Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сац-экан. разв. у XIV - 18ст..doc
Скачиваний:
14
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
223.74 Кб
Скачать

Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў XIV – XV стст.

Сельская гаспадарка. Землеўладанне і прывілеі феадалаў. У XIV – XV стст. зямля ў Беларусі належала дзяржаве, феадалам і царкве. Невялікай яе колькасцю валодалі таксама гарады і гараджане. Беларускія ж сяляне ў той час былі толькі землекарыстальнікамі.

Вярхоўным уладальнікам дзяржаўных зямель з’яўляўся вялікі князь. Даходы ад яе выкарыстоўваліся непасрэдна ім самім. Паступова колькасць яго гаспадарскіх двароў павялічвалася. Разам з тым за кошт дзяржаўных зямель пашыраліся прыватныя ўладанні. Асабліва многа зямель у час свайго княжання раздаваў Вітаўт. Ён узмоцнена насаджваў землеўладанне феадалаў. Тым не менш доступ у гэта саслоўе быў магчымы толькі за вялікія заслугі перад дзяржавай. Але феадалы былі вельмі неаднароднымі як па памерах сваіх уладанняў, так і па паходжанню. Буйныя з іх атрымалі зямлю па спадчыне. З канца XIV ст. яны ўсё часцей называліся «панамі». Некаторыя з феадалаў мелі княжацкі тытул. Частка князёў паходзіла ад Усяславічаў, напрыклад князі Друцкія і Лукомскія. Значныя зямельныя ўладанні належалі князям Слуцкім, Кобрынскім, панам Гаштольдам, Гальшанскім, Радзівілам.

Дробныя феадалы – баяры – валодалі землямі за службу вялікаму князю ці буйному феадалу. Часцей за ўсё «служылыя» людзі атрымлівалі ўладанні на розных умовах. У адных выпадках – «да волі і ласкі гаспадарскай», у другіх – пажыццёва. Часам яны мелі права перадаць зямлю сваім нашчадкам. Як правіла, служылыя людзі валодалі невялікай колькасцю зямлі. Многія з іх працавалі на ёй самі, бо сялян не мелі.

Асобным відам землеўладання з'яўлялася царкоўнае. Манастыры, цэрквы і касцёлы павялічвалі свае ўладанні дзякуючы куплі зямлі і падараванняў дзяржавы і феадалаў. Каб заахвоціць землеўладальнікаў да прыняцця каталіцтва, вялікі князь Ягайла ў 1387 г. выдаў грамату (прывілей). Згодна з ім феадалы-католікі вызваляліся ад усялякіх работ на дзяржаву і гаспадара. Выключэнне складалі тыя работы, якія былі звязаны з узвядзеннем абарончых збудаванняў. Грамата дазваляла феадалам перадаваць у спадчыну свае ўладанні. Гэта было пацверджана прывілеем 1413 г. Упершыню тут баяр назвалі шляхтай. Наступныя ж граматы пашырылі правы і праваслаўных феадалаў.

Асаблівае значэнне для іх меў прывілей 1447 г. Ён яшчэ раз прызнаў правы ўсіх феадалаў на перадачу зямель у спадчыну і на свабоднае распараджэнне імі. Гэты прывілей пацвярджаў і залежнасць ад паноў сялян, што жылі на іх землях. Паводле яго феадалы вызваляліся ад дзяржаўных павіннасцей, акрамя вайсковай службы і невялікага зямельнага падатку. Яны атрымалі магчымасць займаць дзяржаўныя пасады, удзельнічаць у прыняцці законаў. Вярхоўная ўлада абавязвалася таксама не раздаваць чужаземцам зямель, пасад і ганаровых званняў. Прывілеем быў забаронены і пераход сялян ад феадалаў на дзяржаўныя землі.

Асаблівасці развіцця сельскай гаспадаркі ў XIV – XV стст. У беларускай вёсцы таго часу амаль усё неабходнае для жыцця людзей стваралася ў сваёй гаспадарцы. Але з ростам колькасці сельскага насельніцтва значна ўзрасла патрэба ў прадуктах харчавання. Сталала пашырацца пасяўная плошча і распаўсюджвацца трохполле. Раллю ўжо дзялілі не на два, а на тры ўчасткі. Адно поле засявалі восенню азімай збажыной, другое – яравымі, а трэцяе пакідалі незасеяным, пад папарам. Трохполле больш укаранялася на землях размешчаных каля паселішчаў. Аднак такім зямель было мала. Таму сяляне апрацоўвалі некаторыя лясныя ўчасткі. Гэта яшчэ захаваліся рэшткі падсечнага земляробства. Першае ж месца сярод зерневых культур належала азімаму жыту. Сяляне сеялі таксама пшаніцу, проса, ячмень, авёс, грэчку, боб, гарох, лён, каноплі. Вырошчвалі і розную гародніну. Як і раней, збожжавыя жалі сярпамі, малацілі драўлянымі цапамі і веялі лапатамі. Ураджайнасць жыта па прыблізным разлікам не перавышала 500 кг на дзесяціну. Малолі зерне ў ручных жорнах.

Усё большае значэнне набывала жывёлагадоўля. Яна спрыяла замацаванню трохполля, якое патрабавала скарыстання ўгнаенняў. Адным з дапаможных заняткаў сельскага насельніцтва заставалася паляванне. У дакументах таго часу часта ўпамінаюцца “ловы”і “бабровыя гоны”. У паселішчах паблізу рэк і азёр важнай галіной гаспадаркі было рыбалоўства. Паўсюдна існавала бортніцтва. Пчол тады трымалі не толькі ў дуплах дрэў, але і ў выдзеўбаных калодах. Сельская гаспадарка па-ранейшаму была звязана з хатнімі промысламі. Сялянская сям’я звычайна вырабляла прылады працы, посуд, палатно, грубае сукно, вопратку, абутак і іншае. Соль і некаторыя рамесныя вырабы сяляне куплялі на гарадскім рынку. Грошы для гэтай мэты яны атрымлівалі ад продажу часткі сваёй прадукцыі. Паступова ўсё больш выразна акрэсліваўся новы грамадскі падзел працы. 3 сялян вылучаліся майстры, для якіх рамяство станавілася важнай крыніцай існавання. У запісах таго часу ўпамінаюцца такія спецыяльнасці, як кавалі, цесляры, калёснікі, бондары, муляры, гарбары, ткачы, краўцы, шаўцы і інш. Яны працавалі на заказ, а часам і на продаж. Частка рамеснікаў несла службу пры панскіх ці дзяржаўных дварах і манастырах. У гаспадарках феадалаў існавалі яшчэ дрэваапрацоўчыя промыслы і шкляная вытворчасць. Драўніну перапрацоўвалі на вугаль, смалу, дзёгаць, попел. Пры буйных дварах меліся млыны, пераважна вадзяныя. 3 XV ст. сталі будаваць і ветракі. 3 другой паловы XV стагоддзя феадалы пачалі нарыхтоўваць лес для адпраўкі за мяжу. Ім былі патрэбны грошы на пакупку ўпрыгожанняў, дарагой зброі, прывазнога адзення і іншых вырабаў. Усё гэта спрыяла зараджэнню абмену ў беларускай вёсцы.

Землекарыстанне і павіннасці сялян. Асобная сялянская сям’я ў той час вяла сваю гаспадарку і карысталася зямельным надзелам. Яна магла перадаць сваю зямлю ў спадчыну. 3 дазволу землеўладальніка надзел можна было аддаць каму-небудзь у часовае карыстанне і нават прадаць яго. Значны ўплыў на тагачаснае землекарыстанне аказвала тое, што сялянская сям’я, як правіла, уваходзіла ў склад “дворышча”. Яно складалася з дзвюх і больш сваяцкіх і суседніх сем’яў. Ворныя землі і сенажаці дзяліліся на долі паміж яго членамі. У выніку ўтварыўся так званы прымусовы севазварот. На кожным полі неабходна было высяваць такую культуру, каб час сяўбы і жніва супадаў ва ўсіх членаў дворышча. Прымусовы севазварот рэгуляваў ужыванне ворнай зямлі.

У залежнасці ад таго, чыю зямлю апрацоўвалі беларускія сяляне, іх падзялялі на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і манастырскіх. За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязаны выконваць павіннасці, гэта значыць мелі прымусовыя абавязкі. Яны ўстанаўліваліся на кожную сялянскую сям’ю. Але за спраўнае выкананне павіннасцей адказвала ўся абшчына. Паводле існаваўшага тады правіла, абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай.

Да канца XV ст. асноўным відам павіннасцей была даніна прадуктамі: зернем, мясам, мёдам і інш. Сялян, якія плацілі аброк натурай або «дзякло», называлі «даннікамі». Даніна мясам, яйкамі, прадуктамі палявання і бортніцтва называлася “мезлева”. У XV ст. феадалы ўвялі і грашовы аброк («чынш»). Аднак новы від павіннасцей не выцесніў ранейшых. Вельмі распаўсюджанай была праца сялян у панскай гаспадарцы. Розныя віды работы ў двары феадалаў атрымалі назву паншчыны. Вядомы выпадкі, калі некаторыя сяляне плацілі аброк і выконвалі паншчыну. Існавалі і розныя дадатковыя павіннасці. Беларускія сяляне прыцягваліся да пракладкі дарог, выканання будаўнічых работ, узвядзення ўмацаванняў. У час войнаў яны вымушаны былі аддаваць сваіх коней і павялічваць колькасць пастаўляемых прадуктаў харчавання. Сяляне плацілі яшчэ дзесяціну дзесятую частку ўраджаю на ўтрыманне цэркваў і касцёла.

Віды феадальнай залежнасці. Усе сяляне ў той час знаходзіліся ў рознай залежнасці ад феадалаў. Аднак яе ступень была неаднолькавая. Таму сяляне дзяліліся на людзей “пахожых” (вольных) і “непахожых”, а таксама “чэлядзь нявольную”. Большую частку сельскага насельніцтва складалі “пахожыя” людзі, якіх нельга было перадаць па спадчыне. Ім дазваляўся пераход да другога феадала. Але права іх пераходу было абумоўлена грашовай кампенсацыяй, што значна ўскладняла такі пераход. Разнавіднасцю гэтых людзей былі “закупы”, якія траплялі пад уладу феадалаў на падставе запазычанасці. Іх падпарадкаванасць працягвалася да выплаты ўзятай пазыкі. Ужо ў тыя гады многія “закупы” былі неаплатнымі даўжнікамі.

Даволі значную частку сялян складалі “непахожыя” людзі. Некаторыя дакументы XV ст. разглядалі гэтых людзей як неад’емную прыналежнасць феадальных уладанняў. Гэта тая частка сялян, якая не змагла заплаціць доўг і страціла права выкупу, якое мела раней. Лічачы іх сваёй уласнасцю, феадалы перадавалі “непахожых” людзей у спадчыну, прадавалі, куплялі, абменьвалі, дарылі, закладвалі ўзамен пазыкі. Разам з тым яны не маглі быць прададзены без адпаведнага зямельнага надзелу.

Поўнай уласнасцю феадалаў з’яўлялася адносна невялікая група “чэлядзі нявольнай”. Яе можна лічыць найбольш бяспраўнай часткай тагачаснага сельскага насельніцтва. Яна была прадметам куплі-продажу і без участка зямлі. “Чэлядзь нявольная” пераважна жыла ў панскім двары і, як правіла, не мела сваёй гаспадаркі.

Беларускі горад у XIV – XV стст. Склад і грамадскае жыццё гарадскога насельніцтва. У той час назіраецца замаруджванне ў росце гарадоў у параўнанні з папярэднім перыядам. Тлумачыцца гэта неспрыяльнымі ўмовамі для развіцця гарадоў і гандлю ў першыя стагоддзі існавання Вялікага княства Літоўскага. Сярод іх трэба назваць знешнія і ўнутраныя войны, самаўпраўства адміністрацыі, бездарожжа. Замаруджвалі рост гарадоў феадальныя прывілеі, якія выдаваліся ў другой палове XIV – першай палове XV ст. 3 развіццём феадальных адносін землі ва ўсё большай колькасці траплялі ў рукі феадалаў. Гарады і гараджане валодалі невялікай колькасцю зямлі.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, адбываўся рост некаторых гарадоў. У сярэдзіне XV ст. з 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага 7 знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі – Полацк, Віцебск, Слуцк, Менск, Гародня, Наваградак, Берасце. 3 канца XV ст. вельмі хутка расце Магілёў. Адначасова ўзнікалі невялікія паселішчы гарадскога тыпу мястэчкі. Яны былі цэнтрамі гандлю, бытавых паслуг, асветы ў адносінах да насельніцтва навакольных вёсак. Насельніцтва Полацка тады перавышала 10 тысяч чалавек. У іншых гарадах жыло 4 – 5 тысяч чалавек. У мястэчках пражывала ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень жыхароў.

Аб саслоўным складзе насельніцтва Вялікага княства Літоўскага некаторыя звесткі ёсць у Судзебніку 1468 г. У ім змешчана ўпамінанне пра “князёў” і “паноў” – пануючае саслоўе. У XV ст. “панамі” пачалі называць не толькі буйных, але і дробных феадалаў шляхту. Судзебнік называе астатняе насельніцтва “людзьмі” і “чэляддзю”. Усе яны былі абмежаваны ў правах ці зусім бяспраўныя.

Гарадское насельніцтва павялічвалася ў асноўным за кошт збеглых сялян. Колькасць жыхароў горада папаўнялі таксама рамеснікі, пераселеныя сюды феадаламі. Пераважную большасць гараджан складала карэннае насельніцтва. Акрамя іх, у гарадах Беларусі жылі рускія, палякі, літоўцы, немцы, латышы і прадстаўнікі іншых народаў. 3 канца XIV ст. сярод жыхароў Ліды, Наваградка, Ашмян, Маладзечна і іншых беларускіх гарадоў з’яўляюцца татарскія пасяленцы.

3 часоў Вітаўта ўзрастае колькасць яўрэйскага насельніцтва. Яно ўтварыла асобныя абшчыны са сваімі правамі і прывілеямі. Іх першыя абшчыны існавалі ў Берасці і Гародні. Аб гэтым сведчыць грамата Вітаўта 1389 г. гародненскім яўрэям. Вялікі князь дазволіў ім займацца гандлем і рамёствамі.

Прававое, як і маёмаснае, становішча насельніцтва гарадоў было неаднолькавае. Да таго ж феадалы паступова набывалі ўсё большыя і большыя прывілеі. Да іх сталі далучацца найбольш уплывовыя купцы. Значную праслойку складалі немаёмасныя вольныя гараджане, а таксама залежныя людзі, якія жылі на землях сваіх паноў. Найбольш шматлікую групу гарадскіх жыхароў утваралі рамеснікі і гандляры. Але і яны доўгі час не маглі абараніць сваю маёмасць і свае правы ад феадалаў. Тлумачыцца гэта тым, многія гарады і мястэчкі існавалі як на дзяржаўных, так і на прыватных землях. Гарадское насельніцтва, якое жыло на землях вялікага князя, было асабіста свабодным. Жыхары ж прыватнаўласніцкіх гарадоў і мястэчак выконвалі не толькі дзяржаўныя, але і феадальныя павіннасці. Так, рамеснікі Менска былі абавязаны частку сваёй прадукцыі здаваць у гаспадарку свайго феадала. Яны рабілі для яго сохі, сярпы, сякеры і іннп вырабы. Гэта выклікала абвастрэнне супярэчнасцей паміж уладальнікамі гарадоў і іх жыхарамі. Найбольш поўнае ўяўленне аб грамадскім жыцці прыватнаўласніцкіх гарадоў можна атрымаць на прыкладзе Полацка. Тут гараджане здаўна дабіваліся пашырэння сваіх правоў. Рамеснікі і гандляры выступалі супраць феадальных прывілеяў, засілля і самаўпраўства намесніка вялікага князя. Жыхары Полацка імкнуліся стварыць сваю асобную ўладу.

Самакіраванне гарадоў. 3 цягам часу многія беларускія гарады вызваліліся ад феадальнай залежнасці. Першымі атрымалі права на самакіраванне жыхары Берасця і Гародні, адпаведна ў 1390 і 1391 гг. Пазней гэтага права дабіліся жыхары Слуцка у 1441г. і Полацка у 1498г. Менску яно было дадзена ў 1499 г. Запазычаныя ў Заходняй Еўропе органы ўлады былі прыстасаваны да мясцовых умоў і звычаяў. Аднак беларускія гараджане, не маючы цвёрдай падтрымкі ад вярхоўнай улады, не заўсёды маглі захаваць свае правы і прывілеі. Так, напрыклад, было ў Полацку. Ужо праз год пасля таго, як яго жыхары стварылі свае органы ўлады, прывілеі палачан былі ўрэзаны. Інакш кажучы, беларускія гарады атрымлівалі абмежаванае права на самакіраванне.

Войты, што стаялі на чале гарадоў, не выбіраліся іх жыхарамі, а прызначаліся вялікім князем, як правіла, з феадалаў. Паўнамоцтвы войт меў вельмі шырокія. Ен фактычна ўзначальваў усе органы кіравання горадам, у тым ліку і раду. Яе члены выбіраліся гараджанамі, але зацвярджаліся войтам. У склад рады ўваходзілі бурмістры і радцы з ліку заможных гараджан, яе колькасны склад хістаўся ад 6 да 24 чалавек. На чале рады стаялі два бурмістры. На паседжаннях судовага органа – лавы – старшынстваваў войт, а ў яго адсутнасць – лентвойт, намеснік войта. У рабоце гарадскога суда ўдзельнічалі лаўнікі (засядацелі). Яны, у адрозненне ад войта і лентвойта, былі выбарнымі асобамі. У выпадку, калі рада і лава зліваліся ў адзін орган для сумеснага вырашэння гарадскіх спраў, утвараўся “магістрат”. Рада з бурмістрамі і судом называлася магістратам. За насельніцтвам, што знаходзілася пад яго ўладай, замацавалася назва “мяшчане”. Магістрат вяршыў над імі суд, сачыў за гандлем, правільнасцю мер і вагаў, збіраў падатак. Для новых органаў улады ў гарадах будаваліся спецыяльныя памяшканні – ратушы.

Устанаўленне самакіравання палепшыла ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці гараджан. Яно вызваліла мяшчан ад засілля вялікакняжацкіх чыноўнікаў і феадалаў. Жыхары гарадоў не выконвалі цяпер разнастайных адработачных павіннасцей на карысць землеўладальнікаў. Замест іх гарадское насельніцтва плаціла дзяржаве і феадалам грашовы падатак.

Гарады багацелі і ўносілі ў дзяржаўную казну значныя сумы грошай. Саюз гарадоў з вялікакняжацкай уладай садзейнічаў умацаванню абароназдольнасці краіны. Гарады за свой кошт рамантавалі абарончыя збудаванні, у час вайны накіроўвалі ратнікаў у вялікакняжацкае войска.

Рамёствы і промыслы. Як і раней. гарадах Беларусі ў гэты час панавала дробная рамесная вытворчасць. Але ў ёй тады выразна акрэслілася далейшае раздзяленне працы. Вучоныя лічаць, што ў канцы XV ст. існавала каля 100 рамесных спецыяльнасцей. Толькі ў Полацку ў той час працавалі ювеліры. рымары, сёдзельнікі, рукавічнікі, кавалі, гарбары, кастарэзы, шаўцы, ганчары, сталяры, півавары і іншыя рамеснікі. У горадзе рабілі таксама стрыжку сукнаў, ператоплівалі воск, будавалі і рамантавалі гандлёвыя судны (стругі). Усе гэтыя заняткі патрабавалі розных спецыялістаў.

Важнай галіной рамяства з’яўлялася апрацоўка металаў, у першую чаргу кавальская справа. Больш разнастайнымі сталі жалезныя скоблі, абцугі, зубілы, замкі, клямкі, завесы і іншыя вырабы. У Полацку і Менску тады працавалі не толькі кавалі, але і слесары, а ў Віцебску – кацельшчыкі. Добрымі майстрамі былі рамеснікі і ў ліцейнай справе. Вельмі славіліся сваім уменнем беларускія ювеліры. Золата і срэбра яны выкарыстоўвалі нават для афармлення рукапісных кніг. Асабліва прыгожымі былі вырабы полацкіх ювеліраў – падвескі, пярсцёнкі, бранзалеты, завушніцы.

Шырока распаўсюджанай галіной творчасці была апрацоўка дрэва. 3 яго рабілі дабротныя вёдры, лодкі, посуд, бочкі і іншыя вырабы. Дастаткова высокім было майстэрства цесляроў, якія будавалі дамы. Да таго ж будынкі і мэблю аздаблялі ў той час рэльефнай разьбой. Не менш вядомым было і гарбарнае рамяство. Некаторыя рамеснікі валодалі сакрэтам стварэння замшы – авечай ці аленевай скуры без верхняга пласта. Паспяхова развівалася вытворчасць і мяккай скуры з казліных, цялячых і авечых скур. 3 добра апрацаванай скуры шаўцы шылі мяккія боты і чаравікі яркага колеру. Пад канец XV ст. з’явіўся абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам.

Прыметныя змены адбыліся ў ганчарным рамястве. Вырабы сталі часам пакрывацца тонкім слоем шклопадобнай палівы. Для ўпрыгожання печаў і комінаў пачалі вырабляць з XIV ст. гаршковую кафлю. Гэта кафля ўмуроўвалася ў печы для больш хуткага яе награвання. У канцы XV ст. з’явілася каробкавая кафля. Яна ўяўляла сабой керамічную плітку, тыльны бок якой меў выгляд адкрытай каробкі для замацавання ў муроўцы. Выкарыстоўвалі кафлю розных памераў і колераў. Яе ўпрыгожвалі арнаментам, выявамі раслін, жывёл, людзей. Археолагі выявілі таксама цікавыя касцяныя вырабы таго часу. Касцяныя абрэзкі і загатоўкі знойдзены ў Гародні і Віцебску, а рэшткі кастарэзнай майстэрні у Мсціславе. У майстэрні рабілі грабеньчыкі, гузікі, шашкі, выявы і інш.

Акрамя рамяства, жыхары беларускіх гарадоў займаліся рознымі промысламі: рыбнай лоўляй, паляваннем, бортніцтвам. Шмат часу займала земляробства і гародніцтва, жывёлагадоўля для ўласных патрэб. Для гэтага гарады мелі землі і лугі. Напрыклад, Берасцю, згодна з граматай 1390 г., было падаравана каля 1500 га ворнай зямлі.

Гандлёвыя сувязі. Рамеснікі ўсё больш і больш працавалі не на заказ, а выраблялі тавары – рэчы на продаж. Сельскіх жыхароў прываблівалі вырабы гарадскіх майстроў. Сяляне і феадалы часцей прывозілі прадукты ў гарады, якія станавіліся цэнтрамі гандлю вакольнай мясцовасці. Але абмен вырабаў на прадукты не заўсёды задавальняў гараджан. Таму найбольш буйныя беларускія гарады падтрымлівалі сувязі з суседнімі і далёкімі землямі. Полацк, напрыклад, гандляваў з Віцебскам, Менскам, Магілёвам, Слуцкам. Берасцем, Наваградкам, Гародняй і іншымі гарадамі. Значна павялічылася тады гандлёвае значэнне Менска. Праз яго праходзілі важнейшыя шляхі зносін з усходу на захад і з поўначы на поўдзень. Са Смаленска на Менск дарога ішла праз Оршу – Друцк – Барысаў. Дарога ж на Вільню праходзіла праз Радашковічы – Маладзечна – Крэва.

Гарады Беларусі ўсё шырэй уключаліся ў еўрапейскі гандаль, у прыватнасці з гарадамі Прыбалтыкі, Польшчы і Свяшчэннай Рымскай імперыі. Мацнелі гандлёвыя сувязі з рускімі і ўкраінскімі землямі. Нягледзячы на частыя ўскладненні з Маскоўскай дзяржавай, гандаль з ёю не спыняўся. Найважнейшымі прадметамі вывазу ў Заходнюю Еўропу ў час з’яўляліся футра і воск. Вывозілі таксама смалу, дзёгаць, попел, лес, прадзіва, сала, хмель і некаторыя рамесніцкія вырабы, галоўным чынам гарбарныя. У канцы XV ст. у заходнееўрапейскія краіны сталі пастаўляць з Беларусі збожжа, пяньку і лён. Асноўнымі прадметамі ўвозу на яе землі тады былі нямецкія і англійскія сукны, галандскае палатно, селядцы, медзь, волава, свінец і вырабы з металу. Вялікімі партыямі завозілася соль з Францыі і ўкраінскіх зямель, а таксама шаўковыя тканіны і розныя прыправы.

Знешні гандаль аказваў значны ўплыў на ўнутраны. У беларускіх гарадах і мястэчках існавалі ў той час хлебныя, мясныя і іншыя лаўкі. Акрамя таго, працавалі 1 – 2 разы ў тыдзень рынкі. У найбольш буйных гарадах Беларусі штогод наладжваліся кірмашы – выстаўка і продаж прадуктаў, рамесных і прывазных вырабаў. Звычайна яны праводзіліся некалькі разоў у год у пэўна вызначаны тэрмін. На іх, як правіла, прысутнічалі не толькі мясцовыя, але і іншаземныя купцы. Рынкі і кірмашы спрыялі ўмацаванню сувязей паміж беларускімі землямі. Аднак сувязі гэтыя былі слабыя і няўстойлівыя. У час панавання натуральнай гаспадаркі гандаль з цяжкасцю пераадольваў гаспадарчую адасобленасць. Яго ўскладнялі частыя войны, міжусобіцы, бездарожжа і пошліны.

1 Саслоўе – група людзей са спадчыннымі правамі і абавязкамі.

2 Дзесяціна – мера зямельнай плошчы, роўная 1,09 га.

3 Севазварот – від паляводства з паслядоўным чаргаваннем пасяўных культур на адным і тым жа полі.

4 Пазыка – выдача ў доўг на пэўных умовах грошай і рэчаў.

5. Рымар – рамеснік па выбару раменнай вупражы

6. Гарбар – майстар па апрацоўцы і вырабу скур

7. Рынак – месца рознічнага гандлю прадуктамі і вырабамі.

8. Пошліна – плата за правоз і продаж тавараў.

Усталяванне паншчыны і прыгонніцтва. Асновай эканамічнага развіцця Беларусі ў XVI — першай палове XVII ст. з'яўлялася сельская гаспадарка. У гэты час яна перажывала пэўны пад'ём. Ён быў звязаны з ростам абмену таварамі паміж горадам і вёскай, павелічэннем попыту на збожжа на замежных рынках. У XVI ст. адбываецца значнае пашырэнне плошчы пасяўных зямель за кошт распрацоўкі пад ворыва лясоў.

Але зямля не належала тым, хто працаваў на ёй, паліваў потам. Феадальна-шляхецкае саслоўе Вялікага княства Літоўскага заканадаўча аформіла сваё аднаасобнае права валодання зямельнымі багаццямі ў сваёй дзяржаве. І моцна трымалася яго. Бо калі селянін меў бы ўласную зямлю, то яму не трэба было б звяртацца да шляхціца, каб той выдзеліў зямельны надзел. А менавіта за карыстанне гэтым надзелам селянін выконваў павіннасці і сплачваў падаткі свайму пану. Так што валоданне зямлёю забяспечвала багацце шляхты. І ні з кім яна не хацела ім дзяліцца. «Мужык мужыку зямлю на вечнасць прадаць не можа»,— даводзіў запіс у кнізе Гародзенскага земскага суда. Цалкам адлучаў земляроба ад зямлі 26-ы артыкул III раздзела Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.: “Простага стану чалавек, не атрымаўшы раней ад нас, гаспадара, шляхецкай вольнасці, маёнткаў і зямель шляхецкіх ніякім звычаям займець, а ні купляю сваёю трымаць, не можа”.

Буйнейшым феадалам-землеўласнікам была дзяржава. Значным зямельным фондам так званых гаспадарскіх зямель валодаў асабіста вялікі князь. Усё больш зямельных угоддзяў з рук дзяржавы і манарха трапляла ва ўласнасць шляхты. У сярэдзіне XVI ст. колькасць шляхты, якая мела землі ў Беларусі, складала недзе 9 % ад усяго насельніцтва. Валодалі маёнткамі на беларускіх землях рэлігійныя ўстановы і служыцелі царквы.

Спачатку панская гаспадарка насіла натуральны характар, задавальняючы неабходныя патрэбы землеўласнікаў. Але гандаль збожжам у Заходняй Еўропе даваў феадалам усё большы прыбытак. Гэта патрабавала ад іх карэннай перабудовы гаспадарчай дзейнасці ў сваіх уладаннях. На змену былому двару прыходзіць фальварак (двор і гаспадарка землеўласніка, прадукцыя якой прадвызначалася на продаж).Фальварак – гэта феадальная гаспадарка. Працай нешматлікай нявольнай чэлядзі (практычна рабоў) пры пашырэнні ворных плошчаў ужо нельга было абысціся. Таму вытворчасць у фальварковай гаспадарцы была заснавана на выкананні работ па апрацоўцы зямлі і збору ўраджаю сялянамі. За права валодаць надзелам яны адпрацоўвалі так званую паншчыну.

Да сярэдзіны XVI ст. фальварак ужо стаў асноўнай формай арганізацыі гаспадаркі феадалаў. Асабліва ў заходняй Беларусі, дзе знаходзіліся буйныя гандлёвыя цэнтры, якія былі звязаны сплаўнымі рэкамі Буг, Нёман, Заходняя Дзвіна з еўрапейскімі гарадамі.

Больш чым паўвекавая практыка дзейнасці фальварковай гаспадаркі пераканала феадалаў у яе прыбытковасці. У 1557 г. з'яўляецца на свет дакумент за подпісам Жыгімонта Аўгуста пад назвай «Устава на валокі». Ён увабраў у сябе змест тых мерапрыемстваў, якія атрымалі назву аграрнай рэформы сярэдзіны XVI ст.

Гэта рэформа, ці, як яшчэ яе называюць «валочная памера», зацвердзіла ў якасці вядучай формы феадальнай гаспадаркі фальваркова-паншчынную сістэму, якая праіснавала на беларускіх землях практычна да сярэдзіны XIX ст. Гаспадарская пастанова даводзіла, што «фальваркі хочам меці, каб паўсюль былі створаны... пры кожным замку і двары нашым, акрамя тых, дзе кепскія ды неўрадлівыя землі». Уся зямля паводле «Уставы» наразалася на валокі. Валока з'яўлялася мерай плошчы, роўная 21,36 га.

Разам з тым яна была асноўнай адзінкай абкладання павіннасцямі. Якраз адной з асноўных мэт «валочнай памеры» было ўпарадкаванне сялянскага землекарыстання. Справа ў тым, што да гэтага часу надзелы сялян не толькі называліся па-рознаму (службы, дворышчы, дымы. жарэб'і і г. д.), але і па памерах былі рознымі. Адзін надзел мог быць 20 га, а другі — 50. 1 той, і другі называўся, напрыклад, служба. 1 з таго, і з другога спаганяліся роўныя павіннасці. Гэта значна змяншала прыбыткі, што мог мець феадал. Тады і з'явілася патрэба ў землеўладальнікаў увесці адзіную стандартную меру плошчы, з якой патрабаваць аднолькавыя падаткі і павіннасці. Пад панскія фальваркі звычайна адводзіліся лепшыя землі. Сялянская ж сям'я часцей за ўсё не здольна была апрацаваць і сплачваць павіннасці з валокі. Таму бралі валоку ў асноўным дзве сям'і, і сярэдні сялянскі надзел складаў прыблізна 10,6 га – паўвалокі. Увядзенне валокі ў якасці пазямельнай меры і адзінкі абкладання сялян павіннасцямі дазволіла землеўласнікам значна павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў, а значыць, павысіць эксплуатацыю беларускага сялянства.

Запрыгоньванне сялян Ад колькасці працаўнікоў залежала колькасць вырабленай прадукцыі, а значыць – велічыня панскіх прыбыткаў ад яе продажу. Таму вярхоўная ўлада Вялікага княства Літоўскага, якая была ў руках найбуйнейшых у дзяржаве землеўласнікаў, выдавала законы, па якіх селянін станавіўся ўласнасцю шляхты. Працэс запрыгоньвання, які распачаўся ў XV ст. і знайшоў сваё ўвасабленне ў Статутах 1529 і 1566 г., быў завершаны ў апошняй рэдакцыі агульнадзяржаўнага заканадаўства Вялікага княства.

Паводле Статута 1588 г. вольныя («пахожыя») сяляне маглі скарыстаць сваю волю, гэта значыць пайсці ад свайго гаспадара ў іншае ўладанне толькі ў тым выпадку, калі адпрацуюць на карысць землеўладальніка «столькі, колькі на волі сядзелі». Калі б вольны селянін не пажадаў бы таго рабіць, то мусіў быў сплаціць «свайму» пану па 6 грошаў за тыдзень. На той час гэта былі вялікія грошы. У канцы XVI ст. качка каштавала 2 грошы, . парася 3 грошы, воз сена — 8, 400-літровая бочка аўса — 16 грошаў, а жыта — 24. Дык вось, калі селянін выйшаў бы ад землеўласніка без выплаты патрэбнай сумы, то аўтаматычна станавіўся «отчычам», значыць, прыгонным гэтага феадала, асабіста яму належачым. Той мог «свайго» селяніна вышукваць і вяртаць ва ўладанне.

Другой нормай запрыгоньвання сялян быў 10-гадовы тэрмін даўнасці. Зноў жа згодна Статуту 1588 г. той селянін, што больш за 10 гадоў пражыў на зямлі шляхціца, лічыўся яго ўласнасцю.

Такім чынам, раней існаваўшыя катэгорыі сялян – «людзі пахожыя» (вольныя), «непахожыя» (без права пераходу з аднаго ўладання ў другое), «чэлядзь нявольная» (рабы) – да канца XVI ст. пераўтварыліся ў адзіны клас-саслоўе – прыгоннае сялянства. Прыгон на Беларусі быў адменены толькі ў сярэдзіне XIX ст.

Даніна, паншчына, чынш. Платай селяніна за карыстанне панскай зямлёй былі павіннасці і падаткі на карысць землеўласніка. Ад характару гэтых павіннасцей сяляне падраздзяляліся на «даннікаў», што «здарвалі» феадалаў прадуктамі сваёй гаспадаркі, «цяглых», якія працавалі на панскіх палетках, «чыншавікоў»абавязаных сплачваць павіннасці грашыма. Да канца XV ст. даніна натурай была галоўнай у сістэме павіннасцей і першая з пералічаных катэгорый сялян пераважала. Але па меры ўсталявання фальваркова-паншчыннай сістэмы на першае месца выходзіць паншчына.

Працаваць у панскім фальварку павінны былі мужчыны і жанчыны. Пачынаўся паншчынны дзень з узыходам сонца, заканчваўся, калі сонца заходзіла, Феадалы накладалі штрафы і жорстка каралі сваіх падданых, калі тыя спазняліся ці не выходзілі на працу ў вызначаныя дні. У апісанні маёнтка Раклішкі Лідскага павета 1585 г. аб гэтым гаворыцца наступнае: «Хто б пасля заказу не выйшаў на працу, то за такую непаслухмянасць павінен адпрацаваць за першы дзень 2 дні, не пакідаючы тэрыторыі панскага двара, а за другі – 4 дні, таксама знаходзячыся пры двары. Калі хто-небудзь не выйшаў на працу ўсе 3 дні ці на працягу шасці тыдняў, па разу на тыдзень, то за гэты тыдзень у ланцугах павінем працаваць у двары. Пасля гэтага такі чалавек павінен даць барана. Калі б і пасля гэтага ў яго здарыліся нявыхады на працу, тады – бічаванне ля слупа».

У другой палове XVI ст. рэзка павялічваецца колькасць цяглых сялян, для якіх галоўнымі павіннасцямі былі адрабо-тачныя. Але ў тых месцах, дзе вядзенне фальварковай гаспадаркі было немэтазгодным (памежныя раёны, кепская ўрадлівасць глебы), пераважаў грашовы падатак – чынш.

У ВКЛ да канца ХV ст пераважала даніна, у другой палове ХVI – паншчына.

Павіннасці, што спаганяліся з сялян за права карыстання надзелам зямлі, павялічваліся. Так, паншчына з пачатку XVI ст. да другой паловы гэтага стагоддзя ўзрасла з 1 дня да 2 на тыдзень з аднолькавай адзінкі абкладання. А ў першай палове XVII ст. замацоўваецца сярэдняя норма паншчыннай павіннасці ў 3 дні на тыдзень з валокі. Памер павіннасцей для сваіх падданых землеўласнік вызначаў асабіста. 3 аднаго боку, ён імкнуўся да максімальнага выкарыстання сялянскай рабочай сілы. А з другога – разумеў, што празмерная эксплуатацыя можа прыдацца да занядбання сялянскай гаспадаркі. А ад безгаспадарчага, неплацежаздольнага селяніна – малы прыбытак. Нездарма з вуснаў аднаго з самых багатых людзей Вялікага княства Льва Сапегі былі пачуты словы: «Для каго селянін халоп халопам, для мяне ж вяльможным, яснавяльможным. Бо калі сялян мець не буду, тады і сам яснавяльможным панам не буду».

Толькі з гэтай прычыны, а не з нейкай там дабрачыннасці паны да пэўнага ўзроўню абмяжоўвалі павіннасці. Але многімі дзяржаўнымі, магнацкімі, царкоўнымі маёнткамі кіравалі па-стаўленыя там уладальнікамі адміністратары. Шмат уладанняў здавалася ў арэнду (выкарыстанне маёмасці (зямлі) за пэўную плату на пэўны тэрмін) на год, тры, пяць. Адміністратараў, арандатараў – гэтых часовых гаспадароў – асабліва не цікавіла, як развіваецца сялянская гаспадарка. За кароткі тэрмін свайго гаспадарання яны імкнуліся выбіць як мага больш грошай з падуладных сялян. Адсюль – узвінчванне норм павіннасцей, а то і проста непрыкрыты гвалт і рабаўніцтва. Менавіта супраць злоўжыванняў і самавольстваў адміністрацыі маёнткаў і арандатараў часцей за ўсё вялі барацьбу сяляне.

Адным з найбольш распаўсюджаных і масавых выяўленняў антыфеадальнага пратэсту беларускіх сялян былі скаргі. Скардзіліся сяляне на грабежніцтва, гвалт, вымаганні з боку адміністратараў і арандатараў.

Падачу скаргаў можна прылічыць да праяў класавай барацьбы, бо вымагала яна актыўных і бунтарскіх дзеянняў. Справа ў тым, што землеўладальнікі пасля атрымання чалабітных сваіх падданых нярэдка прымалі пэўныя захады па іх задавальненню. А гэта заканчвалася штрафамі і зняццем з пасад адміністратараў. Таму апошнія рабілі ўсё, каб не дапусціць скаржнікаў да гаспадароў – катавалі іх, кідалі ў турмы.

Адкрытым супраціўленнем павелічэнню эксплуатацыі былі ўцёкі прыгонных падданых ад сваіх уладальнікаў. Галоўнай іх прычынай была спроба на некаторы час вызваліцца ці атрымаць палёгку ў выкананні павіннасцей. Бо па завядзёнцы толькі набыўшым жыхарства ва ўладанні сялянам пан прадстаўляў «слобады». Гэта значыць на працягу ад года да дванаццаці (дзе як) землеўласнік браў меншыя, чым у старажылаў, ці скасоўваў наогул павіннасці.

Больш радыкальнымі формамі барацьбы сялянства былі адмовы ад выканання павіннасцей, наўмысныя парубкі лесу, патрава пасеваў і сенажацяў, забойствы панскіх слуг, а то і саміх гаспадароў.

Вялікіх сялянскіх войнаў, якія здараліся ў іншых краінах у гэты час, у Беларусі не было. Найбольш буйнымі былі выступленні сялян вёскі Багушэвічы і Задобрычы Свіслацкай воласці і рух пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі, які перакінуўся з Украіны і да якога далучылася частка беларускіх сялян і гараджан.

Урбанізацыя. Гарады цэнтры гандлю і рамёстваў. Пашырэнне таварна-грашовых адносін у XVI ст. прыводзіла да колькаснага росту гарадскіх цэнтраў ВКЛ. Да 1500 г. было толькі 83 гарады, з 1500 да 1600 гг. іх стала 387. Такім чынам, XVI ст. можна смела назваць часам урбанізацыі беларускага грамадства. Тэрмін гэты паходзіць ад лацінскага слова urbanus – гарадскі – і мае на ўвазе колькасны рост гарадоў і павелічэнне гарадскога насельніцтва. Шмат беларускіх гарадскіх паселішчаў вядомы з XVI ст. Сярод іх Вілейка, Масты, Паставы, Лунінец, Беразіно, Хойнікі, Любань, Скідзень, Стоўбцы, Сянно, Чавусы, Чашнікі, Шклоў, Шчучын і многія іншыя.

Большасць гарадскіх паселішчаў была не надта вялікая. У іх пражывала ад 1,5 да 3 тысяч жыхароў. Але вылучаліся і значныя цэнтры – больш чым 10 тысяч насельнікаў. Такімі ў XVI ст. былі Магілёў, Берасце, Віцебск, Пінск. Да Лівонскай вайны выдзяляўся сваёй вядучай роляй найстаражытнейшы сярод беларускіх гарадоў Полацк. Аб ім сучаснікі гаварылі: «А Полацк таксама ёсць, хвала богу, месца славутае. А не ніжэйшае па значэнню і ва ўсім ні Вільні, ні Мальбарка, ні Гданьска».

Беларускі горад пераважным чынам быў драўляным. Прыезджыя госці заўважылі на гэты конт, што тут «шмат умацаваных гарадоў і замкаў, пабудаваных з дрэва». Але ў XVI ст. і асабліва ў пачатку XVII ст. усё часцей мясцовыя дойліды выкарыстоўвалі камень і цэглу. І не толькі нры будаўніцтве касцёлаў, цэркваў, збораў. Усё часцей заўважаліся мураванкі (будынкі з цэглы)сярод жыллёвых забудоў. Да Магілёва XVII ст. адносіцца апісанне, пакінутае сучаснікам: «На багатым мяшчанскім пасадзе вельмі многа пабудоў мураваных, шмат таксама дамоў драўляных добрай работы».

Насельніцтва гарадоў папаўнялася галоўным чынам сялянамі-ўцекачамі. Менавіта за гарадскімі сценамі яны маглі ўздыхнуць паветрам волі, бо траплялі пад абарону магістрата. У XVI – першай палове XVII ст. практычна ўсе гарадскія паселішчы Беларусі атрымалі «з ласкі» караля і вялікага князя еўрапейскае Магдэбургскае права. Карысталіся ім і некаторыя мястэчкі, якія ўяўлялі сабой населены пункт, пераходны ад вёскі да горада. Мястэчак на Беларусі было шмат, і колькасць іх пастаянна павялічвалася.

Існавала яшчэ адна крыніца папаўнення гарадскога насельніцтва. Гэта калі вясковец станавіўся гараджанінам не заўсёды па сваёй волі, а на загаду пана або духоўнай асобы. Найчасцей перасяленцамі з'яўляліся рамесныя людзі. Такім чынам, багатыя землеўладальнікі хацелі падпарадкаваць сваёй уладзе ці хаця б мець уплыў на гарадское жыццё. 3 вясковых перасяленцаў, што былі звязаны з панам ланцугамі прыгоннай няволі, шляхта стварала ў гарадах свае кварталы. Гэтыя адасобленыя часткі горада, якія знаходзіліся пад уладай магната ці царкоўнай установы, называліся юрыдыкамі. На жыхароў юрыдык не распаўсюджвалася адміністрацыйная і судовая ўлада магістрата. 3 другой паловы XVII ст. некаторыя беларускія гарады напалову, а часам і больш былі населены яўрэямі.

Цэхі . Менавіта XVI – першая палова XVII ст. стала часам найбольшага росквіту разнастайнай рамеснай вытворчасці ў гарадах Беларусі. Ад некалькіх дзесяткаў да 200 – 300 майстроў было занята рамяством у такіх параўнаўча невялікіх гарадах, як Нясвіж, Копысь, Клецк, Шклоў. Калі ж гаварыць аб Берасці, Гародні, Менску, Полацку, Магілёве, то лічба гэта была чатырохзначная. Рамяство тут было прадстаўлена некалькімі дзесяткамі прафесій. У Магілёве XVII ст. налічвалася прыкладна 80 рамесніцкіх спецыяльнасцей: кафтаннікі, сярмяжнікі, панчошнікі, канялюшнікі, саф'яннікі, замшавікі, збройнікі, печнікі, ліцейшчыкі, кафляры, разьбяры і г. д.

3 мэтай абароны рамеснай вытворчасці гараджан ад канкурэнцыі з боку іншаземных ма.йстроў, а можа, у першую чаргу, з боку рамеснікаў, што належалі буйным феадалам і сяліліся імі па юрыдыках, а таксама дзеля наладжвання збыту прадукцыі, рамеснікі аб'ядноўваліся ў прафесійныя арганізацыі. У першай палове XVI ст. яны паўстаюць пад мясцовымі назвамі: сотні ў Гародні, староствы ў Магілёве, брацтвы ў Полацку і Менску. Але да канца XVI ст. пераважна замацавалася назва «цэх». Вытворца, які не ўваходзіў у такую арганізацыю, не мог прадаваць сваю прадукцыю на мясцовым рынку. За гэтым пільна сачылі гарадскія ўлады. Вось якое прадпісанне мела грамата рамеснікам Менска 1552 г.

Цэх з'яўляўся арганізацыяй майстроў. Каб дабіцца гэтага высокага звання, трэба было на працягу некалькіх гадоў прайсці школу вучня, затым падмайстра. Толькі пасля гэтага можна было рызыкнуць здаць экзамены на майстра. Для праверкі ступені валодання сваім рамяством прэтэндэнт на майстра павінен быў «рабіць штуку». Каб стаць кавалём, трэба было за дзень адкаваць цясак, падкову і сякеру. Ад слесара патрабавалася вырабіць 2 замкі — адзін для лаўкі, другі для сундука. Якасць працы павінна была быць адпаведнай. За ёю сачылі лепшыя прафесіяналы. Экзамен на майстра можна было здаваць 3 разы. Няўдачнікам, якіх называлі партачом, адмаўлялі ў прыёме ў цэх. Трэба яшчэ дадаць, што ў цэх прымалі людзей «дабрачынных ды жанатых», якія не маглі быць «п'яніцамі ці ігракамі ў косці». У цэхі аб'ядноўваліся таксама купцы, якія былі цэнтральнымі фігурамі ў гандлёвай дзейнасці.

Гандаль. Рынкі гарадоў звязвалі паміж сабою ўсе рэгіёны Вялікага княства. І сувязь гэту забяспечвалі гарадскія гандляры – “прасолы”. Таргі ва ўсіх гарадах і мястэчках адбываліся раз-два на тыдзень. У буйных цэнтрах рынак займаў значную плошчу. У Магілёве яна складала больш чым 2 гектары. На магілёўскім рынку мясцілася 400 лавак. А што ў лаўках? Віцебскі купец Цімафей Гром трымаў для продажу розныя тканіны, панчохі гданьскія, рукавіцы, паперу, хусткі, медзь, воск, порах, бялілы, іглы, ртуць, шпількі, прыправы, касцяныя грабяні, акуляры, гузікі, с'іруны, воўну, люстэркі, каралі, серу, шнуркі, жалеза, дрот, вавёрчына футра і шэраг іншых. Гэта прамысловыя тавары. А ў мясным радзе Віцебскага рынку налічвалася 23 лаўкі.

Замежным гандлем займаліся вярхі гарадскога купецтва. Іх называлі «гасцямі». Адсюль і назва буйных шляхоў – «гасцінцы». Шляхі-гасцінцы пракладвалі беларускія купцы да Варшавы, Познані, Гданьска, Рыгі, Кралеўца (Калінінграда), Ноўгарада, Цверы, Масквы. Тым самым яны звязвалі Заходнюю Еўропу і Усходні Свет.

Найважнейшай гандлёвай артэрыяй, як і ў папярэднія часы, з'яўлялася Заходняя Дзвіна. Па Дзвіне «з Літвы вывозяцца цвёрдыя, сплаўленыя агнём кавалкі яловага, вязавага, ліпавага і вербнага попелу (паташу), ма які вялікі попыт сярод суконшчыкаў і мылавараў, каровы і вельмі добрага вырабу скуры, пшаніца, смала, каноплі, лён, мёд, воск, сала і розныя каштоўныя футры — усё гэта дзеліцца паміж прусакамі, шведамі, датчанамі і немцамі. А прывозіць рака Дзвіна ў Літву і Маскву сопь, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты XVII ст.)».

Сацыяльныя канфлікты. Гарадское жыццё было далёка не бесканфліктным. На працягу XVI – XVIII стст. не спадала напружанасць у адносінах паміж гараджанамі і феадаламі, што імкнуліся пашырыць сваю прысутнасць у горадзе. Процідзеянне юрыдыкам стала адной з галоўных рыс сацыяльнага жыцця горада.

Але гэтым супярэчнасці гарадскога жыцця не вычэрпваліся. У XVI ст. ужо выразна праявіў сябе падзел гарадскога грамадства на багатую вярхушку з купцоў і цэхавых майстроў і гарадскую беднату – «людзей рабочых», «лёзных», «наймітаў», «гульцяёў». Уся паўната ўлады сканцэнтравалася ў руках першых. Заўсёды кіраўнікі горада выкарыстоўвалі гэта на сваю карысць. Злоўжыванні і самавольствы гарадской вярхушкі прыводзілі да выбухаў сацыяльнага пратэсту гараджан.

Найбольш вядомыя гарадскія паўстанні ў Магілёве ў 16061608 гг. і 1610 г. Магілёўскія рамеснікі на чале са Стахорам Мітковічам, Пятром-кавалём, Мікітай-збройнікам, Харапонам-краўцом, Міхайлам-ганчаром, Хадком Багдановічам выступілі супраць прадажнай гарадской рады і ліквідавалі яе. Больш за 2 гады горадам кіравала «рамесніцкая» рада, праводзячы палітыку ў інтарэсах гарадскіх нізоў. У 1608 г. подкупам і пагрозамі дзяржаўным уладам удалося «скінуць» раду рамеснага люду і перадаць паўнамоцтвы былому складу магістрата. Аднаго з паўстанцаў – Хадка Багдановіча, які да канца вёў барацьбу, пакаралі смерцю.Але праз 2 гады няскораныя магілёўцы зноў падняліся супраць непапулярнага магістрата. На гэты раз уладу ў горадзе захапіць не ўдалося. Расправа з завадатарамі паўстання была больш жорсткай. Пяцярых – Івана Харковіча, Міхайлу Чабатара, Лавора Міхайловіча, Мікіту Мільковіча, Гаўрылу Івановіча – пакаралі смерцю на Ільінскай гары ў Магілёве. Двух рамеснікаў – Максіма Тальбуша і Ісая Шчаснага – прысудзілі да 12-тыднёвага зняволення. Пасля чаго іх катавалі ля ганебнага слула і выкінулі за сцены горада, забараніўшы выбіраць жыхарства бліжэй чым за 30 міль ад яго.

У заключэнне можна адзначыць, што асаблівасці аграрных адносін, рост гарадоў у XVI – першай палове XVII ст. выяўляюць глыбокія зрухі ў гаспадарчым жыцці, якія ўзламвалі векавыя традыцыі феадальных асноў і сведчылі аб параўнаўча высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця тагачаснай Беларусі.