Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

3.3 Арганізацыя абароны краіны. Прычыны няўдач Чырвонай Арміі летам-восенню 1941 г.

У першы дзень вайны да грамадзян СССР па радыё звярнуўся намеснік старшыні СНК В.Молатаў, які ад імя Савецкага ўраду прызваў «забяспечыць перамогу над ворагам» шляхам арганізацыі належнай абароны. Разам з разуменнем цяжкага стану на франтах і растучай перспектывай зацяжной вайны пачала фарміравацца сістэма мерапрыемстваў па пераводу ўсяго жыцця краіны на ваенныя рэйкі і ствараецца сістэма надзвычайных органаў кіравання.

25 чэрвеня 1941 г. была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР, якую ўзначаліў старшыня рэспубліканскага СНК І.С.Былінскі. У надзвычай цяжкіх умовах з тэрыторыі Беларусі было выратавана абсталяванне і кадры 124 буйных прамысловых прадпрыемтваў і каля 1,5 млн. жыхароў Беларусі, больш за паўмільярда руб. грашовага фонду, 60% трактароў, 18% камбайнаў, 53% буйной рагатай жывёлы і інш. Раёнамі размяшчэння беларускай прамысловасці сталі Паволжа, Урал, сярэдняя паласа РСФСР, Заходняя Сібір.

29 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прымаюць дырэктыву аб прынцыпах перабудовы ўсяго жыцця краіны на ваенны лад, уся дзейнасць у тыле падпарадкоўваецца выключна інтарэсам фронту. Значна пашыралася кантрольная функцыя партыі. 30 чэрвеня 1941 г. ствараецца Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале з Старшынёй СНК СССР І.В. Сталіным. ДКА цэнтралізаваў дзяржаўнае і ваеннае кіраўніцтва. Грамадзяне краіны, партыйныя, савецкія, камсамольскія і ваенныя органы абавязаны безагаворачна выконваць рашэнні і распараджэнні ДКА. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі на ваенны лад, ажыццяўляў мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краіны, ажыццяўляў падрыхтоўку рэзерваў і кадраў для Узброеных Сіл і прамысловасці, арганізоўваў эвакуацыю, перавод прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі ў заходніх абласцях краіны. 4 верасня 1945 г. яго дзейнасць ДКА была прыпынена.

Асаблівую вастрыню набываюць пытанні забеспячэння насельніцтва харчаваннем. З 18 ліпеня па канец 1942 г. уводзіцца картачная сістэма. Яна распаўсюджваецца толькі на 4 катэгорыі грамадзян: рабочых, служачых, іждзевенцаў і дзяцей да 12 гадоў. Нормы былі вельмі невялікія – ад 800 грамаў хлеба ў дзень для рабочага да 400 – для дзяцей. З агульнай колькасці насельніцтва СССР у 200 млн. чалавек цэнтралізавана забяспечвалася ў 1941 г. толькі каля 56 млн. Сяляне павінны былі разлічваць толькі на свае прысядзібныя ўчасткі.

У сферы ваенных мерапрыемстваў з 22 чэрвеня, у адпаведнасці з Указам Прэзідыўма ВС СССР, праводзіцца масавая мабілізацыя ваеннаабавязаных. У абставінах вялікага пытрыятычнага ўздыму шмат падавалася заяў аб добраахвотным уступленні ў рады арміі. На працягу аднаго тыдня было мабілізавана звыш 5 млн. чалавек, з тэрыторыі БССР – каля 500 тыс.чалавек.

Для непасрэднага кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі на франтах 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага Камандавання, якая 10 ліпеня была пераўтворана ў Стаўку Вярхоўнага Камандавання пад старшынствам І.Сталіна, які прызначаецца наркомам абароны і Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі СССР. Для ўзмацнення ідэалагічнай работы ў Чырвонай Арміі з 16 ліпеня 1941 г. аднаўляецца інстытут ваенных камісараў – «прадстаўнікоў партыі і ўрада ў войску», а ў ротах і батальёнах уводзіліся пасады палітрукоў.

Прымаюцца надзвычайныя меры па пераадоленню панічных настрояў у арміі. У жніўні Стаўка аддае загад №270, па якому тых, хто здаецца ў палон, трэба лічыць дэзерцірамі і здраднікамі Айчыны, іх сем’і падлягаюць арышту. Ліквідацыя дэзерціраў у прыфрантавой паласе ўскладвалася на асобыя аддзелы НКУС, створаныя ў ліпені 1941 г. У верасні 1941 г. пры кожнай стралковай дывізіі ствараліся заградзіцельныя атрады, якія павінны былі выкарыстоўваць зброю супраць панікёраў.

Да 15 ліпеня 1941 г. у БССР было створана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чалавек) і 300 груп самаабароны (27 тыс. чалавек). На знішчальныя батальёны, акрамя ваенных задач – ліквідацыі дыверсантаў і паветранага дэсанту, ускладвалася задача ратавання матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў ці знішчэння прамысловасці і матэрыяльных рэсурсаў, якія не падлягалі эвакуацыі. Найбольшы размах гэтая дзейнасць атрымала на ўсходзе БССР, куды войскі вермахта прыйшлі як у пустыню.

Толькі на 12-ы дзень пасля пачатку вайны, 3 ліпеня, калі вызначыліся маштабы страт і сталі відавочнымі паражэнні Чырвонай Арміі ў памежных раёнах, савецкі народ пачуў па радыё незвычайнае і па форме і па зместу выступленне старшыні ДКА І.Сталіна. У ім Сталін растлумачыў прычыны адступлення арміі, апраўдаў перадваенны саюз з Германіяй, даў ацэнку вайне – як вайне татальнай, якая вядзецца на знішчэнне. З гэтай нагоды вайна была названая «Айчыннай».

Прычыны таго, што вайна пачалася для Савецкага Саюза з грандыёзных паражэнняў на франтах, самыя розныя. Яны датычацца як палітычных, так і ваенна-тэхнічных і тактычных бакоў.

Данясенні савецкіх разведчыкаў, а так сама інфармацыя, якая паступала ад англійскага кіраўніцтва і па дыпламатычным каналам, дзе ўказваліся дні і нават гадзіны пачатку вайны, эфектыўна нейтралізавалася нямецкай дэзінфармацыяй.

Планы вядзення вайны, распрацаваныя ў савецкім Генштабе перад вайной не адпавядалі сітуацыі, якая складвалася на франтах. Замест выкарыстання падзвіжнай абароны, якая прадугледжвала адыход пад націскам ворага ад аднаго падрыхтаванага рубяжа да другога, пры гэтым затрымліваючы яго пранікненне, выкарыстоўвалася тактыка контрудараў, у якіх гінулі дзесяткі тысяч салдат і яшчэ больш пападалі ў акружэнні, пры нязначных аператыўных выніках.

Германія своечасова перавяла сваю эканоміку на ваенны лад, ажыццявіла мілітарызацыю ўсёй краіны, далучыла да свайго патэнцыялу эканоміку Заходняй Еўропы. Вермахт меў дэталёва распрацаваны план «Барбароса» і двухгадовы вопыт вядзення буйнамаштабных баявых аперацый, загадзя правёў мабілізацыю і канцэнтрацыю высокамабільных ўдарных груповак на заходніх савецкіх граніцах. Якасная перавага нямецкіх узброеных сіл была відавочнай.

Баяздольнасць Чырвонай Арміі была нізкай з прычын раскіданасці частак на вялікай тэрыторыі, незавершанасці будаўніцтва абарончых аб’ектаў на новай мяжы, недахопу падрыхтаваных камандных кадраў, незавершанасці ваеннай рэформы. Тым не менш, савецкае кіраўніцтва лічыла, што колькаснай перавагі над ворагам дастаткова, каб яго разграміць.

На баяздольнасці Чырвонай Арміі вельмі адмоўна сказаліся масавыя рэпрэсіі супраць ваенных кадраў. Асабліва гэтае датычылася вышэйшага каманднага саставу. Масавыя рэпрэсіі паралізавалі ініцыятыўнасць тых камандзіраў, якім пакінулі жыццё. Сляпое выкананне дырэктыў Стаўкі і Генштаба не адпавядала хуткім зменам абставін на франтах і вяло да вялізарных страт і паражэнняў.

У адпаведнасці з савецкай ваеннай дактрынай агрэсар павінен быць абяскроўлены і затрыманы на граніцы ў выніку кароткатэрміновых, непрацяглых прыгранічных баёў. Затым вайна пераносіцца на тэрыторыю агрэсара. Чырвоная Армія толькі наступае, робіць гэта паспяхова, знішчае ворага ў яго логаве і дабіваецца перамогі. Вайна вядзецца на чужой тэрыторыі і малой крывёю. У сувязі з гэтым Чырвоная Армія рыхтавалася да вядзення вайны ва ўмовах наступлення і не ўмела весці вайну ў абароне. У савецкага камандавання адсутнічаў надзейны план стратэгічнай абароны, а ў пачатку вайны прышлося менавіта абараняцца. На жаль, камандзіры і салдаты не ўмелі рабіць гэта прафесійна.

Да прычын паражэнняў можна дадаць яшчэ дзесяткі фактараў. Гэта і недастатковая ўвага да выкарыстання авіяцыі пры правядзенні вайсковых аперацый, забарона адступаць нават пад пагрозай акружэння і шмат чаго яшчэ. Але галоўнае, трагедыя паражэнняў праявілася не ў першыя дні памежных баёў, а пад час контрбаёў 23-30 чэрвеня. Яны паказалі, што нашы войскі на ўсіх узроўнях – ад Стаўкі да малодшых камандзіраў не былі падрыхтаваныя ў сваёй масе не толькі да першых, нечаканых баёў, а да вайны наогул.

Асноўныя прычыны няўдач:

1. нашы войскі на ўсіх узроўнях - ад Стаўкі Галоўнага Камандавання да камсастава тактычнага звяна не былі падрыхтаваны да вядзення сучаснай вайны з масавым выкарыстаннем артылерыі, танкаў, авіяцыі;

2. памылковасцю савецкай ваеннай дактрыны, недахопамі і пралікамі ў стратэгічнай і тактычнай падрыхтоўцы савецкіх войск;

3. недахопам кадравага, прафесійнага каманднага складу і прафесійных штабоў, ад Стаўкі, наркамата абароны і генштаба да камандзіраў палкоў, батальёнаў і начальнікаў штабоў палкоў, адсутнасць у іх неабходных ваенных ведаў і баявога вопыту;

4. вострым недахопам падрыхтаваных прафесійных малодшых камандзіраў (сяржантаў і старшынь) і малодшых афіцэрскіх кадраў - ад малодшага лейтэнанта да капітана ўключна;

5. негатыўную ролю адыгралі пралікі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай сітуацыі і ў вызначэнні магчымых тэрмінаў нападзення Германіі на СССР;

6. велізарныя страты ў жывой сіле узбраеннях, і тэхніцы, панесеныя ўжо ў першыя тыдні і месяцы вайны;

7. тон савецкага друку, а таксама паведамленне ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г. аб’ектыўна прытуплялі ў савецкага народа пачуццё пільнасці і не садзейнічалі яго мабілізацыйнай гатоўнасці напярэдадні і ў пачатку вайны. Нападзенне фашысцкай Германіі аказалася нечаканым для савецкага народа і яго Узброеных Сіл.