Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.2. Краязнаўчая дзейнасць беларускіх нацыянальна-культурных і навуковых арганізацый

Свядомая беларуская інтэлігенцыя і студэнты стварылі шэраг грамадскіх арганізацый, распачаўшых краязнаўчую дзейнасць. Сярод іх адметную ролю выконвалі Беларускае навуковае таварыства і знакаміты Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

Браты Іван і Антон Луцкевічы належаць да выдатных дзеячаў беларускага грамадска-палітычнага і культурнага руху. Справай жыцця І.Луцкевіча было стварэнне музея, экспанаты якога паказвалі б багацце беларускай гісторыі і культуры. Апантаны збіральнік і дыпламаваны археолаг І.Луцкевіч правёў шэраг раскопак, этнаграфічных вандровак. Ён марыў прыцягнуць да даследчыцка-збіральніцкай працы многіх людзей, ад простых сялян да замежных навукоўцаў. Для рэалізацыі сваёй задумы І.Луцкевіч (ужо цяжка хворы на сухоты) у студзені 1918 г. ініцыяваў стварэнне Беларускага навуковага таварыства. Мэтай існавання таварыства па статуце з’яўлялася “рознабаковая навуковая праца, развіццё любові да навуковых доследаў і пашырэнне ведаў”. Таварыству І.Луцкевіч перадаў архіў, бібліятэку, калекцыю старажытнасцей. Праз два гады пасля яго смерці быў адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча (1921–1944), які ўзначаліў Антон Луцкевіч. Акрамя дырэктара пастаянна працаваў у музеі бібліятэкар У.Самойла. Калегіяльнае кіраўніцтва здзяйсняла рада. Музей размяшчаўся ў так званых Базыльянскіх мурах (былым кляштары базыльян) у Вільні. Беларускі музей уваходзіў як паўнамоцны сябра ў склад Саюза музеяў Польшчы. Матэрыяльную і іншую дапамогу музею аказвалі актыўныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху Ф.Алях­новіч, В. і Я.Багдановічы, Э.Будзька, В. і Ф.Грышкевічы, В.Іваноўскі, П.Сергіевіч, А., Я. і С.Станкевічы, Р.Шырма і інш. Сабраныя ў музеі скарбы павінны былі служыць захаванню гістарычнай спадчыны беларускага народа і абуджэнню яго нацыянальнай свядомасці. Багатымі былі археа­лагічная, нумізматычная, сфрагістычная, этнаграфічная, мастацкая, прадметаў дэка­ратыўна-прыкладнога мастацтва і іншыя калекцыі музея. Тут былі рэчы, знойдзеныя падчас раскопак у Ашмянскім, Барысаўскім, Гомель­скім, Лідскім, Мінскім, Навагрудскім, Пастаўскім і іншых паветах. Шмат прадметаў паходзілі з археалагічных раскопак Я.Тышкевіча і І.Луц­кевіча. Сфрагістычная калекцыя наліч­вала 103 пячаткі, у тым ліку пячаткі на сігнетах полацкіх князёў Усяслава і Барыса, пячатка Міндоўга. Калекцыя твораў мастацтва ўключала вялікую колькасць старадаўніх абразоў, уключаючы абразы мясцовага пісьма. “Сапраўдным скарбам” музея А.Луцкевіч назваў калекцыю твораў беларускай народнай разьбы з Віленшчыны і Навагрудчыны. Этнаграфічныя зборы ўключалі тканіны хатняга вырабу, народнае адзенне, славутыя слуцкія паясы. Сучаснае мастацтва было прадстаўлена творамі П.Сергіевіча, Я.Драздовіча і інш.

Новыя набыткі складалі нязначную долю ў параўнанні са зборамі І.Луцкевіча. Напрыклад, у 1926 г. па просьбе А.Луцкевіча Язэп Драздовіч вандраваў па Пінскім Палессі – краі, дзе захоўваліся глыбінныя народныя традыцыі. Музею мастак перадаў альбомы этнаграфічных замалёвак (народных строяў, прадметаў ужытку і інш.). Супрацоўнікі музея пераважна займаліся ўпарадкаваннем і каталагізацыяй фондаў, стварэннем экспазіцый, правядзеннем экскурсій. Музей наведвалі не толькі жыхары паўночна-заходніх ваяводстваў, але і беларусы, якія пражывалі ў розных краінах свету. У 1931–1932 гг. музей наведалі звыш 500 чалавек. Дзейнасць музея спынілася з устанаўленнем савецкай улады ў 1939 г., калі было закрыта Беларускае навуковае таварыства, арыштаваны А.Луцкевіч і іншыя сябры таварыства. Падчас нямецкай акупацыі ўдалося захаваць скарбы музея, але ў 1945 г. ён быў закрыты, а яго зборы рассеяны. Найбольш каштоўныя матэрыялы засталіся ў Літве, а ў Беларусь трапіла частка рукапісаў. Гэтыя дакументы захоўваюцца цяпер у Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва Беларусі.

Мэтамі Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГК, 1926–1937), створанага па ініцыятыве бела­рускіх хрысціянскіх дэмакратаў пад кіраўніцтвам В.Гадлеў­скага, былі навукова-даследчая і асветніцкая дзейнасць, якая ў значнай ступені вялася на аснове краязнаўчага падыходу. Так, у секцыях эканомікі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі і іншых інстытута даследаваліся матэрыялы, звязаныя з пэўнымі беларускімі мясцовасцямі. БІГК стварыў дзесяткі гурткоў на тэрыторыі заходнебеларускіх паветаў, функцыянаванне якіх залежала ад актыўнасці мясцовага насельніцтва. У 1935 г. было больш за 20 гурткоў. На вечарынах, лекцыях і тэатральных прадстаўленнях, якія ладзіліся членамі рэгія­нальных суполак БІГК, таксама адлюстроўвалася краязнаўчая тэматыка. БІГК выпускаў часопіс “Калосьсе”. Таварыства БІГК было закрыта віленскім ваяводам у студзені 1937 г.

Тагачасныя матэрыялы аб жыцці заходнебеларускіх рэгіёнаў, аб адметных людзях і гістарычныя тэмы асвятляліся на створаных дзеячамі беларускага руху старонках часопісаў “Калосьсе”, “Шлях моладзі”, “Беларускі летапіс”, “Беларуская борць” і інш. Напрыклад, у “Калосьсі” была апублі­кавана праца М.Пяцюкевіча, прысвечаная М.Нікіфароў­скаму116.