Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

Тэма 6 Філасофія прыроды

6 Паняцце прыроды 6.1 .1. Паняцце прыроды

Сістэма «прырода – чалавек – грамадства» існуе як адзінае цэлае ў сваім развіцці. Паняцце «прырода» ўжываецца ў трох асноўных зна­чэннях.

1) У шырокім сэнсе прырода ёсць усе існу­ючае, увесь свет у разнастайнасці яго формаў.

2) У больш вузкім сэнсе прырода разумеецца як сукупнасць, аб’ект прыродазнаўства.

3) Найбольш ужывальнае тлумачэнне прыроды – гэта разгляд яе як сукупнасці натуральных і створаных чалавекам матэрыяльных умоў яго існавання.

Чалавек, грамадства звязаны з прыродай у першую чаргу сваім паходжаннем. Грамадства ўзнікла з прыроды ў выніку працяглай яе эвалюцыі, у ходзе якой былі падрыхтаваны ўмовы для з’яўлення разумнай істоты – чалавека і чалавечага грамадства. Утварылася новая, сацыяль­ная форма руху матэрыі. Вырашальную ролю ў выдзяленні чалавека з прыроды адыграла праца, вытворчасць матэрыяльных дабротаў, якія сталі сапраўднай асновай існавання і развіцця грамадства. Праца з’яў­ляецца таксама асновай узнікнення і ўдасканалення свядомасці. Праца – мэтазгодная дзейнасць чалавека, скіраваная на прыстасаванне прадметаў прыроды да патрэбаў людзей. Узнікненне чалавечага грамадства ўяўляла сабой скачок, пераход да сацыяльнай формы руху матэрыі. Разам з тым яно знаменавала з’яўленне якасна новых, сацыяльных заканамернасцяў.

Прызнаючы ў жыццядзейнасці людзей праяўленне ў «знятым выгля­дзе» ўсіх іншых формаў руху матэрыі і асабліва падкрэсліваючы важнасць біялагічнага аспекта ў чалавеку, трэба разам з тым разглядаць чалавека як істоту сацыяльную.

Чалавечае грамадства, калі ўзнікла ў прыродзе, у пэўнай меры ада­собілася ад яе і выступае як новая якасць у гістарычным развіцці аб’ек­тыўнага свету. Такім чынам сувязь паміж грамадствам і прыродай ёсць дыялектычнае адзінства якасна розных з’яў.

І ўсё ж грамадства не зліваецца з прыродай, а супрацьстаіць ёй як якасна адрозная сістэма сацыяльных сувязяў. Асновай яго развіцця з’яў­ляецца не змяненне біялагічнага выгляду чалавека, а змяненне яго грамадскай прыроды.

Прыродзе і грамадству ўласцівы агульныя дыялектычныя законы раз­віцця. Аднак законы прыроды і законы грамадства дзейнічаюць у розных сферах і ўмовах і адрозніваюцца паміж сабой. Неабходна ўказаць на наступныя галоўныя адрозненні.

  1. Прырода існуе вечна, яна не мае пачатку і ёй не будзе канца. Таму сярод законаў прыроды ёсць некаторыя вечна дзеючыя законы. Напрыклад, закон захавання і ператварэння энергіі. Законы ж грамадства з’яўляюцца гістарычнымі і ўзніклі разам з ім.

  2. Законы прыроды доўгачасовыя. Напрыклад, законы развіцця рас­ліннага і жывёльнага свету (закон натуральнага адбору, закон спадчын­насці і інш., якія пачынаюць дзейнічаць з узнікненнем жывой прыроды). Законы развіцця грамадства нашмат больш за кароткачасовыя. Грамад­ства ўзнікла пазней за прыроду. Разам з узнікненнем грамадства пачы­наюць дзейнічаць і законы яго развіцця. Напрыклад, закон адпаведнасці вытворчых адносінаў характару і ўзроўню развіцця прадукцыйных сіл.

3. У грамадстве развіццё адбываецца нашмат хутчэй, чым у прыро­дзе. Адзін лад змяняецца іншым, а разам з гэтым змяняюцца і многія гра­мадскія законы. Грамадскія законы – гэта законы найбольш складанай формы руху матэрыі, якія абумоўліваюць прагрэсіўны характар грамадскага развіцця.

Паняцце прыроды і адносіны чалавека да яе гістарычна змяняліся, будучы цесна звязанымі з чалавечай практычнай дзейнасцю, з інтарэсамі, каштоўнасцямі, палітыкай, ідэалогіяй.

Выкарыстоўваецца паняцце прыроды ў шырокім і вузкім сэнсе гэтага слова. У шырокім сэнсе – гэта ўсё існуючае, матэрыя, узятая ва ўсёй раз­настайнасці яе формаў. У вузкім сэнсе прырода ёсць сукупнасць нату­ральных і створаных чалавекам умоў свайго існавання.

Для аналізу дзейнасці чалавека ў прыродзе і ўліку вынікаў гэтай дзей­насці ў філасофіі выкрыстоўваюцца паняцці «першая прырода» і «другая прырода».

«Першая» і «другая» прырода. Адносіны ў сістэме «грамадства – прырода». «Першая прырода» – гэта тое, што існавала і існуе «да», «па-за» і незалежна ад свядомасці чалавека, яго дзейнасці. Гэта аб’ектыўная і першасная рэальнасць. Без яе немагчымы жыццё і дзейнасць чалавека. «Другая прырода» – гэта «першая прырода», змененая чалавечай дзейна­сцю на аснове яго замыслаў, а таксама тое, што створана чалавекам. Ствараецца «другая прырода» ў працэсе працы, якая сама мае два ас­пекты – прыродны і сацыяльны – і выступае як сацыяльная форма абмену рэчываў з прыродай.

«Другая прырода» – гэта адзінства прыроднага матэрыялу і апрад­мечанага духоўнага (ідэальнага), апрадмечанай дзейнасці, якая набыла сацыяльнае прызнанне. Прадметы «другой прыроды», якія сталі рэаль­насцю, у сваю чаргу ўплываюць на чалавека, прадвызначаючы яго далей­шае жыццё, учынкі. «Другая прырода» – гэта комплексная прыродна-духоўна-сацыяльная рэальнасць. Гэта – прылады працы, акультураныя палі, гарады, творы мастацтва – уся матэрыяльная культура. Гэта прад­меты і з’явы, пагружаныя ў час і прастору чалавечага існавання, сацыяль­нае быццё.

Для таго каб «другая прырода» функцыянавала, задавальняючы па­трэбы чалавека, яна павінна быць пастаянна пад кантролем яго жывой працы.

Апошнім часам чалавек сваёй вытворчай дзейнасцю значна паскорыў развіццё працэсаў абмену рэчываў і энергіі ў біясферы Зямлі, узмацніўшы тым самым узаемасувязь краін, чалавецтва і прыроды.

Прыроднае асяроддзе, несумненна, з’яўляецца адным з пастаянных і неабходных умоў развіцця грамадства і яно, вядома, уплывае на развіццё грамадства: паскарае ці запавольвае ход развіцця грамадства. Але яго ўплыў не з’ўляецца вызначальным уплывам, таму што змяненні грамад­ства адбываюцца непараўнальна хутчэй, чым змяненні і развіццё прырод­нага асяроддзя. Для якіх-небудзь сур’ёзных зменаў прыроднага асяроддзя патрабуюцца мільёны гадоў, тады як для сур’ёзных зменаў грамадскага ладу дастаткова некалькі тысячагоддзяў. З гэтага вынікае, што прыроднае асяроддзе не можа служыць галоўнай, вызначальнай прычынай грамад­скага развіцця, бо тое, што застаецца амаль нязменным на працягу дзе­сяткаў тысяч гадоў, не можа служыць галоўнай прычынай развіцця таго, што перажывае карэнныя змены на працягу соцень гадоў. Не прырода, а матэрыяльная вытворчасць ёсць пастаянная аснова ўзнікнення, існа­вання і заканамернага прагрэсіўнага развіцця чалавечага грамадства.

Ці значыць гэта, што з узнікненнем грамадства прырода наогул пера­стае аказваць на развіццё грамадства хоць якое-небудзь уздзеянне? Прыродныя ўмовы адыгрываюць у матэрыяльным жыцці грамадства, па-першае, ролю натуральнага багацця – праз сродкі існавання: урадлівыя глебы, мноства рыбы ў водах, дзічыну, злакавыя расліны і г. д., па-другое, ролю натуральнага багацця – праз сродкі працы: энергію вады, карысныя выкапні і г. д. Першы від мае вырашальнае значэнне на ніжэйшых сту­пенях грамадскага развіцця, другі – на больш высокіх.

Натуральна, прыроднае асяроддзе аказвае ўплыў:

1) на размяшчэнне прамысловасці (ландшафт мясцовасці, наяўнасць карысных выкапняў, кліматычныя ўмовы, якімі абмоўлены фізіка-тэхнічныя параметры абсталявання з ухілам у «паўночны» ці «паўднёвы » варыянт, наяўнасць водаў);

2) на прадукцыйнасць працы. Пры іншых роўных умовах прадукцый­насць працы вышэйшая там, дзе натуральныя комплексы больш спрыяль­ныя для жыцця і працы чалавека, дзе залежы карысных выкапняў больш зручныя для распрацоўкі, дзе лепшыя натуральныя шляхі зносін. Рацыя­нальнае размяшчэнне прадукцыйных сіл заўсёды было і будзе важным фактарам развіцця вытворчасці, павышэння прадукцыйнасці працы;

3) на характар жылля, адзення, быту і здароўя чалавека;

4) на ўзнікненне і спецыфічныя рысы надбудовачных з’яў, у тым ліку да палітычнай надбудовы;

5) на сацыяльна-псіхалагчны воблік грамадства, г. зн. на яго менталітэт.

Уздзеянне грамадства на прыроднае асяроддзе вызначаецца харак­тарам грамадскага ладу, і ў першую чаргу ўзроўнем развіцця спосабу матэрыяльнай вытворчасці, дасягненнямі навукі і тэхнікі. Законы грамад­скага развіцця вызначаюць мэты і характар уздзеяння на прыроду. Не характар натуральнага асяроддзя вызначае характар сацыяльнага ася­роддзя, а наадварот, характар сацыяльнага асяроддзя вызначае характар натуральнага асяроддзя, якая ўцягваецца ў сферу працоўнай дзейнасці чалавека і якая адпаведна аказвае ўплыў на жыццё грамадства. Ва ўзаемадзеянні грамадства з прыродай актыўным бокам заўсёды выступае чалавек. З гэтага вынікае, што ступень панавання чалавека над прыродай залежыць не толькі ад узроўню развіцця вытворчых сіл, але і ад адпа­ведных грамадскіх адносін, якія абумоўліваюць сілу і ступень уздзеяння чалавека на прыроду. Пры гэтым сукупнасць прыродных фактараў, уплыў на гістарычны працэс змяняецца з прагрэсам грамадства.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што сувязі і ўзаемадзеянні грамадства і прыроды вельмі шматслойныя, досыць складаныя, супярэч­лівыя. Прыродны матэрыял не проста «ўцягваецца» ў прадметную дзей­насць і атрымлівае ў ёй функцыянальны характар, але і яшчэ адасабля­ецца, утвараючы квазінатуральныя сувязі і станы. Усё гэта сведчыць пра тое, што чалавек жыве ў пэўным сацыяльна-прыродным асяроддзі, якое ўвесь час пашыраючыся, паступова выходзіць за межы нашай планеты.

Адзначым асноўныя гістарычныя этапы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства:

  1. на першым этапе ўзаемадзеянне носіць лакальны характар, вылу­чаецца ў першую чаргу непасрэднымі прыроднымі ўмовамі творчасці. Пераўтвараюцца асобныя прыродныя макрацелы. Дамінуе сельская гас­падарка, абмен ідзе ў асноўным гатовай прадукцыяй. Месца знахожання сыравіны і вытворчасці супадаюць. Гэты этап ахоплівае першабытнае грамадства (ранні перыяд) і рабаўладальніцкі, а таксама феадальны лад (позні перыяд);

  2. на другім этапе сацыяпрыродным узаемадзеяннем ахопліваюцца вялікія рэгіёны. Узнікае машынная вытворчасць, удасканальваюцца транспартныя сродкі. Адбываецца ўскладненне структуры матэрыяльнай вытворчасці, сувязей паміж краінамі. Пераўтварэнне прыроды даходзіць да малекулярнага, часткова атамнага ўзроўню. Вытворчасць усё больш залежыць не толькі ад прыродных, але і ад сацыяльных умоў. Гэты этап ахоплівае эпоху станаўлення і росквіту капіталізму;

  3. на трэцім этапе пачынаецца ўсёпланетарны ахоп прыроды і вы­хад чалавечай дзейнасці ў бліжэйшы космас. Закранаецца ўзровень эле­ментарных часціц. Расце разнастайнасць сувязяў паміж краінамі. Узаема­дзеянне прыроды і грамадства набывае рысы адзінай цэласнай плане­тарнай сістэмы.

Глабальнасць экалагічных праблем усё больш выразна выяўляе ўзаемасувязь ведаў і ацэнак, навукі і мастацтва, вытворчасці, краін і наро­даў, прыроды і грамадства. Задача, якая стаіць перад чалавецтвам,– знай­сці выйсце з экалагічнага крызісу. У 60-я гады Б. Каманер вельмі сцісла сфармуляваў «чатыры законы экалогіі», якія трэба ведаць і ўлічваць у сваёй дзейнасці кожнаму: 1) усё ўзаемазвязана; 2) усё павінна некуды дзецца; 3) усё мае нейкую вартасць; 4) прырода ведае лепш. Экалагічная культура асобы разглядаецца як сінтэз ведаў, перакананняў і практычных экалагічных дзеянняў. Экалагічная культура, як і культура наогул, у пер­шую чаргу ўключае ў сябе пэўны ўзровень адукацыі, г.зн. здабытыя веды, уяўленні, разуменне экалагічных праблем, іх прычын.