Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

2.2. Утварэнне першых княстваў на тэрыторыі Беларусі. Іх палітычнае развіццё і дзяржаўны лад.

У выніку “Вялікага перасялення народаў” на тэрыторыі Беларусі аселі некалькі славянскіх племянных саюзаў: крывічы, радзімічы, дрыгавічы, валыняне, якія паступова падпарадкавалі і асімілявалі балцкае насельніцтва.

Крывічы рассяліліся ў вярхоўях Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі. Сфарміравалася тры галіны гэтага племяннога саюзу: палачане, смаляне, пскавічы. Саюз крывічоў – палачан уключаў у сябе тэрыторыю з гарадамі Полацк, Віцебск, Лукомль, Менск, Ізяслаўль, Лагойск, Орша, Барысаў.

Дрыгавічы жылі ў паўднёвай і сярэдняй частцы Беларусі, у цячэннях рэк Прыпяць і Бярэзіна (Тураў, Слуцк, Пінск).

Радзімічы рассяліліся ў міжрэччы Сожа і Дняпра (Рэчыца, Чачэрск, Гомель).

У паўднёва-заходняй частцы Беларусі (вакол Бярэсця) адбывалася змяшэнне плямёнаў валынян і дрыгавічоў.

У заходняй частцы Беларусі пражывалі пераважна балцкія плямёны (літва, яцвягі, нальшчаны, дзяволтва і інш.). У 11 – 13 стст. адбываецца актыўная славянская каланізацыя ў басейн Верхняга Панямоння, дзе былі заснаваны гарады Новагародак, Гародня, Ваўкавыск.

У 9 – 10 стст. на базе саюзаў плямёнаў (“племянных княжанняў”) на тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць першыя дзяржавы – княствы.

У 9 ст. на аснове племяннога княжання крывічоў–палачан узнікла Полацкае княства. Яно ахоплівала паўночную і часткова цэнтральную частку сучаснай Беларусі. Цэнтрам княства становіцца Полацк – самы першы горад на тэрыторыі Беларусі, які ўзгадваецца ў летапісах пад 862 г., хаця паселішча тут узнікла яшчэ ў 5 ст. Полацкае княства размяшчалася на гандлёвых шляхах “з вараг у грэкі” і кантралявала частку гэтых шляхоў ўздоўж Заходняй Дзвіны і міжрэчча Дзвіны і Дняпра.

Полацкае княства перыядычна падтрымлівала саюзныя адносіны з іншымі славянскімі княствамі ва Ўсходняй Еўропе, буйнейшыя з якіх мелі цэнтры ў Кіеве і Ноўгарадзе. На чале гэтых славянскіх княстваў часта знаходзіліся варажскія (скандынаўскія) князі са сваімі дружынамі. Часам Полацк трапляў у непасрэднае падпарадкаванне гэтых княстваў. Палачане ў якасці саюзнікаў нярэдка прымалі ўдзел ў набегах славян і варагаў на сталіцу Візантыі – Канстанцінопаль. Пасля аднаго з іх, у 907  г. сярод шэрагу князёў, якія атрымалі долю здабычы, узгадваецца полацкая князёўна – Прадслава.

У другой палове 10 ст. буйнейшай дзяржавай ва Ўсходняй Еўропе стала Кіеўскае княства. Паступова яе князі шляхам ваенных захопаў або дагавораў з мясцовымі князямі падначалілі сваёй уладзе большасць іншых славянскіх дзяржаў у рэгіёне. На чале Кіеўскай дзяржавы знаходзілася дынастыя варажскіх князёў – Русь, першым прадстаўніком якой з’яўляўся Рурык. Паступова паняцце “Русь” пачынае ахопліваць усе тэрыторыі, на якія распаўсюджвалася ўлада князёў дынастыі Рурыкавічаў. Гісторыкі традыцыйна называюць кангламерат усходнеславянскіх княстваў на чале з вялікім князем з дынастыі Рюрыкавічаў Кіеўскай Руссю.

Першым вядомым з летапісных крыніц полацкім князем з’яўляецца Рагвалод. Па найбольш верагоднай версіі ён быў варагам, аб чым сведчаць шведскія сагі, па іншых альбо быў крывічом, альбо палабскім ці паморскім славянінам. Падчас міжусобнай барацьбы паміж кіеўскім князем Яраполкам і наўгародскім князем Уладзімірам, каля 980 г., ён і яго дачка Рагнеда становяцца на бок першага. За гэта і асабістую абразу, якую яму нанеслі, адвяргаючы сватаўство да Рагнеды, Уладзімір захапіў Полацк; паводле яго загаду былі забітыя Рагвалод і яго сыны, а Рагнеда гвалтоўна стала яго жонкай.

У канцы 10 – пачатку 11 стст. пад уладай Уладзіміра і яго дынастыі апынулася большасць усходнеславянскіх княстваў, у тым ліку і Полацкае. (канец 10 ст.) Па ініцыятыве Уладзіміра ў канцы 10 ст. у Кіеве, а потым ва ўсіх падначаленых яму землях пануючай рэлігіяй стала хрысціянства ва ўсходняй візантыйскай версіі. З таго часу ўсходняе хрысціянства (праваслаўе) ва Ўсходняй Еўропе называлася “рускай верай”.

У канцы 10 ст. (каля 988 г.) было адноўлена Полацкае княства ў якасці ўдзельнага княства ў складзе Кіеўскай дзяржавы. На чале яго быў пастаўлены старэйшы сын Уладзіміра ад Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (988 – 1001). Паколькі Ізяслаў з’яўляўся непасрэдным нашчадкам Рагвалода, з устанаўленнем яго ўлады звязваецца аднаўленне полацкай княскай дынастыі. Пасля прыняцця Уладзімірам хрысціянства і няўдалага замаху на жыццё князя Рагнеда была астрыжана ў манашкі пад імём Анастасія (лічыцца першай манашкай ва Ўсходняй Еўропе) і саслана на Полаччыну, дзе яна памерла ў Ізяслаўскім манастыры ў 1000 г.

Пасля смерці Ізяслава полацкімі князямі з’яўляліся яго сыны Усяслаў (1001 – 1003) і Брачыслаў (1003 – 1044).

Палітычнае развіццё Полацкага княства ў 11 ст.

Пасля смерці князя Уладзіміра Святаславіча ў Кіеўскай дзяржаве пачынаецца барацьба за ўладу паміж яго нашчадкамі, адным з якіх быў полацкі князь Брачыслаў. Пад яго кіраваннем палачане ў 1021 г. захапілі і разрабавалі Ноўгарад. Войска сына Ўладзіміра наўгародскага і кіеўскага князя Яраслава Мудрага дагнала іх на р. Судамір. Пасля ўзброенай сутычкі быў заключаны мір, паводле якога да Полацкага княства былі далучаны Віцебск, Усвяты і валокі паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной. У 1021-1026 гг. Брачыслаў становіца кіеўскім князем сумесна з Яраславам Мудрым, пры гэтым, працягваючы заставацца полацкім князем. З 1026 г. у Кіеве ўстанаўліваецца аднаасобная ўлада Яраслава Мудрага. Узамен за гэта князь Брачыслаў атрымлівае фактычна поўную ўладу ў Полацкай зямлі. Па сутнасці Полацкае княства аднаўляе сваю дзяржаўную самастойнасць.

Падчас княжання Брачыслава Полацкае княства захоўвала саюзніцкія адносіны з Кіеўскай дзяржавай. Дружыны полацкіх і кіеўскіх князёў сумесна ўдзельнічалі ў паходах на суседнія балцкія землі, у заснаванні Браслава і, верагодна, Новагародка.

Найвялікшага росквіту Полацкае княства дасягнула падчас княжання Усяслава Брачыслававіча “Чарадзея” (1044 – 1101). У гэты час абвастраюцца адносіны Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай і падуладнымі ёй княствамі. Асноўнымі прычынамі гэтага з’яўляліся:

- імкненне кіеўскіх князёў падначаліць сваёй уладзе Полацк і барацьба Полацкага княства за захаванне самастойнасці;

- прэтэнзіі Усяслава на валоданне Кіевам (полацкія князі лічылі сябе як нашчадкі кіеўскага князя Ўладзіміра Святаславіча законнымі пераемнікамі кіеўскага пасаду);

- барацьба з Наўгародскім княствам, якое было саюзнікам Кіева, за кантроль над валокамі на шляху “з вараг у грэкі” ля рэк Зах. Дзвіна і Днепр (раён Віцебск – Усвяты).

У 1065 – 1066 гг. палачане на чале з Усяславам здзейснілі рабаўнічыя паходы на Пскоў і Ноўгарад. У адказ князі Кіеўскай Русі накіравалі супраць Полацкага княства вялікія сілы, якія спалілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. паміж імі і палачанамі адбываецца бітва на р. Нямізе, якая скончылася велізарнымі стратамі для абодвух бакоў. Запрошаны на перамовы Ўсяслаў з сынамі быў захоплены ў палон і пасаджаны ў Кіеве ў поруб (турму). У выніку народнага паўстання кіян ў 1068 г. Усяслаў Чарадзей на 7 месяцаў стаў князем у Кіеве. Але ў 1069 г. быў пазбаўлены пасады і вымушаны змагацца за полацкі трон. У 1071 г. ён канчаткова вярнуў сабе ўладу ў Полацку. У 1077 і 1084 гг. адзін з кіеўскіх князёў Уладзімір Манамах здзейсніў паходы на Полацк і Менск. У 1078 г. палачане спалілі Смаленск. Полацкае княства ў часы Ўсяслава Чарадзея заставалася палітычна цалкам незалежным.

Яшчэ адным з накірункаў знешняй палітыкі Усяслава з’яўлялася экспанія на землі балцкіх плямёнаў. Полацкае княства ўстанавіла сваю ўладу, якая выяўлялася ў выплаце даніны, над плямёнамі яцвягаў, літвы (на тэрыторыі сучасных усходняй Літвы і заходняй Беларусі), латгалаў і ліваў (на тэрыторыі сучаснай Латвіі). На землях латгалаў ствараюцца славянскія гарады – Кукенойс і Герцыке.

Феадальная раздробленасць Полацкага княства

Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. тэрыторыя Полцкага княства была падзелена на шэраг удзельных княстваў: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Друцкае, Лукомскае. Пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Кожнае з удзельных княстваў мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму. У той жа час яны падпарадкоўваліся полацкаму князю (выплата даніны, адзіная знешняя палітыка, сумесныя ваенныя паходы). На чале удзельных княстваў станавіліся князі полацкай дынастыі. Вялікі князь полацкі з’яўляўся свайго роду старшынёй федэратыўнага саюзу князёў Полацкай зямлі.

Прычыны феадальнай раздробленасці:

    • эканамічнае развіццё асобных рэгіёнаў, што выклікала ўзвышэнне іх палітычнага значэння;

    • неабходнасць захавання палітычнай стабільнасці ў адносінах паміж прадстаўнікамі княскай дынастыі.

У першай трэці 12 ст. працягваецца барацьба Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай. Найбольш актыўную палітыку, скіраваную супраць Кіева, праводзіў менскі ўдзельны князь Глеб Усяславіч, які ў 1116 г. здзейсніў паход на Слуцк, а ў 1117 г. – на Оршу і Копысь. У выніку паходу кааліцыі князёў на чале з Уладзімірам Манамахам Глеб быў захоплены ў палон, дзе быў атручаны ў 1119 г.

У 1127 г. быў арганізаваны вялікі паход на чале з кіеўскім князем Мсціславам супраць Полацкай зямлі. Падчас яго былі захоплены Лагойск, Ізяслаўль; Полацкае княства фактычна было падпарадкавана Кіеву. У 1129 г. шмат удзельных полацкіх князёў разам з сем’ямі былі высланы ў Візантыю, адкуль вярнуліся толькі ў 1139 г.

З 1230-х гг. адбываецца распад Кіеўскай дзяржавы і яна паступова губляе пануючы ўплыў у рэгіёне. У 1132 г. полацкае веча выгнала кіеўскага стаўленіка Ізяслава і выбрала на княжанне прадстаўніка полацкай дынастыі Васільку Святаславіча.

У 12 – 13 стст. у Полацкай зямлі фарміруецца новая сістэма дзяржаўна-палітычнага ладу, якая можа быць ахарактарызавана як вечавая дэмакратыя. Асноўнымі органамі дзяржаўнай улады ў Полацкім і ўдзельных княствах з’яўляліся:

- Князь – афіцыйны кіраўнік дзяржавы, узначальваў ваенныя сілы і адміністрацыйны апарат, ажыццяўляў суд (выбіраўся вечам з ліку прадстаўнікоў полацкай княскай дынастыі).

- Дружына – пастаянныя прафесійныя ўзброеныя сілы пры князю; яе прадстаўнікі з’яўляліся дарадцамі князя ў ажыццяўленні адміністрацыйнага кіравання, суда, зборы даніны; удзельнічалі ў ваенных паходах у якасці вайсковай эліты. У межах дружыны вылучаліся дзве асноўныя групы: баяры (старшыя дружыннікі) і дваране (малодшыя дружыннікі).

- Веча – агульны сход усіх свабодных дарослых жыхароў княства мужчынскага полу. Яго функцыі: запрашэнне на трон і выгнанне князёў, заключэнне міжнародных дагавораў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, ажыццяўленне вышэйшага суду. Вялікі ўплыў на веча мелі буйныя землеўладальнікі і купцы, вышэйшае духавенства на чале з епіскапам.

Феадальная раздробленасць прыводзіла да частых канфліктаў паміж асобнымі ўдзельнымі князямі. Паміж імі ішла барацьба за валоданне цэнтральным полацкім пасадам, а таксама за тэрыторыі паміж асобнымі княствамі. Гэта нярэдка прыводзіла да міжусобных войнаў, у якія часта ўмешваліся іншыя дзяржавы. У 1151 – 1161 гг. адбылася міжусобная вайна, падчас якой быў упершыню выгнаны полацкім вечам князь Рагвалод Васількавіч і запрошаны менскі князь Расціслаў Глебавіч. У выніку вайны ўладу атрымаў полацка-віцебскі князь Усяслаў Васількавіч, але вайна паслабіла патэнцыял усіх князёў полацкай дынастыі. У дадзеных умовах аслабляецца ўлада князёў і ўзмацняецца значэнне веча. Мясцовыя князі канчаткова становяцца “служылымі”, то бок наймаюцца і выганяюцца згодна з рашэннем веча, за якім стаяць мясцовыя “моцныя людзі”. Таксама павялічваецца ўплыў полацкіх праваслаўных епіскапаў. Як прадстаўнік “міру” – хрысціян (сукупнасці “грамадзян”), дзяржаўныя дамовы першым замацоўваў епіскап. Вяршыня дадзенага працэсу наступіла ў 1180 – 1190 г., калі на чале Полацка фармальна стаяла рада з 30 старэйшын.

У другой палове 12 – першай палове 13 стст. Полацкае княства ўцягваецца ў палітычную барацьбу паміж Суздалем, Чарнігавам, Смаленскам, Ноўгарадам і Псковам. Паміж імі ішла барацьба за панаванне ў рэгіёне і кантроль над гандлёвымі шляхамі “з вараг у грэкі”. Князь Уладзімір Полацкі (1186 – 1216), які спачатку ваяваў супраць Смаленскага княства, затым заключыў з ім саюз супраць крыжакоў. У першай трэці 13 ст. смаленскія князі пачынаюць актыўна ўмешвацца ва ўнутрыпалітычную барацьбу ў Полацкім княстве; пад іх кантроль пераходзіць Віцебск. У 1222 г. смаленскія войскі занялі Полацк і на некаторы час у Полацкай зямлі ўсталявалася ўлада смаленскіх князёў.

Верагодна, з-за небяспекі мангольскіх прэтэнзій пасля разгрому тымі Рурыкавічаў, з 1248 г. у Полацку княжыў выгнаны з Літвы Міндоўгам князь Таўцівіл. Пасля гэтага ў другой палове 13 ст. ажыццяўляліся саюзы Полацка з ВКЛ і запрашаліся на княжанне смаленскія князі Рурыкавічы.

Такім чынам, Полацкае княства ў 9 – 13 стст. з’яўлялася буйнейшым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пасля непрцяглага перыяду палітычнай залежнасці ад Кіеўскай дзяржавы яно на працягу 11 – 13 стст. ажыццяўляла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку. Пад уплывам феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве склалася спецыфічная форма дзяржаўна-палітычнага ўладкавання – вечавая дэмакратыя.

Тураўскае княства.

Тураўскае княства сфарміравалася на аснове племяннога княжання дрыгавічоў. Яно ахоплівала тэрыторыю сучаснай паўднёвай Беларусі – Палесся. Тураўскае княства ўзнікае на водным Прыпяцка-Бугскім гандлёвым шляху з Кіева ў Польшчу. Яго цэнтрам з’яўляўся Тураў. Назва ад імя міфічнага князя Тура. Упершыню Тураў узгадваецца ў летапісах пад 980 г.

З летапісаў вядома, што падчас праўлення кіеўскага князя Уладзіміра Тураўскае княства было падпарадкавана Кіеўскай дзяржаве ў якасці ўдзельнага княства. Першым удзельным князем у Тураве стаў сын Уладзіміра Святаполк Уладзіміравіч (988 – 1015). Тураўскімі князямі станавіліся, як правіла, старэйшыя сыны вялікіх кіеўскіх князёў, якія потым атрымлівалі кіеўскі пасад. У Тураве Рурыкавічы праходзілі навучанне перад будучай палітычнай дзейнасцю на чале Кіеўскай дзяржавы.

У першай палове 12 ст. ва ўмовах крызісу і распаду Кіеўскай дзяржавы пасада тураўскіх князёў часта пераходзіла з рук у рукі, панавала палітычная нестабільнасць. У 1158-1160 гг. Тураўскае княства адасабляецца ад Кіеўскай дзяржавы. Першым незалежным князем з’яўляецца Юрый Яраславіч, які паклаў пачатак мясцовай самастойнай дынастыі.

У другой палове 12 ст. у Тураўскім княстве пачынаецца працэс феадальнай раздробленасці. Фарміруюцца ўдзельныя княствы: Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае. У канцы 12 – першай палове 13 стст. Тураўскае княства трапляе пад палітычны ўплыў суседняй моцнай дзяржавы – Галіцка-Валынскага княства (на тэрыторыі сучаснай Заходняй Украіны).

У дзяржаўна-палітычным ладзе Тураўскага княства склалася вечавая дэмакратыя на ўзор той, што існавала ў Полацкім княстве. Але разам з тым меліся некаторыя адрозненні:

- веча акрамя сваіх асноўных функцый таксама мела права выбару мясцовага епіскапа;

- існавала пасада пасадніка – галоўнага кіраўніка дзяржаўнай адміністрацыі, намесніка князя.

- існавала пасада тысяцкага – кіраўніка ваеннага апалчэння.

Акрамя Полацкага і Тураўскага княстваў землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад і іншых славянскіх княстваў. На землях крывічоў–смалян і часткі радзімічаў ў 9 ст. складваецца Смаленскае княства, якое становіцца цалкам самастойным у першай палове 12 ст. У выніку феадальнай раздробленасці з другой паловы 12 ст. у яго межах утвараецца некалькі ўдзельных княстваў; на тэрыторыі Беларусі ўзнікае Мсціслаўскае княства. Частка Палесся з горадам Мазыр уваходзіла ў склад Кіеўскага княства; тэрыторыя Пасожжа з горадам Гомель – Чарнігаўскага княства.

На захадзе сучаснай Беларусі, дзе адносна позна ажыццяўлялася падпарадкаванне славянамі балцкіх плямёнаў, узнікаюць Берасцейскае (1017), Новагародскае (1117), Гарадзенскае (1116) княствы. Спачатку яны знаходзіліся пад уладай Кіеўскай дзяржавы. З канца 12 ст. трапляюць пад палітычны кантроль Галіцка-Валынскага княства. У гэтых княствах жыло змешанае насельніцтва з валынян, дрыгавічоў, крывічоў і балтаў.

На сумежжы сучасных Беларусі і Літвы на мяжы 12-13 стст. пачынаецца працэс фарміравання раннефеадальных княстваў сярод балцкіх плямёнаў (літва, яцвягі і інш.). Узброеныя атрады балцкіх князёў выступаюць у якасці наёмнікаў у канфліктах паміж славянскімі княствамі, а таксама здзяйсняюць самастойныя набегі на суседнія славянскія землі.

Такім чынам, у 9 – 13 стст. на тэрыторыі Беларусі адбываецца працэс фарміравання раннефеадальнай дзяржаўнасці. Буйнейшымі дзяржаўнымі ўтварэннямі з’яўляліся Полацкае і Тураўскае княствы.