Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Глава 3. Краязнаўчая дзейнасць добраахвотных арганізацый. Стварэнне Беларускага краязнаўчага таварыства

У пасляваенны час былі створаны добраахвотныя грамадскія таварыствы, у статутах якіх прадугледжвалася краязнаўчая дзейнасць. Гэта Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Беларускае геаграфічнае таварыства і інш.

Створанае ў сярэдзіне 60-х гг. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ставіла задачай зберагаць гісторыка-культурную спадчыну, папулярызаваць веды аб помніках і памятных мясцінах, прыцягваць насельніцтва да ўдзелу ў ахове помнікаў. У таварыстве былі створаны саветы і секцыі па кірунках работы.

Чарговыя задачы і напрамкі дзейнасці вызначаліся на з’ездах таварыства. У перыяд паміж з’ездамі кіраванне ажыццяўляў Рэспубліканскі савет. Дзейнічалі 6 абласных і Мінскі гарадскі (на правах абласнога) савет, 140 раённых і гарадскіх саветаў таварыства, звыш сямі тысяч пярвічных арганізацый 130. Таварыства хутка пераўтварылася ў адну з самых вялікіх грамадскіх арганізацый рэспублікі. Яго чле­намі з'яўляліся каля 2,1 млн. асоб. Значную дапамогу таварыству аказвалі мясцовыя органы кіравання, прадпрыемствы і ўстановы. Таварыства разгарнула дзейнасць па выяўленні помнікаў гісторыі і культуры, іх вывучэнні, забеспячэнні іх аховы, фінансаванні кансервацыі і рэстаў­рацыі выдатных помнікаў і па іншых кірунках. У пачатку 80-х гг. было выяўлена больш за 17 тыс. помнікаў гісторыі і культуры, з якіх каля 7 тыс. адносіліся да помнікаў рэвалюцыйнай і баявой славы савецкага часу131. Шмат было зроблена, каб пачалася рэстаўрацыя Мірскага замка, кальвінскага збору ў Смаргоні і інш. Была праведзена рэстаўрацыя Камянецкай вежы на Брэстчыне, архітэктурнага комплексу на Замкавай гары ў Гродне, Сафійскага сабора ў Полацку і многіх іншых славутых помнікаў. Асаблівая ўвага надавалася ўвекавечан­ню памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 60–80-я гг. у вёсках і гарадах Беларусі былі ўстаноўлены шматлікія помнікі загінуўшым землякам. Дзякуючы дзей­насці таварыства на помніках мінулага з’явіліся памятныя дошкі, ахоўныя знакі. Таварыства фінансавала многа унікаль­ных выданняў (напрыклад, манаграфіі “Археалагічныя помнікі Гомельшчыны” У.У.Багамольнікава і А.А.Макуш­нікава, “Археалагічныя помнікі Міншчыны” М.М.Чарняў­скага і інш.). У 1970–1989 гг. выдавала штоквартальны бюлетэнь “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, на старонках якога краязнаўчая тэматыка займала пачэснае месца.

Беларускае таварыства аховы прыроды (1962) спрыяла ўзяццю пад ахову дзяржавы, мясцовых органаў улады і грамадскасці унікальных і адметных аб’ектаў, арганізацыі прыродаахоўваемых зон, папулярызацыі ведаў. Членамі гэтай шматтысячнай арганізацыі былі навучэнцы, працоўныя, спецыялісты, вучоныя. З 1966 г. пачалі праводзіцца конкурсы на лепшае азеляненне населеных пунктаў. Сярод масавых формаў удзелу навучэнскай моладзі ў ахове прыроды атрымалі распаўсюджанне “блакітныя” і “зялёныя” патрулі, дні, тыдні, месячнікі аховы прыроды, лесу, саду, аховы птушак, свят ураджаю, кветак і інш. У 1984 г. прыродаахоўную работу праводзілі 195 тыс. юных аматараў прыроды132. У школьных лясніцтвах вучні вырошчвалі малады пасадачны матэрыял, збіралі плады і насенне дрэў і кустоў, вывешвалі шпакоўні, праводзілі даследчую работу. На старонках часопіса Беларускага таварыства аховы прыроды “Родная прырода” рэгулярна змяшчаліся матэрыялы аб мясцовых прыродных аб’ектах, цікавых з’явах і назіраннях.

Краязнаўчы кірунак дзейнасці ярка вызначыўся ў рабоце Беларускага рэспубліканскага савета па турызме і экскурсіях і яго абласных падраздзяленняў (1962–1966). Значнасць экскурсійна-краязнаўчай работы праяўлялася найперш у абуджэнні інтарэсу да гістарычных і унікальных прыродных мясцін, пачуццяў любві да роднай зямлі.

Беларускі фонд культуры (1987) быў створаны ў мэтах захавання, адшукання і ўшанавання айчыннай культурнай і мастацкай спадчыны. У гэтай грамадскай арганізацыі ўдзель­нічаюць калектывы прадпрыемстваў, устаноў, грамадзяне. Кіруючымі органамі з’яўляюцца прэзідыум на чале са старшынёй і праўленне. Старшынёй БФК працаваў вядомы пісьменнік Іван Чыгрынаў. Камісіі і саветы фонду ўзначалілі пэўныя кірункі дзейнасці, у іх ліку – краязнаўчая камісія. Абласныя і Мінскае гарадское аддзяленні БФК засяродзіліся на зберажэнні і папулярызацыі мясцовай культурнай спадчыны. БФК спрыяў выхаду многіх краязнаўчых выданняў.

У другой палове 80-х гг. упершыню за пасляваенны час па ініцыятыве грамадскасці пачалі стварацца самастойныя краязнаўчыя арганізацыі, у якіх працавалі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, вучоныя, студэнты, навучэнцы. Гэтая выдатная з’ява сведчыла аб патрэбе грамадства ў краязнаўчай дзейнасці, аб яго высокай сацыяльнай і духоўнай ролі. Час перабудовы, развіцця дэмакратыі, патокі новай інфармацыі, у тым ліку раней забароненай, свабоднае распаўсюджанне розных ідэй і меркаванняў былі магутнымі стымуламі краязнаўчай дзейнасці. Новыя краязнаўчыя таварыствы скіравалі сваю працу на тыя кірункі, якія мала ці зусім не даследаваліся ў папярэдні час і садзейнічалі нацыянальна-культурнаму адраджэнню. Уздым беларускага краязнаўства завяршыўся стварэннем у снежні 1989 г. Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ), якое было абвешчана на Усебеларускай канферэнцыі краязнаўцаў у Мінску. Кіруючымі органамі БКТ былі рада ў колькасці 87 чалавек і сакратарыят. Старшынёй рады выбралі выдатнага дзеяча сучаснага краязнаўства Г.А.Каханоўскага, намеснікамі сталі вядомыя вучоныя М.В.Біч, Л.Р.Казлоў, З.Х.Санько, В.С.Талстой, В.А.Чамярыцкі. У чэрвені 1991 г. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Статут БКТ133. За ўзор арганізацыі былі ўзяты Цэнтральнае бюро краязнаўства і краязнаўчая камісія Беларускага фонду культуры. У абласцях і раёнах пачалі стварацца рэгіянальныя суполкі Беларускага краязнаўчага таварыства. Яны маглі быць прадстаўлены грамадскімі аб’яднаннямі, клубамі, гурткамі і іншымі формамі, створанымі ў працоўных калектывах, навучальных установах, грамадскімі і рэлігій­нымі арганізацыямі і інш.134 Асноўнымі задачамі краязнаў­ства былі вызначаны: пошукавая, архіўна-бібліяграфічная работа, выяўленне помнікаў гісторыі і культуры, арганізацыя музеяў, напісанне гісторыі вёсак і гарадоў, стварэнне банка краязнаўчай інфармацыі, вывучэнне помнікаў прыроды, тапанімікі, збіранне вуснай народнай творчасці, дапамога органам асветы. Краязнаўчая дзейнасць разглядалася ў рэчышчы культурна-нацыянальнага адраджэння.

Узнаўленне БКТ паспрыяла разгортванню краязнаўчай работы на месцах, з’яўленню новых актывістаў краязнаўчага руху і стварэнню новых краязнаўчых арганізацый. Края­знаўчыя таварыствы ініцыявалі правядзенне раённых і гарадскіх навуковых канферэнцый і чытанняў. Узнікненне гэтых формаў паказала ўзмацненне арганізацыі краязнаўчага руху, узаемадзеянне паміж краязнаўчымі ўстановамі і арганізацыямі, паміж прафесійнымі і аматарскімі плынямі, набыткі навуковага патэнцыялу краязнаўства. Напрыклад, у 1989 г. намаганнямі абласных арганізацый Гомельшчыны: археалагічнага цэнтра, таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, музея ў Гомелі – адбылася першая навуковая канферэнцыя па гістарычным краязнаўстве. У далейшым канферэнцыя стала традыцыйнай, а яе навуковыя вынікі знайшлі адлюстраванне ў зборніках “Гомельшчына: археалогія, гісторыя, помнікі”.

Тыя ж дабратворныя грамадскія фактары, якія спрыялі ўзнікненню краязнаўчых арганізацый, прывялі і да з’яўлення нацыянальна-культурных грамадскіх арганізацый. Гэтыя арганізацыі таксама далучыліся да краязнаўчай работы. Вывучэнне гістарычнага мінулага сваёй супольнасці, яе распаўсюджання ў межах пэўнай тэрыторыі, традыцыі і побыт, лёсы асобных людзей і сем’яў сталі асноўнымі напрамкамі збіральніцкай і даследчай працы. Ва ўмовах шматэтнічнага складу насельніцтва Беларусі ў другой палове 80-х гг. у некаторых мясцовасцях пачалі адкрывацца польскія, літоўскія, украінскія, татарскія і іншыя таварыствы. Так, у 1987 г. у Лідзе пачаў працаваць клуб аматараў польскай культуры імя А.Міцкевіча – першая польская аргані­зацыя не толькі ў Беларусі, але ў СССР, затым адкрыліся і іншыя польскія арганізацыі. Яны разгарнулі дзейнасць па вывучэнні польскай мовы, правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў і свят, даследаванні сямейна-радавой гісторыі, падзей, якія аказалі значны ўплыў на лёсы этнасу ў рэгіёне і інш. З 1990 г. лідскае аддзяленне Саюза палякаў Беларусі адрадзіла выданне часопіса “Лідская зямля” (“Ziemia Lidzka”).