Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Глава 2. Развіццё дзяржаўнага краязнаўства

2.1. Краязнаўства ў вышэйшых навучальных установах

Краязнаўчая работа пачала разглядацца як важны элемент навучання і выхавання студэнцкай моладзі. Камсамольскія арганізацыі ВНУ, пярвічныя арганізацыі іншых добраахвотных таварыстваў наладжвалі ўдзел студэнцкай моладзі ва ўсесаюзных паходах па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Студэнты-краязнаўцы стваралі клубы і музеі, збіралі матэрыялы па гісторыі навучальных устаноў, аб мінулым населеных пунктаў, пра выдатных землякоў. Так, члены клуба “Пошук” Беларускага дзяржаўнага універсітэта ўстанаўлівалі імёны студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Турыстычны клуб “Гарызонт” Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Гор­кага праводзіў “зорныя паходы” па знакамітых гістарычных мясцінах. Студэнты Беларускага політэхнічнага інстытута некалькі разоў станавіліся лаўрэатамі ўсесаюзнага паходу па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Даследчую работу па вывучэнні гісторыі Гродзеншчыны праводзіў гісторыка-краязнаўчы гурток Гродзенскага педагагічнага інстытута, створаны ў 1955 г. Ініцыятарам і кіраўніком гуртка быў доктар гістарычных навук, прафесар Я.Н.Мараш. Пачынаючы з 1965 г. на базе гуртка рэгулярна праводзіліся навукова-метадычныя і навукова-практычныя канферэнцыі. Яго ўдзельнікі, набыўшы каштоўны метадычны вопыт і глыбокі інтарэс да краязнаўства, пасля заканчэння інстытута працягвалі навучанне ў аспірантуры, абаранялі дысертацыі, публікавалі вынікі даследаванняў, далучалі да краязнаўчай працы вучняў школ. Вынікі працы гуртка абагульнены ў дзвюх кнігах, падрыхтаваных і выдадзеных Я.Н. Марашам у рэспубліканскіх выдавецтвах (1976, 1989), у зборніках матэрыялаў навуковых канферэнцый.

Вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё формаў краязнаўчай работы ўносілі студэнты, удзельнікі будаўнічых атрадаў, штабы працоўных спраў навучальных устаноў. Студэнты вялі пошук магіл воінаў, адкрывалі помнікі, праводзілі сустрэчы з ветэранамі вайны і ваенна-спартыўныя святы, аказвалі дапамогу сем’ям загінуўшых. Сваю работу студэнцкія атрады ўзгаднялі з ваенкаматамі, арганізацыямі Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і з іншымі арганізацыямі.

Дзякуючы пошукава-даследчай рабоце моладзі ў сярэдзіне 70-х гг. былі ўстаноўлены імёны тысяч загінуўшых падчас вайны, адкрыты больш за 6 тыс. помнікаў і мемарыяльных дошак, закладзены тысячы паркаў і сквераў, створаны 726 клубаў баявой славы, 809 народных музеяў, 45 тыс. музеяў, пакояў і куткоў рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, напісаны паўтары тысячы летапісаў калектываў і камса­мольскіх арганізацый129.

Вынікі даследчай краязнаўчай працы студэнтаў падводзі­ліся на навуковых канферэнцыях, усесаюзных і рэспублі­канскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ.

У пасляваенны перыяд тэматыка краязнаўчых даследаван­няў навучэнскай моладзі фарміравалася пад значным уплывам рашэнняў партыйных з’ездаў і пленумаў, пастаноў ЦК КПСС і ЦК КПБ, святкавання юбілейных дат Кастрычніцкай рэвалюцыі, перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але кірункі краязнаўчых даследаванняў пашыраліся і ахоплівалі некаторыя аспекты народнага побыту і духоўнай культуры, супра­ціўлення пануючым уладам у часы феадальна-буржуазнага развіцця беларускіх зямель. У полі інтарэсаў краязнаўцаў нязменна заставаліся гісторыя фабрык, заводаў, калгасаў, саўгасаў і іншых прадпрыемстваў і ўстаноў, вёсак і гарадоў.

Краязнаўства, як вучэбная дысцыпліна, увайшло ў праграмы гістарычных, геаграфічных, філалагічных і іншых факультэтаў ВНУ. З 1965 г. на геаграфічным факультэце БДУ чытаюць курс “Школьнае краязнаўства і турызм”, з 1978 г. была ўведзена спецыялізацыя “Краязнаўства, методыка і арганізацыя турысцка-экскурсійнай справы”. Упершыню развіццё бібліяграфічнага краязнаўства ў Беларусі пачалі вывучаць студэнты, якія навучаліся па спецыяльнасці “біблія­тэказнаўства і бібліяграфія” ў Мінскім інстытуце культуры. Складаліся вучэбныя праграмы гістарычнага і геаграфічнага краязнаўства, пачалі выходзіць вучэбныя дапаможнікі: “Пособие по краеведению” П.А.Лярскага (1969), “Историческое краеведение Белоруссии” (1980), “Географическое краеведение” Я.М.Мяшэчка (1986), падрыхтаваныя вучонымі БДУ. Развіццё бібліятэчна-бібліяграфічнага краязнаўства ў дарэвалюцыйны і савецкі час было даследавана В.Е.Лявончыкавым і знайшло адлюстраванне ў вучэбным дапаможніку “Белорусская библиография. Общий курс”, у артыкулах Л.Р.Амяль­ковіч.

Многія выкладчыкі ВНУ сталі выдатнымі арганізатарамі краязнаўчага руху і таленавітымі краязнаўцамі-даследчыкамі. Гэта Я.Н.Мараш (Гродзенскі педінстытут), Я.М.Мяшэчка, Э.М.Загарульскі, А.А.Стуканаў, М.Ф.Піліпенка, А.Н.Плавін­скі (БДУ), У.Калеснік (Брэсцкі педінстытут) і інш.