Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

V. Што аб’ядноўвае

Заданне 18. М.В.Біч, Л.Р.Казлоў, З.Х.Санько, В.С.Талстой, В.А.Чамярыцкі _______________________________________

Vі. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца

Заданне 19. Прафесар, арганізатар і кіраўнік гістарычна-краязнаўчага гуртка Гродзенскага педагагічнага інстытута ____________________________________________________

Заданне 20. Вывучаў гісторыю Слонімшчыны і Гродзен­шчыны, у гады Вялікай Айчыннай вайны захаваў археала­гічную калекцыю створанага ім Слонімскага краязнаўчага музея ______________­­­_________________________________

Заданне 21. Галоўны бібліёграф ДБ БССР, унесла значны ўклад у навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці біб­ліятэк па краязнаўстве ________________________________

Раздзел VI. Развіццё краязнаўства ў рэспубліцы беларусь (1991–2000)

Глава 1. Грамадскі краязнаўчы рух.

Дзейнасць Беларускага краязнаўчага таварыства

Дасягненне дзяржаўнага суверэнітэту ў 1991 г. стала магутным фактарам уздыму нацыянальнай свядомасці, імк­нення лепш пазнаць мінулае сваёй радзімы, ганарыцца яе сучаснымі дасягненнямі, годна прадстаўляць Беларусь у свеце. Стала магчымым узнавіць многія забароненыя раней тэмы, “белыя плямы” айчыннай і рэгіянальнай гісторыі, вярнуць з нябыту сотні імён выдатных людзей мінулага. Спрыялі развіццю краязнаўства прынятыя ў Рэспубліцы Беларусь законы і дзяржаўныя праграмы: законы аб культуры, адукацыі (1991, новая рэдакцыя 2002), бібліятэчнай справе (1995, новая рэдакцыя 2003), турызме (1999) і іншыя; праграмы “Спадчына”, дзяржаўнай падтрымкі традыцыйнай культуры (1994–1996 гг.), захавання традыцыйнай культуры вёскі (на 2005–2010 гг.) і інш. У апошнія гады прымаюцца праграмы развіцця малых гарадоў, праграмы развіцця уні­кальных гістарычных цэнтраў (праграма развіцця г.Полацка). Важнае значэнне набылі праграмы інавацый.

Пад уплывам дабратворных грамадскіх умоў у першай палове 90-х гг. хутка пашыраўся грамадскі краязнаўчы рух, адна за адной узнікалі новыя краязнаўчыя арганізацыі. Яны дзейнічалі ў многіх рэгіёнах і населеных пунктах краіны. Так, М.Гаравы ў 1992 г. арганізаваў краязнаўчы цэнтр у Рагачове, Горацкае краязнаўчае таварыства “Бацькаўшчына” ўзначаліў вопытны краязнавец У.М.Ліўшыц. Некаторыя краязнаўчыя арганізацыі распрацоўвалі ўласны статут, сімволіку, адкрывалі грашовы рахунак у банку, выпускалі перыядычныя органы. “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.П.Сапунова” пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўца, журналіста А.М.Падліп­скага значную ўвагу надаваў публікацыі новых даследа­ванняў. Беларускае краязнаўчае таварыства імя Т.Нарбута, якое ўзначаліў прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы С.А.Габрусевіч, ставіла мэтай пашырэнне краязнаўчага руху як на Гродзен­шчыне, так і ў Заходняй Беларусі, выдавала часопіс “Свіцязь”.

Кіраўніцтва краязнаўчым рухам у першай палове 90-х гг. ажыццяўляла Беларускае краязнаўчае таварыства (БКТ) на чале з Г.А.Каханоўскім. БКТ вызначала задачы, кірункі, змест, формы краязнаўчай дзейнасці. Краязнаўства, кіруемае сіламі мясцовых аматараў, разглядалася як істотная ўмова паўнакроўнага развіцця народа, нацыянальнай культуры, духоўнай паўнацэннасці чалавека. Паспяховасць функцыянавання БКТ звязвалася з фарміраваннем аптымальнай арганізацыйнай структуры. Кожнае новае края­знаўчае таварыства рэгістравалася як грамадская арганізацыя. Ва ўсіх абласных цэнтрах былі створаны краязнаўчыя аб’яднанні (таварыствы). Абласныя краязнаўчыя аб’яднанні садзейнічалі ўзаемадзеянню краязнаўцаў, рассеяных інстыту­цыяльна і тэрытарыяльна, актывізацыі даследчай працы, правядзенню навуковых канферэнцый, папулярызацыі края­знаўчых ведаў і развіццю краязнаўчага друку. Так, нала­дзілася супрацоў­ніцтва абласных і раённых краязнаўчых музеяў і таварыстваў у выпуску краязнаўчых зборнікаў “Віцебскі сшытак” (Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Віцебскае абласное краязнаўчае аб’яднанне), “Браслаўскія чытанні” (Браслаўскае музейнае аб’яднанне і Браслаўскае таварыства імя О.Ге­дэмана) і інш. Гродзенская краязнаўчая асацыяцыя сумесна з абласным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, райвыканкамамі воб­ласці, дзяржаўным універсітэтам імя Я.Купалы і краязнаў­чымі музеямі рыхтуе і праводзіць навуковыя краязнаўчыя канферэнцыі.

Аднак дзейнасць рады і іншых цэнтральных органаў БКТ (па аналогіі з ЦБК у 20-я гг.) наладзіць не ўдалося. У сучасных гістарычных умовах БКТ не мела той адміністра­цыйнай падтрымкі з боку улад, кіраўніцтва прадпрыемстваў і ўстаноў, як у міжваенны час. Не ўдалося вызначыць кірункі і формы ўдзелу цэнтральных органаў у краязнаўчым руху. Функцыянаванне цэнтра цалкам залежала ад актыўнасці і зацікаўленасці ў працы абранага кіраўніцтва, дзейнасць якога, на жаль, трымалася на энергічнасці Г.А.Каханоўскага. Пасля яго заўчаснай смерці ў 1994 г. праца цэнтральных органаў БКТ прыпынілася.

Аднак усведамляючы важнасць арганізацыі грамадскага краязнаўчага руху і ролю кіруючых органаў, праз некаторы час беларускія краязнаўцы зноў паставілі пытанне аб адраджэнні БКТ. Было вызначана шырокае кола задач па выяўленні крыніц краязнаўства, арганізацыі турыстычна-экскурсійнай і выхаваўчай дзейнасці, развіцці краязнаўчага друку, распрацоўцы прапаноў для рэгулявання праваадносін у сферы гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак дзейнасць БКТ не ўдалося наладзіць і на гэты раз.

Краязнаўчыя колы працягвалі адстойваць ідэю аднаўлення БКТ як структураванай рэспубліканскай грамадскай аргані­зацыі, узначальваемай цэнтральнымі органамі. Для дасягнення мэты і дапамогі краязнаўцам ва ўзаемадзеянні ў 2003 г. стала магчымым распачаць выданне “Краязнаўчай газеты”. Галоўным рэдактарам газеты стаў старшыня БФК Уладзімір Гілеп. У склад рэдакцыі ўвайшлі вядомыя сучасныя края­знаўцы В.У.Скалабан, А.І.Мальдзіс, В.П.Рагойша, А.П.Грыц­кевіч, А.М.Карлюкевіч і інш. У раздзелах і рубрыках газеты ўсебакова адлюстроўваюцца новыя дасягненні краязнаўства. Узбагачаючы веды аб мінулым розных мясцін Беларусі, газета асвятляе сучасныя формы краязнаўства, арганізуе абмен думкамі. На старонках газеты з 2003 г. друкуецца “Малая краязнаўчая энцыклапедыя”, якая знаёміць з паняццямі, неабходнымі пачынаючым краязнаўцам, аматарам краязнаў­ства. У рубрыцы “Сучасныя беларускія краязнаўцы” змяшчаюцца матэрыялы да слоўніка дзеячаў краязнаўства.

Лідэры сучаснага краязнаўства У.А.Гілеп, А.І.Бутэвіч, В.У.Скалабан і іншыя выканалі вялікую работу па канса­лідацыі краязнаўцаў і падрыхтоўцы новага ўстаноўчага з’езда. Наступная спроба стварэння БКТ адбылася вясной 2005 г. падчас краязнаўчай канферэнцыі ў БДУ культуры і мастацтваў. Аднак ініцыятары атрымалі адмову ў юрыдычнай рэгістрацыі таварыства.

Калі спробы адрадзіць цэнтральны кіруючы орган края­знаўства былі няўдалымі, то стварэнне краязнаўчых аргані­зацый на месцах вялося паспяхова. Гэтыя арганізацыі падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі. У сельскіх населеных пунктах, гарадах, раёнах, абласцях, ва ўстановах пачалі дзейнічаць таварыствы, якія аб’ядналі аматараў краязнаўства, спецыялістаў і вучоных. Сучасныя краязнаўчыя арганізацыі значна адрозніваюцца паміж сабой складам і колькасцю ўдзельнікаў, матэрыяльна-рэсурснай базай, задачамі і змес­там работы. У адпаведнасці з гэтымі прыметамі магчыма дыферэнцыраваць сучасныя краязнаўчыя арганізацыі на пэўныя группы.

1. Краязнаўчыя навуковыя і навукова-асветныя таварыствы, дзейнасць якіх прысвечана даследаванню і папуля­рызацыі ведаў аб пэўнай тэрыторыі. Аб’ядноўваюць пераважна вучоных, спецыялістаў і даследчыкаў-аматараў пэўна­га рэгіёну. Іх удзельнікі праводзяць навуковыя канферэнцыі, выпускаюць навуковую і папулярную літаратуру, перыядычныя выданні, выступаюць у сродках масавай інфармацыі, праводзяць сустрэчы з насельніцтвам у бібліятэках, школах, ВНУ. Да ліку такіх арганізацый адносяцца, напрыклад, заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загарод­дзе”, грамадскае аб’яднанне “Культурна-гістарычная калегія імя К.Астрожскага”, “Тураўскае навукова-асветнае таварыства”, “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.Сапунова”, навагрудскае таварыства філаматаў “Прамень” і інш.

Так, навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”, зарэгістраванае пры НАН Беларусі, дзейнічае з 1995 г. і мае афіцыйны статус рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. Яго членамі з’яўляюцца вучоныя, настаўнікі і іншыя края­знаўцы, чые навуковыя інтарэсы звязаны з Заходнім Палессем. Узначальвае таварыства ўраджэнец рэгіёну, вучоны Ф.Д.Клімчук. Асноўная форма дзейнасці – міжнародныя навуковыя семінары і канферэнцыі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца як члены таварыства, так і іншыя зацікаўленыя даследчыкі. Напрыклад, актыўнымі ўдзельнікамі навуковых семінараў па пытаннях даследавання Палесся з’яўляюцца настаўнікі СШ Брэстчыны Я.Р.Квачук, Ю.П.Максімовіч, вучоныя НАН Ф.Д.Клімчук, М.А.Саскевіч і інш. Матэрыялы навуковых семінараў апублікаваны ў трох выпусках зборніка “Загароддзе”. Сайт таварыства размешчаны ў Інтэрнеце.

Падобны статус мае грамадскае аб’яднанне “Тураўскае навукова-асветнае таварыства”, буйнейшым вынікам дзейнасці якога з’яўляюцца зборнікі “Тураўшчына”, што выдаюцца разам з НАН Беларусі. Актыўную выдавецкую дзейнасць праводзіць “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.Сапунова”. Таварыства філаматаў “Прамень” (г. Навагрудак) выдавала гісторыка-літаратурны часопіс “Зямля Навагрудская” на беларускай і польскай мовах.

2. Краязнаўчыя арганізацыі, прафіляваныя на пэўным змесце, актуальнай для рэгіёну тэматыцы даследаванняў. Да іх ліку адносяцца гісторыка-краязнаўчыя цэнтры, клубы гістарычнай рэканструкцыі і інш. Так, у Смаргоні Уладзімір Лігута стварыў ваенна-гістарычны цэнтр, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны. Клубы, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, не толькі праводзяць работу па дэталёвым вывучэнні асобных падзей, але таксама мерапрыемствы, якія абуджаюць у насельніцтва цікавасць да мінулага. Так, падчас ІІІ Міжнароднага рыцарскага фестывалю, які адбыўся ў верасні 2007 г. на цэнтральнай пляцоўцы гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, выступ­ленні 30 рыцарскіх клубаў прыцягнулі шматлікіх гледачоў.

3. Краязнаўчыя гурткі і таварыствы, створаныя ў сістэме навучальных устаноў, па зместавай накіраванасці дзейнасці могуць адпавядаць профілю першай ці другой груп краязнаўчых арганізацый, але іх удзельнікамі, як правіла, з'яўляюцца прадстаўнікі дадзенай установы: студэнты, навучэнцы, выкладчыкі, аспіранты, магістранты.

Задачы краязнаўства з’яўляюцца арганічнымі і для шэрага іншых грамадскіх арганізацый экалагічнага, турыстычнага ці іншага профілю. Гэта натуральная і вельмі станоўчая з’ява, якая паказвае латэнтнае праяўленне краязнаўства на розных участках грамадскага жыцця. Напрыклад, нацыянальна-культурныя таварыствы, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў пэўнага этнасу (палякаў, татар, літоўцаў, украінцаў) і гісторыі, праводзяць разнастайную культурна-масавую і асветніцкую работу, гістарычныя даследаванні, наладзілі друк на этнічных мовах і аб этнасах. Напрыклад, Саюз палякаў у Беларусі і яго рэгіянальныя суполкі выпускаюць мясцовую перыёдыку “Ziemia Lidzka”141 (Ліда), “Głos znad Niemna” (Гродна); украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне – “Голос Берестейщини” (Брэст), асветніцкая арганізацыя “Просвіта Берестейщини імені Т.Шевченко” – газету “Берестейский край”. На старонках такіх выданняў змешчана шмат новых па змесце і навуковых падыходах матэрыялаў. Адной з самых дзейсных арганізацый з’яўляецца Таварыства польскай культуры Лідскай зямлі, якое выпускае краязнаўчыя кнігі142. Нацыянальна-культурныя таварыствы ўкараняюць унікальныя формы краязнаўчай работы, як, напрыклад, першы сусветны з’езд лідзян (май 1992 г.), дзе сабраліся ўраджэнцы Лідскага рэгіёну і іх нашчадкі з многіх краін143.

Некаторыя рэгіянальныя арганізацыі спынілі сваю работу, але ў той жа час стварэнне новых краязнаўчых арганізацый працягваецца. Вельмі істотную ролю адыгрываюць матэрыяльныя ўмовы і суб’ектыўны фактар. Калі з’яўляюцца дасведчаныя і апантаныя краязнаўствам людзі, тады паспяхова рэалізуюцца буйныя краязнаўчыя праекты.

У 90-я гг. краязнаўчыя арганізацыі, як правіла, разам з навуковымі і навучальнымі арганізацыямі, музеямі, мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і іншымі ўстановамі наладзілі правядзенне раённых і гарадскіх навуковых краязнаўчых канферэнцый і чытанняў. Некаторыя з іх – у Браславе, Навагрудку, Карэлічах, Гомелі, Гродне, Полацку, Рагачове, Рэчыцы і іншых гарадах – сталі традыцыйнымі. Краязнаўчыя канферэнцыі і чытанні належаць да лепшых формаў сучаснага краязнаўства. Матэрыялы канферэнцый, як правіла, публікуюцца ў навуковых зборніках. Так, зборнік “Першыя і Другія Карэліцкія чытанні” (1996) быў прымеркаваны да 600-годдзя Карэліч і Міра, якое шырока адзначалася ў 1995 г. Сярод аўтараў артыкулаў былі такія вядомыя вучоныя, як А.Мальдзіс, Д.Бубноўскі, У.Мархель, Я.Запруднік і інш. Па-новаму яны адлюстравалі постаці славутых людзей рэгіёну: І.Дамейкі, Б.Кіта, У.Жылкі і іншых, гістарычныя падзеі і факты.

Даклады, выставы, экскурсіі, прэзентацыі, якія праводзяцца падчас канферэнцый, зносіны з мясцовым насельніцтвам дазваляюць шырока распаўсюдзіць вынікі новых даследа­ванняў, вярнуць забытыя імёны, спрыяюць пераадоленню састарэлых стэрэатыпаў, абуджаюць інтарэс да мясцовай гісторыі, узмацняюць нацыянальную свядомасць і патрыятызм. Пад уплывам навуковых адкрыццяў грамадскасць многіх рэгіёнаў дамаглася ўстанаўлення памятных дошак і помнікаў выдатным землякам, ушанавання адметных гістарычных падзей.

Кожная краязнаўчая арганізацыя з'яўляецца унікальнай, і вельмі пажадана, каб яе ўзнікненне і дзейнасць былі дакументальна зафіксаваны, але такіх фактаў няшмат. Так, А.С.Кузьміч вывучае арганізацыю Гомельскага гарадскога краязнаўчага таварыства, У.М.Ліўшыц, Т.В.Кузьмініч – развіццё краязнаўчых арганізацый у Горках Магілёўскай вобласці.

Працягваецца плённая дзейнасць на ніве краязнаўства добраахвотных грамадскіх арганізацый, якія займаліся ёю на папярэднім этапе. У 90-я гг. некаторыя з гэтых арганізацый, згубіўшы падтрымку дзяржаўных структур, страцілі значную колькасць сваіх членаў, не мелі магчымасці працаваць па шэрагу апрабаваных кірункаў дзейнасці. Але прайшоўшы шлях пераацэнкі дзейнасці і вызначэння новых формаў і кірункаў, яны ўносяць плённы ўклад у краязнаўства. Так, Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і яго абласныя саветы працягваюць шматбаковую дзейнасць, накіраваную на захаванне рэгія­нальнай гісторыка-культурнай спадчыны, папулярызацыю яе здабыткаў, патрыятычнае выхаванне грамадзян, асабліва моладзі.

Інтарэс да краязнаўства паказваюць новыя грамадскія арганізацыі, такія як Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, гістарычныя клубы. У газеце ТБМ імя Скарыны “Наша слова” пастаянна друкуюцца артыкулы, прысвечаныя важнейшым падзеям гістарычнага мінулага, знакамітым людзям Беларусі.

У розных плынях сучаснага краязнаўства працуюць апантаныя даследчыкі. Значны ўклад у вывучэнне і папулярызацыю ведаў пра Брэстчыну ўнеслі Л.М.Несцярчук, В.Я.Ляшук, Т.А.Хвагіна; Віцебшчыну – У.Арлоў, К.С.Шыдлоўскі, С.М.Асіноўскі, А.М.Падліпскі, А.Г.Лісаў, Д.Р.Газін, І.Зямчо­нак; Гомельшчыну – У.Ф.Ісаенка, А.І.Атнагулаў; Гродзен­шчыну – А.І.Мальдзіс, А.М.Белакоз, І.П.Крэнь, А.М.Пятке­віч, В.В.Швед, М.П.Гайба, В.М.Чарапіца; Магілёўшчыну – А.Р.Агееў, І.А.Пушкін, І.А.Марзалюк, У.М.Ліўшыц, А.І.Мар­тынаў, А.М.Ненадавец; Міншчыну – А.П.Грыцкевіч, Э.М.За­гарульскі, А.М.Карлюкевіч, Я.Я.Янушкевіч, Ф.І.Янушкевіч, В.П.Рагойша, А.І.Валахановіч, У.І.Содаль; г.Мінск – З.Ф.Шыбека, У.Дзянісаў і інш. Многія гісторыкі-краязнаўцы прысвяцілі свае творы розным мясцінам Беларусі. Гэта вучоныя М.І.Ермаловіч, Г.В.Кісялёў, М.А.Ткачоў, В.У.Скалабан, даследчык унікальнай сядзібнай культуры А.Т.Федарук, пісьменнік Ю.Татарынаў і інш.