Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

6.2 Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён»

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай Арміі, якая ўтрымлівала стратэгічную ініцыятыву. Лінія фронту ў Беларусі ўяўляла сабою выступ або дугу, які атрымаў назву “Беларускі балкон”. Утрыманню гэтага выступу гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне, бо ён прыкрываў галоўныя напрамкі – ўсходнепрускі і варшаўска-берлінскі. Тут была створана глыбокаэшаланіраваная сістэма абароны, глыбінёй да 270 км пад назвай «Фатэрлянд» ( “Айчына”).

Беларуская наступальная аперацыя («Баграціён»), якая праводзілася з 23 чэрвеня па 29 жніўня супраць групы армій «Цэнтр», адна з буйнейшых у гэтай вайне. У ёй удзельнічалі арміі чатырох франтоў: 1-га Беларускага (камандуючы К.Ракасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы Г.Захараў), 3-га Беларускага (камандуючы І.Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы І.Баграмян), сілы Дняпроўскай ваеннай флатыліі, 1-я армія Войска Польскага і французскі авіяцыйны полк Нармандыя - Нёман. Шырыня фронту баявых дзеянняў дасягала 1 100 км, глыбіня руху войск - 560 - 600 км. У аперацыі «Баграціён» удзельнічалі 168 дывізій, 12 карпусоў і 20 брыгад. Агульная колькасць войскаў да пачатку аперацыі складала 2,3 млн чал.

Аперацыя пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 г. Пасля артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках перайшлі ў наступленне войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2- і 3-га Беларускіх франтоў. На другі дзень на варожыя пазіцыі абрушылі ўдар войскі 1-га Беларускага фронту. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання маршалы Савецкага Саюза Г.Жукаў і А. Васілеўскі.

Моцныя ўдары па камунікацыях і лініях сувязі акупантаў нанеслі беларускія партызаны. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. пачаўся трэці этап «рэйкавай вайны». Партызаны Беларусі ўзарвалі больш за 40 тыс. рэйкаў.

У адпаведнасці з планам асаблівае значэнне надавалася разгрому найбольш моцных флангавых нямецкіх вайсковых груповак. 23 чэрвеня 1944 г. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону «Усходняга валу» на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёва-заходняга напрамку. Ноччу 25 чэрвеня часці 43-й і 39-й армій злучыліся ў Бешанковіцкім раёне, акружыўшы ў «кацёл» 5 дывізій 3-й нямецкай танкавай арміі. 26 чэрвеня Віцебск быў вызвалены, а да 27 чэрвеня 1944 г. «кацёл» быў ліквідаваны, каля 20 тыс. салдат і афіцэраў былі забіты, больш за 10 тыс. паланёны. Аперацыя па акружэнню варожай групоўкі пад Віцебскам была праведзена агульнавайсковымі арміямі пры падтрымцы авіяцыі і без удзелу буйных танкавых злучэнняў – гэта яе асаблівасць.

Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Пры гэтым шырока выкарыстоўвалася авіяцыя фронту. Да 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. чалавек была ліквідавана.

Працягваючы паспяхова распачатае наступленне войскі 3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д.Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. Услед за ім у Мінск літаральна ўварваліся асноўныя сілы 4-й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса, якім камандаваў генерал-маёр А.Бурдзейны. Услед за танкістамі рушылі ў бой за вызваленне Мінска часці 11-й і 31-й агульнавайсковых армій. Гераічна змагаліся на вуліцах Мінска воіны перадавых батальёнаў 220-й і 352-й стралковых дывізій. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка ўстанавіў дзяржаўны сцяг над Домам Урада. Да канца 3 ліпеня 1944 г. у Мінску не было ўжо ўзброеных нямецкіх салдат.

На ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая да 11 ліпеня 1944 г. перастала існаваць.

З вызваленнем Мінска скончыўся першы этап аперацыі «Баграціён». Галоўныя сілы групы армій «Цэнтр» былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з’явіўся разрыў шырынёй звыш 400 кіламетраў. Спробы тэрмінова ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню.

Пасля вызвалення Мінска пачаўся другі этап аперацыі (5 ліпеня – 29 жніўня 1944 г.), падчас якога Чырвоная Армія завяршыла знішчэнне акружанага каля Мінска праціўніка. Як развіццё плана «Баграціён», былі ажыццёўлены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая і Шаўляйская наступальныя аперацыі. 28 ліпеня быў вызвалены г. Брэст, і было завершана вызваленне Беларусі.

Пад час рэалізацыі другога этапу Беларускай аперацыі была поўнасцю разгромлена групоўка армій «Цэнтр», нанесена рашаючае паражэнне групоўкам «Поўнач» і «Паўночная Украіна» і рэзервным войскам, што былі перакінуты ў Беларусь з Германіі, Нарвегіі, Італіі, Галандыі. Да канца жніўня Чырвоная Армія дасягнула прыгарада Варшавы – Прагі.

У ходзе Беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. салдат і афіцэраў. Урон з савецкага боку быў таксама істотным. Чырвоная Армія страціла 765815 салдат і афіцэраў (з якіх 178507 чалавек забітымі).

У выніку аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літвы і Латвіі, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць з Заходняга фронту ў Еўропе на беларускі тэатр ваенных дзеянняў 46 дывізій і 4 брыгады, што значна паспрыяла паспяховаму правядзенню наступлення англа-амерыканскіх войскаў у Францыі.

На працягу ўсёй Беларускай наступальнай аперацыі салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі паказвалі ўзоры масавага гераізму. Кожны дзень у баях за Беларусь савецкія воіны здзяйснялі сотні гераічных учынкаў. У баях за Беларусь вызначылася больш за 402 тыс. воінаў Савецкай Арміі, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш як 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя таго ў час Беларускай аперацыі вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя імёны «Віцебскіх», «Барысаўскіх», «Магілёўскіх» і інш. Такім чынам, у выніку аперацыі «Баграціён» стратэгічнае становішча на Усходнім фронце карэнным чынам змянілася на карысць Чырвонай Арміі. Савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы, непасрэдна наблізіліся да дзяржаўнай мяжы з Германіяй. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі ўступіла ў сваю канчатковую стадыю.

Па ацэнцы аперацыі «Баграціён» з боку нямецкага камандавання, яна лічылася яшчэ большай катастрофай для вермахта, чым паражэнне пад Сталінградам. Беларуская наступальная аперацыя па свайму размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з’яўляецца адной з буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны. І гэтая бітва была цалкам прайграна нямецкімі генераламі.