Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.2. Музейнае краязнаўства

У арганізацыйнай структуры края­знаўства значная роля адводзілася краязнаўчым музеям. У многіх раённых гарадах Беларусі краязнаўчыя музеі пачалі адкрывацца ў першыя пасляваенныя гады. Так, Баранавіцкі краязнаўчы музей быў створаны ў 1946 г., Мазырскі – у 1949 г.; Слуцкі, Лепельскі, Лідскі, Мінскі краязнаўчыя музеі пачалі працу ў 50-я гг. У наступныя дзесяцігоддзі працягвалася стварэнне новых краязнаўчых музеяў. Дзякуючы рашэнням улад, ініцыя­тыўнасці мясцовых краязнаўцаў у 1972 г. працавалі 22 дзяр­жаўныя краязнаўчыя музеі: абласныя, гарадскія і раённыя. Стварэнне значнай колькасці буйных краязнаўчых музеяў адлюстроўвала вынікі пошукавай дзейнасці краязнаў­цаў па зборы каштоўных матэрыялаў, прысвечаных рэгіёнам. Так, Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў (1921–1993) нястомна збіраў дакументы па гісторыі Крычаўшчыны і пра яе выдатных ураджэнцаў, арганізаваў і ўзначаліў Крычаўскі края­знаўчы музей. І.І.Стаброўскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны захаваў археалагічную калекцыю і бібліятэку Слонімскага краязнаўчага музея і адраджаў яго дзейнасць. У кожным музеі збіраліся экспанаты, якія мелі непаўторную інфар­мацыю пра рэгіён. Хаця краязнаўчыя музеі адроз­ніваліся па паўнаце збораў, іх каштоўнасці, але кожны з іх захоўваў гісторыка-культурную спадчыну краю, вёў дзейнасць па яе вывучэнні і папулярызацыі. Дабратворна ўплывалі на развіццё краязнаўчай дзейнасці музеяў рашэнні Савета Міністраў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, аблвыканкамаў і навуковых устаноў па ахове, рэстаўрацыі і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры.

У канцы 80-х гг. значэнне музейнай дзейнасці яшчэ больш узрасла, пашырыліся яе змястоўныя кірункі. У гэты час былі створаны унікальныя краязнаўчыя музеі і рэгіянальныя гісторыка-культурныя комплексы, пачалася рэстаўрацыя выдатных гістарычных помнікаў, перш за ўсё славутага Мірскага замка. На базе асобных адрэстаўрыраваных пом­нікаў архітэктуры былі адкрыты новыя музеі. Так, у Раўбічах Мінскай вобласці ў будынку былога касцёла адкрыўся музей беларускага народнага мастацтва, рамёстваў і народных промыслаў. У краязнаўчай рабоце адбываецца абуджэнне інтарэсу да традыцыйнай народнай тэхналогіі, рамёстваў, адраджэння традыцый народнага побыту. У 1990 г. быў створаны першы раённы дом рамёстваў у Глыбокім, у гуртках якога вучні авалодвалі сакрэтамі тэхналогіі рамёстваў.

У асобных раёнах з канца 80-х гг. пачалі распрацоўваць краязнаўчыя праграмы тыпу “Вяртанне вытокаў” (Івянецкі раён). У ходзе яе выканання быў створаны музей фальклору ў вёсцы Опаль, музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна. У выніку пошукавай работы падрыхтаваны матэрыялы да стварэння раённага краязнаўчага музея.

Сярод краязнаўчых музеяў былі адметныя сваімі зборамі, а таксама гісторыяй узнікнення. Так, унікальны Веткаўскі музей народнай творчасці (адкрыты ў 1987 г.) быў заснаваны на аснове калекцыі Ф.Р.Шклярава (выдатны калекцыянер стаў і першым дырэктарам). Музей размешчаны ў купецкім доме ХІХ ст., звыш 6000 экспанатаў яго характарызуюць народную культуру, побыт, традыцыйнае мастацтва, промыслы Веткаўшчыны. Сярод іх старадрукі ХVI–XVIІІ стст., рука­пісы з пачатку ХVI да пачатку ХХ ст., у тым ліку рукапісы крукавага нотнага пісьма, таксама і веткаўскай школы, абразы XVII – пачатку ХХ ст., дзелавая і асабістая перапіска майстроў, рахункі, старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка, ліццё, шыццё золатам, жэмчугам, бісерам, вышыўкі. Раздзелы ў музеі адлюстроўвалі мясцовыя краявіды: “Слабада”, “Кірмаш”, “Манастыр”, “Рака”.

Інстытут геахіміі і геадэзіі АН Беларусі стварыў у раёне Уручча Музей валуноў (1985). Гэта збор некалькіх тысяч эталонных і рэдкіх валуноў. Сярод іх ёсць археалагічныя аб’екты з выбітымі знакамі ў форме лука са стрэламі, крыжоў (напрыклад, крыж Стэфана Баторыя), сонца, валуны з надпісамі, слядамі апрацоўкі, культавыя і інш. Адзін з гранітных валуноў знаходзіўся раней у Мінску на Свіслачы і называўся Стары. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. Старому ахвяравалі мёд, малако, віно, упрыгожвалі яго ручнікамі і тканінай.

На базе буйнейшых гістарычных цэнтраў у 1967 г. былі створаны гісторыка-археалагічныя запаведнікі ў Полацку, Заслаўі і Гродне. У другой палове 80-х – 1990 г. яны былі пераўтвораны ў гісторыка-культурныя запаведнікі. Напрыклад, у склад Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка ўвайшлі Полацкі верхні замак з Сафійскім саборам, гара­дзішча, будынкі былога езуіцкага калегіума і іншыя аб’екты. Заслаўскі запаведнік (1986) уключыў замак (гарадзішча “Вал”) з былым кальвінісцкім зборам другой паловы ХVI – пачатку ХVIІ ст., гарадзішча “Замэчак” Х–ХІ стст., звязанае з памяццю Рагнеды і Ізяслава, фарны касцёл святой Марыі, курганныя могільнікі. На тэрыторыі запаведніка размешчаны музеі народнага побыту: “Млын”, “Хата завознікаў” (карчма), “Кузня”, “Свіран”. Музеі ўяўляюць сабой рэканструкцыі аб’ектаў, што размяшчаліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Заслаўі і навакольных вёсках. Усе запаведнікі з'яўляюцца цэнтрамі гісторыка-краязнаўчых даследаванняў і буйней­шымі турыс­тычнымі цэнтрамі.

Супрацоўнікі краязнаўчых музеяў былі адной з буйнейшых катэгорый прафесійных краязнаўцаў. Многія з іх актыўна публікавалі вынікі даследаванняў. Так, дырэктар Мінскага краязнаўчага музея (г. Маладзечна) Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі апублікаваў многа артыкулаў па матэрыялах архіўных і археалагічных пошукаў, этнаграфічных і фальклорных экспедыцый. Перайшоўшы на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, Каха­ноўскі захапіўся вывучэннем гісторыі краязнаўства, што адлюстравана ў кнізе “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVI–ХIХ стст.” (1984). Гэта выдатнае даследаванне ўвайшло ў кола важнейшых крыніц па гісторыі айчыннага краязнаўства. Г.Л.Каханоўскі стаў у 80-я гг. на чале руху грамадскасці па аднаўленні беларускай краязнаўчай арганізацыі.