
- •Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
- •Прадмова
- •Раздзел і. Краязнаўства як навука і грамадская дзейнасць
- •Глава 1. Тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні краязнаўства
- •Глава 2. Рэгіянальная структура Беларусі па розных прыметах як аснова айчыннага краязнаўства
- •Пытанні і заданні
- •I. Дайце азначэнне
- •II. Прадоўжыце лагічны рад
- •IV. Адзначце правільны (ыя) адказ (ы)
- •V. Суаднясіце
- •VI. Ці згодны Вы са сцвярджэннем? (Так/Не)
- •Раздзел II. Узнікненне краязнаўчых даследаванняў беларускіх зямель у вялікім княстве літоўскім і рэчы паспалітай (да 1794 г.)
- •Глава 1. Патрыятызм як рыса народнай свядомасці беларусаў і светапоглядная аснова краязнаўчага руху
- •Глава 2. Узнікненне гісторыка-краязнаўчых апісанняў і даследаванняў
- •Глава 3. Узнікненне рэгіянальных геаграфічных і прыродазнаўчых апісанняў і даследаванняў
- •Глава 4. Узнікненне бібліяграфічнага краязнаўства
- •Пытанні і заданні
- •IV. Размяркуйце ў храналагічнай
- •V. Ці згодны Вы са сцвярджэннем? (Так/Не)
- •VI. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца
- •Раздзел ііі. Краязнаўства на беларускіх зямлях у перыяд расійскай імперыі
- •Глава 2. Развіццё краязнаўчага руху ў 1865–1917 гг.
- •2.1. Арганізацыйныя аспекты краязнаўчага руху і асноўныя кірункі вывучэння рэгіёнаў
- •Пытанні і заданні
- •I. Дапоўніце сказы
- •II. Адзначце правільны (ыя) адказ (ы):
- •III. Суаднясіце
- •V. Ці згодны Вы са сцвярджэннем?
- •Vі. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца
- •Раздзел IV. Краязнаўчая дзейнасць
- •Колькасныя паказчыкі грамадскага краязнаўчага руху
- •1.2. Дзяржаўнае краязнаўства
- •1.3. Школьнае краязнаўства
- •1.4. Бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства
- •Глава 2. Краязнаўства ў Заходняй Беларусі (1921–1939)
- •2.1. Грамадскі краязнаўчы рух, дзяржаўнае
- •І школьнае краязнаўства
- •2.2. Краязнаўчая дзейнасць беларускіх нацыянальна-культурных і навуковых арганізацый
- •2.3. Бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства
- •Пытанні і заданні
- •V. Што аб’ядноўвае
- •Vі. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца
- •Раздзел V. Краязнаўчая дзейнасць у беларусі ў 1946–1980-я гг.
- •Глава 1. Аднаўленне краязнаўчага руху
- •І развіццё школьнага краязнаўства
- •Глава 2. Развіццё дзяржаўнага краязнаўства
- •2.1. Краязнаўства ў вышэйшых навучальных установах
- •2.2. Музейнае краязнаўства
- •Глава 3. Краязнаўчая дзейнасць добраахвотных арганізацый. Стварэнне Беларускага краязнаўчага таварыства
- •Глава 4. Бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства
- •Пытанні і заданні
- •V. Што аб’ядноўвае
- •Vі. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца
- •Раздзел VI. Развіццё краязнаўства ў рэспубліцы беларусь (1991–2000)
- •Глава 1. Грамадскі краязнаўчы рух.
- •Дзейнасць Беларускага краязнаўчага таварыства
- •Глава 2. Школьнае краязнаўства
- •Глава 3. Дзяржаўнае краязнаўства
- •3.1. Развіццё краязнаўчай дзейнасці навуковых устаноў
- •3.2. Развіццё краязнаўства ва універсітэтах
- •Глава 4. Бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства
- •Пытанні і заданні
- •V. Што аб’ядноўвае
- •Vі. Гістарычныя партрэты. Пазнайце імя краязнаўца
- •Літаратура
- •Гісторыя краязнаўства беларусі
- •220007, Мінск, вул. Рабкораўская, 17.
- •220007, Г.Мінск, вул. Рабкораўская, 17.
Раздзел і. Краязнаўства як навука і грамадская дзейнасць
Глава 1. Тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні краязнаўства
Ведаць свой край, дзе чалавек нарадзіўся ці жыве, жадае кожны. Для адных – гэта праца і абавязак, для іншых – захапленне, турыстычная прыемнасць, але для ўсіх – замілаванасць і любоў да малой радзімы. Магутным поклічам прызываюць нашчадкаў помнікі мінуўшчыны, цудоўныя краявіды, постаці змагароў за свабоду, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі. Усведамленне вялікай мінуўшчыны з'яўляецца моцным стымулам да пабудовы будучыні. Высакародныя пачуцці падштурхоўваюць людзей набываць веды, даследаваць родны край, працаваць на карысць яго развіцця, ушаноўваць гістарычныя сімвалы. Такая дзейнасць людзей мае даўнія карані.
Краязнаўства – гэта ўсебаковае вывучэнне асобнага рэгіёну ці населенага пункта мясцовым насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навуковых устаноў2. Важна ўсведамляць, што тэрмін “краязнаўства” разглядаецца як комплекс навуковых дысцыплін і ўсебаковае вывучэнне краю мясцовымі жыхарамі, а таксама як грамадскі рух, які аб’ядноўвае мясцовае насельніцтва. Аб’ектам пазнання ў краязнаўстве з’яўляецца тэрыторыя, мясцовасць, што вызначаецца паняццем “край” ці “рэгіён”. Край – канкрэтная частка тэрыторыі дзяржавы, якая звычайна супадае з адзінкамі сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення і вызначаецца з улікам змяненняў гістарычных меж, а таксама фізіка-геаграфічных, прыродна-кліматычных, геалагічных, эканамічных і іншых крытэрыяў раяніравання. Паняцце “край”3 працяглы час выкарыстоўваецца ў айчыннай навуцы, у тым ліку ў бібліятэказнаўстве і бібліяграфазнаўстве. У пачатку 60-х гг. ХХ ст. у эканамічнай навуцы пачынае выкарыстоўвацца тэрмін “рэгіён”. Тэрмін “рэгіён” абазначае буйное тэрытарыяльнае аб’яднанне як унутры краіны, так і свету ў цэлым, для якога характэрны агульныя кліматычныя і геаграфічныя ўмовы, развітыя эканамічныя, палітычныя, культурныя, этнічныя і іншыя сувязі. Выкарыстанне паняцця і вытворных ад яго хутка пашыралася. Гэтым тэрмінам зараз называюць і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Напрыклад, статыстычныя даведнікі “Регионы Республики Беларусь” і “Регион Минск” комплексна раскрываюць развіццё абласцей і сталіцы4.
На сучасным этапе паняцці “край” і “рэгіён” выкарыстоўваюцца для абазначэння сферы бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, што вылучаецца па тэрытарыяльна-зместавай прымеце. Спробы бібліятэказнаўцаў і бібліяграфазнаўцаў дакладна размежаваць паняцці “край” і “рэгіён” мелі дыскусійны характар і не прывялі да прыняцця адзінай пазіцыі5. Некаторыя спецыялісты прапануюць выкарыстоўваць гэтыя тэрміны як сінонімы, напрыклад А.В.Прадзеіна. Яна падкрэслівае цёплую эмацыянальную афарбоўку паняцця “край” і шырокае распаўсюджанне паняцця “рэгіён”. У бліжэйшай перспектыве бібліятэчнага краязнаўства прагназуецца далейшае выкарыстанне абодвух тэрмінаў.
Дзейнасць краязнаўцаў накіравана на вывучэнне асобных тэрыторый у межах краіны. Краязнаўцы сцвярджаюць, што непаўторныя ў часе комплексы з’яў, іх істотныя рысы самі сабой утвараюць у свядомасці краязнаўца-даследчыка прасторавыя межы рэгіёну6. Лічыцца, што вельмі малая тэрыторыя – дом, вуліца, якія не адлюстроўваюць з неабходнай паўнатой пералічаных сукупнасцей і сувязяй, не могуць называцца краем, аднак з’яўляюцца аб’ектамі краязнаўчага вывучэння. На тэрыторыі краю аб’ектамі вывучэння з'яўляюцца розныя з’явы, працэсы, канкрэтныя людзі, помнікі, прадпрыемствы і інш. Таму ў краязнаўстве сфарміраваліся розныя прадметныя сферы вывучэння вызначанай мясцовасці: яе прыроды, эканомікі, дэмаграфіі, гісторыі, мовы, культуры, мастацтва. На іх аснове сфарміраваліся галіны краязнаўства. Галіновае краязнаўства паглыблена вывучае асобныя кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш.7 Сярод шматлікіх галін развіваецца і бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства. Развіваецца і комплекснае краязнаўства, якое разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі.
Краязнаўчае вывучэнне мясцовасці мае пэўную спецыфіку. У чым яна? Можна паставіць пытанне: ці патрэбна жыхару Вілейшчыны, які жадае апісаць яе лясы, вывучаць адрозненне сасны ад ёлкі, хвойных ад ліставых? Ці краязнаўцу, які вывучае фізічны тып насельніцтва Палесся, трэба ведаць функцыі шматлікіх органаў чалавека? Вядома, што не. Краязнавец зыходзіць з непаўторных і адметных рыс краю ў часе і прасторы, як бы індывідуальнасці краю, і імкнецца выявіць яго вобраз. Менавіта ў краязнаўчым вывучэнні і даследаваннях засяроджваюцца на тых прадметах, з’явах і працэсах, якія ўплываюць на дасягненне той непаўторнасці, таго вобліку і адметнасці, якую мае край. Такім чынам, існуе краязнаўчы падыход, які ўяўляецца абгрунтаваным пры вывучэнні краю як асобнай, непаўторнай у прасторы і часе адметнасці. Краязнаўчы падыход – гэта асноўны метад краязнаўства. У краязнаўстве таксама выкарыстоўваюцца метады вывучэння дакументальных крыніц, даследавання прадметаў матэрыяльнай культуры, палявыя даследаванні і назіранні, анкетаванне, картаграфаванне, бібліяграфічныя і іншыя метады.
Высокую каштоўнасць маюць комплексныя даследаванні рэгіёнаў і населеных пунктаў, якія рознабакова адлюстроўваюць мінулае і сучаснасць. У пэўныя гістарычныя перыяды вылучаюцца галоўныя тэмы, задачы, вакол якіх канцэнтруюцца даследаванні краю. Напрыклад, у савецкі час асабліва вывучаліся гісторыя рэвалюцыйнага і партызанскага руху, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, развіццё сацыялістычнай эканомікі, на сучасным этапе – даследаванні гістарычнага мінулага, традыцый, звычаяў, сямейна-радавой гісторыі.
Задачы краязнаўства спецыфічна праяўляюцца ў розных грамадскіх сферах. Краязнаўцам-даследчыкам неабходна арганізаваць збор матэрыялу для навуковых даследаванняў, правесці поўную яго апрацоўку і вывучэнне. Рэкамендуецца забяспечыць рэпрэзентацыйнасць матэрыялу, інакш вывучэнне можа быць прыблізным ці нават скажоным. Важна прасачыць тэрытарыяльнае распаўсюджанне аб’ектаў, з’яў. Гэта значыць, што недастаткова зафіксаваць у межах рэгіёну наяўнасць вывучаемага, але трэба адзначыць і іншыя пункты яго існавання; класіфікаваць аб’екты па групах.
Краязнаўства стымулюе развіццё многіх навук, узаемадзейнічае з імі. Краязнаўцы збіраюць і апрацоўваюць фактычны матэрыял, патрэбны для развіцця этнаграфіі, фалькларыстыкі, геаграфіі, мовазнаўства, генеалогіі, тапанімікі і іншых навук.
У папулярызацыі ведаў у сферы культуры галоўнымі задачамі краязнаўства з’яўляюцца выхаванне патрыятызму, інфармацыйна-рэгіянальнага стылю мыслення, сацыяльнай актыўнасці, рацыянальных паводзін у навакольнай прыроднай і сацыяльнай сферах, засваенне культурных здабыткаў рэгіянальнай супольнасці. Яго сацыяльная дамінанта – фарміраванне патрыятызму, любві да “малой” радзімы і краіны, каштоўных ідэйна-маральных арыенціраў асобы, накіраваных на разумнае выкарыстанне разнастайных мясцовых рэсурсаў, заклапочанай у захаванні, распаўсюджанні і перадачы назапашаных культурных каштоўнасцей. Краязнаўства з’яўляецца надзейным падмуркам грамадзянскага выхавання і засваення дзяржаўнай ідэалогіі.
У галіне адукацыі краязнаўства на працягу многіх дзесяцігоддзяў займае важнае месца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі ў Беларусі. Гэта з’ява мае месца і ў адукацыі замежных краін. Краязнаўчыя веды разглядаюцца як кампанент ведаў і фарміравання светапогляду сучаснага адукаванага чалавека і спецыяліста.
Краязнаўства садзейнічае сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю розных сфер і галін асобных мясцовасцей і населеных пунктаў, зберажэнню і рацыянальнаму выкарыстанню мясцовых прыродных рэсурсаў, экалагічнаму выхаванню.
Па формах арганізацыі краязнаўства падзяляецца на дзяржаўнае (навуковае), грамадскае і школьнае. У дзяржаўным краязнаўстве вывучэннем краю займаюцца ўстановы навукова-даследчага профілю: навукова-даследчыя інстытуты, музеі, бібліятэкі, ВНУ. У грамадскім краязнаўстве ўдзельнічаюць краязнаўцы-аматары і грамадскія арганізацыі. Школьнае краязнаўства развіваецца школамі і іншымі вучэбна-выхаваўчымі ўстановамі, якія арганізуюць вучэбную, пазашкольную і іншую дзейнасць вучняў па краязнаўстве. Адпаведна далейшай дыферэнцыяцыі сацыяльных інстытутаў грамадства, занятых краязнаўствам, магчыма вылучаць бібліятэчна-бібліяграфічнае, музейнае і іншыя формы краязнаўства.
Суб’ектамі краязнаўства з’яўляюцца асобы, якія прафесіянальна і як аматары займаюцца гэтай дзейнасцю: праводзяць краязнаўчыя даследаванні, папулярызуюць краязнаўчыя веды, выкладаюць краязнаўчыя дысцыпліны. Вывучэнне краю – абавязак спецыялістаў-краязнаўцаў. Гэта супрацоўнікі краязнаўчых музеяў, архіваў, экскурсаводы, бібліятэкары, выкладчыкі, вучоныя і інш. Вялікую колькасць складаюць і непрафесіянальныя краязнаўцы – людзі розных прафесій, узроўню адукацыі, узросту – ад школьнікаў да пенсіянераў. Прафесіянальных краязнаўцаў і аматараў вызначаюць такія інтэлектуальныя, псіхалагічныя і грамадзянскія рысы, як імкненне пастаянна паглыбляць веды аб краі, высокі інтэлектуальны ўзровень, начытанасць, развітая гістарычная свядомасць, адчуванне інфармацыйнай сувязі з папярэднімі пакаленнямі, з дадзенай тэрыторыяй, высокі ўзровень кантактнасці, ініцыятыўнасць, энергічнасць, здольнасць пераадольваць перашкоды, высокая самаацэнка, упэўненасць у сваіх сілах, пачуццё ўласнай годнасці.
У цэлым самаасэнсаванне гэтых людзей часцей за ўсё зыходзіць з дзейснага пачатку – з імкнення пераадолець недахопы мясцовага жыцця і актыўна ўдзельнічаць у развіцці краю.
У сваёй дзейнасці краязнаўцы выкарыстоўваюць вялікае кола крыніц. Да краязнаўчых крыніц адносяцца крыніцы ўсіх відаў, якія заключаюць інфармацыю, звесткі аб тым ці іншым краі. Крыніцы падзяляюцца на рэчавыя, пісьмовыя, аўдыёвізуальныя і машыначытальныя.
Рэчавыя крыніцы – гэта любыя аб'екты матэрыяльнай культуры: вынікі археалагічных раскопак (старажытныя прадметы, забудаванні або пахаванні, тое, што захавалася на зямной паверхні, пад зямлёй і пад вадой), этнаграфічных экспедыцый (вопратка, гаспадарчыя рэчы і інш.), прыродных даследаванняў (узоры мінералаў), розныя вырабы: прадукты вытворчасці (хлеб), прылады працы, бытавыя рэчы, упрыгожванні і інш.
Пісьмовыя – гэта рукапісныя, друкаваныя і машыначытальныя тэксты. Пісьмовыя крыніцы падзяляюцца на две асноўныя групы: актавага (дакументальнага) і літаратурнага (апавядальнага) характару. Да крыніц актавага характару адносяць заканадаўчыя матэрыялы, юрыдычныя дакументы, афіцыйную перапіску, статыстычныя даныя. Да крыніц літаратурнага характару – летапісы, хронікі, мемуары, запісы, дзённікі, прыватныя пісьмы і інш. Пісьмовыя крыніцы ствараюцца чалавекам, таму адлюстроўваюць рэчаіснасць і суб'ектыўны светапогляд чалавека (пісьменніка, вучонага, падарожніка). Пісьмовыя крыніцы – гэта прадукты гістарычнай рэчаіснасці пэўнага часу. Яны і частка той рэчаіснасці, і вобраз яе адначасова. Рэальнасць праз уяўленне чалавека своеасабліва і шматпланава адлюстроўваецца ў іх з такой паўнатой і разнастайнасцю, што стварае магчымасць больш познім даследчыкам пазнаваць гэту назаўсёды адышоўшую, непаўторную рэчаіснасць.
Друкаваныя крыніцы маюць разнастайны характар і падзяляюцца па відах (кнігі, брашуры, лістоўкі, газеты, часопісы, ноты і інш.).
Аўдыёвізуальныя крыніцы – гуказапісы ўдзельнікаў важных падзей у краі, знакамітых ураджэнцаў, творы выяўленчага мастацтва, кінафотафонадакументы, прысвечаныя краю.
Машыначытальныя крыніцы – інфармацыя на CD-ROM, DVD-ROM, у аддаленым доступе. Створаны шматлікія сайты адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, населеных пунктаў, прысвечаныя знакамітым людзям і іншыя, колькасць і інфармацыйная насычанасць якіх бесперапынна павялічваюцца.