Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

1.2 Перыядызацыя Другой сусветнай вайны.

Другая сусветная вайна цягнулася амаль шэсць год з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, у якіх пражывала больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на большасці марскіх і акіянскіх прастораў. У гістарыяграфіі Другая сусветная вайна падзяляецца на пяць асноўных перыядаў:

1. Першы перыяд (1 верасня 1939 – 21 чэрвеня 1941 гг.) характарызуюцца актыўнай дзейнасцю Германіі ў Еўропе. Пад час яго германскія войскі пры дапамозе саюзнікаў захапілі амаль усю Еўропу. У азіяцкім рэгіёне Японія праводзіла агрэсіўную захопніцкую палітыку ў Кітаі пры неўмяшальніцтве вядучых краін рэгіёну – Вялікабрытаніі і ЗША;

2. Другі перыяд (22 чэрвеня 1941 – 18 лістапада 1942 гг.) характарызуецца пачаткам ваеннага супрацьстаяння Германіі і СССР, пад час якога планы «маланкавай вайны» правальваюцца. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайны савецкага народа. Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў вайны – да яе далучаюцца ЗША, якія зведалі агрэсіўны напад Японіі. Фарміруецца моцная антыгітлераўская кааліцыя;

3. Трэці перыяд (19 лістапада 1942 – 31 снежня 1943 гг.) – гэта карэнны пералом у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне. У выніку перамог СССР на ўсходнім фронце, ЗША ў Ціхім акіяне, Англіі і ЗША ў Афрыцы – адбываецца пераход стратэгічнай ініцыятывы да саюзнікаў;

4. Пад час чацвёртага перыяду (1 студзеня 1944 – 9 мая 1945 гг.) адбываецца поўны разгром германа-італьянскага блока, быў адчынены другі фронт (заходні) у Еўропе, капітулявала Германія. У гэты перыяд скончылася Вялікай Перамогай Вялікая Айчынная вайна. Адначасова пачынае складвацца сістэма пасляваенных адносін паміж дзяржавамі свету;

5. У завяршальны пяты перыяд (9 мая – 2 верасня 1945 г.) адбываецца разгром імперыялістычнай Японіі, народы Азіі вызваляюцца ад японскіх акупантаў. Але адначасова, ўпершыню ў гісторыі, без усялякіх падставаў, супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваецца ядзерная зброя. Гэта здзейсніла ЗША – адна з краін-пераможцаў. Такім антычалавечным фактам была завершана Другая сусветная вайна.

ТЭМА 2. МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

2.1 Міжнародная дзейнасць Германіі ў 30-х гг. XX ст.

У сярэдзіне – другой палове 30-х гг. ХХ ст. характарызаваўся незвычайна кантраснай сітуацыяй у шэрагу дзяржаў, у тым ліку ў тых, якія задавалі тон на міжнародным эканамічным рынку. Асэнсаваць падзеі міжнародных адносін можна толькі праз прызму галоўных агрэсіўных ідэалогій, панаваўшых ў гэты час. Гэта італьянскі фашызм, германскі нацызм і японскі мілітарызм. Рамантычны бальшавізм пачатку 1920-х гг. ужо саступае свае пазіцыі, але яго догмат «сусветнай рэвалюцыі» не дазваляе Маскве наладзіць нармальныя адносіны з еўрапейскімі дэмакратыямі і выкарыстоўваецца замежнай дыпламатыяй ў антысавецкай дзейнасці.

Асноўныя палажэнні фашызму, нацызму і японскага мілітарызму прыкладна аднолькавыя, толькі ў розных краінах рабіўся ўціск на іх розныя складаючыя. Гэта аднапартыйнасць палітычнай сістэмы; перавага дзяржавы над асобай; непрыкрыты нацыяналізм – які аб’яўляў аб гістарычнай «абранасці» нямецкай, японскай і італьянскай нацый; гэтым нацыям патрабавалася большая «жыццёвая прастора», метадам яе заваявання з’яўлялася вайна; вайна аб’яўлялася вышэйшым дасягненнем чалавецтва; з гэтай нагоды яшчэ адна прыкмета ідэалогій – мілітарызм, які прывёў да панавання ВПК у эканоміцы і палітыцы; аб’ядноўваў іх яшчэ ваяўнічы антыкамунізм. Нацысты і японскія мілітарысты больш увагі ўдзялялі нацыянальнаму пытанню, вынішчэнню «шкодных» нацый, пашырэнню «жыццёвай прасторы» для сваіх нацый за кошт суседніх народаў. Германскі нацызм вырашаў тэрытарыяльнае пытанне праз ваенны націск на Усход – Drang nach Osten – значыцца на СССР. Італьянскі фашызм больш імкнуўся да аднаўлення былой Рымскай імперыі – палітычнага панавання ў сваім рэгіёне.

У еўрапейскай дыпламатычнай дзейнасці выдзяляецца некалькі этапаў 1920-1930-х гг., і галоўным прынцыпам іх вылучэння выступала актыўнасць германскага боку. Менавіта гэтая краіна вяла найбольш актыўную знешнюю палітыку для пераадолення наступстваў Версальскага мірнага дагавору па выніках першай сусветнай вайны, згодна з якім Германія апынулася ў прыніжаным стане.

Прыход да ўлады нацыстаў стаў паваротным момантам не толькі ў палітычным жыцці Германіі, але і еўрапейскіх краін. Ужо ў 1933 г. А.Гітлер паставіў мэтай дабівацца скасавання версальскіх абмежаванняў і вяртання Германіі калоній, страчаных пасля першай сусветнай вайны. Адначасова Германія адмаўлялася ўдзельнічаць у стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі. Гэтыя памкненні нацыстаў вызвалі падтрымку насельніцтва Германіі – партыя прыйшла да ўлады праз парламенцкія выбары. Ідэі рэваншу за «версальскую ганьбу», тэорыя расавай выключнасці «арыйцаў», пашырэння для іх жыццёвай прасторы, вынішчэння «шкодных народаў» (асабліва – багатага ў Германіі яўрэйскага) аказаліся папулярнымі ў дробных уласнікаў, беспрацоўных, а таксама ў часткі інтэлігенцыі, працоўных і моладзі.

Галоўным напрамкам дзейнасці нацысцкага кіраўніцтва на міжнароднай арэне стала патрабаванне адмены абмежаванняў на ўзбраенне Германіі, якія прадугледжваліся Версальскім дагаворам. Вялікабрытанія і Францыя згадзіліся на ўступкі ў абмен на гарантыі бяспекі. Распачынаецца перыяд палітыкі «замірэння» Германіі – якая ўключала і станоўчае для Германіі вырашэнне пытання аб лёсе нямецкай меншасці на тэрыторыі іншых краін. Кіраўніцтва Англіі і Францыі не здолелі разглядзець небяспекі фанатызму Гітлера і ідэалогіі нацызму. Лічылася, што «замірэнне» прывядзе да падзення рэжыму Гітлера, а калі вырашыць супярэчнасці паміж Англіяй, Францыяй і Германіяй, армію апошняй можна накіраваць на разгром камуністычнага Савецкага Саюза.

Так, 15 ліпеня 1933 г. прадстаўнікі чатырох дзяржаў (далучылася Італія) падпісалі ў Рыме «Пакт чатырох» – аб супрацоўніцтве. Пакт хутка разваліўся, бо ў кастрычніку 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый і пакінула Жэнеўскую канферэнцыю па раззбраенню. У пачатку 1934 г. паміж Германіяй і Польшчай падпісваецца пакт аб ненападзенні, а ў ліпені Берлін актыўна падтрымаў узброены путч аўстрыйскіх нацыстаў у Вене, які праваліўся дзякуючы ваеннаму націску Італіі. У гэты час Рым знаходзіць паразуменне з Парыжам у справах супрацьстаяння Германіі, якая ўсё болей ігнаруе Версальскія дамоўленасці.

13 студзеня 1935 г. пасля 15 год кіравання Саарскай вобласцю праз мандат Лігі Нацый, на плебісцыце 90,9% яго ўдзельнікаў выказаліся за ўз’яднанне з Германіяй, і з 1 сакавіка 1935 г. багацейшы вугальны рэгіён Саар увайшоў у склад Рэйху. Гэта значна ўзмацніла эканамічную моц краіны. У 1935 г. Гітлер аднавіў ўсеагульную вайсковую павіннасць, пачаўся адкрыты выпуск цяжкага ўзбраення. Германія прыступіла да стварэння сучаснай арміі, авіяцыі і флоту.

21 мая 1935 г. рэйхсвер быў перайменаваны ў вермахт, Гітлер стаў вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. 11 красавіка 1935 года ў Стрэзэ па ініцыятыве Францыі і Італіі пачалася міжнародная канферэнцыя па германскаму пытанню. Удзельнікі канферэнцыі рэзка асудзілі аднабаковыя парушэнні Версальскай дамовы з боку Германіі. Практычнага характару рэзалюцыі не мелі, але яны паказалі аб адыходзе Францыі ад чэмберленаўскай палітыкі «замірэння» і складванні антыгерманскага італа-французскага саюзу. Але Захад не здолеў супрацьстаяць аднабаковаму выхаду Германіі з Версальскай сістэмы.

У гэты час Англія, занепакоеная збліжэннем Францыі і Італіі, у якасці супрацьвесу гэтаму саюзу выкарыстала Германію. Ужо некалькі стагоддзяў гэтая краіна выкарыстоўвала палітыку «балансу сіл» на кантыненце, і, па меркаванню лонданскіх палітыкаў, гэта дазваляла Англіі верхаводзіць у еўрапейскіх справах. Але XX стагоддзе прынесла новыя рэаліі ў знешнюю палітыку Еўропы, і англійская дыпламатыя своечасова іх не зразумела. У чэрвені 1935 г. было заключана сенсацыйнае англа-германскае марское пагадненне, якое ўводзіла суадносіны паміж флатамі краін 100:35 пры роўным па моцы падводным флоце. Разам з флотам аднаўляліся і сухапутныя войскі.

Ужо да канца 1935 г. Германія сфарміравала 31 баяздольную дывізію. У кароткі тэрмін і за амерыканскія інвестыцыі было пабудавана 300 новых ваенных заводаў, рэканструявана і мадэрнізавана авіяцыйная прамысловасць. Да сярэдзіны 30-х гадоў ХХ ст. у германскую прамысловасць было ўкладзена 27 млрд. марак, 70% належалі амерыканскім фірмам. У 1938 г. Германія мела 30 самалётабудаўнічых, 15 авіяматорных і 110 дапаможных авіязаводаў. Калі да 1932 г. у Германіі не было ніводнага ваеннага самалёта, то ўжо ў 1934 г. іх было пабудована 840, у 1936 г. – 2530, у 1938 г. – 3350, а ў 1939 г. ужо мелася 4733 самалёты навейшых мадыфікацый. Ваенная вытворчасць Германіі з 1934 г. па 1940 г. вырасла ў 22 разы.

На гэтую моц абапіралася кіраўніцтва Германіі пры прыняцці важных міжнародных рашэнняў. Напрыканцы 1935 г. адбылася вызначальная падзея, якая паклала падмурак складвання агрэсіўнага блоку краін ў Еўропе, і лідэры Лігі Нацый – Англія і Францыя нічога не зрабілі – каб гэты італа-германскі саюз разваліць.