Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК по Истории Беларуси umk_history_bel.doc
Скачиваний:
173
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
3.4 Mб
Скачать

Тэма 15: Беларусь на пачатку 20 ст.

(рэвалюцыя 1905-1907 гг. і перыяд 1907-1914 гг.).

1. Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

2. Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.

3. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская аграрная рэформа.

4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг.

5. Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.

15.1. Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

На пачатку 20 ст. Расійская імперыя апынулася ў стане сістэмнага грамадскага крызісу, які выклікаў рэвалюцыю 1905-1907 гг. Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі глыбокія сацыяльныя праблемы:

1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай імперыі вызначаўся як абсалютная манархія. Пры фарміраванні і функцыянаванні органаў дзяржаўнай улады адстунічалі элементы выбарнасці, адкрытасці і галосносці. У дзяржаве амаль адсутнічалі грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды; панавала паліцэйска-бюракратычнае самавольства; захоўваўся саслоўны падзел грамадства з рознымі правамі і абавязкамі для прадстаўнікоў розных саслоўяў. Станаўленне элементаў грамадзянскай супольнасці ў выніку капіталістычнай мадэрнізацыі (стварэнне грамадскіх арганізацый у эканамічнай і культурнай сферах, узнікненне элементаў сістэмы мясцовага і гарадскога самакіравання, фарміраванне рабочага руху) патрабавала дэмакратызацыі састарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмы.

2) Аграрная праблема. Пераважная большасць насельніцтва пражывала ў вёсцы. Пазямельныя адносіны характарызаваліся перавагай буйнога памешчыцкага землеўладання. Сялянскае малазямелле і звязаныя з ім феадальныя перажыткі, захаванне абшчыны і кругавой парукі, вялікія выкупныя плацяжы і дзяржаўныя падаткі тармазілі развіццё прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і замаруджвалі развіццё прамысловасці. Патрэбы мадэрнізацыі грамадства дыктавалі неабходнасць глыбокіх пераўтварэнняў у аграрнай сферы.

3) Нацыянальная праблема. Па меры фарміравання нацый абвастраліся супярэчнасці паміж вялікадзяржаўнай русіфікатарскай палітыкай царызму і залежнымі ад яго народамі, якія цярпелі дыскрымінацыю з боку імперскіх уладаў у розных сферах (палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, рэлігійнай, моўнай і г.д.). Сярод іх у 19 – пачатку 20 стст. фарміруюцца самастойныя нацыянальныя рухі, што патрабавалі стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі або поўнай незалежнасці (польскі, фінскі, украінскі, літоўскі, латышскі, грузінскі і інш.).

4) Рабочая праблема. Вытворчыя адносіны ў сферы прамысловасці і гандлю суправаджаліся кепскімі ўмовамі жыцця і працы рабочага класа (нізкая аплата працы, працяглы працоўны дзень, дрэнныя бытавыя ўмовы, грамадзянскае бяспраўе). Дадзеныя ўмовы садзейнічалі развіццю рабочага руху і яго паступовай палітызацыі, што патрабавала карэнных пераўтварэнняў у сферы адносін паміж рабочымі і наймальнікамі.

На пачатку 20 ст. дадзеныя сацыяльныя праблемы асабліва абвастрыліся пад уплывам двух фактараў:

1) Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг. і эканамічная дэпрэсія 1904-1908 гг., якая наступіла пасля яго. Крызіс стаў наступствам перавытворчасці ва ўмовах прамысловага ўздыму 1890-х гг. Яго праявамі сталі спыненне або скарачэнне вытворчасці на многіх прадпрыемствах, рост беспрацоўя, скарачэнне зарплаты рабочых. Усё гэта садзейнічала ўзрастанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

2) Вайна Расійскай імперыі з Японіяй 1904-1905 гг. за перадзел сфер уплыву на Далёкім Усходзе. Ваенныя няўдачы расійскага войска, шматлікія чалавечыя ахвяры садзейнічалі нарастанню грамадскай незадаволенасці.

У 1901-1904 гг. назіраецца сацыяльна-палітычны крызіс царскага рэжыму. Пра гэта сведчаць наступныя з’явы:

1) Развіццё рабочага руху. На працягу 1901 – 1904 гг. значна ўзрасла колькасць рабочых выступленняў; на тэрыторыі Беларусі, у стачках, звязаных з эканамічнымі прычынамі, прыняло ўдзел 20 тыс. чалавек. Адметнай рысай рабочага руху ў 1901 – 1904 гг. становіцца яго палітызацыя: у стачках, звязаных з палітычнымі прычынамі, у 1901 – 1904 гг. на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел 34 тыс. чалавек.

2) Актывізацыя рэвалюцыйнага палітычнага руху. У 1901 – 1904 гг. узрастае ўплыў рэвалюцыйных партый і арганізацый. Ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках дзейнічалі арганізацыі ПСР, РСДРП, Бунда, ППС на Літве, БСГ, групы анархістаў. Рэвалюцыйныя суполкі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі стачак, палітычных дэманстрацый і маніфестацый; узрасла іх прапагандысцкая актыўнасць.

3) Палітыка лавіраванняў з боку царскай улады. Царызм з мэтай змяншэння грамадскай незадаволенасці пайшоў на правядзенне некаторых рэформ у розных сферах сацыяльнага жыцця: увядзенне рабочага заканадаўства ў дробнай і рамеснай прамысловасці, скасаванне кругавой парукі сялян пры спагнанні падаткаў 1903 г., адмена цялесных пакаранняў для сялян 1904 г. З мэтай нейтралізаваць уплыў рэвалюцыйнага руху ажыццяўлялася падтрымка кантралюемых ўладамі грамадскіх рухаў, да якіх належыць залічыць “паліцэйскі сацыялізм” і сіянізм.

Паліцэйскі сацыялізм” уяўляў з сябе арганізацыю некаторымі прадстаўнікамі ўлады рабочых саюзаў, якія ставілі сваёй задачай забеспячэнне элементарных эканамічных і культурных патрабаванняў рабочых, каб тым самым ізаляваць іх ад палітычнай барацьбы. Паколькі ў Беларусі колькасна пераважаў яўрэйскі пралетарыят, “паліцэйскі сацыялізм” укараняўся перадусім сярод яўрэйскіх рабочых. У 1901-1903 гг. у Мінску, Вільні і Адэсе ў дадзеным накірунку дзейнічала Яўрэйская незалежная рабочая партыя, якая на кароткі час атрымала дастаткова значны ўплыў.

Сіянізм узнікае ў канцы 19 ст. і уяўляе з сябе сусветны рух яўрэяў за вяртанне ў Палесціну і ўтварэнне там яўрэйскай дзяржавы. Сіяністы прапагандавалі ідэі аб богаабранасці яўрэйскага народа і шкоднасці для яго нацыянальных інтарэсаў удзелу ў грамадска-палітычным руху краін дыяспары. У сувязі з гэтым царызм не перашкаджаў дзейнасці сіяністаў і спрабаваў яго выкарыстаць для пераадолення ўплыву рэвалюцыйных арганізацый сярод яўрэйскіх рабочых. У 1902 г. з дазволу ўлад у Мінску адбыўся усерасійскі сіянісцкі з’езд. Аднак колькасны рост сіянізму прывёў да фарміравання ў ім радыкальных плыняў. У сувязі з гэтым прапаганда сіянізму ў Расійскай імперыі летам 1903 г. была забаронена.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. на землях Беларусі назіралася сітуацыя грамадска-палітычнага крызісу, выкліканага цэлым шэрагам сацыяльных праблем, які прывёў да рэвалюцыі 1905-1907 гг.