Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

5.3 Дзейнасць ваенных фарміраванняў Арміі Краёвай і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 14 тыс. чал. польскай Арміі Краёвай (АК - акаўцаў).

Як вядома, у 1939 г. Польшча як дзяржава другі раз у гісторыі перастала існаваць. У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна ўз’ядналіся з БССР і УССР. Віленскі край, які належаў Польшчы, спачатку ўвайшоў у склад БССР, але 10 кастрычніка 1939 г. у Маскве было падпісана пагадненне аб перадачы Літве Вільні і Віленскай вобласці.

Польскі эміграцыйны ўрад у Лондане, а таксама польскія буржуазныя партыі, якія дзейнічалі ў падполлі, афіцэрства і каталіцкае духавенства расцэньвалі дзеянні СССР і Германіі як несправядлівыя і агрэсіўныя. Яны ставілі мэтай падняць свой народ на ўсеагульнае паўстанне, аднавіць Польскую дзяржаву і вярнуць ёй тэрыторыі ў межах да 1 верасня 1939 г., у тым ліку тэрыторыі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Літвы (Віленскага краю), пры гэтым яны разлічвалі на дапамогу ўрадаў Англіі і ЗША.

13 лістапада 1939 г. па загаду генерала У.Сікорскага, які ўзначальваў польскі ўрад у эміграцыі, быў створаны нелегальны «Саюз узброенай барацьбы». Яго дзейнасць распаўсюджвалася і на тэрыторыю былых «усходніх крэсаў». Ужо з восені 1939 г. на землях заходніх абласцей Беларусі дзейнічалі польскія антысавецкія падпольныя арганізацыі, якія збіралі зброю, мелі радыёпрыёмнікі, распаўсюджвалі антысавецкую літаратуру, выступалі за аднаўленне «Другой Рэчы Паспалітай» (1918–1939). У 1939–1941 гг. органы дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў БССР нанеслі магутныя ўдары па антысавецкім польскім падполлі і польскіх узброеных групах.

Пасля нападу Германіі на СССР, польскі ўрад У.Сікорскага па-ранейшаму разлічваў на вызваленне Польшчы заходнімі саюзнікамі альбо пры іх рашаючым удзеле. «Саюзу ўзброенай барацьбы» прадпісвалася не ўступаць у актыўныя баявыя дзеянні, а засяроджваць намаганні на падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, на разведцы, сабатажы і дыверсіях. Разам з тым 30 ліпеня 1941 г. у Лондане было падпісана пагадненне аб нармалізацыі адносін паміж урадамі СССР і Польшчы. Пытанне аб межах у ім не закраналася. Але польскі ўрад лічыў яго вырашаным, бо калі дагавор аб дружбе і граніцы паміж Савецкім Саюзам і Германіяй ад 28 верасня 1939 г. быў парушаны, то згубіў сілу, на думку палякаў, і пратакол аб межах. Між тым урад СССР не збіраўся адмаўляцца ад сваіх земляў.

У 1941–1942 гг. эміграцыйны польскі ўрад у Лондане пашырае супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам. 4 снежня 1941 г. генерал У.Сікорскі падпісаў у Маскве з урадам СССР умовы ваеннай узаемадапамогі ў барацьбе з Германіяй. Крыху раней, летам 1941 г., было падпісана пагадненне аб фарміраванні на тэрыторыі СССР польскай арміі. Створаная ў асноўным з ваеннапалонных польскіх афіцэраў армія генерала В.Андэрса ў сакавіку 1942 г. пачала эвакуацыю з СССР праз Іран у Паўночную Афрыку, каб разам з англійскімі і амерыканскімі войскамі змагацца з фашысцкай Германіяй. У Маскве былі створаны Саюз польскіх патрыётаў і польскія ўзброеныя сілы на чале з З.Берлінгам.

У лютым 1942 г. на базе «Саюза ўзброенай барацьбы» і іншых сіл па загаду польскага кіраўніцтва ў Лондане была створана Армія Краёва (АК) – падпольнае ваеннае фарміраванне знішчанай Польскай дзяржавы. АК дзейнічала як на тэрыторыі ўласна Польшчы, так і ў Заходняй Беларусі (у раёне гарадоў Ліда, Навагрудак, Ваўкавыск, Ашмяны, Жалудок, Шчучын, Валожын, Гродна, Брэст і г.д.), Заходняй Украіне і Літве. Галоўнай задачай фарміравання з’яўлялася барацьба за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах да 1 верасня 1939 г.

Цэнтр камандавання Арміяй Краёвай знаходзіўся ў Варшаве. Ён падпарадкоўваўся ўраду У. Сікорскага ў Лондане. Варшаўскаму цэнтру падначальваліся акругі на чале з камендантамі, якія ў сваю чаргу кіравалі мясцовымі фарміраваннямі арміі ў раёнах. Работу Арміі Краёвай у заходніх абласцях Беларусі накіроўвалі віленскі, баранавіцкі, брэсцкі, беластоцкі, лідскі, навагрудскі каменданты акруг. Строга захоўвалася канспірацыя. Ксяндзы прымалі ў байцоў прысягу. Галоўнымі камендантамі (камандуючымі) Арміі Краёвай былі генералы С.Равецкі (да 30 чэрвеня 1943 г.), Т.Камароўскі (да падаўлення Варшаўскага паўстання 1944 г.), Л.Акуліцкі (памёр 24 снежня 1946 г. у маскоўскай турме Бутыркі).

«Саюз узброенай барацьбы» і Армія Краёва змагаліся з нямецкімі акупантамі. На іх рахунку ўзарваныя эшалоны праціўніка, знішчаныя фашысцкія салдаты і афіцэры. Толькі ў Навагрудскай акрузе ў 1942 - 1944 гг. атрады Арміі Краёвай правялі 102 баі з гітлераўцамі.

Мясцовае насельніцтва заходніх абласцей Беларусі савецкіх партызан называла «чырвонымі», удзельнікаў Арміі Краёвай – «белымі» альбо легіянерамі, польскіх партызан, якія падпарадкоўваліся камандаванню Войска Польскага і Чырвонай Арміі, - «зялёнымі» партызанамі. Адкрытай барацьбы з савецкімі партызанамі ў 1941 - пачатку 1943 г. польскія ваенныя фарміраванні не вялі, іншы раз нават сябравалі з беларускімі партызанамі, ратавалі палонных, параненых, але былі і шматлікія сутычкі.

Пасля разрыву адносін паміж СССР і Польшчай у красавіку 1943 г. перагаворы паміж «чырвонымі» і «белымі» партызанамі аб сумесных дзеяннях супраць акупантаў зайшлі ў тупік, бо кожны з бакоў меў устаноўку свайго ўрада аб межах, і яны былі дыяметральна процілеглыя. Замест ранейшага плана ўсенароднага ўзброенага паўстання кіраўніцтва Арміі Краёвай ажыццяўляе новы план пад кодавай назвай «Навальніца», які ў ваенных адносінах быў накіраваны супраць Германіі, а ў палітычных - супраць СССР: прымусіць СССР прызнаць лонданскі эміграцыйны ўрад адзіным законным прадстаўніком інтарэсаў Польшчы, устанавіць савецка-польскую граніцу па стану на 1 верасня 1939 г.

Армія Краёва прытрымлівалася лозунга «двух ворагаў» і вяла барацьбу на два фронты - супраць немцаў і супраць бальшавікоў. Дзейнічала правіла акаўцаў: «Стаяць са зброяй ля нагі!», г.зн. не выступаць супраць гітлераўцаў, а чакаць: няхай гітлераўцы і бальшавікі знішчаюць адзін аднаго, а мы потым самі прымусім іх да пакоры і падначалення. У той час калі гітлераўцы пачнуць адступаць, а Чырвоная Армія яшчэ не падыдзе, меркавалася разгарнуць узброеныя сілы як веер (план і насіў назву «Веер»), захапіць уладу ў населеных пунктах Заходняй Беларусі і сустрэць савецкія воінскія часці, як сустракаюць гаспадары гасцей.

Армія Краёва адкрыта стала на пазіцыі антысаветызму, антысемітызму, савецкіх партызан называла жыдоўска-бальшавіцкімі бандытамі і грабежнікамі, ваявала з імі. З восені 1943 і да лета 1944 г. толькі ў Навагрудскай акрузе фарміраванні акаўцаў правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан. Не дасягнуўшы поспехаў у барацьбе з партызанамі, акаўцы жорстка распраўляліся з мірнымі жыхарамі, рабавалі і палілі цэлыя вёскі. У вёсцы Лукашы Заслаўскага раёна яны зажыва спалілі 26 чалавек. Толькі легіянеры стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай забілі 6000 партызан і мірных жыхароў Беларусі.

Напярэдадні ажыццяўлення Чырвонай Арміяй аперацыі «Баграціён» у чэрвені 1944 г. узброеныя фарміраванні Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвалі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў. Найбольш буйнымі атрадамі АК на Беларусі былі фарміраванні Навагрудскай акругі, якія аб’ядноўвалі звыш 7 тыс. чалавек асабовага складу. У Лондане для іх быў распрацаваны спецыяльны план «Бура», які зацвердзіў камандуючы АК 20 лістапада 1943 г. Гэтым планам прадугледжвалася падняць паўстанне і захапіць тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі польскім падполлем і атрадамі АК у момант адступлення нямецкіх войск.

Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі фарміраванні Арміі Краёвай спрабавалі процістаяць аднаўленню савецкай улады ў яе заходніх абласцях ажно да пачатку 60-х гадоў ХХ ст.

У студзені 1945 г. Армія Краёва была афіцыйна распушчана. З Лондана паступіў загад прыпыніць баявыя дзеянні, захаваць кадры для далейшай барацьбы, што сведчыла аб недальнабачнай і нерэалістычнай палітыцы польскага эміграцыйнага ўрада ў адносінах да «крэсаў усходніх». Аднак многія камандзіры акаўцаў не выканалі гэты загад і стварылі невялікія падпольныя групы і арганізацыі, большасць з якіх стала на шлях бандытызму. Бандытызм акаўцаў у Беларусі працягваўся аж да пачатку 50-х гадоў, пакуль яны не былі ліквідаваны савецкімі сілавымі структурамі.

Такім чынам, у пасляваенны час адзіным спосабам існавання акаўцаў быў прымітыўны бандытызм, густа афарбаваны нянавісцю да савецкай улады.

На тэрыторыі Беларусі ў Брэсцкай і Пінскай абласцях, частка якіх была ўключана гітлераўцамі ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», дзейнічалі ваенныя фарміраванні Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) - аўнаўцы (1929 - пачатак 1950-х гг.). Арганізацыя гэта ўзнікла як палітычная рэакцыя на прыгнёт украінскага насельніцтва Польшчай. Яе стварыў палкоўнік пятлюраўскай арміі Канавалец, пасля якога арганізацыю ўзначаліў палкоўнік Мельнік, а маладое крыло - Бандэра (двойчы прысуджваўся да пакарання смерцю за забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы і савецкага консула). Паміж Мельнікам і Бандэрам адбыўся канфлікт у барацьбе за кіраўніцтва АУН.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны гітлераўская ваенная разведка (абвер) заключыла з АУН палітычнае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць СССР. З дапамогай гітлераўцаў нацыяналісты і іх кіраўнікі, агенты абвера Мельнік і Бандэра мелі намер выступіць у якасці той сілы, якая «зваліць панаванне бальшавізму на Украіне, адарве краіну раз і назаўсёды ад усялякай Маскоўшчыны» і створыць самастойную Саборную Украінскую дзяржаву. АУН удалося нават атрымаць ад немцаў адпаведныя пісьмовыя дакументы.

З перадавымі дывізіямі вермахта 22 чэрвеня 1941 г. дзяржаўную мяжу СССР перайшлі два легіёны аўнаўцаў, якія налічвалі крыху больш за 400 чал. Легіён «Роланд» рухаўся ў накірунку Адэсы, а легіён «Нахцігаль» - да Львова. На розныя патрэбы аўнаўцаў гітлераўцы далі 2,5 млн рэйхсмарак, не лічачы зброі, шпіёнскай і ваеннай амуніцыі.

«Наша ўлада павінна быць страшнай», - паўтараў Бандэра. Яна такой і была: на Украіне пачаўся масавы тэрор. Па падліках вучоных, толькі ў першыя дні акупацыі ў заходніх абласцях Украіны аўнаўцы па-зверску замучылі 40 тыс. чал.

30 чэрвеня 1941 г. у Львове АУН абвясціла незалежную Саборную Украіну, стварыла яе ўрад на чале з Стацко, паслала прывітанне Гітлеру. Але Гітлер і слухаць не хацеў аб суверэннай Украіне, як і суверэннай Беларусі. Ён загадаў распусціць урад Стацко, ініцыятараў палітычнай акцыі арыштаваць і прыцягнуць да адказнасці. Бандэра, Стацко і іншыя «стваральнікі» самастойнай Украіны былі арыштаваны і пасаджаны ў канцлагер Заксенхаўзен. У верасні - снежні 1941 г. адбыліся масавыя арышты і расстрэлы аўнаўцаў, многія з якіх уцяклі ў лес і ўзяліся за зброю для барацьбы з гітлераўцамі. Часта здаралася так, што ў адных і тых жа лясах Брэстчыны ці Піншчыны каля аднаго вогнішча сядзелі побач беларускія партызаны, акаўцы і аўнаўцы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны прапятлюраўскіх барацьбітоў за самастойную Украіну ўзначаліў Баравец, які меў клічку Бульба (адсюль яго прыхільнікаў называлі бульбаўцамі). З’яўляючыся адным з крылаў АУН, бульбаўцы арганізацыйна складалі ўзброенае злучэнне «Палеская Сеч», якое дзейнічала ў рэгіёне Пінск-Мазыр-Корасцень. Бандэраўцы і бульбаўцы знаходзіліся паміж сабой у стане лютай варожасці, бо прэтэндавалі на ролю «першага» барацьбіта за самастойную Украіну.

Да сярэдзіны 1943 г. узброеныя фарміраванні бандэраўцаў і бульбаўцаў актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызан не вялі, а ў асобных выпадках дапамагалі ім інфармацыяй, вызвалялі вязняў з нямецкіх турмаў, лагераў ваеннапалонных і г.д. Аднак летам 1943 г. яны змянілі сваю пазіцыю, распрацавалі новую тактыку: у адносінах да гітлераўцаў - пасіўная самаабарона, да партызан -барацьба. Усё гэта, а таксама расправа над палякамі, якія пражывалі ў Беларусі, дамоўленасць бандэраўцаў і бульбаўцаў пра сумесную барацьбу супраць Саветаў з беларускімі калабарацыяністамі прывялі да крывавых сутыкненняў паміж беларускімі партызанамі, бандэраўцамі і бульбаўцамі.

У 1944 г. Бандэру вызвалілі з турмы, ён пераехаў у Кракаў і адтуль пачаў кіраваць барацьбой супраць савецкай улады.

У 1944 г. па заданні абвера АУН стварыла шэраг новых узброеных фарміраванняў, аб’яднаных ва Украінскую паўстанцкую армію (УПА) для дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў тыле Чырвонай Арміі. На пераломе 1944 - 1945 гг. колькасць УПА складала да 150 (па іншых ацэнках да 500) тыс. байцоў і ўдзельнікаў падполля. Яны забівалі салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, нават смяротна паранілі камандуючага 1-м Украінскім фронтам М.Ватуціна, праводзілі тэрарыстычныя акты, забойствы партыйных, савецкіх і гаспадарчых кіраўнікоў, работнікаў праваахоўных органаў, актывістаў.

На тэрыторыі прылеглых да Літвы раёнаў Беларусі ў пасляваенныя гады дзейнічала літоўскае антысавецкае падполле (каля 1 тыс. чал.), якое, як і рух бандэраўцаў, было ліквідавана ў пачатку 50-х гадоў.