Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Глава 2. Краязнаўства ў Заходняй Беларусі (1921–1939)

2.1. Грамадскі краязнаўчы рух, дзяржаўнае

І школьнае краязнаўства

У Польшчы краязнаўчы рух стаў праявай сацыяльна-культурнай актыўнасці насельніцтва. Яшчэ да рашэнняў Рыжскага мірнага дагавора, падчас захопу беларускіх зямель польскімі войскамі, узнікалі ініцыятывы па аргані­зацыі краязнаўчай дзейнасці з боку польскай і беларускай інтэлігенцыі. Найперш імкнуліся ўзнавіць функцыянаванне Польскага краязнаўчага таварыства (ПКТ) як вядучай гра-мадскай арганізацыі, а таксама развіць рэгіёназнаўчыя дасле­даванні ў навуковых установах і новаадкрытым Віленскім універсітэце імя С. Баторыя. У красавіку 1920 г. адбыўся з’езд ПКТ, на якім прынялі новы ўстаў (папярэдні, 1907 г., не адпавядаў новым гістарычным умовам). Паміж абранымі членамі рады ПКТ размеркавалі абавязкі для фарміравання рэгіянальных аддзелаў, якія з’яўляліся асноўнай структурнай адзінкай гэтай грамадскай арганізацыі. На паўночна-ўсходніх землях стварэнне аддзелаў было даручана прафесару К.Славінскаму з Вільні. К.Славінскі, асвятляючы на з’едзе справу па развіцці краязнаўчага руху ў Беларусі і Літве, адзначыў, што ўзнікаюць непераадольныя перашкоды з-за няпэўнасці палітычнай сітуацыі, недахопу ініцыятыўных людзей, вялікіх цяжкасцей у пашпартным рэжыме і ў сродках камунікацыі. Аддзелы Польскага краязнаўчага таварыства ўдалося адкрыць толькі ў Навагрудку і Вільні107.

Заключэнне Рыжскага мірнага дагавора (1921) замацавала за Польшчай вялікія беларускія тэрыторыі. Паводле праве­дзенага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу заходне­беларускія землі ўваходзілі ў склад Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага108 і Палескага (цэнтр ваяводства – Брэст над Бугам) ваяводстваў. Плошча Заходняй Беларусі ахоплівала 113 тыс. км, ці 29% тэрыторыі Польшчы. У 1921 г. тут пра­жывалі 3 372 134 чалавекі, што складала 12,5% насельніцтва Польшчы. Беларусаў з іх было 70,5%.

Польская дзяржава аднаўлялася ў атмасферы высокага патрыятызму. Да фактараў паспяховага развіцця адносілі інфармацыйнае забеспячэнне і краязнаўчы рух. Краязнаўству адводзілася важная роля ў грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, адукацыі, у культурным і гаспадарчым развіцці рэгіёнаў. На старонках часопіса Польскага краязнаўчага таварыства “Зямля”, які ўзнавіўся ў 1919 г., краязнаўства называлі фундаментам нацыянальнай свядомасці109.

Каб заахвоціць краязнаўствам студэнцкую моладзь, упраў­ленне студэнцкага кола ПКТ аб’явіла конкурс на лепшую лекцыю па краязнаўстве, якая магла быць прысвечана апісанню пэўнага раёна, а таксама горада, мястэчка, вёскі, ці праект краязнаўчай экскурсіі.

Грамадскі, дзяржаўны і школьны краязнаўчы рух хутка пашыраўся. Усё гэта адбывалася і ў заходнебеларускіх землях.

Нацыянальнае жыццё этнічных меншасцей у Польшчы было клопатам Міністэрства народнай асветы і рэлігійных веравызнанняў і рэгулявалася пэўнымі прававымі нормамі. Польшча, імкнучыся ўключыцца ў еўрапейскі дом, дэкла­равала правы нацыянальных меншасцяў, замацаваныя ў Версальскім трактаце і ў Рыжскім мірным дагаворы. Але ўнутрыпалітычны курс польскага ўрада быў непрыхільным для беларусаў. Зыходзячы з пазіцыі, што Заходняя Беларусь – гэта гістарычна польскія землі, улады адкрыта ажыццяўлялі паланізацыю розных грамадскіх сфер, укаранялі ў свядомасць беларускага насельніцтва ідэі польскай дзяржаўнасці.

Беларускі рух, што з’яўляўся складаным спалучэннем культурных, ідэалагічных, палітычных пазіцый і мэт, які бесперапынна выкарыстоўваўся ў ідэалагічным і палітычным супрацьстаянні паміж СССР і БССР, з аднаго боку, і Польшчай, з другога, зазнаваў большы палітычны ўціск з боку польскіх улад у параўнанні з другімі этнічнымі плынямі. Кіраўніцтва Польшчы імкнулася заканадаўчымі мерамі абмежаваць магчымасць удзелу беларусаў у нацыянальным жыцці. Напрыклад, калі ў 1936 г. беларусы правялі, як і да рэвалюцыі, у Вільні – галоўным цэнтры беларускага грамадскага і культурнага жыцця – урачыстае і прыгожае свята “Дзень беларускай культуры”, то ў 1937 г. яно было не дазволена. Дзеячы нацыянальнага руху былі перакананы, што “беларускае літаратурнае і навуковае жыццё ў Заходняй Бела­русі з’яўляецца вельмі занядбаным”110. Такія ж негатыўныя з’явы адбываліся і ў краязнаўстве, дзе на заканадаўчым узроўні ўлады стымулявалі аматараў краязнаўства да ўдзелу ў масавых дзяржаўных краязнаўчых установах111, што перашкаджала функцыянаванню нешматлікіх беларускіх краязнаўчых арганізацый.

Насуперак усім цяжкасцям свядомая беларуская грамадскасць імкнулася павышаць узровень нацыянальнага жыцця, выкарыстоўваючы розныя арганізацыйныя формы: стварэнне нацыянальнай школы (Таварыства беларускай школы), грамадскіх, навуковых і асветніцкіх арганізацый, палітычных партый, развіццё кнігадрукавання і перыядычнага друку на беларускай мове, удзел у сейме. Так, напрыклад, старшыня Беларускага пасольскага клуба Б.Тарашкевіч ад імя беларускіх дэпутатаў у 1923 г. выказаў на сейме пратэст супраць дзяржаўнага курса Польшчы ў заходнебеларускім краі і дакладна сфармуляваў патрабаванні адносна абароны нацыянальных, эканамічных, культурных і іншых правоў беларускай супольнасці: адбудаваць зруйнаваныя вайною гарады і мястэчкі, безадкладна выдаць законы, якія забяспечвалі б беларусам культурнае і асветнае развіццё, дапусціць беларускую мову ў адміністрацыю і суд.

У пачатку 20-х гг. на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў па ініцыятыве мясцовай інтэлігенцыі пачалі ўтварацца краязнаўчыя арганізацыі, сярод іх буйнейшымі былі Віленскае таварыства прыяцеляў навук, Беларускае навуковае таварыства і Палескае краязнаўчае таварыства, якія не з’яўляліся структурнымі адзінкамі ПКТ. Гэтыя арганізацыі падтрымалі ідэю рэгіяналізму, якая зарадзілася ў асяроддзі віленскіх вучоных і інтэлігенцыі і абазначала канцэнтрацыю навуковых і творчых сіл для вывучэння мінулага і сучаснасці былых зямель ВКЛ, што ўвайшлі ў склад Польшчы. Ідэя рэгіяналізму даследчай, культурнай і інфармацыйнай дзей­насці ў 20-х гг. актыўна папулярызавалася, але прыхільнікаў у іншых частках Польшчы фактычна не атрымала. Заходне­беларускія землі, ці так званы Віленскі рэгіён, павінны былі вывучацца мясцовымі даследчыкамі (выклад­чыкамі Вілен­скага універсітэта імя С.Баторыя і інш.), а таксама вучонымі, інтарэсы якіх былі звязаны з ім. Увага засяроджвалася на даследаванні этнічных субкультур, асаблівасцей этнаграфіч­ных рыс рэгіёну. Прастора сучасных грамадска-палітычных праблем, у прыватнасці, аўтаноміі Заходняй Беларусі, не закраналася.

Асаблівае значэнне мела дзейнасць Палескага краязнаў­чага таварыства ў Пінску (1924–1927). У складзе гэтай арганізацыі працавалі вядомыя краязнаўцы П.Алевінскі, Д.Георгіеўскі, С.Тамашэвіч, Р.Гарашкевіч. Гэта таварыства ініцыявала стварэнне Палескага музея, які адкрыўся ў 1926 г. і працуе ў наш час як музей Беларускага Палесся. Мэтай музея было захаванне і папулярызацыя прыроды, археа­лагіч­ных, этнаграфічных здабыткаў, вырабаў народнага дэкара­тыўна-прыкладнога мастацтва, помнікаў, а таксама гістарыч­нага шляху гэтага унікальнага рэгіёну. Зборы музея ў значнай ступені фарміраваліся дзякуючы прыватным ахвяраванням мясцовых краязнаўцаў, матэрыялаў экскурсій. Падтрымку ў арганізацыі музея аказалі і мясцовыя ўлады. У 1927 г. пад уплывам часткі сяброў Палескае краязнаўчае таварыства было пераўтворана ў рэгіянальны Пінскі аддзел ПКТ.

Польскае краязнаўчае таварыства хутка ўзмацнялася і прымала актыўныя меры для стварэння аддзелаў – асноўных рэгіянальных структур ПКТ, у тым ліку на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў. Аддзелы ўзнікалі пры наяўнасці 20 аматараў краязнаўства. Калі ў 1922 г. з 30 аддзелаў на беларускіх землях называецца толькі Нава­грудскі, то ў канцы 30-х гг. іх колькасць павялічылася да 15112. Структура ПКТ ускладнілася: на рэгіянальным узроўні складваліся краязнаўчыя гурткі і дэлегатуры. Края­знаўчыя гурткі ўваходзілі ў гарадскія аддзелы – арганізацыі, створаныя для краязнаўцаў з ваколіц. Гурткі займаліся пераважна папулярызацыяй краязнаўчых ведаў сярод мясцовага насельніцтва. Рэгіянальныя аддзелы стваралі і каардынавалі дзейнасць мясцовых дэлегатур. Калі дэлегатура значна вырастала па колькасці сяброў і вяла актыўную краязнаўчую работу, то статут ПКТ дазваляў пераўтварыць яе ў асобны аддзел і вызначыць тэрыторыю дзейнасці. Дэлегатуры функцыянавалі ў Давыд-Гарадоцкім, Лідскім і Пінскім аддзелах ПКТ113. Ваяводскія аддзяленні ПКТ утваралі акругі. Галоўнае праўленне ПКТ у Варшаве непасрэдна кіравала ўсімі рэгіянальнымі падраздзяленнямі. Але ў 1936 г. перай­шлі на вертыкальны прынцып пабудовы таварыства. Гэта значыла, што галоўнаму праўленню былі падначалены ўсе ваяводскія аддзяленні ПКТ (акругі); яны, у сваю чаргу, кіра­валі рэгіянальнымі аддзеламі на тэрыторыі ваяводства. Такім чынам, рэформа дазваляла цэнтральнаму кіраўніцтву больш якасна ўплываць на дзейнасць краязнаўчых арганізацый.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці рэгіянальных суполак ПКТ былі: лекцыйная работа, правядзенне курсаў па краязнаўстве і фотамастацтве, арганізацыя турыстычна-краязнаўчага руху, краязнаўчых выстаў, музеяў, бібліятэк, стварэнне фота- і кінадакументаў у галіне краязнаўства, выданне краязнаўчых часопісаў, даведнікаў і іншай краязнаўчай літаратуры.

У розных формах краязнаўчага руху прымалі ўдзел мясцовыя чыноўнікі, настаўнікі і вучні гімназій, святары, біблія­тэкары, медыкі, пісьменнікі, журналісты і інш. Найбольш актыўна працавалі краязнаўчыя аддзелы ў Баранавічах, Брэсце, Ваўкавыску, Глыбокім, Гродна, Давыд-Гарадку, Лідзе, Пінску. У Ваўкавыску краязнаўчае таварыства мела багатыя зборы старажытных дакументаў, каля 3000 музейных экспанатаў. Павет і горад Ваўкавыск звярнуліся да магістра С.Кракоўскага з Віленскага універсітэта за дапамогай у вывучэнні 200 кг гістарычных дакументаў. Некаторыя дакументы траплялі ў таварыства цікавымі шляхамі. Так, пры рамонце страхі дома жыхара Каласоўскага ў 1938 г. была знойдзена “Konfrimacje” 1773 г. праў і прывілеяў для горада караля Станіслава Аўгуста, з якой вынікала, што Ваўкавыск атрымаў магдэбургскае права ад Аляксандра Ягелончыка. Гэты дакумент таварыства набыло за 150 злотых.

ПКТ надавала вялікую ўвагу пашырэнню выдавецкай дзейнасці. Яго рэгіянальныя структуры наладзілі выпуск краязнаўчых часопісаў “Зямля” (“Ziemia Lidzka”, “Ziemia Pińska” і іншых) і кніг. Гісторыка-краязнаўчы часопіс “Лідская зямля”, які ў 1936–1939 гг. выходзіў пад рэдакцыяй таленавітага краязнаўца У.Абрамовіча, дасягнуў узроўню лепшых краязнаўчых перыядычных выданняў у Польшчы. Краязнавец і вучоны М.Ліманоўскі адзначаў, што часопіс “зрушвае магільную пліту бяспамяцтва” з лідскай зямлі і “прадстаўляе на дзённы свет яе багацці”114. Выдаваліся мясцовыя газеты, на старонках якіх адлюстроўваліся бягучыя падзеі, друкаваліся і гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы. Але перыядычныя выданні нярэдка выходзілі на працягу кароткага тэрміну, што тлумачылася недахопам сродкаў і ініцыя­тыўнасці выдаўцоў.

Яркай рысай грамадскага краязнаўства было развіццё фотадакументавання. Працягвалася творчасць “бацькі края­знаўчай фатаграфіі” Я.Булгака. Ён стварыў самабытныя партрэты, пейзажы, відавыя фатаграфіі, адлюстраваў непаў­торныя фрагменты мінулага многіх беларускіх мясцін. Зай­маўся таксама даследаваннямі і папулярызацыяй фотамастацтва і выкладаў яго ў Віленскім універсітэце.

Стымулявалі падрыхтоўку краязнаўчых кніг конкурсы на лепшае выданне. Некаторыя з тагачасных выданняў, аўтары якіх выкарысталі шырокае кола крыніц, надоўга захавалі значэнне для гісторыка-краязнаўчых даследаванняў. Так, уні­кальныя і цікавыя факты паўстаюць са старонак кніг вядомых краязнаўцаў Р.Гарашкевіча ”Powiat Stoliński” (1929), А.Снеж­кі “Kościol farny w Mirze: szkic monograficzny. 1587–1937” (1937), У.Абрамовіча “Strone nowogródskie: szkice krajozna­wcze” (1938) і інш.

Сярод культавых краязнаўчых мясцін асаблівае значэнне набыла Навагрудчына – малая радзіма Адама Міцкевіча, куды накіроўваліся аматары краязнаўства, навучэнцы не толькі з заходнебеларускіх зямель, а з усіх куткоў Польшчы. Калі восенню 1938 г. на Навагрудчыне праходзілі “Міцкевічаўскія дні”, то для праезду турыстаў быў паніжаны кошт білетаў на чыгунцы.

Але ўсё ж такі ў дзейнасці структур ПКТ у Заходняй Беларусі адзначаецца няўстойлівасць. Праца шэрага іх прыпынялася ў выніку ад’езду заснавальнікаў, з-за недахопу краязнаўцаў-арганізатараў з ліку мясцовага насельніцтва. Блізкасць мэт і зместу дзейнасці ПКТ і Польскага турыстычнага таварыства прывяла да іх аб’яднання ў 1938 г.

Сярод іншых арганізацый вялікае значэнне ў навуковым даследаванні беларускіх зямель мела дзейнасць Таварыства сяброў навук пры Віленскім універсітэце імя С.Баторыя. Гэта была арганізацыя з вялікім навуковым патэнцыялам. У 1923 г. у таварыстве былі 640 членаў, багатая бібліятэка і музей. Трэці аддзел таварыства аб’ядноўваў даследчыкаў мінулага ВКЛ, філасофіі і права. Яго членамі былі вядомыя гісторыкі М.Бранштэйн, С.Зайянчкоўскі, А.Прахазка, Я.Якубоўскі, Я.Івашкевіч, Ф.Канечны і інш. Члены таварыства вывучалі пераважна перыяд XIV–XIX стст., ахопліваючы мноства пытанняў мінулага паўночна-заходніх зямель Беларусі. Адной з лепшых формаў краязнаўчай дзейнасці трэцяга аддзела таварыства было правядзенне конкурсаў на лепшую манаграфію на польскай мове аб мінулым ваяводства, павета, горада, мястэчка на тэрыторыі былога ВКЛ. Для мястэчка мінулае павінна было адлюстроўвацца ад часу першых звестак да сённяшніх дзён, для іншых тэрыторый дапускаліся храналагічныя абмежаванні. Таварыства выпускала навуковы часопіс “Ateneum Wileński”. Удзельнікі таварыства, вучоныя універсітэта выпусцілі значную колькасць манаграфій, пры­свечаных даследаванню мінулага беларускіх тэрыторый ВКЛ. Напісаныя з пазіцый польскай ідэалогіі, гэтыя працы змяшчаюць багаты фактычны матэрыял, шмат­лікія бібліягра­фічныя спасылкі, у тым ліку на рэдкія, унікаль­ныя дакументы, якія цікавяць і ў наш час краязнаўцаў-даследчыкаў і бібліятэкараў-бібліёграфаў.

Адным з напрамкаў дзейнасці грамадскіх краязнаўчых арганізацый і іншых удзельнікаў краязнаўчага руху было адкрыццё музеяў. Сярод іх стваральнікаў вылучаецца яркая асоба Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага (1869–1968). Ураджэнец г.Слоніма, выпускнік Полацкага кадэцкага корпуса, ён атрымаў адукацыю археолага і ваеннага. Палкоўнік Стаброў­скі ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Вярнуўшыся ў родны горад у 1921 г., пачаў збіраць матэрыялы пра мінулае краю. Вялікая гісторыка-археалагічная калекцыя стала асновай створанага ім краязнаўчага музея.

Буйнейшымі ў Заходняй Беларусі былі Палескі музей і музей, створаны Ю.Ядкоўскім у Гродне. Вучоны-археолаг Ю.Ядкоўскі (1890–1950) з дзіцячых гадоў марыў аб збіранні старадаўніх рэчаў і настойліва ажыццяўляў свае планы. Жыхары горада ведалі, што старажытныя кнігі і рэчы варта паказаць доктару Ядкоўскаму. На падставе яго прыватных збораў у Гродне быў адкрыты Дзяржаўны музей (1922), а Ю.Яд­коўскі прызначаны на пасаду яго дырэктара. У музеі, які размясціўся ў старым каралеўскім замку, былі аддзелы археалогіі, культава-сакральных помнікаў, народнага мастац-тва, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зброі і інш. Яны змяшчалі экспанаты па васьмі навакольных беларускіх паветах. Пры музеі працавалі інвентарызацыйна-рэстаўрацыйная і фатаграфічная майстэрні, бібліятэка і архіў. Як археолаг і фатограф Ю.Ядкоўскі папаўняў музей матэрыяламі ўласных раскопак і фотадакументамі. З фотаапаратам ён аб’ехаў мястэчкі і ўсе цікавыя мясціны краю. Напрыклад, у Песках сфатаграфаваў дзіўную па прыгажосці сінагогу, у Поразаве – печ па абпаленні чорназадымленай керамікі. Пастаянна звяртаўся да настаўнікаў, дырэктараў школ з просьбамі паведамляць аб усіх цікавых знаходках, дакументах, помніках і аб народных майстрах. Музей, створаны Ю.Ядкоўскім, і сёння вядзе вялікую навукова-даследчую і папулярызатарскую дзейнасць па вывучэнні Гродзеншчыны.

Мэтай школьнага краязнаўчага руху было патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі, што разумелася як выхаванне польскага рэгіянальнага патрыятызму. У школьных установах выкладаліся рэгіёназнаўчыя вучэбныя дысцыпліны, на якіх вучні знаёміліся з гістарычным мінулым і прыродай ваяводства, працавалі краязнаўчыя гурткі. Асаблівы акцэнт пры вывучэнні мінулага рабіўся на разглядзе ўдзелу мясцовага насельніцтва ў паўстаннях 1794, 1830–1831, 1863–1864 гг. Кіравалі гурткамі ў польскіх гімназіях і пачатковых школах настаўнікі ці сябры рэгіянальных аддзелаў ПКТ. Актыўную работу праводзілі навучэнцы Пінска, Брэста, Ліды, Глыбокага і іншых гарадоў і мястэчак. Яны збіралі звесткі аб падзеях паўстання 1863 г., этнаграфічны матэрыял, вывучалі гісторыка-культурныя помнікі, запаведныя мясціны свайго краю, распрацоўвалі турыстычныя маршруты. Так, вучні Пінскай дзяржаўнай гімназіі імя Ю.Пілсудскага выпускалі краязнаўчыя працы, напрыклад, “Чар Палесся чар” (1936), “Некалькі слоў аб Пінску і святы, абрады і павер’і палескага люду” (1936) і інш.

Навукова-метадычнае забеспячэнне школьнага краязнаў­чага руху здзяйсняла рэгіянальна-краязнаўчая секцыя Саюза польскіх настаўнікаў.

У Віленскім універсітэце краязнаўчай дзейнасцю займаліся Беларускі студэнцкі саюз, Таварыства прыяцеляў беларуса­ведаў Віленскага універсітэта. Мэта таварыстваў – згуртаваць студэнцкую моладзь для навуковай працы ва ўсіх галінах беларусазнаўства. Дзейнічалі філалагічная, этнаграфічная, гістарычна-эканамічная і літаратурная секцыі115. Студэнты разгарнулі шырокую культурна-асветніцкую работу, накіра­ваную супраць паланізацыі іх радзімы.

З ліку настаўнікаў выйшлі вядомыя краязнаўцы-даслед­чыкі. Браслаўскаму настаўніку Ота Гедэману (1887–1937) належыць важная крыніцазнаўчая праца “Гісторыя Браслаў­скага павета” (1929).