Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Саитова В. И. История краеведения Беларусии.doc
Скачиваний:
76
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.27 Mб
Скачать

Прадмова

Краязнаўства з’яўляецца адным з важнейшых кірункаў дзейнасці бібліятэк усіх тыпаў і відаў на сучасным этапе. Паспяхова развіваюцца краязнаўчыя бібліятэчна-бібліягра­фічная практыка і навука. Падрыхтоўка да краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца запатрабаваным кампанентам прафе­сійнай бібліятэчна-бібліяграфічнай адукацыі. Будучыя біблія­тэкары-бібліёграфы ўсіх спецыялізацый вывучаюць дыс­цыпліну “Бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства”. Найбольш грунтоўна авалодваюць гэтым прадметам студэнты спецыялізацыі “бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства”. “Гісторыя краязнаўства Беларусі” з’яўляецца адной з дысцы­п-лін названай спецыялізацыі. Згодна з вучэбным планам яна вывучаецца студэнтамі ФЗН і ФБІС спецыялізацыі “біблія­тэчна-бібліяграфічнае краязнаўства” на ІV і V курсах.

Асноўнымі мэтамі дадзенай дысцыпліны з’яўляюцца вывучэнне беларускага краязнаўства як гісторыка-культурнага феномена, асэнсаванне яго як грамадскай з’явы. У працэсе вывучэння курса студэнты набываюць веды аб развіцці краязнаўчага руху ў Беларусі, яго арганізацыі і формах у розныя гістарычныя перыяды, выніках даследаванняў, знака­мітых краязнаўцах. Тым самым дысцыпліна дапамагае звязаць веды, набытыя ў галіне бібліятэчна-бібліяграфічнай краязнаўчай дзейнасці, з дасягненнямі айчыннага краязнаў­ства як навукі і практычнай дзейнасці.

Краязнаўства ў гістарычным аспекце выкладаецца ва універсітэтах пераважна для студэнтаў гісторыкаў, геогра­фаў, філолагаў. У вучэбных дапаможніках “Географическое краеведение” (1986, 2002, аўтар Я.М.Мяшэчка), “Историческое краеведение” (1980) і іншых асобныя главы прысвечаны развіццю краязнаўства ў Беларусі. Гісторыка-краязнаўчы матэрыял у гэтых дапаможніках пададзены з улікам будучай галіны дзейнасці спецыялістаў. Яго паўната і паслядоўнасць залежаць ад сфарміраваных у розныя гістарычныя перыяды ўяўленнях аб гістарычным мінулым Беларусі, аб прына­лежнасці да суб’ектаў айчыннай культуры пэўных асоб, арганізацый і ўстаноў. Гісторыка-краязнаўчыя веды займаюць пэўнае месца і ў шматлікіх праграмах вучэбных дысцыплін краязнаўчага зместу, выкладаемых у ВНУ1. Аднак асобнага вучэбнага выдання па гэтай дысцыпліне, у якім бы абагульняліся вынікі развіцця айчыннага краязнаўства на ўсіх гістарычных этапах, яшчэ не было. Дадзены вучэбны дапа­можнік з’яўляецца першым такога роду выданнем.

Спецыфіка адлюстравання гісторыка-краязнаўчых ведаў для студэнтаў бібліятэкараў-бібліёграфаў заключаецца ў больш шырокім, не абмежаваным пэўнай галіной краязнаў­ства, падыходзе. Дасягненні краязнаўчага руху па кожнай галіне ўяўляюць цікавасць для гэтых спецыялістаў, што вынікае з інфармацыйнага, культурнага і адукацыйнага характару бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці. У вучэбным дапаможніку з улікам бібліятэчнай прафесіі зроблены акцэнт і на выніках дакументавання краязнаўчых ведаў, краязнаўчых інфармацыйных рэсурсах.

Вучэбны дапаможнік “Гісторыя краязнаўства Беларусі” напісаны на падставе вучэбнай праграмы дысцыпліны і ахоплівае асноўныя падзеі, з’явы, тэндэнцыі айчыннага краязнаўства ад пачатку яго ўзнікнення да сучаснасці.

Матэрыял размеркаваны па буйнейшых гістарычных перыядах развіцця краязнаўства, асобна адлюстраваны пытанні агульнай характарыстыкі краязнаўства і прыметы тэрытарыяльнага падзелу краіны. У аснову перыядызацыі краязнаўства пакладзена перыядызацыя гісторыі Беларусі. Матэрыял, пададзены ў дапаможніку, адабраны з улікам значнасці фактаў і з’яў для таго, каб адлюстраваць шляхі развіцця краязнаўства, яго грамадскую ролю, сувязі з іншымі сферамі і галінамі. Важнае месца адведзена суб’ектам краязнаўчай дзейнасці: асобам, арганізацыям і ўстановам. Колькасць іх вялікая, таму пры адборы імён і арганізацый улічваліся значнасць укладу ў краязнаўчую дзейнасць, удзел у стварэнні і дакументаванні краязнаўчых ведаў, развіцці інфармацыйнай інфраструктуры краязнаўства. Перавага аддавалася тым асобам, якія жылі і працавалі ў Беларусі, арганізацыям і ўстановам, што дзейнічалі на яе тэрыторыі. Але ўлічваючы значнасць укладу некаторых небеларускіх даследчыкаў, падарожнікаў, адміністрацыйных чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама ўстаноў і арганізацый, у навуковыя інтарэсы, прафесійныя і службовыя абавязкі якіх уваходзіла вывучэнне беларускіх рэгіёнаў, асвятляецца і іх дзейнасць. Гэта паказвае складанасць краязнаўчага руху як грамадскай з’явы, яго шырокія знешнія сувязі, тлумачыць у пэўнай ступені прасторавую і галіновую распаўсюджанасць краязнаў­чых ведаў. Вывучэнне “Гісторыі краязнаўства Бела­русі” дапаможа ў фарміраванні прафесіянальнай свядомасці будучых спецыялістаў, інфармацыйна-рэгіянальнага стылю іх мыслення.

Мэтавая накіраванасць дысцыпліны вызначае кола задач, скіраваных на фарміраванне ў студэнтаў адпаведных ведаў і ўменняў, а менавіта:

– вызначыць асноўныя перыяды развіцця краязнаўства ў Беларусі, паказаць значэнне рэгіёнаў і іх насельніцтва як аб’ектаў і суб’ектаў гістарычнага працэсу;

– раскрыць станаўленне асобных арганізацыйных формаў краязнаўства: грамадскага, дзяржаўнага, школьнага; іх дасяг­ненні, асаблівасці і ўзаемасувязі, мэты і метады дзейнасці;

– прааналізаваць кірункі краязнаўчых даследаванняў на кожным гістарычным этапе і рэалізацыю іх галоўных вынікаў у дакументальнай форме, што ўяўляе асаблівую значнасць для бібліятэчных работнікаў;

– паказаць фарміраванне напрамку бібліятэчна-біблія­графічнага краязнаўства.

У выніку засваення курса студэнты павінны ведаць:

– арганізацыю і агульны стан краязнаўчай дзейнасці ў асобныя гістарычныя перыяды;

– выдатных краязнаўцаў і арганізацыі, якія ўнеслі значны ўклад у даследаванне асобных рэгіёнаў і папулярызацыю краязнаўчых ведаў;

– змястоўныя кірункі краязнаўчых даследаванняў у асобныя перыяды і асноўныя краязнаўчыя крыніцы;

– бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства як элемент краязнаўчага руху ў асобныя гістарычныя перыяды.

У выніку вывучэння дысцыпліны студэнты павінны ўмець:

– выкарыстоўваць гістарычныя веды па краязнаўстве як кампанент прафесіянальнай падрыхтоўкі для бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці;

– ужываць вядомыя факты пры разглядзе прычынна-выніковых сувязей гісторыі краязнаўства;

– выяўляць суб’ектаў розных формаў краязнаўства, пазнавальнай і асветніцкай дзейнасці па вывучэнні рэгіёнаў у асобныя гістарычныя перыяды;

– аналізаваць дакументальную спадчыну гісторыка-краязнаўчага вывучэння рэгіёнаў.

Для вывучэння “Гісторыі краязнаўства Беларусі” неабходна засваенне шэрага дысцыплін, у тым ліку “Гісторыі Бела­русі”, “Гісторыі кнігі”, “Бібліятэчна-бібліяграфічнага края­знаўства”, дысцыплін па вывучэнні матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў.

Асноўныя віды заняткаў па дысцыпліне: лекцыі, семінары, практычныя работы; праводзіцца кантроль за самастойнай працай студэнтаў. Вывучэнне курса студэнтамі завяршаецца экзаменам.