада выражае рэальную здольнасць суб’ектаў палі­тыкі праводзіць сваю волю ў адносінах да іншых сацыяльных суполь­насцей у імя розных мэт (як сацыяльна значных, так і асабістых).

Асаблівую цікавасць мае дзейсны аспект палітычнай улады. Ён можа быць абмеркаваны як з пункту гледжання зместу, так і механізму ажыццяў­лення ўлады. Перш за ўсё, улада абавязана рэалізоўваць грамадска значныя функцыі:

– падтрыманне грамадскага парадку і стабільнасці;

– выяўленне, абмежаванне і вырашэнне канфліктаў;

– дасягненне грамадскай згоды;

– улік узаемазалежнасці ўладных і іншых адносін у грамадстве;

– насілле альбо прымус у імя захавання стабільнасці грамадства і сацыяльна значных мэтаў.

Працэс ажыццяўлення ўлады ўключае некалькі этапаў. Па-першае, этап прадстаўлення палітычных інтарэсаў, калі ўлада назапашвае і аба­гульняе патрабаванні і запыты грамадзян. Другі этап – прыняцце рашэн­няў. Улада выдзяляе найбольш значныя праблемы, разглядае магчымыя альтэрнатывы рашэнняў, выбірае парадак дзеянняў. Трэці этап – рэалі­зацыя палітычнай волі. Цяпер улада дабіваецца рэалізацыі прынятага рашэння. Яна як бы ператварае яго ў шэраг канкрэтных кіраўніцкіх рашэн­няў. Іх рэалізацыя патрабуе пэўнага механізму, асноўнымі элементамі якога з’яўляюцца суб’ект і аб’ект улады, рэсурсы, метады і формы.

Магчымасці ўлады залежаць ад яе рэсурсаў. У шырокім сэнсе рэсурсы ўлады становяць сабой «усё тое, што індывід ці група могуць выкарыстоўваць для ўплыву на іншых». Рэсурсы ўлады такія ж разна­стайныя, як і сродкі задавальнення розных патрэб і інтарэсаў людзей. Для выдзялення розных відаў рэсурсаў улады шырока распаўсюджана класіфі­кацыя яе рэсурсаў у адпаведнасці з важнейшымі сферамі жыццядзейнасці: эканамічныя рэсурсы, сацыяльныя рэсурсы, культурна-інфармацый­ныя рэсурсы, прымусовыя (сілавыя) рэсурсы.

Выкарыстанне рэсурсаў улады прыводзіць у рух усе яе кампаненты, робіць рэальнасцю яе працэс, які праходзіць па наступных этапах (формах); панаванне, кіраўніцтва, арганізацыя і кантроль. Панаванне заснавана на раздзяленні грамадства на тых, хто кіруе і тых, кім кіруюць, г. зн. тых, хто ажыццяўляе палітычную ўладу і тых, у адносінах да каго яна ажыццяўляецца. Гэтыя адносіны дапускаюць пэўную дыстанцыю паміж імі і падпарадкаванне адных другім. У панаванні заўсёды прысутнічае загад і мяркуемае яго выкананне. Панаванне звычайна атрымлівае заканадаў­чае афармленне ў дзяржаўна-прававых актах. Кіраўніцтва заключаецца ў выпрацоўцы і прыняцці прынцыпова важных для грамадства ў цэлым рашэнняў, у вызначэнні яго мэт, планаў і стратэгічных перспектыў. Кіраванне ажыццяўляецца праз непасрэдную практычную дзейнасць па рэалізацыі прынятых кіраўніцтвам рашэнняў. Канкрэтнай кіруючай дзей­насцю заняты звычайна адміністратыўны (бюракратычны) апарат, чыноў­ніцтва. Арганізацыя мяркуе ўзгадненне, упарадкаванне, забеспячэнне ўзаемасувязі асобных людзей, груп, класаў, іншых супольнасцей. Кантроль забяспечвае захаванне сацыяльных нормаў, правілаў дзейнасці людзей і сацыяльных груп у грамадстве. Кантроль таксама выконвае ролю зваротнай сувязі, з дапамогай якой улада сочыць за тым, якія наступствы маюць яе кіраўніцкія ўздзеянні.

Інтэгральным паказчыкам дзейнасці палітычнай улады з’яўляецца яе эфектыўнасць, г. зн. рэзультатыўнасць улады, якая характарызуе ступень выканання ёю сацыяльных функцый. Дзеяздольнасць і эфектыўнасць ула­ды ў многім залежаць ад яе легітымнасці. М. Вебер вызначыў тры асноў­ныя прынцыпы легітымнасці: традыцыя, харызма, легальнасць. Традыцыйная ўлада заснавана на веры ў свяшчэнны характар звычаяў, традыцый. Яны выступаюць асновай кіравання і паслушэнства ў грамад­стве, бо так было заўсёды. Такія грамадствы статычныя і могуць вякамі існаваць без змяненняў. Харызматычная ўлада распаўсюджана ў грамад­ствах, якія перажываюць карэнныя змены.

Сучасная беларуская дзяржаўнасць абапіраецца на харызматычную, а больш дакладна – асабістую мадэль легітымнасці. Між тым, сучасныя тыпы легітымнасці засноўваюцца на рацыянальных прынцыпах; прызнан­не ўлады моцай Канстытуцыі і законаў, а таксама здольнасць эфектыўна выконваць свае функцыі.

Эфектыўнасць функцыянавання палітычнай улады ў многім залежыць і ад стварэння сістэмы папярэджання канцэнтрацыі ўлады ў адных руках і злоўжыванне ёю. Дэмакратычны лад мяркуе раздзяленне панавання шляхам фарміравання мноства цэнтраў эканамічнага ўплыву і ажыццяў­лення паміж імі канкурэнцыі, недапушчэнне манапалізацыі сродкаў маса­вай інфармацыі, раздзяленне дзяржаўнай улады на заканадаўчую, судо­вую і выканаўчую і рэалізацыя прынцыпу стрыманасці і процівагі. Галоўнай жа гарантыяй дэмакратычнай улады можа стаць развітое грамадзянскае грамадства і прававая палітычная культура насельніцтва.