Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

Тэма 2. Раннефеадальныя княствы на тэрыторыі Беларусі 9 – 13 стст.

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх земляў у 9 – 13 ст.

2. Утварэнне першых княстваў на тэрыторыі Беларусі. Іх палітычнае развіццё і дзяржаўны лад.

3. Барацьба супраць крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі.

4. Рэлігія і культура беларускіх зямель у 9 – 13 стст.

У 9-13 стст. на тэрыторыі Беларусі адбываюцца працэсы, характэрныя для ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропы перыяду Сярэднявечча:

- складванне раннефеадальных адносін у эканоміцы і палітыцы;

- аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі і ўзнікненне гарадоў;

- пераход ад родавай да тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны;

- фарміраванне феадальнай дзяржаўнасці;

- прыняцце хрысціянства ў якасці пануючай рэлігіі і пераўтварэнне яе ў вызначальную сілу развіцця духоўнай культуры грамадства.

2.1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх земляў у 9 – 13 ст.

Асноўным заняткам большасці насельніцтва ў Сярэднявеччы з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля. Асноўнымі відамі земляробства былі падсечна-агнявое і ворыўнае. Пры першым варыянце выпальваліся і распрацоўваліся надзелы ў лесе (ляды), пры другім – ралля была ў штогадовым засеве, а пазней – у двухпольным севазвароце, калі адно поле апрацоўвалася, а другое адпачывала “пад парам”. Узнікаюць новыя прылады працы: двухрогая саха з жалезным наканечнікам, серп са стальным навараным лязом, каменныя жорны, драўляныя ступы. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай становіцца жыта. Дадатковымі былі ячмень, пшаніца, авёс, проса, каноплі, лён і г.д. Галоўныя віды хатняй жывёлы: коні і буйная рагатая жывёла. Дапаможнымі заняткамі насельніцтва былі садаводства, агародніцтва, бортніцтва, лясныя промыслы, ткацтва, прадзенне, апрацоўка скур.

Канчаткова адбываецца пераход ад родавай да тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны (верв, грамада). У склад абшчыны пачынаюць уваходзіць прадстаўнікі розных родаў; сувязі паміж абшчыннікамі становяцца не кроўна-роднаснымі, а суседскімі.

Зямля ў часы першых дзяржаўных утварэнняў належала племені, родавым і суседскім абшчынам. Паступова ў 9 – 13 стст. у межах абшчын адбывалася маёмаснае раслаенне, захоп зямель прыватнымі асобамі. Назіраецца працэс станаўлення феадальных адносін. Пад феадалізмам разумеецца сістэма грамадскіх адносін, у аснове якой знаходзіцца прынцып перадачы зямельных уладанняў вышэйшым уласнікам зямлі ў дзяржаве (князем, каралём) сваім васалам на пэўны час або назаўсёды за пэўныя заслугі. Асноўнымі сацыяльнымі класамі феадальнага грамадства з’яўляюцца феадалы (буйныя уладальнікі зямлі) і залежныя ад іх сяляне.

Ва ўмовах фарміравання феадалізму князі становяцца ўладарамі не толькі ўсёй зямлі ў дзяржаве, як яе кіраўнікі і “божыя памазанікі”, але і ўласных надзелаў. Княскія дружыннікі і заможныя абшчыннікі ў выніку атрымання значных зямельных плошчаў фарміравалі сацыяльны клас феадалаў, які атрымаў ва Ўсходняй Еўропе назву баярства.

Асноўныя шляхі фарміравання феадальнага землеўладання на тэрыторыі Беларусі:

- падараванні князёў сваім дружыннікам за ваенную або грамадзянскую службу;

- падараванні з боку князёў і баяраў царкве.

Асноўныя віды феадальнага землеўладання:

- княскае;

- баярскае;

- царкоўнае.

Асноўныя тыпы феадальных уладанняў:

- вотчына – уладанне з правам поўнага распараджэння і перадачы па спадчыне;

- памесце – уладанне з правам абмежаванага распараджэння без права перадачы па спадчыне на працягу жыцця (дажывотна) або на пэўны час.

Абсалютная большасць сялян–абшчыннікаў (смердаў) у дадзены перыяд пражывала на дзяржаўных землях. Устанаўліваецца залежнасць сельскіх абшчын ад князёў, якая адлюстроўвалася ў зборы даніны (натуральнай рэнты) з асобных сялянскіх абшчын. Даніна збіралася шляхам перыядычных паходаў князёў са сваімі дружынамі ў палюддзе, або асобнымі дружыннікамі, якія атрымлівалі пэўныя тэрыторыі ў “кармленне”. За абарону з боку князя і дружыны раз у год у вызначаных памерах у пагосты (цэнтры пэўных тэрыторый–воласцей) звозіліся прадукты харчавання, мёд, футра і г.д. Аб’ём даніны з асобных сялянскіх двароў размяркоўвала абшчына.

У выніку дамоўленасцяў з уласнікамі і трымальнікамі зямлі, або немагчымасці разлічыцца па павіннасцях і даўгах сяляне траплялі ў часовую, або поўную залежнасць ад феадалаў.

Фарміруюцца асноўныя катэгорыі залежных сялян:

- закупы – сяляне, якія выконвалі павіннасці на карысць землеўладальніка на пэўны час за пазыку (“купу”) прадуктамі або грашыма да моманту разліку;

- радовічы – сяляне, якія заключалі дамову з землеўладальнікамі (“рад”) на пэўны час з фіксацыяй павіннасцей;

- ізгоі – людзі, якія страцілі сувязь са сваімі абшчынамі ў выніку невыканання павіннасцей, нявыплаты пазык ці здзейсненых злачынстваў і жылі за кошт часовых заробкаў;

- чэлядзь, халопы – хатнія рабы або кабальныя даўжнікі. Рабамі станавіліся пераважна ваеннапалонныя, дзеці якіх маглі атрымаць свабоду.

Асноўныя павіннасці феадальна залежнага сялянства:

    • дзякло (натуральны падатак);

    • паншчына (адпрацоўкі на зямлі феадала).

У разглядаемы перыяд адбываецца аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі. Гэты працэс абумовілі наступныя фактары:

    • павелічэнне сельскагаспадарчага прадукту (у гэтых умовах рамеснікі могуць забяспечыць сябе ўжо выключна вынікамі сваёй прафесійнай дзейнасці, а не сельскай гаспадаркай);

    • удасканаленне промыслаў (удасканальванне сырадутнага метаду выплаўкі жалеза, з’яўленне ганчарнага кола, печаў для абпальвання керамікі і г.д.), што патрабавала спецыяльных ведаў, уменняў і навыкаў, якія маглі ажыццяўляць толькі адпаведна падрыхтаваныя для пэўнай дзейнасці людзі.

На тэрыторыі Беларусі ў 9 – 13 стст. вядомыя каля 40 відаў рамёстваў. Асноўнымі сярод іх з’яўляліся апрацоўка жалеза (вядома 16 спецыяльнасцяў), ганчарства, апрацоўка скур, ювелірнае майстэрства, ткацтва, дрэваапрацоўка, будаўнічае рамяство і г.д.

Развіццё рамяства прыводзіць да фарміравання ў 9 – 12 стст. гарадоў. Гарады станавіліся адміністрацыйнымі, рамеснымі, гандлёвымі, абарончымі і рэлігійна-культурнымі цэнтрамі.

Буйнейшыя гарады гэтага перыяду (з датамі іх узнікнення):

Полацк (862)

Тураў (980)

Ізяслаўль (988)

Берасце (1019)

Віцебск (1021)

Менск (1067)

Друцк (1078)

Барысаў (1102)

Слуцк (1116)

Гародня (1116)

Новагародак (1117).

Асноўныя шляхі фарміравання гарадоў:

    • стварэнне рамесна-гандлёвых пасяленняў вакол замкаў – рэзідэнцый князёў або баяр.

    • стварэнне і разрастанне рамесна-гандлёвых пасяленняў вакол абшчынна-племянных цэнтраў – пагостаў.

Сярэднявечны горад паводле сваёй структуры складаўся з дзядзінца, пасада і тарга. На дзядзінцы (замку, градзе) пад аховай умацаванняў, знаходзіліся рэзідэнцыі князя, баяр, буйнога купецтва і вышэйшага духавенства. Пасад з’яўляўся гандлёва-рамеснай часткай горада; тут жылі людзі “простага стану”, асноўнымі заняткамі якіх з’яўляліся рамяство і гандаль, дапаможнымі – агародніцтва, хатняя жывёлагадоўля і г.д. На таргу адбываліся гандлёвыя здзелкі і сходы веча.

Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі выклікала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы ў гарадах для вядзення гандлю (таргі). Фарміруецца сацыяльная група гандляроў – купцоў. Сярод іх былі дробныя гандляры, якія займаліся гандлем на пэўнай тэрыторыі, і буйныя купцы, якія ажыццяўлялі міжнародны гандаль. На таргі прывозілі тавары таксама замежныя купцы.

Гандаль ажыццяўляўся пераважна па рэках. Праз землі Беларусі праходзіла адна з галін міжнароднага гандлёвага шляху “з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам па рэках Зах. Дзвіна і Днепр, якія злучаліся валокамі – прамежкамі паміж рэкамі, на якіх грузы ад адной ракі да другой перацягваліся па сушы. Каля валок былі склады, факторыі купцоў. На гандлёвых шляхах, што ўзніклі па Сожы, Прыпяці і Бугу, злучаліся прыкаспійскія і заходнееўрапейскія землі.

Па гэтых магістральных шляхах ў Візантыю дастаўляліся рабы, лясныя тавары, футра, мёд, лён, жалезныя вырабы і зброя, а на Поўнач ішлі віно, срэбныя і залатыя вырабы, манеты, тканіны, грыўны, соль. Прадметамі экспарту з тэрыторыі Беларусі былі пераважна футра, воск, мёд, лён; імпарту – прадметы раскошы: тканіны, вострыя прыправы, грэцкія арэхі, шкляны посуд, якія завозіліся пераважна з Блізкага Усходу і Візантыі.

Развіццё гандлю прывяло да з’яўлення грошай. У 9 – 10 ст. на тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны арабскія манеты – дырхемы, у канцы 10 – 11 стст. заходнееўрапейскія дынарыі. У 11 – 13 стст. у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.