- •Уводзіны
- •Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”
- •Модуль 1. Цывілізацыйная спадчына Старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь. Тэма 1: Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
- •1.1. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
- •1.2. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
- •1.3. Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
- •1.4. Першабытны лад і рэлігія на тэрыторыі Беларусі.
- •Тэма 2. Раннефеадальныя княствы на тэрыторыі Беларусі 9 – 13 стст.
- •2.2. Утварэнне першых княстваў на тэрыторыі Беларусі. Іх палітычнае развіццё і дзяржаўны лад.
- •2.3. Барацьба супраць крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі.
- •2.4. Рэлігія і культура беларускіх зямель у 9 – 13 ст.
- •Тэма 3: Утварэнне і грамадска-палітычнае развіццё Вялікага княства Літоўскага ў другой палове 13 – першай палове 16 стст.
- •3.1. Утварэнне вкл.
- •3.2. Унутраная і знешняя палітыка вкл у другой палове 13 – 14 стст.
- •3.3. Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.
- •3.4. Унутраная і знешняя палітыка вкл у 15 – першай палове 16 стст.
- •3.5. Дзяржаўны лад, органы кіравання вкл.
- •Тэма 4: Сацыяльна-эканамічнае развіцце вкл 14 - 16 стст.
- •4.2. Аграрная рэформа 1557 г. Станаўленне фальваркавай сістэмы.
- •4.3. Развіццё гарадоў, рамяства і гандлю. Магдэбургскае права.
- •4.4. Саслоўная структура грамадства.
- •Тэма 5: Рэлігія і культура вкл у 14 – 16 стст.
- •5.2. Фарміраванне беларускай народнасці.
- •5.3. Культура вкл у 14 – 16 стст.
- •Модуль 2. Цывілізацыйная спадчына Hовага часу і Беларусь.
- •6.2. Дзяржаўна-палітычны лад Рэчы Паспалітай і месца ў ім вкл.
- •6.3. Унутраная і знешняя палітыка вкл у канцы 16 – першай палове
- •17 Стст.
- •Тэма 7: Грамадска-палітычнае развіццё вкл у складзе
- •7.2. Вкл у перыяд праўлення Саксонскай дынастыі (1697 – 1763).
- •7.3. Палітычны крызіс у апошняй трэці 18 ст. Падзелы Рэчы Паспалітай.
- •1. Сельская гаспадарка ў 17 – першай палове 18 стст.
- •2. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.
- •3. Сацыяльна-эканамічны ўздым у другой палове 18 ст.
- •8.1. Сельская гаспадарка ў 17 – першай палове 18 стст.
- •8.2. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.
- •8.3. Сацыяльна-эканамічны ўздым у другой палове 18 ст.
- •Тэма 9: Рэлігія і культура вкл 17 – 18 стст.
- •9.2. Этнічныя працэсы.
- •9.3. Адукацыя і навука.
- •9.4. Культура.
- •Модуль 3. Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
- •10.2. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.
- •10.3. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.
- •10.4. Паўстанне 1830-1831 гг. І Беларусь.
- •10.5. Палітыка царызму ў Беларусі ў 1830-1850-я гг.
- •Тэма 11: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў
- •11.2. Прамысловасць.
- •11.3. Гарады. Гандаль.
- •Тэма 12: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі
- •12.2. Сельская гаспадарка.
- •12.3. Прамысловасць.
- •12.4. Гарады, гандаль, транспартная сістэма.
- •Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст.
- •13.2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.
- •13.3. Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст.
- •13.4. Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст.
- •Тэма 14: Фарміраванне беларускай нацыі.
- •14.2. Адукацыя і навука.
- •14.3. Мастацкая культура.
- •Тэма 15: Беларусь на пачатку 20 ст.
- •15.2. Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.
- •15.3. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа.
- •15.4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг.
- •15.5. Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.
- •Модуль 4. Беларусь у перыяд сусветных войнаў і рэвалюцый
- •16.2. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. У Беларусі і яе вынікі.
- •16.3. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. У Беларусі і яе вынікі.
- •Тэма 17: Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1918-1921 гг.
- •17.2. Абвяшчэнне бсср і Літоўска-Беларускай сср.
- •17.3. Савецка-польская вайна 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне бсср.
- •Тэма 18: Новая эканамічная палітыка
- •18.2. Эканамічнае развіццё бсср у перыяд нэпа.
- •18.3. Грамадска-палітычнае жыццё ў бсср у 1920-я гг.
- •18.4. Палітыка беларусізацыі і развіццё культуры ў 1920-я гг.
- •Тэма 19: бсср у 1930-я гг.
- •19.2. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі бсср.
- •19.3. Усталяванне таталітарнага палітычнага рэжыму ў бсср.
- •19.4. Адукацыя і культура.
- •Тэма 20: Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.
- •20.2. Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.
- •20.3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.
- •20.4. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.
- •Тэма 21: Беларусь ва ўмовах Другой сусветнай
- •21.2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
- •21.3. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).
- •21.4. Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.
- •21.5. Выгнанне нямецка-фашысцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.
- •Модуль 5. Беларусь у пасляваенны перыяд (другая палова 20 – пачатак 21 стст.). Станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы.
- •22.2. Палітычная сістэма.
- •22.3. Адукацыя, навука, культура.
- •Тэма 23: бсср у другой палове 1950-х – 1980-я гг.
- •23.2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
- •23.2.1. Развіццё прамысловасці.
- •23.2.2. Сельская гаспадарка
- •23.2.3.Сацыяльнае развіццё.
- •23.3. Адукацыя, навука, культура ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
- •23.4. Перабудова ў бсср (1985-1991 гг.).
- •Тэма 24: Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе развіцця
- •24.2. Унутрыпалітычнае жыццё ў рб у 1990-2000-я гг.
- •24.3. Знешняя палітыка рб у 1990-2000-я гг.
- •24.4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё рб у 1990-2000-я гг.
- •24.5. Адукацыя, навука, культура ў 1990-2000-я гг.
- •Найбольш значныя даты гісторыі беларусі
- •Тэрміналагічны слоўнік
- •Спіс літаратуры Асноўная
- •Дадатковая
15.5. Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.
Напярэдадні і падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху з’яўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада. У ходзе рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гг. дзеячы БСГ выступалі сумесна з прадстаўнікамі іншых рэвалюцыйных партый у Беларусі, удзельнічалі ў антыўрадавых выступленнях. У студзені 1906 г. у Мінску адбыўся ІІ з’езд БСГ, на якім была прынята новая праграма партыі, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса. У праграме БСГ абвяшчалася неабходнасць рэвалюцыйнага звяржэння самадзяржаўя сіламі ўсіх працоўных Расійскай імперыі і пераўтварэнне імперыі ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку. Для Беларусі БСГ патрабавала дзяржаўнай аўтаноміі са сталіцай у Вільні. Абвяшчалася неабходным адчужэнне памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель на карысць сялян.
У склад БСГ падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. уваходзіла каля 2 тыс. чалавек. Структурна яна падзялялася на 2 краёвыя камітэты з цэнтрамі ў Вільні і Мінску; таксама ў складзе БСГ дзейнічалі Мінскі рабочы камітэт, Віленская група рабочых, Віленская арганізацыя вучнёўскай моладзі, Пецярбургская арганізацыя, мясцовыя арганізацыі ў Лідскім, Дзісненскім і Бельскім паветах. Па ініцыятыве БСГ, а таксама ПСР быў арганізаваны Беларускі сялянскі саюз.
У цэлым уплыў беларускага нацыянальнага руху на палітычнае жыццё ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гг. быў нязначны. Гэта тлумачыцца адсутнасцю трывалай сацыяльнай базы: у гарадах, якія з’яўляліся цэнтрамі палітычнага руху, беларускае насельніцтва было вельмі нешматлікім, а сяляне ў асноўнай масе заставаліся малапісьменнымі і не мелі выразнай палітычнай і нацыянальнай самавядомасці.
Падчас спаду рэвалюцыі, згодна з рашэннем канферэнцыі БСГ, была заснавана першая легальная беларускамоўная газета – “Наша доля” (выдавалася ў Вільні з 1 верасня 1906 г., падрыхтавана 6 нумароў). Публікацыі газеты мелі радыкальны характар; у сувязі з гэтым большасць нумароў газеты ці былі канфіскаваны, ці на іх быў накладзены арышт. А ў студзені 1907 г. рашэннем Віленскай судовай палаты выданне “Нашай долі” было назаўсёды спынена.
У выніку паражэння рэвалюцыі БСГ фактычна самараспусцілася, яе дзеячы адмовіліся ад падпольнай дзейнасці. Кіраўніцтва БСГ засяродзіла сваю дзейнасць у нацыянальна-культурным руху. Яго цэнтрам становіцца новае легальнае перыядычнае выданне – газета “Наша ніва”, якая пачала выходзіць з 10 лістапада 1906 г. да 1915 г. у Вільні лацінкай і кірыліцай (рэдактарам у 1906-1914 гг. з’яўляўся А. Уласаў, у 1914-1915 гг. Янка Купала).
У мэтах захавання газеты “Наша ніва” пазбягала радыкальных палітычных дэкларацый, па агульнапалітычных і сацыяльна-эканамічных пытаннях займала ў асноўным ліберальна-асветніцкія пазіцыі. Яе дзеячы засяродзілі сваю публіцыстычную дзейнасць на наступных накірунках:
- тэарэтычнае абгрунтаванне факту існавання самастойнага беларускага этнасу са сваёй самабытнай мовай і культурай;
- крытыка русіфікатарскай палітыкі царызму і паланізатарскай палітыкі польска-каталіцкага руху;
- патрабаванні ўвядзення беларускай мовы ў сістэме адукацыі, грамадскіх і рэлігійных установах;
- прапаганда беларускай нацыянальнай самасвядомасці, беларускай культуры.
У перыяд паміж рэвалюцыяй 1905-1907 гг. і Першай сусветнай вайной “Наша ніва” пераўтварылася ў своеасаблівы цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху. Пад яе эгідай пачалі выдавацца “Беларускі каляндар”, сельскагаспадарчы часопіс “Саха”, літаратурны месячнік для моладзі “Лучынка”, літаратурны і грамадска-палітычны альманах “Маладая Беларусь”, дзейнічалі беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша ніва”, “Наша хата” і інш. У нашаніўскім руху ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі пераважна сялянскага або дробнашляхецкага паходжання.
Разам з “Нашай нівай” фарміруецца другі цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху – газета “Беларус”, якая выдавалася на беларускай мове лацінкай са студзеня 1913 г. (рэдактары – А. Бычкоўскі і Б. Пачобка). Газета была арганізавана галоўным чынам прадстаўнікамі каталіцкага духавенства, якія далучыліся да беларускага нацыянальнага руху. У публікацыях выдання вырашэнне нацыянальна-культурных задач беларусаў звязвалася з абаронай каталіцкага веравызнання.
Намаганнямі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху адбывалася станаўленне беларускай літаратуры. У 1908-1914 гг. было выдадзена 77 кніг на беларукай мове. Вялікі ўнёсак у развіццё мастацкай беларускай літаратуры зрабілі звязаныя пераважана з “Нашай нівай” паэты і пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Карусь Каганец, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі і інш. У 1910 г. быў сфарміраваны першы беларускі нацыянальны прафесійны тэатр у мястэчку Празарокі Дзісенскага павета на чале з Ігнатам Буйніцкім, які выступаў у розных гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама ў Пецярбургу і Варшаве. У 1910 г. была выдадзена ў Вільні “Кароткая гісторыя Беларусі” Вацлава Ластоўскага, у якой упершыню была адлюстравана нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі.
Такім чынам, на пачатку 20 ст. назіраўся прыкметны рост беларускага нацянальнага руху як у палітычнай, так і ў культурнай форме. Адбывалася фарміраванне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая кіравала дадзеным рухам. Аднак уплыў беларускага нацыянальнага руху на шырокія народныя масы быў нязначны з-за шэрагу спецыфічных фактараў станаўлення беларускай нацыі.
Асноўныя паняцці:
Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг, “паліцэйскі сацыялізм”, сіянізм, рэвалюцыя 1905-1907 гг., “Крывавая нядзеля”, забастоўкі салідарнасці, “булыгінская дума”, Усерасійская палітычная стачка, стачачныя камітэты, кааліцыйныя саветы і камісіі, маніфест 17 кастрычніка, Дзяржаўная дума, Саюз рускага народа, Саюз 17 кастрычніка, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, выбарчы закон 3 чэрвеня 1907 г., прафсаюзы, сталыпінская аграрная рэформа, водруб, хутар, прамысловы ўздым 1909-1914 гг., канцэнтрацыя вытворчасці, канцэнтрацыя капіталу, манаполіі, Краёвая партыя Літвы і Беларусі, земская рэформа 1911 г., земствы, настаўніцкія інстытуты, ІІ з’езд БСГ, “Наша доля”, “Наша ніва”, “Беларус”.
Кантрольныя пытанні і заданні:
Вызначце асноўныя прычыны рэвалюцыі 1905-1907 гг. Дайце іх разгорнутую характарыстыку.
Якія падзеі пачатку 20 ст. садзейнічалі абвастрэнню сацыяльных праблем у Расійскай імперыі і прывялі да пачатку рэвалюцыі?
Якія з’явы ў грамадскім жыцці Беларусі сведчылі пра набліжэнне рэвалюцыі? Дайце кароткую характарыстыку дынамікі рабочага, сялянскага і рэвалюцыйнага руху напярэдадні рэвалюцыі 1905-1907 гг.
Што такое сіянісцкі рух? Падумайце, чаму царызм, нягледзячы на антысеміцкую скіраванасць яго палітыкі, першапачаткова не перашкаджаў развіццю сіянісцкага руху?
Калі пачалася рэвалюцыя 1905-1907 гг.? Якія падзеі сталі пачаткам рэвалюцыі?
Ахарактарызуйце спецыфіку рэвалюцыйнага руху ў Беларусі са студзеня да верасня 1905 г. Назавіце асноўныя звязаныя з ім падзеі.
Якія сацыяльныя групы ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху 1905- 1907 гг.? Якія пераважалі формы рэвалюцыйнай барацьбы?
Што такое “булыгінская Дума”? Якая была рэакцыя грамадскасці на маніфест пра яе ўвядзенне?
Растлумачце, чаму кастрычнік-снежань 1905 г. лічыцца перыядам найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі?
Якія пераўтварэнні ў дзяржаўна-палітычным ладзе Расійскай імперыі абвясціў маніфест 17 кастрычніка?
Растлумачце сутнасць выбарчага заканадаўства, паводле якога ажыццяўляліся выбары ў І і ІІ Дзяржаўную думу. Ці можна лічыць яго дэмакратычным?
Ахарактарызуйце расстаноўку грамадска-палітычных сіл падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Назавіце асноўныя палітычныя партыі і арганізацыі, якія ўзніклі ў гэты час і вызначце іх палітычныя пазіцыі.
Дайце параўнальную характарыстыку дзейнасці І і ІІ Дзяржаўных дум. Растлумачце, чаму іх дзейнасць скончылася няўдачай.
Якая падзея лічыцца датай завяршэння рэвалюцыі 1905-1907 гг.? Ахарактарызуйце новае выбарчае заканадаўства Расійскай імперыі.
Падумайце, чаму рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела ў цэлым паражэнне? Якія змены адбыліся ў грамадстве ў яе выніку?
Чым было абумоўлена правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы? Назавіце яе асноўныя накірункі.
Да якіх вынікаў прывяло правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі? У чым была спецыфіка правядзення рэформы на беларускіх землях?
Ці можна сцвярджаць, што сталыпінская аграрная рэформа прывяла да развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.
Якімі фактарамі быў выкліканы прамысловы ўздым 1909-1914 гг.?
Што такое манапалістычныя аб’яднанні ў прамысловасці? У якіх галінах прамысловасці Беларусі яны найперш складваліся? Што перашкаджала хуткай манапалізацыі прамысловасці ў Беларусі?
Ахарактарызуйце структуру беларускай прамысловасці на пачатку 20 ст.? Якімі фактарамі яна абумоўлена?
Паспрабуйце вызначыць агульны ўзровень развіцця эканомікі Беларусі на пачатку 20 ст.
Якія асноўныя працэсы адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў 1907-1914 гг.?
Падумайце, з чым было звязана ўзмацненне палітыкі русіфікацыі з боку царызму ў 1907-1914 гг.
У чым сутнасць земскай рэформы 1911 г.? Якія яна мела вынікі? Падумайце, чаму царызм не адважыўся ўвесці земствы ў заходніх беларускіх губернях?
Якія змены адбываюцца ў адукацыйнай сферы Беларусі ў пачатку 20 ст.?
У якіх галінах адбываліся навуковыя даследаванні ў Беларусі ў пачатку 20 ст.? Назавіце вядомыя Вам навуковыя арганізацыі.
Ахарактарызуйце дзейнасць Беларускай Сацыялістычнай Грамады падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.
Якая Вам вядомая першая беларускамоўная легальная газета? Чым абумоўлены кароткі тэрмін яе існавання?
Якую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху адыграла газета “Наша ніва”? Вызначце асноўныя накірункі яе дзейнасці.
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
Сіянісцкі рух на тэрыторыі Беларусі.
Уплыў падзей “Крывавай нядзелі” на развіццё грамадскага руху ў Беларусі.
Сялянскі рух ў Беларусі падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.
Дэпутаты ад беларускіх губерняў у І і ІІ Дзяржаўных думах.
Станаўленне хутарской сістэмы ў Беларусі.
Развіццё крэдытна-банкаўскай сістэмы на тэрыторыі Беларусі ў 1900-1914 гг.
Рух “краёўцаў” на тэрыторыі Беларусі ў 1907-1914 гг.
Фарміраванне ідэалогіі беларускага нацыянальнага руху ў публікацыях газеты “Наша ніва”.