Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

1 12.3 Дзяржава і грамадзянскае грамадства 2.3. Дзяржава і грамадзянскае грамадства

У філасофіі і навуковай літара­туры існуюць розныя падыходы да трактоўкі гэтага паняцця. «Грамадзян­скае грамадства» адны разглядаюць як сукупнасць грамадскіх інтарэсаў і як сферу іх рэалізацыі, якія знаходзяцца па-за полем дзейнасці дзяржавы. Другія лічаць, што грамадзянскае грамадства – гэта свабоднае і незалежнае ад царквы і дзяржавы шматграннае грамадскае жыццё. Трэція пад грамадзянскім грамадствам разумеюць комплекс грамадскіх адносін, супрацьпастаўленых дзяржаве ў любой яго форме, г. зн. усё, што не ёсць дзяржава. Відавочна, поўнасцю аддзяляць дзяржаву ад грамадзянскага грамадства няслушна, бо існуе мноства структурных сувязей, якія часткова пераплятаюцца і з дзяржавай, і з грамадзянскім грамадствам (напрыклад, палітычныя партыі).

Грамадзянскае грамадства выступае сувязным звяном паміж грама­дзянінам і дзяржавай. Асновы грамадзянскага грамадства – свабодны, паўнапраўны, адказны за свае дзеянні чалавек. Таму ўсе арганізацыі, інстытуты, групы, якія закліканы садзейнічаць рэалізацыі інтарэсаў, мэт, памкненняў асобы, з’яўляюцца апорнымі канструкцыямі збудавання грама­дзянскага грамадства. У развітым грамадзянскім грамадстве свабодна існуюць і ствараюцца розныя партыі, масавыя грамадскія арганізацыі, рухі, групы па інтарэсах, перакананнях, розныя асацыяцыі і г. д. У такім грамад­стве ўсе свабодныя, раўнапраўныя, актыўна ўдзельнічаюць у кіраванні. Таму дзяржава і грамадства – гэта дзве часткі адзінага цэлага, якія жывуць адным жыццём, дапаўняючы адзін другога. Грамадзянскае грамадства выступае як сістэма самаразвівальных элементаў і каштоўнасцей, як сфера грамадскага жыцця людзей, якая існуе побач з дзяржавай.

Паняцце «грамадзянскае грамадства» ўзнікла ў глыбокай старажыт­насці. Яго карані ўзыходзяць да ідэі філосафа Арыстоцеля, які даваў азна­чэнне дзяржавы як сукупнасці грамадзян ці грамадзянскага грамадства. Гэтыя паняцці нікім не падзяляліся да XV–XVIII стст. На думку Нікола Макіавелі, дзяржава не павінна ўмешвацца ў прыватнае жыццё грамадзян і тым самым мусіць існаваць незалежна ад грамадзянскага грамадства. Джон Лок адстойвае першынство грамадзянскага грамадства, асновай якога з’яўляецца ўласнасць грамадзян. Больш глыбокую тэарэтычную распрацоўку грамадзянскаму грамадству даў І. Кант. Ён лічыў, што галоў­ным у фарміраванні грамадзянскага грамадства з’яўляюцца суадносіны свабоды кожнага са свабодой іншага. На яго думку, грамадзянскае грамадства заснавана на наступных трох прынцыпах: свабода члена грамадства як чалавека; роўнасць яго з іншымі як падданага; сама­стойнасць грамадства як грамадзяніна. Ф. Гегель пад грамадзянскім грамадствам разумеў адзінства розных асоб, звязаных паміж сабой матэрыяльнымі інтарэсамі. Ён падкрэсліваў самастойнасць існавання грамадзянскага грамадства і дзяржавы.

Такім чынам, грамадзянскае грамадства з’яўляецца сістэмай недзяр­жаўных грамадскіх інстытутаў і супольнасцей людзей. Гэта стварае ўмовы для самаарганізацыі індывідаў і калектываў, праз якія праяўляюцца і ажыццяўляюцца іх асабістыя інтарэсы і якія ствараюць сукупнасць непалітычных адносінаў у грамадстве (эканамічных, сацыяльных, сямей­ных, нацыянальных, духоўных, рэлігійных і г. д.). Калі дзяржаву паказаць як вертыкальную (іерархічную) структуру, то грамадзянскае грамадства будзе з’яўляцца гарызантальнай структурай, знаходзіцца паміж асобай і дзяржавай. Узнікненне грамадзянскага грамадства звязана з немагчы­масцю забяспечыць поўнае і пастаяннае супадзенне інтарэсаў дзяржавы і інтарэсаў грамадзян.

Дасягненне аптымальнага стану грамадзянскага грамадства магчыма праз дэмакратызацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.

1) Эканамічнай асновай грамадзянскага грамадства выступае шмат­укладная рыначная эканоміка, базай якой з’яўляецца прыватная ўласнасць. У сучасных умовах розныя формы ўласнасці, знаходзячыся ў роўных умовах, канкурыруюць адна з другой, ствараюць эканамічны падмурак грамадзянскага грамадства. Недзяржаўныя прадпрыемствы, кааператывы, арэндныя калектывы, акцыянерныя таварыствы, асацыяцыі кааператываў і іншыя дабраахвотныя аб’яднанні грамадзян у галіне гаспа­дарчай дейнасці – аснова эканамічнай сферы грамадзянскага грамадства, якая гарантуе эканамічныя правы грамадзян.

2) Сацыяльнай асновай грамадзянскага грамадства з’яўляецца так званы «сярэдні слой», які ў дэмакратычных краінах складае да 60–70 % насельніцтва (у Расіі гэты слой складае ад 3,5 да 12 %). Да сярэдняга слою адносяць навуковых і навукова-тэхнічных работнікаў, менеджараў, адміністратараў сярэдняга ўзроўню, інтэлігенцыю, фермераў, дробных уладальнікаў, рабочых высокай кваліфікацыі, работнікаў сферы паслуг. Галоўныя прыкметы сярэдняга слою – даход, лад жыцця, грамадскі прэстыж. Яны, як правіла, працуюць па найме, валодаюць прафесійнымі ведамі, ствараюць сваёй працай прыбавачную вартасць.

3) Палітычнай асновай грамадзянскага грамадства з’яўляецца шмат­партыйнасць, наяўнасць масавых дэмакратычных рухаў, арганізацый, асацыяцый і іншых груп насельніцтва па інтарэсах, органы грамадскага самакіравання грамадзян. Важную ролю адыгрывае таксама грамадская недзяржаўная думка, недзяржаўныя СМІ, сям’я, дабрачынныя фонды, творчыя саюзы, спартыўныя таварыствы, рэлігійныя аб’яднанні грамадзян і г. д.

4) Духоўную аснову грамадзянскага грамадства складае плюралізм у галіне ідэалогіі, свобода сумлення, думкі, слова, рэальныя магчымасці публічна выказаць сваю думку.

5) Прававая аснова вызначае важнейшае патрабаванне грамадзян­скага грамадства да дзяржавы – забяспечыць прававымі метадамі сацы­яльную справядлівасць, абароненасць кожнага чалавека. Зыходзячы са сказанага можна зрабіць выснову пра тое, што грамадзянскае грамадства функцыянуе ў краінах Заходняй Еўропы, ЗША, Японіі, дзе заахвочвалася актыўнасць самой асобы, фарміравалася дэмакратычнае грамадства. Элементы грамадзянскага грамадства паступова фарміруюцца ў краінах СНД і ў Беларусі, але зусім натуральна, што наперадзе яшчэ доўгі шлях яго развіцця і ўдасканалення.

Грамадзянскае грамадства – сфера самавыяўлення свабодных грамадзян і дабраахвотна сфарміраваных асацыяцый і арганізацый, якія засцерагаюцца адпаведнымі законамі ад прамога ўмяшальніцтва і адволь­най рэгламентацыі іх дзейнасці з боку дзяржаўнай улады.

Станаўленне канцэпцыі грамадзянскага грамадства адносіцца да дру­гой паловы XVIII – пачатку XIX стст. Гегель разглядаў грамадзянскае гра­мадства як сферу матэрыяльна-эканамічнага жыцця, да асновы развіцця якой ён cтавіўся як да іншабыцця духу, ідэі; ва ўзаемадзеянні дзяржавы і грамадзянскага грамадства аддаваў прыярытэт дзяржаве (асабліва выразна гэта выказана ў яго філасофіі права).

Услед за Гегелем Маркс разглядаў грамадзянскае грамадства як сферу матэрыяльнага, эканамічнага жыцця і дзейнасці людзей. Аднак у адрозненне ад Гегеля Маркс паказаў, што самі маёмасныя, матэры­яльныя адносіны, якія ляжаць у аснове палітычнага жыцця грамадства, вызначаюцца не ідэямі людзей, а дасянутым узроўнем развіцця прадук­цыйных сіл, што ў аснове развіцця грамадства ляжыць спосаб вытворчасці матэрыяльных даброт.

У працэсе свайго развіцця грамадзянскае грамадства праяўляе тэн­дэнцыю да ахопу ўсё больш шырокіх слаёў насельніцтва. У рабаўладаль­ніцкім грамадстве раб быў цалкам бяспраўны, яго можна было прадаць, купіць, забіць. Крыху інакшае становішча было ў феадальнага селяніна: застаючыся ў шэрагу выпадкаў аб’ектам куплі-продажу, ён набыў ужо права на жыццё. З узнікненнем буржуазнага грамадства ён стаў грамадзя­нінам дзяржавы з пэўным аб’ектам правоў і абавязкаў. Буржуазная дзяр­жава была вымушана не толькі лічыцца з узнікшымі грамадскімі асацыя­цыямі, але і стаць на шлях прававога ўпарадкавання сваіх адносін з усім насельніцтвам, істотна перабудаваць свае ўласныя ўладныя структуры.

Такім чынам, грамадзянскае грамадства – гэта сфера свабоднай, творчай жыццядзейнасці асобы, калектываў і супольнасцей людзей. Разнастайнасць поглядаў і падыходаў, матываў і інтарэсаў, гранічная індывідуалізацыя формаў стасункаў і паводзін у грамадзянскім грамадстве не толькі дапушчальныя, але і неабходныя. Толькі поўнае і разумнае самавыражэнне кожнага чалавека спараджае ў грамадстве той патэнцыял, які забяспечвае яго дынамічнае развіццё. У такім грамадстве закліканы дзейнічаць разнастайныя палітычныя сілы, якія, перш за ўсё, шляхам гарызантальных кантактаў, пагадненняў, цярпімасці, узаемаразумення і г. д. павінны дасягнуць сваіх мэт.