Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Глава 3. Дзяржаўнае краязнаўства

На сучасным этапе мясцовыя ўлады аказваюць значную падтрымку развіццю розных формаў краязнаўчага руху і часта самі ініцыіруюць вельмі цікавыя і карысныя краязнаўчыя праекты. Так, на працягу трох месяцаў у канцы 2007 – пачатку 2008 г. па ініцыятыве Вілейскага райвыканкама ішло інтэрнет-галасаванне “Сем цудаў Міншчыны”, у якім прынялі ўдзел звыш 300 000 чалавек. Па яго выніках прыгажэйшыя помнікі Мінскага рэгіёну: Будслаўскі касцёл, Уваскрасенскі сабор у Барысаве і іншыя – стануць аб’ектам спецыяльна распрацаванага турыстычнага маршруту пад той жа назвай. Шматлікія фестывалі, конкурсы і святы, якія праходзяць у многіх рэгіёнах Беларусі пры падтрымцы мясцовых улад, раскрываюць багацці традыцыйнай народнай культуры і мастацтва, садзейнічаюць іх зберажэнню і засваенню падрастаючым пакаленнем.

Распрацоўваючы рэгіянальныя праграмы, органы мясцовага кіравання ў іх кантэксце вырашаюць шматлікія пытанні захавання і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны, прыродных рэсурсаў, вопыту эканамічнай дзейнасці, патрыятычнага выхавання насельніцтва і інш. Афіцыйныя сайты многіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных органаў кіравання змяшчаюць каштоўную краязнаўчую інфармацыю, якая бесперапынна папаўняецца і ўдасканальваецца. Яшчэ больш высокі ўзровень адміністрацыйнай падтрымкі перад края­знаўчым рухам адкрываецца ў сувязі з рэалізацыяй рэгія­нальных інавацыйных праграм. Навуковае і інфармацыйнае іх забеспячэнне – поле для плённага супрацоўніцтва з мясцовым кіраўніцтвам.

Краязнаўцы, са свайго боку, уносяць прапановы для супрацоўніцтва, ставяць пытанні, вырашэнне якіх патрабуе ўдзелу мясцовых улад.

3.1. Развіццё краязнаўчай дзейнасці навуковых устаноў

Структурныя падраздзяленні Нацыянальнай акадэміі навук РБ аказваюць падтрымку сучаснаму краязнаўчаму руху. На базе НАН зарэгістравана заходнепалескае навуковае края­знаўчае таварыства “Загароддзе”, вучоныя акадэміі ўдзель­нічаюць у краязнаўчых канферэнцыях у рэгіёнах, а інстытуты – у іх арганізацыі. Правядзенне акадэміяй шматлікіх рэгіёназнаўчых даследаванняў аказвае станоўчы ўплыў і на актывізацыю навуковай работы мясцовых краязнаўстваў.

Прыметны інтарэс да краязнаўчай дзейнасці праявіў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францыска Скарыны, створаны ў 1991 г. у сувязі са святкаваннем 500-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага патрыёта і першадрукара. Ініцыятар адкрыцця гэтай унікальнай установы – выдатны вучоны і краязнавец А.І.Мальдзіс. Цэнтр быў размешчаны ў доме, дзе ў 20-я гг. працаваў Інбелкульт. У Скарынаўскім цэнтры вяліся навуковыя даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, беларусазнаўстве. Цэнтр стварыў банк даных у выглядзе выразак артыкулаў аб развіцці краязнаўства ў розных мясцінах Беларусі, арганізаваў дзесяткі навуковых канферэнцый, на якіх знайшла месца і краязнаўчая тэматыка. У шматлікіх выданнях, асабліва ў зборніках “Беларусіка = Albaruthenica”, апублікаваны края­знаўчыя матэрыялы вялікай навуковай каштоўнасці. Гіпатэтычна гэта ўстанова магла б прэтэндаваць на кіруючую ролю ў сучасным грамадскім краязнаўчым руху, але такая роля самім цэнтрам не разглядалася. На жаль, гэта ўстанова цяпер страціла свой статус.

Важную ролю ў інфармацыйна-дакументальным забес­пячэнні краязнаўства, у правядзенні краязнаўчых даследа­ванняў і папулярызацыі ведаў выконваюць музеі і архівы. Гэтыя ўстановы, асабліва музеі, развіваюцца як галоўныя цэнтры навуковай краязнаўчай дзейнасці ў рэгіёнах. Абласныя краязнаўчыя музеі распрацоўваюць шматлікія навуковыя тэмы, папаўняюць калекцыі і экспазіцыі, папулярызуюць краязнаўчыя веды. Узрасла іх роля ў арганізацыі края­знаўчага руху ў рэгіёнах. Абласныя музеі выступаюць арганізатарамі краязнаўчых канферэнцый, выдаюць края­знаўчыя зборнікі, супрацоўнічаюць з іншымі суб’ектамі краязнаўства. Так, у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі шырока прадстаўлена гісторыя і прырода краю, мастацтва. Каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца гравюра “Гродна 1586 г.”, вырабы гродзенскіх рамеснікаў XVII–XVIII стст., рэчы, звязаныя з нацыянальна-вызваленчымі паўстаннямі, партрэты выдатных землякоў і інш. З 1990 г. музей выдае “Краязнаўчыя запіскі”.

Колькасць краязнаўчых музеяў бесперапынна павялічваец­ца, узбагачаюцца іх калекцыі, пашыраюцца формы дзейнасці. Краязнаўчыя музеі ствараюцца не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх населеных пунктах. Так, у 1997 г. пачалася дзейнасць Валожынскага раённага краязнаўчага музея. Цікавейшы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі імя Я.Драздовіча з 1992 г. працуе ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. А ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна былі створаны тры краязнаўчыя музеі (Музей політэхнічнай культуры Ракаўшчыны, заснаваны доктарам філалагічных навук, прафесарам В.П.Рагойшам; арт-музей, прысвечаны мастацтву ракаўскай керамікі, заснаваны мастаком Ф.Янушкевічам і школьны музей гістарычна-этнагра­фічнага профілю), праводзяцца Міжнародныя Ракаўскія чытанні.

Большасць краязнаўчых музеяў вядуць навукова-даслед­чую, навукова-экспазіцыйную, выставачную, навукова-асветніцкую і выдавецкую дзейнасць. Важнай з’явай у дзейнасці краязнаўчых музеяў стала яе дэідэалагізацыя. У многіх музеях аднавіліся экспазіцыі, зараз яны больш поўна і аб’ектыўна адлюстроўваюць гістарычнае мінулае краю.

Пад кіраўніцтвам Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (Белкамархіў) працуе сетка архіваў, якую складаюць 6 рэспубліканскіх, 6 абласных, 16 занальных архіваў, 3 абласных архівы грамадскіх аб’яднанняў, раённыя, гарадскія і ведамасныя архівы. У архівах змяшчаецца велізарная колькасць дакументаў, з дапамогай якіх можна вывучаць падзеі мінулага, сямейную гісторыю, гісторыю арганізацый і ўстаноў. У 2000 г. была створана Археаграфічная камісія Белкамархіва. Археагра­фічная камісія садзейнічае ўвядзенню ў навуковае абарачэнне каштоўных архіўных дакументаў, публікацыі гістарычных першакрыніц, праводзіць навуковыя канферэнцыі. Так, Віцебскае аддзяленне Археаграфічнай камісіі правяло навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя 150-годдзю з дня нара­джэння А.П.Сапунова і 90-годдзю Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Умацаванне архіўнай службы ў краіне, павышэнне ўвагі да выкарыстання архіўных збораў у грамадскіх мэтах спрыялі публікацыі дакументаў, значных для краязнаўчых даследаванняў. Пачалося выданне зборнікаў актавых дакументаў, прысвечаных рэгіёнам: “Аграрные преобразования в Вилейской области” (2003), “Аграрные преобразования в Молодечненской области. 1944–1953” (2003), “Гродненская губерния в законодательных актах Российской империи (1801–1913) (2004) і інш. У дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці па сумесным праекце з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам рыхтуецца зборнік дакументаў і матэрыялаў, прысвечаных малым дыяспарам Гомельшчыны ў 20–30-я гг. ХХ ст. Такія выданні пашыраюць кола дакладных крыніц, неабходных даследчыкам краю.

Дакументы для ўзнаўлення радаводаў ураджэнцаў Гро­дзеншчыны і беларускіх зямель Віленшчыны часоў Расійскай імперыі захоўваюцца пераважна ў Нацыянальным гіста­рычным архіве Беларусі ў Гродне; ураджэнцаў былых Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, а таксама часткова Гро­дзенскай губерняў – у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ). Гэты кірунак гістарычна-краязнаўчых даследаванняў быў не запатрабаваным у савецкі час. Упершыню ў 90-я гг. архіўныя ўстановы пачалі выданне рэгіянальных гербоўнікаў беларускай шляхты, надзвычай каштоўных крыніц для вывучэння сямейна-радавой і саслоўнай гісторыі (“Малы гербоўнік Наваградскай шляхты”, “Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты”і інш.)

Адным з буйнейшых сучасных праектаў захавання і пашырэння даступнасці архіўных матэрыялаў стаў праект “Нясвіж – культурны цэнтр Еўропы і нацыянальны помнік”, з якім Беларусь увайшла ў міжнародную праграму ЮНЕСКА “Памяць свету”. У межах праекта ствараецца электронны банк даных, у які будуць уключаны ўсе дакументы з архіва Радзівілаў. У Беларусі захоўваецца звыш 28 тысяч даку­ментаў з былога нясвіжскага збору, столькі ж захоўваецца ў Польшчы, каштоўныя рукапісы засталіся ў Літве, Расіі і Украіне. Усе гэтыя краіны аб’ядналіся для стварэння віртуальнага нясвіжскага архіва. Гэты праект дапаможа ўвесці ў навуковы ўжытак каштоўныя дакументы аб Нясвіжы і многіх іншых мясцінах Беларусі і замежжа.