Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Глава 2. Школьнае краязнаўства

Адметнасцю арганізацыі школьнага краязнаўства на сучасным этапе з’яўляецца сумесная дзейнасць школ і шырокага кола пазашкольных устаноў. Вядучая роля ў развіцці краязнаўчай дзейнасці ў навучальных установах на сучасным этапе належыць Міністэрству адукацыі РБ і Рэспублі­канскаму цэнтру турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі, якія ўзаемадзейнічаюць з шырокім колам іншых арганізацый, устаноў, грамадскіх таварыстваў. Пад іх кіраўніцтвам развіваюцца арганізацыйныя формы краязнаў­ства, фарміруюцца яго змястоўныя аспекты. Міністэрства адукацыі садзейнічае ўкараненню рэгіёназнаўчага зместу ў вучэбныя дысцыпліны. Такі падыход спрыяе лепшаму засваенню ведаў, таму што на мясцовым матэрыяле лягчэй рэалізуюцца даступнасць, нагляднасць і некаторыя іншыя педагагічныя прынцыпы. У рэзалюцыях І і ІІ з’ездаў настаў­нікаў Беларусі (1998, 2001) была зафіксавана неабходнасць сістэматычнай краязнаўчай работы з вучнямі. Напрыклад, дзяржаўны адукацыйны стандарт па геаграфіі (1999, новая рэдакцыя 2002) прадугледжвае абавязковае вывучэнне геаграфіі сваёй вобласці, што садзейнічае сістэматызацыі ведаў аб глабальных, рэгіянальных і мясцовых экалагічных, палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсах.

Міністэрства адукацыі ўлічвае высокую ролю краязнаўства ў грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і юнацтва, ахопліваючы не толькі навучанне, але пазакласную і пазашкольную дзейнасць. У сістэме міністэрства працуюць 53 установы, якія займаюцца развіццём турыстычна-краязнаўчай дзейнасці. У абласных цэнтрах створаны аддзелы белару­сазнаўства і краязнаўства па арганізацыі пазашкольнай працы. Гэтыя аддзелы займаюцца аргані­зацыяй школьнага краязнаўства і яго навукова-метадычным забеспячэннем. Краязнаўчыя аддзелы функцыянуюць у складзе рэгіянальных цэнтраў фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Так, удзельнікі пошукавага клуба Магілёўскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўца М.С.Барысенкі ўстанавілі імёны 25 воінаў, загінуўшых пры абароне Магілёва.

Сярод устаноў Міністэрства адукацыі асаблівую ролю адыгрывае Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі. Цэнтр спалучае актуальныя і запатрабаваныя сярод школьнікаў і юнацтва кірункі дзейнасці. Аздараўляльныя і спартыўныя мэты разам з пазнаннем роднага краю выхоўваюць станоўчыя маральныя якасці ў моладзі. У складзе Рэспубліканскага цэнтра ёсць аддзелы – метадычны, краязнаўчы, экскурсійны, патрыятычнага выхавання. Гэтыя аддзелы каардынуюць, абагульняюць вопыт, рыхтуюць да выпуску метадычныя дапаможнікі, аказваюць дапамогу ў арганізацыі экскурсій. У раёнах вылучаны дзіцяча-юнацкія цэнтры турызму і экскурсій, дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў вядзецца турыстычна-экскурсійная і пошукава-даследчая работа.

Асноўнымі арганізацыйнымі формамі краязнаўчай дзей­насці ў школах з’яўляюцца: удзел ва ўсебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (раней “Наш край”), стварэнне краязнаўчых музеяў, даследчая работа.

У 1992 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была зацверджана ўсебеларуская турыстычна-краязнаўчая экспедыцыя “Наш край” (замест экспедыцыі “Моя Родина – СССР”). На розных этапах экспедыцыі ставіліся мэты далучыць вучняў да больш глыбокага вывучэння спадчыны роднага краю, стварэння рэгіянальных краязнаўчых праграм і праектаў, распрацоўкі арыгінальных маршрутаў па наваколлі. Так, падчас выканання ІV этапу ў 2004–2006 гг. школьнікі ўдзельнічалі ў такіх маршрутах, як “Прыродная спадчына”, “Адраджэнне гістарычнай памяці”, “Культурная спадчына”, “Старонкі ваеннай гісторыі”, “Славутыя імёны Баць­каўшчыны”. Абласныя, гарадскія і раённыя краязнаўчыя саветы распрацавалі рэгіянальныя праграмы (“Пазнай сябе і свой край” у Гомельскай вобласці, “Нам засталася спадчына” ў Гродзенскай вобласці, “Наш край Прыдняпроўскі” ў Магілёўскай вобласці). На аснове абласных праграм былі распрацаваны раённыя і гарадскія праграмы: “Аршаназнаў­ства”, “Мінсказнаўства”, “Смаргоназнаўства” і інш. Праграмы дапамагаюць сістэмна развіваць турыстычна-краязнаўчую дзейнасць.

Вынікі даследаванняў, выкананых навучэнцамі, прадстаў­ляюцца на краязнаўчых чытаннях, алімпіядах і конкурсах, на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях удзельнікаў экспедыцыі, асвятляюцца ў СМІ. На Магілёўшчыне традыцыйным стала правядзенне абласных краязнаўчых алімпіяд, у арганізацыі якіх удзельнічае абласны краязнаўчы музей. Краязнаўчыя конкурсы праходзяць ва ўсіх абласцях краіны. На базе Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі праводзяцца вучнёўскія канферэнцыі па рознай тэматыцы, на якіх юныя краязнаўцы асвятляюць вынікі даследчай працы, вядуць абмен вопытам краязнаўчай работы. Прызнаны навуковая каштоўнасць матэрыялаў даследаванняў і іх значэнне для выкарыстання ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці.

Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі сумесна з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і БФК праводзіць рэспубліканскія конкурсы на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”, лепшы музей, пакой, экспазіцыю прыродазнаўчага профілю і інш. Высокія ацэнкі атрымалі краязнаўчыя праекты, падрыхтаваныя вучнямі Крэўскай СШ Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, СШ № 13 г.Мінска, Рагачоўскага краязнаўчага цэнтра Гомельскай вобласці, дзіцяча-юнацкага цэнтра падарожжаў і края­знаўства “Бабраня” г. Бабруйска Магілёўскай вобласці і інш.

Традыцыйным стала правядзенне рэспубліканскіх края­знаўчых чытанняў педагагічных работнікаў. Такія чытанні праводзіліся ў абласных гарадах і ў Мінску. Так, БДУ культуры і мастацтваў сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі правялі рэспуб­ліканскую навукова-практычную канферэнцыю і чытанні з педагогамі-краязнаўцамі па тэме “Краязнаўства і патрыятычнае выхаванне моладзі” (2005); рэспубліканская канферэнцыя па тэме “Краязнаўства як адзін з кірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ” прайшла ў Брэсце (2008).

Паспяхова працягваецца пошукавая дзейнасць вучняў па аднаўленні невядомых фактаў і падзей Вялікай Айчыннай вайны. Да свята 60-годдзя Перамогі праводзілася рэспуб­ліканская патрыятычная акцыя навучэнцаў “Перамога”. Ра­зам з педагогамі юныя краязнаўцы вывучалі архіўныя дакументы, гістарычную літаратуру, запісвалі ўспаміны, пабывалі на экскурсіях і ў паходах па месцах ваенных дзеянняў, аказалі дапамогу ветэранам вайны, добраўпарадкавалі помнікі. Краязнаўцамі Гомельскай вобласці былі выяўлены 1016 імён невядомых воінаў, адкрыты 22 помнікі і мемарыяльныя дошкі, а ў Мінскай вобласці – 25 помнікаў, памятных знакаў і дошак, выяўлены 133 імёны воінаў144.

У сярэдзіне 90-х гг. ХХ ст. Міністэрствам адукацыі былі прыняты інструкцыйна-метадычныя матэрыялы па арга­нізацыі турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай работы, у якіх былі раскрыты значнасць, правілы і нормы яе арга­нізацыйнага, матэрыяльнага, кадравага і метадычнага забеспячэння. Прынятыя меры дапамаглі ахапіць больш чым 40 тысяч навучэнцаў работай у 5125 турыстычна-краязнаўчых гуртках, тады як у пачатку 90-х гг. у края­знаўчых гуртках у школах займаліся каля 38 тысяч навучэнцаў. У сістэме адукацыі дзейнічалі 33 цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, 31 дзіцячыя турбазы. У Рэспубліканскім цэнтры турызму і краязнаўства ёсць турысцкая база на 100 месцаў. Па папярэдніх заказах складаецца праграма абслугоўвання, прапануюцца цікавыя экскурсійныя маршруты. У краіне стала традыцыяй штогод у канцы навучальнага года праводзіць “Тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі”. Ва ўсіх школах у гэты час адбываюцца турыстычныя спаборніцтвы, конкурсы, краязнаўчыя алімпіяды, выставы, арганізуюцца экскурсіі або паходы, сустрэчы з вядомымі людзьмі горада ці вёскі, адкрываюцца новыя экспазіцыі ў школьных музеях. Турыстычна-краязнаўчая дзейнасць, лічыць С.С.Мітраховіч, “заўсёды стварае аптымістычны настрой, фарміруе станоўчыя эмоцыі ў дачыненні да народных традыцый, культуры, гістарычнага мінулага”. У раёнах вылучаны дзіцяча-юнацкія цэнтры турызму і экскурсій, дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў вядзецца турыстычна-экскурсійная і пошукава-даследчая работа.

У пачатку 90-х гг. адбылося прыметнае скарачэнне колькасці музеяў у школах, ПТУ, пазашкольных установах (з 1290 у 1989 г. да каля 900 у 1994 г.). У сярэдзіне 90-х гг. Міністэрства адукацыі прыняло некалькі нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў, якія павысілі значэнне музейнай дзейнасці ў навучальных і выхаваўчых установах. Міністэрства адукацыі акцэнтавала ўвагу на іх выхаваўча-педагагічнай ролі. Было прапанавана ствараць музеі вайсковай і працоўнай славы, партызанскай славы; музеі гісторыі школы, вёскі, горада, раёна; музеі этнаграфіі, археалогіі, геаграфіі і інш. Важнае значэнне мела Палажэнне аб музеі ўстановы адукацыі, зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі № 52 ад 4 снежня 2002 г. Зараз у краіне працуюць 1426 музеяў, з якіх 63 музеі народныя (узорныя). Звыш 600 музеяў з’яўляюцца гісторыка-краязнаўчымі, каля 300 – баявой славы, каля 200 – этнаграфічных, некалькі дзесяткаў – літаратурных. Сярод вядомых школьных музеяў можна адзначыць краязнаўчыя музеі Лоскай базавай школы Валожынскага раёна Мінскай вобласці (кіраўнік М.І. Вайцюлевіч), гісторыка-краязнаўчы музей Радуньскай СШ Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (кіраўнік І.І.Фясенка), Заронаўскай базавай школы Віцебскага раёна (кіраўнік Л.К.Нікіціна).