Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

Модуль 5. Беларусь у пасляваенны перыяд (другая палова 20 – пачатак 21 стст.). Станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы.

Тэма 22: БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

1. Аднаўленне эканамічнай сістэмы.

2. Палітычная сістэма.

3. Адукацыя, навука, культура.

Летам 1944 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі была адноўлена бальшавіцкая ўлада. Паводле дагавору аб мяжы паміж СССР і ўтворанай у 1945 г. Польскай народнай рэспублікай 16 жніўня 1945 г. тэрыторыя Беласточчыны была аддадзена Польшчы.

22.1. Аднаўленне эканамічнай сістэмы.

У выніку вайны эканоміка Беларусі панесла цяжкія страты:

- загінула звыш 2 млн. 200 тыс. чалавек;

- цалкам або часткова разбураны 209 гарадоў, 9200 сёл і вёсак;

- на 85% скарацілася колькасць прамысловых прадпрыемстваў, на 98% - электрастанцый, моцныя страты атрымаў транспарт;

- у сельскай гаспадарцы на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 50% пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% - коней, на 89% - свіней, амаль цалкам знішчана аграрная тэхніка.

Аднаўленне эканомікі БССР уключае ў сябе два этапы:

1) 1943-1945 гг. (перыяд ва ўмовах вядзення вайны);

2) другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. (пасляваенны перыяд).

Першы этап аднаўлення эканомікі характарызаваўся ў першую чаргу арганізацыяй гаспадаркі на патрэбы вядзення вайны. Таму галоўная ўвага надавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту.

З заканчэннем Вялікай Айчыннай вайны пачынаецца другі этап аднаўлення эканомікі. Яго пачатак вызначыла пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемтвах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”. Аднаўленне эканомікі мела свае асаблівасці ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Прамысловасць

Аднаўленне прамысловасці БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1950-х гг. адбывалася хуткімі тэмпамі Яно разглядалася як працяг індустрыялізацыі. Але калі да вайны галоўная ўвага надавалася лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай вытворчасці, то з сярэдзіны 1940-х гг. ставілася задача стварэння ў БССР буйной цяжкай прамысловасці (машынабудавання, металаапрацоўкі, энергетыкі). На ажыццяўленне дадзенай мэты выдзяляліся значныя сродкі з саюзнага бюджэту. Для аднаўлення старых і будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў СССР накіроўваліся неабходнае абсталяванне, сыравіна, кваліфікаваныя рабочыя кадры.

Крыніцы прамысловага будаўніцтва ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. былі тыя ж, што і ў 1930-я гг. (перацягванне сродкаў з сельскай гаспадаркі, прымусовыя ўнутраныя пазыкі, даходы ад “лагернай эканомікі”, жорсткая эксплуатацыя рабочых). У разглядаемы перыяд з’явілася новая крыніца сродкаў на развіццё прамысловасці – рэпарацыі з краін, якія пацярпелі паражэнне ў Другой сусветнай вайне. Рэпарацыі спаганяліся ў трох формах:

- прамысловае абсталяванне;

- таварныя пастаўкі прадукцыі;

- праца ваеннапалонных і інтэрніраваных.

У выніку к канцу чацвёртай пяцігодкі (1950 г.) аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі павялічыўся на 15% у параўнанні з 1940 г. Былі цалкам адноўлены паліўна-энергетычная база прамысловасці і транспартная сістэма.

У другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. істотна змянілася структура беларускай прамысловасці. Значна ўзрасла доля машынабудаўнічай і металаапрацоўчай вытворчасці, электраэнергетыкі. З’яўляюцца новыя буйныя прадпрыемствы: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі мотавелазавод і інш. У гэты перыяд пачынае фарміравацца спецыялізацыя БССР як “зборачнага цэха” ў эканоміцы СССР. У той жа час значна знізілася ўдзельная вага харчовай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай вытворчасці (аб’ём прадукцыі вытворчасці ў гэтых галінах на пачатак 1950-х гг. заставаўся ніжэй узроўню 1940 г.).

Пасляваеннае аднаўленне эканомікі суправаджалася цяжкім матэрыяльным становішчам працоўных. Заработная плата была нізкай; шырока ўкаранялася стаханаўская сістэма; цяжкімі былі жыллёвыя ўмовы. Да 1947 г. існавала картачная сістэма размеркавання прадуктаў. Да канца 1940-х гг. дзейнічала крымінальная адказнасць за самавольны адыход з прадпрыемстваў, прагулы, спазненні на працу, што каралася да 5-8 гадоў пазбаўлення волі ў ГУЛАГу. З канца 1940-х гг. назіраецца некаторае павышэнне заработнай платы і пенсій, зніжэнне цэн, пэўнае паляпшэнне жыллёвых умоў. Аднак рэальная заработная плата працоўных на пачатку 1950-х гг. заставалася ніжэйшай у параўнанні з даваенным узроўнем.

Сельская гаспадарка

У сельскай гаспадарцы БССР пасляваеннага перыяду існавалі пэўныя рэгіянальныя адрозненні: Ва ўсходняй частцы была цалкам адноўлена калгасна-саўгасная сістэма; у заходняй – да канца 1940-х гг. пераважалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.

Аднаўленне сельскай гаспадаркі адбывалася значна больш павольна, чым у прамысловасці. Па стане на 1950 г. пасяўныя плошчы ў параўнанні з даваенным узроўнем склалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 96,5%, коней – 62%, свіней – 64,4%, авечак – 55%. На нізкім узроўні знаходзіліся ўраджайнасць, прадукцыйнасць жывёлы. Прычынамі маруднага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляліся:

- значны недахоп тэхнікі, працоўнай жывёлы, а таксама кваліфікаваных працоўных кадраў у калгасах і саўгасах;

- малая матэрыяльная дапамога з боку дзяржавы;

- правядзенне ў вялікіх аб’ёмах абавязковых паставак сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржаве па заніжаных закупачных коштах;

- адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы з боку калгаснікаў, якія ў асноўнай масе працавалі бясплатна.

Сацыяльна-эканамічнае і прававое становішча калгаснікаў у разглядаемы перыяд характарызавалася наступнымі рысамі:

- надзвычай нізкі ўзровень аплаты працы (на 1948 г. толькі 6% калгаснікаў атрымлівалі грашовую зарплату; астатнія атрымлівалі або намінальную натуральную плату або зусім нічога);

- адсутнасць пашпартоў, пенсійнага забеспячэння, сацыяльнага страхавання;

- рэпрэсіі за парушэнні калгаснага парадку:

у 1947 г. быў адноўлены даваенны “закон аб трох каласках”;

у 1948 г. выдадзены закон, які прадугледжваў высяленне ў аддаленыя раёны дзяржавы на тэрмін да 8 гадоў тых калгаснікаў, якія ўхіляліся ад працы.

У дадзеных умовах фактычна адзінай крыніцай існавання калгаснікаў станавілася падсобная гаспадарка. Аднак асабістыя гаспадаркі павінны былі выконваць абавязковыя пастаўкі дзяржаве пэўнай колькасці малака, мяса, яек і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама былі абкладзены вялікімі грашовымі падаткамі. Невыкананне паставак і нявыплата падаткаў караліся вялікімі штрафамі. У выніку многія сем’і калгаснікаў знаходзіліся ў стане напаўгалоднага існавання.

З 1950 г. пачала праводзіцца палітыка аб’яднання дробных калгасаў у буйныя, а таксама перасялення сельскіх жыхароў з дробных вёсак і хутароў у буйныя пасёлкі.

У заходняй частцы БССР на мяжы 1940-1950-х гг. была праведзена масавая калектывізацыя. Яна праводзілася тымі ж сродкамі і метадамі, што і на ўсходзе ў 1930-я гг. Аднак яна была ажыццёўлена больш хутка, чым на ўсходзе. Калі на пачатку 1949 г. у калгасах знаходзілася 6,8% заходнебеларускіх сялян, то на канец 1952 г. – 95%. Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі суправаджалася “раскулачваннем”: толькі ў 1952 г. у Казахстан і Сібір было выселена каля 10 тыс. сялянскіх сем’яў.

Такім чынам, на працягу другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. адбывалася аднаўленне разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны эканомікі. Хуткімі тэмпамі развівалася прамысловасць, што суправаджалася фарміраваннем новых галін: машынабудавання, металаапрацоўкі. Марудна праходзіла аднаўленне сельскай гаспадаркі, што тлумачылася падпарадкаваным становішчам аграрнага сектара ў адносінах да прамысловасці ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай сістэмы.