Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

1. Сельская гаспадарка ў 17 – першай палове 18 стст.

2. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.

3. Сацыяльна-эканамічны ўздым у другой палове 18 ст.

8.1. Сельская гаспадарка ў 17 – першай палове 18 стст.

У другой палове 17 – першай палове 18 стст. сельская гаспадарка ВКЛ апынулася ў стане цяжкага крызісу. Прычынамі яго былі шматлікія вынішчальныя войны. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Калі ў 1654 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было каля 2,9 млн. жыхароў, у 1667 г. – каля 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва ўзрасла да 2,2 млн, але пасля Паўночнай вайны скарацілася да 1,5 млн. чалавек. Не было працаўнікоў, таму значна зменшылася колькасць ворыўных зямель і цяглавай жывёлы. Пасяўныя плошчы скараціліся больш чым на палову.

Гаспадаркі буйных землеўладальнікаў пацярпелі ад крызісу ў меншай ступені, таму ў структуры землеўладання павялічваецца ўдзельная вага буйных латыфундый. У 18 ст. 16 магнацкім сем’ям (Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Чартарыйскім і інш.) належала на тэрыторыі ВКЛ 30% усіх зямель. Буйныя землеўладанні захоўваліся ў руках каралеўскай адміністрацыі, а таксама каталіцкай і ўніяцкай цэркваў. Найбольш пацярпелі ад крызісу гаспадаркі сярэдняй і дробнай шляхты, што прывяло да ўзмацнення эканамічнай залежнасці дробнай шляхты ад магнатэрыі.

Падчас аднаўлення сельскай гаспадаркі шляхта выкарыстоўвала ў асноўным два метады:

- перавод сялян на чынш;

- пашырэнне фальварка.

Перавод на чынш праводзіўся часцей за ўсё там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук (усходняя частка краіны). У гэтых маёнтках шляхта вымушана была адмаўляцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі, перадавала часова зямлю сваіх фальваркаў сялянам і пераводзіла іх з паншчыны на чынш.

Пашырэнне фальварачных запашак пераважала там, дзе насельніцтва, якое хоць і памяншалася, але ў масе сваёй заставалася на месцы. У 1730-1740-я гг. фальварачныя гаспадаркі ўзмацніліся на захадзе і ў цэнтральнай частцы ВКЛ.

Для аднаўлення фальваркаў патрэбны былі грашовыя сродкі, якіх у шляхты пастаянна не хапала. Таму з другой паловы 17 ст. стала шырока практыкавацца перадача маёнтка ў арэнду або залог. Арандатарамі былі шляхціцы, а часам купцы, яўрэі; пераважала кароткатэрміновая арэнда на 1-3 гады.

Паступова адбывалася аднаўленне сялянскай гаспадаркі. Сяляне пашыралі сваю гаспадарку шляхам запашкі пазанадзельнай зямлі, з якой яны не выконвалі павіннасці (бо ўтойвалі), ці плацілі невялікія падаткі. У аднаўленчы перыяд дзяржаўная ўлада і шляхта ўводзілі розныя ільготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел, захвочвалі для пасялення на сваіх землях сялян з іншых раёнаў, вызваляючы іх на некалькі гадоў ад усіх павіннасцяў. Такая палітыка станоўча ўплывала на стан сялянскай гаспадаркі і садзейнічала яе аднаўленню. Тым не менш у сувязі з гаспадарчым разбурэннем павялічылася колькасць малазямельных беззямельных сялян.

Сялянскія надзелы па-ранейшаму падзяліліся на цяглавыя (пераважна на захадзе і ў цэнтры ВКЛ) і чыншавыя (пераважна на ўсходзе ВКЛ). Максімальныя памеры павіннасцяў вызначаліся ў інвентарах. Але яны паўсюдна парушаліся арандатарамі і адміністрацыяй маёнткаў.

Па меры аднаўлення гаспадаркі ільготы для сялян скасоўваліся. На працягу 18 ст. аб’ём павіннасцей у ВКЛ павялічыўся ў 3 разы. Рэкорд быў дасягнуты ў маёнтку Блювенічы Лідскага павету, дзе паншчына ў 1746 г. складала 24 дні на тыдні з валокі. Асабліва негатыўна адбілася на матэрыяльным становішчы сялянства пашырэнне арэнды ў маёнтках буйных магнатаў. Арандатары, заплаціўшы ўладальніку пэўную суму грошай, імкнуліся за кароткі выціснуць з сялян як мага большы прыбытак.

Узмацненне феадальнага прыгнёту выклікала шэраг лакальных сялянскіх паўстанняў: у Слонімскім павеце 1700–1703 гг., у Крычаўскім старостве ў 1743–1744 гг., на Каменшчыне (Мазырскі павет) у 1754 – 1756 гг. Найбольш значным было паўстанне ў Крычаўскім старостве. Доўгія гады мясцовыя сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства арандатараў (старастам быў Г. Радзівіл). Звычайныя формы барацьбы – скаргі, адмовы выконваць павіннасці, уцёкі – вынікаў не давалі. У канцы 1743 г. выбухнула ўзброенае паўстанне, якое ўзначаліў Васіль Вашчыла. Сяляне і мяшчане Крычава прагналі арандатараў, замест іх абралі новую адміністрацыю. Паўстанне падаўлена вайсковай сілай у студзені 1744 г. Але Г. Радзівіл пайшоў на саступкі: ён замяніў паншчыну на чынш, зняў абмежаванні для сялян у гандлі, на некаторы час не аддаваў староства ў арэнду.

Такім чынам, другая палова 17 – першая палова 18 стст. адзначаецца моцным эканамічным крызісам у сельскай гаспадарцы ВКЛ, выкліканым шматлікімі войнамі. Аднаўленне гаспадаркі адбывалася шляхам некаторага змяншэння феадальнага прыгнёту сялянства. Аднак ва ўмовах стабілізацыі эканомікі шляхта накіроўвала намаганні на павелічэнне даходнасці сваіх гаспадарак у першую чаргу шляхам ўзмацнення эксплуатацыі прыгоннага сялянства.