Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

21.4. Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

Палітыка нямецка-фашысцкіх улад выклікала незадаволенасць большай часткі насельніцтва Беларусі, асабліва ва ўсходняй яе частцы, дзе ўлада належала ваеннаму камандаванню. На тэрыторыі Беларусі разгарнуўся шырокі антыфашысцкі рух, які праходзіў у двух асноўных формах: партызанскі pyx і антыфашысцкае падполле.

Ужо падчас адступлення Чырвонай арміі летам 1941 г. савецкімі партыйна-дзяржаўнымі работнікамі была створана сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Іх галоўнымі задачамі з’яўляліся арганізацыя партызанскіх атрадаў, правядзенне дыверсій і антыфашысцкай прапаганды. Да канца жніўня 1941 г. было створана 378 партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, у якія ўваходзіла каля 8 тыс. чалавек. Аснову першых партызанскіх і падпольных фарміраванняў складалі чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне, савецкія партыйныя і камсамольскія актывісты. Буйнейшай у Беларусі сеткай падпольных арганізацый з’яўлялася мінскае партыйнае падполле на чале з І.К. Кавалёвым, якое актыўна дзейнічала да вясны 1942 г., калі было разгромлена нацысцкімі спецслужбамі. Буйныя падпольныя цэнтры дзейнічалі ў Магілёве, Віцебску, Оршы, Гомелі, Жлобіне, Брэсце, Баранавічах і іншых гарадах. Дзейнічаў падпольны друк, галоўнымі выданнямі якога з’яўляліся газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”.

Разам з развіцём падпольнага руху адбываецца ўтварэнне партызанскіх атрадаў. Да ліку буйнейшых з іх належалі:

атрад пад камандаваннем В. Каржа на тэрыторыі Пінскай вобласці;

атрад пад камандаваннем Ц. Бумажкова і Ф. Паўлоўскага на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці;

атрад пад камандаваннем М. Шмырова (“Бацькі Міная”) у Суражскім раёне Віцебскай вобласці;

падпольная група і партызанскі атрад пад кіраўніцтвам К. Заслонава ў раёне Оршы.

Аднак да канца 1941 г. партызанскі рух не меў масавага характару; адсутнічаў адзіны партызанскі цэнтр. У аснове яго развіцця знаходзілася перакідванне дыверсійных груп з савецкага тылу, якія часта знішчаліся.

Перамогі Чырвонай Арміі ў бітвах пад Масквой (снежань 1941 г.), пад Сталінградам (лістапад 1942 – люты 1943 гг.) і на Курскай дузе (ліпень 1943 г.) і звязаны з імі пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны на карысць савецкіх сіл выклікалі ўдым партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі. Было адноўлена мінскае партыйнае падполле (у яго складзе за ўвесь час акупацыі знаходзілася звыш 9 тыс. чалавек). У 1943 г. мінскія падпольшчыкі разам з партызанамі здзейснілі шэраг буйных дыверсій на гарадскіх прадпрыемствах і чыгуначным вузле, ажыццявілі забойства гауляйтэра В. Кубэ. Шырокі падпольны рух меў месца ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Обалі, Асіповічах і г.д. Асабліва актыўную дзейнасць падпольшчыкі праводзілі ў накірунку дыверсій на чыгуначных вузлах. Усяго да 1944 г. у антыфашысцкім падполлі ў Беларусі ўдзельнічала каля 70 тыс. чалавек.

Пачынаючы з вясны 1942 г. назіраецца хуткі рост партызанскага руху. Адбываецца працэс аб’яднання асобных партызанскіх атрадаў у партызанскія брыгады і злучэнні. Першая партызанская брыгада ў Беларусі ўзнікла на тэрыторыі Віцебшчыны пад кіраўніцтвам М. Шмырова. У выніку наступлення войскі Чырвонай арміі на пачатку 1942 г. выйшлі да мяжы БССР і ўступілі ў непасрэднае ўзаемадзеянне з партызанскімі атрадамі М. Шмырова. У выніку ўтварыўся 40-кіламетровы праход у лініі савецка-германскага фронту, так званыя “Суражскія вароты”, які праіснаваў да верасня 1942 г. Праз яго партызанам перапраўлялася зброя і боепрыпасы, накіроўваліся спецыялісты па вядзенню дыверсій і інш.

Развіццю партызанскага руху ў Беларусі садзейнічала актыўная дапамога савецкага тылу. Адтуль партызаны атрымлівалі значную частку зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, сродкаў сувязі. Там праходзілі лячэнне параненыя партызаны, дастаўленыя з-за лініі фронту, рыхтаваліся кіруючыя кадры для партызанскага руху, дзейнічала школа па падрыхтоўцы партызанскіх спецыялістаў і інш.

3 мэтай цэнтралізацыі аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам у маі 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам, а з верасня 1942 г. пачаў працаваць Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін.

У выніку паспяховых баявых аперацый партызанскіх фарміраванняў на некаторых тэрыторыях Беларусі была ліквідавана нацысцкая ўлада і ўтвораны партызанскія зоны. Найбольш буйнымі зонамі былі Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая і інш. Да канца 1943 г. 20 партызанскіх зон кантралявалі 60% тэрыторыі БССР. У партызанскіх зонах аднаўлялася бальшавіцкая ўлада; гаспадарчыя рэсурсы падпарадкоўваліся патрэбам барацьбы з германскімі акупантамі. Палітыка генацыду, праводзімая акупацыйнымі ўладамі, садзейнічала росту падтрымкі партызан сярод мясцовага насельніцтва. У 1943 – 1944 гг. партызанскі рух набывае масавы характар. Да лета 1944 г. у складзе партызанскіх фарміраванняў налічвалася каля 370 тыс. чалавек.

Буйнейнай акцыяй партызанскага руху ў Беларусі была т.зв. “рэйкавая вайна” – правядзенне адначасовага масавага разбурэння чыгуначных камунікацый у розных рэгіёнах Беларусі. У ходзе акцыі партызаны разбуралі чыгуначныя шляхі, пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі чыгуначныя станцыі, масты. Было знішчана каля 90% чыгункі БССР. “Рэйкавая вайна” праходзіла ў тры этапы:

1) жнівень-верасень 1943 г. – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі пад Курскам;

2) друга палова верасня – кастрычнік 1943 г. (“Канцэрт”) – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі ва ўсходніх раёнах Беларусі;

3) чэрвень-ліпень 1944 г. – акцыя праходзіла ў кантэксце буйнога наступлення Чырвонай арміі ў Беларусі.

Важнай часткай антыфашысцкага руху ў Беларусі 1941-1944 г. з’яўляўся яўрэйскі рух супраціўлення, які праявіўся ў правядзенні антыфашыцкай прапаганды ў гета, уцёках з гета, сабатажы лагерных мерапрыемстваў, дыверсійнай працы, узброеных паўстаннях і партызанскім руху.

Акрамя савецкага партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама іншыя антыфашысцкія арганізацыі.

Актыўна дзейнічала польскае падполле, якое падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Яго буйнейшай арганізацыяй, якая стварыла сетку партызанскіх атрадаў, з’яўлялася Армія Краёва (АК). На тэрыторыі Беларусі найбольш значныя сілы АК знаходзіліся на Навагрудчыне. АК выступала за аднаўленне незалежнасці Польшчы ў межах 1939 г. У 1941 – 1943 гг. польскае падполле знаходзілася ў саюзе з савецкім. Пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам АК перайшла да тактыкі барацьбы супраць “двух ворагаў” – Германіі і СССР. Разам з тым летам 1944 г., у перыяд наступлення Чырвонай арміі, некаторыя атрады АК прынялі ўдзел у баях за Вільню. Усяго ў атрадах Арміі Краёвай у перыяд акупацыі ў Заходняй Беларусі налічвалася каля 14 тыс. чалавек.

На поўдні Беларусі ў 1942-1943 гг. дзейнічалі украінскія партызанскія атрады Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і т.зв. “бульбаўцаў”, якія налічвалі ў гэтым рэгіёне каля 12 тыс. чалавек. Яны выступалі за стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы, у склад якой павінны былі ўвайсці таксама землі паўднёвай Беларусі. Украінскія партызаны вялі ўзброеную барацьбу як супраць германскіх акупантаў, так і супраць савецкіх і польскіх партызан.

На тэрыторыі Беларусі існавалі таксама невялікія антыфашысцкія групы беларускага нацыянальнага руху, але яны не мелі значнага ўплыву.

Такім чынам, у 1941-1944 гг. на тэрыторыі Белаурусі разгарнуўся шырокі партызанскі і падпольны рух, накіраваны супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. З 1943 г. ён набыў масавы характар і адыграў значную ролю ў разгроме войскаў нацысцкай Германіі.