Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

2.5 Уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі .

Важнай падзеяй у гісторыі Беларусі 30-х гг. ХХ ст. з’явілася ўз’яднанне яе зямель, якія былі адарваны па Рыжскаму дагавору ад 18 сакавіка 1921 г. і адышлі да Польшчы. Як было адзначаны, 17 верасня 1939 г. па распараджэнню сталінскага ўрада часці Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу і пачалі захоп Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У першы дзень паходу былі захоплены Баранавічы, 18 верасня – Навагрудак, Ліда, Слонім, 19 верасня – Вільня, Пружаны, 20 верасня – Гродна, 21 верасня – Пінск, 22 верасня – Беласток і Брэст. Да 25 верасня савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь і спыніліся на лініі Гродна – Брэст і далей на поўдзень. 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войскаў, пасля чаго германскія часці былі адведзены за Буг.

Як ужо адзначалася, 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй быў падпісаны дагавор “Аб сяброўстве і граніцах”, паводле якога ўстанаўлівалася новая заходняя мяжа савецкай дзяржавы па так званай “лініі Керзана”, якая была вызначана краінамі Антанты ў якасці ўсходняй мяжы Польшчы ў 1919 г. Гэта лінія амаль супадала з этнічнай мяжой паміж палякамі, беларусамі і ўкраінцамі.

Большасць насельніцтва Заходнебеларускага краю сустракала Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. У некаторых месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія бралі на сябе ўладныя функцыі, раззбройвалі мясцовую паліцыю, асаднікаў. Сярод польскага насельніцтва адчувалася варожасць.

З прыходам савецкіх войскаў ў заходнебеларускіх землях пачалося ўсталяванне рэвалюцыйных парадкаў. У гарадах і паветах ствараліся часовыя ўправы, сялянскія камітэты. Гэтыя органы фарміраваліся на шырокай аснове. У іх складзе былі прадстаўнікі рабочых, сялянства, інтэлігенцыі і Чырвонай Арміі. У стварэнні часовых органаў кіравання прынялі ўдзел былыя члены КПЗБ. Часовыя ўправы бралі на ўлік прамысловыя прадпрыемствы, пакінутыя ўладальнікамі, арганізоўвалі вытворчасць. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую зямлю сярод беззямельных і малазямельных вяскоўцаў.

Важнай падзеяй падчас фарміравання новай улады ў Заходняй Беларусі былі выбары ў Народны сход – паўнамоцны прадстаўнічы орган. Часовыя ўправы і сялянскія камітэты разгарнулі работу па выбарах у орган, які павінен быў у заканадаўчым парадку канчаткова вызначыць пытанне аб уладзе. Аднак лёс Заходнебеларускага краю фактычна вырашаўся ў Маскве. Выбары ў Народны сход адбыліся згодна з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 1 кастрычніка 1939 г. “Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”, у якой вызначаліся мэты, час, працэдура арганізацыі і правядзення выбараў, а таксама пытанні, якія павінны быць вырашаны дэпутатамі сходу.

Выбарчае права атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўнілася 18 гадоў, незалежна ад сацыяльнага паходжання, маёмаснага стану, нацыянальнай прыналежнасці і папярэдняй палітычнай дзейнасці. Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. На ім прысутнічала 926 дэпутатаў, сярод якіх былі актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі: П. Дзмітрук, В. Каляда, М. Машара, П. Пястрак, С. Прытыцкі, У. Царук і інш. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, народныя паэты Я. Купала, Я. Колас.

Народны сход аднагалосна прыняў 29 кастрычніка дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Аднагалосна была прынята і дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, у якой змяшчаўся зварот да Вярхоўнага Савета СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, аб’яднанні беларускага народа ў адзіную дзяржаву з мэтай «пакласці канец раз’яднанню беларускага народа». 30 кастрычніка былі прыняты дэкларацыі аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. 17 верасня Народны сход абвясціў Днём усенароднага свята.

2 лістапада нечарговая V сесія ВС СССР першага склікання задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыла Заходнюю Беларусь у склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР. На нечарговай III сесіі ВС БССР 14 лістапада прымаецца закона, у якім было запісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Плошча БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс. кв. км, насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. У складзе БССР было ўтворана 10 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віцебская, Вілейская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская, Пінская і 188 раёнаў.

1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Віленскі край Савецкі ўрад аддзяліў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літве. Гэта 6656 кв. км. з 457 тыс. чалавек, з якіх літоўцаў было толькі 100 тыс. Пагадненне аб яе перадачы было падпісана яшчэ 10 кастрычніка 1939 г., але яно не публікавалася, аж на пакуль выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і беластоцкая сесія не адышлі ў гісторыю. Волі насельніцтва ніхто не пытаў і нацыянальнага складу яго не ўлічваў.

У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі быў уведзены новы адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел: вобласці, раёны, сельсаветы. Створаны 5 абласцей – Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і 101 раён. 24 сакавіка 1940 г. тут адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. У галасаванні ўдзельнічала 99,3% выбаршчыкаў. За кандыдатаў «блока камуністаў і беспартыйных» прагаласавала 98,1% выбаршчыкаў. У органах кіравання – як савецкіх, так і партыйных – пераважалі спецыялісты, прысланыя з Усходняй Беларусі і Савецкай Расіі.

У эканоміцы адбываліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе-снежні 1939 г. пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў і банкаў. Адначасова пашыраліся існаваўшыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. У канцы 1940 г. тут дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх былі заняты каля 40 тыс. рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 г. і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. У другой палове 1940 г. пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. Гэтыя мерапрыемствы хутка пашыралі колькасць пралетарыяту – сацыяльнай апоры савецкай улады. Лічылася, што сялянства ў Заходняй Беларусі знаходзіцца пад моцным уплывам дробнабуржуазнай ідэалогіі маёмаснікаў і з гэтай нагоды не можа выконваць ролю апоры савецкага строю на новых тэрыторыях.

У сельскай вытворчасці ствараліся калектыўныя гаспадаркі, але ўлады не пайшлі па шляху масавай прымусовай калектывізацыі. Гэта абавязкова б вызвала ўсеагульнае сялянскае выступленне, якое паставіла б пад сумленне правамоцнасць дабравольнага далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Тым не менш, да чэрвеня 1941 г. мелася 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс., ці каля 7% сялянскіх гаспадарак. Іх абслугоўвалі 101 МТС з 997 трактарамі і сельскагаспадарчымі машынамі. На землях лепшых маёнткаў было арганізавана 28 саўгасаў. Пераход да калектывізацыі выклікаў супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных, але выпадкі падпалу калгасных будынкаў, тэрарыстычных актаў былі адзінкавымі. Нацыяналізацыя прамысловасці, пераадоленне беспрацоўя, павышэнне заработнай платы, пераразмеркаванне зямлі забяспечылі пэўны рост жыццёвага ўзроўню рабочых і сялян.

Пасля 20-ці год моцнай паланізатарскай палітыкі насельніцтва атрымала магчымасці развіваць і карыстацца дасягненнямі сваёй, беларускай культуры. Сістэма адукацыі была пераведзена на родную мову. З 5643 школ (ахоплівалі 774,5 тыс. дзяцей) 4278 былі беларускамоўнымі, а ў 1365 дзеці вучыліся на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. Былі адкрыты 4 ВНУ і 25 педвучылішчаў, медвучылішчаў, тэхнікумаў. На беларускай, польскай мовах сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 драмтэатраў і 100 кінатэатраў, 220 бібліятэк з фондам 446 тыс. кніг. Улічваліся і нацыянальныя асаблівасці заходняга рэгіёну. У 1940 г. у Беластоку былі адчынены польскі і яўрэйскі драматычныя тэатры. У красавіку 1941 г. у Гродне адкрыўся музей польскай літаратуры імя Э.Ажэшкі, працавалі рэдакцыі польскага радыёвяшчання.

Напружанасць у грамадстве выклікалі арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях рэспублікі. 5 снежня 1939 г. кіраўнік НКУС СССР Л.Берыя загадаў высяляць з заходніх абласцей Беларусі работнікаў лясной аховы і ваенных асаднікаў. З лютага 1940 г. па 20 чэрвеня 1941 г. было рэпрэсіравана больш як 125 тыс. чалавек. Сярод дэпартыраваных ва ўсходнія і паўночныя раёны Савецкага Саюза былі асаднікі, работнікі лясной аховы, члены іх сямей, арыштаваныя раней паліцэйскія, жандары, фабрыканты, памешчыкі, асобы, якія не жадалі прымаць савецкае грамадзянства і інш.

Вынікі: Сацыяльна-палітычныя працэсы ў заходніх рэгіёнах СССР у перадваенныя гады цяжка назваць адназначнымі. Разам з тым, дзякуючы намаганням кіруючых колаў СССР у 1939-1940 гг. адбылося значнае ўзмацненне краіны. Больш чым на 20 млн. чалавек павялічылася колькасць насельніцтва Савецкага Саюза, на 400 тыс. кв. км. пашырылася яго тэрыторыя. У складзе Савецкага Саюза заходнія вобласці Украіны і Беларусі ўключыліся ў агульнасаюзны працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўным зместам пераўтварэнняў, праведзеных тут у канцы 1939 – першай палове 1940 г., быў падзел памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, пачатак калектывізацыі сельскай гаспадаркі, шырокае культурнае будаўніцтва. Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія рэгіёны пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.