Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

3.2 Першыя абарончыя баі ў Беларусі. Арганізацыя абароны краіны.

Напад на СССР, у тым ліку на Беларусь, гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў, пасля чаго ў наступленне перайшлі сухапутныя войскі. Адначасова фашысцкая авіяцыя бамбіла месцы размяшчэння савецкіх войск, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады і інш. У першы дзень баявых дзеянняў паветраныя сілы СССР страцілі 1200 баявых самалётаў, 738 з іх было знішчана на тэрыторыі Беларусі, прычым 528 непасрэдна на аэрадромах. Нехапала боепрыпасаў, і таран выкарыстоўваўся савецкімі лётчыкамі ў якасці апошняга сродку бою. Яго роля як маральнага фактара, была даволі высокай, таран дастаўляў шмат непрыемнасцей германскім паветраным асам. У першыя гадзіны вайны таранілі варожыя самалёты лётчыкі П.Рабцаў, А.Данілаў, С.Гудзімаў, Д.Кокараў. Галоўны ўдар па савецкіх войсках у Беларусі германская армія нанесла ў раёнах Брэста і Гродна ў паласе абароны 3-й і 4-й савецкіх армій. Тут колькасць нямецкіх войскаў у жывой сіле і тэхніцы пераўзыходзіла савецкія войскі ў 5 разоў. Гэтыя два ўдарныя кулакі павінны былі зламаць супраціўленне Чырвонай Арміі з наступным выхадам на аператыўную прастору і авалоданнем гарадамі Мінск і Смаленск. У першыя дні вайны быў дапушчаны стратэгічны пралік савецкага ваеннага камандавання. На Беластоцкім выступе было сканцэнтравана 26 савецкіх дывізій, у тым ліку 8 танкавых і 4 матарызаваных, а гэта каля 350 тыс. салдат і афіцэраў і 2 тыс. танкаў. Флангавыя ўдары германскіх войскаў на Брэсцкім і Гродзенскім напрамках прывялі да таго, што гэтыя сілы трапілі ў акружэнне. Не ведаючы рэальнага становішча на фронце, Масква патрабавала распачаць наступленне.

Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Знаходзячыся ў поўным акружэнні, без вады і ежы, пры вострай нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў, гарнізон крэпасці амаль месяц мужна змагаўся з ворагам. Гарнізон чакаў наступлення Чырвонай Арміі і зняцця блакады, але Чырвоная Армія была ўжо далёка на Усходзе. Мужнасць і гераізм праявілі афіцэры П.Гаўрылаў, I.Зубачоў, Я.Фамін, У.Шаблоўскі, М.Несцярчук, А.Махнач, сяржанты Р.Семянюк, А.Раманаў, Т.Грабянюк і інш. За бессмяротны подзвіг Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой».

Танкавыя групоўкі Гота і Гудэрыяна, рухаючысяя ад Вільні і Брэста, за тыдзень дасягнулі Мінска і 28 чэрвеня ўвайшлі ў горад. Войскі 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.Філатава гераічна ўтрымлівалі рубяжы сталіцы Беларусі. Гераічна змагаліся воіны 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра І.Русіянава, якія выкарыстоўвалі для барацьбы з варожымі танкамі звязкі гранат, а таксама бутэлькі з гаручай сумессю – знакаміты «кактэйль Молатава» і знішчылі больш як 100 танкаў і бронемашын праціўніка. Па звестках нямецкага камандавання ў аперацыях пад Беластокам, Брэстам і Мінскам часці вермахта захапілі ў палон 330 тыс. ваеннаслужачых, больш за 3000 гармат і 3332 танкі, а таксама шмат боепрыпасаў і вайсковай маёмасці.

Мінск вельмі пацярпеў пад час абароны. Горад рэгулярна бамбіла нямецкая авіяцыя, ён гарэў. Цэнтралізаваная эвакуацыя з горада не праводзілася. Яшчэ 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту, кіраўнікі кампартыі і ўрада рэспублікі выехалі ў Магілёў. Пры гэтым не быў эвакуіраваны архіў СНК БССР, а кіраўніцтва Вярхоўнага Савета пакінула ў сейфе спісы членаў урада, кіруючых работнікаў Вярхоўнага Савета, ЦК ЛКСМБ з указаннем хатніх адрасоў і пералічэннем членаў іх сем’яў. На падставе гэтых дакументаў адбыліся першыя масавыя арышты і расстрэлы ў Мінску.

Нягледзячы на тое, што германскія войскі акружылі савецкую групоўку каля Мінска, спроба з ходу фарсіраваць водны рубеж на Бярэзіне і выйсці да Дняпра вермахту не ўдалося. Толькі 1 ліпеня часці 47-га германскага танкавага корпуса змаглі прарвацца на ўсходні бераг Бярэзіны.

12-16 ліпеня цяжкія баі за Оршу вялі войскі 18-й (палкоўніка П.Жывалёва) і 73-й (палкоўніка А.Акімава) стралковых дывізій са складу 20-й арміі Заходняга фронту, а таксама знішчальны батальён з ліку 1200 мясцовых жыхароў. Пад Оршай 14 ліпеня ўпершыню нанесла ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак (“кацюш”) пад камандаваннем капітана І.Флёрава.

З 3 па 26 ліпеня савецкія войскі гераічна абаранялі Магілёў. Праціўнік сканцэнтраваў тут 4 пяхотныя і 1 танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС «Вялікая Германія» і іншыя вайсковыя фарміраванні. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.Бакуніна і байцы народнага апалчэння. Толькі воінамі 172-й дывізіі генерал-маёра М.Раманава за 10 дзён баявых дзеянняў было знішчана 179 танкаў і бронетранспарцёраў, каля 4 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Асабліва ўпартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім поле пад Магілёвам. Цяжкія баі адначасова ішлі на подступах да Віцебска і Гомеля.

1 ліпеня камандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны нарком абароны маршал С.Цімашэнка. Былое кіраўніцтва фронту і частку вышэйшых камандзіраў на чале з камандуючым генералам арміі Д.Паўлавым за быццам бы «бяздзейнасць» і «баязлівасць» былі асуджаны і расстраляны.

Адначасова з абарончымі баямі камандаванне Чырвонай Арміі летам 1941 г. правяло шэраг наступальных аперацый.

6 ліпеня 1941 г. войскі 20-й арміі генерал-лейтэнанта П.Курачкіна сіламі 5-га і 7-га механізаваных корпусаў нанеслі контрудар у напрамку Сянно-Лепель. Адбылася буйнейшая танкавая бітва з пачатку Другой сусветнай вайны, у якой удзельнічала больш як 1500 танкаў і бронемашын. Праціўнік быў адкінуты на 30-40 кіламетраў. Але 7-мы механізаваны корпус быў спынены сіламі 47-га нямецкага матарызаванага корпуса на подступах да Лепеля, а 5-ты савецкі корпус апынуўся ў акружэнні, з якога да 10 ліпеня 1941 г. у раён Оршы выйшла толькі частка савецкіх войскаў. У нямецкі палон пад Лепелем трапіў сын Сталіна – Якаў.

Другой наступальнай аперацыяй савецкіх войскаў на Беларусі летам 1941 г. з’яўляецца Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, праведзеная войскамі 21-й арміі генерал-палкоўніка Ф.Кузняцова. 13 ліпеня 63-ці стралковы корпус генерал-лейтэнанта Л.Пятроўскага правёў контрудар, вызваліў гарады Рагачоў і Жлобін. Нямецкія войскі былі адкінуты на 20-30 кіламетраў у напрамку Бабруйска. Контрудар войскаў 21-й арміі скаваў сілы 8-мі нямецкіх дывізій, што не дазволіла ім хутка фарсіраваць Днепр і выйсці на аператыўную прастору ў напрамку Раслаўль-Смаленск.

Такі ход баявых дзеянняў выклікаў трывогу ў стаўцы вярхоўнага галоўнакамандавання Германіі. Вермахт спыніў наступленне ў канцы ліпеня 1941 г. на Смаленскім напрамку і перайшоў да ўмацавання флангаў групы армій «Цэнтр». У гэтых умовах для абароны гомельскага напрамку савецкае кіраўніцтва 24 ліпеня стварыла Цэнтральны фронт, кіраваць якім прызначылі генерал-палкоўніка Ф.Кузняцова.

У першай дэкадзе жніўня нямецкае камандаванне кінула ў наступленне на Гомель звыш 25 дывізій, галоўным чынам танкавых і матарызаваных. Баі за горад працягваліся амаль 20 дзён. Пад сценамі горада вермахт страціў звыш 80 тыс. сваіх салдат і афіцэраў, каля 200 танкаў і 100 самалётаў. У ноч з 19 на 20 жніўня 1941 г. савецкія войскі і апалчэнцы пакінулі Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіраваная нямецкімі войскамі.

Трагізм першых дзён вайны вынікаў не толькі з вялікіх тэрытарыяльных страт, але і велізарных людскіх страт, якія несла Чырвоная Армія. Так, за 18 першых сутак абарончай аперацыі ў Беларусі войскі Заходняга фронту панеслі страты агульнай колькасцю 417790 чалавек, а ўсяго за 6 месяцаў 1941 г. страты Чырвонай Арміі склалі 4473800 чалавек.

Вялікая колькасць савецкіх салдат і афіцэраў патрапілі ў германскі палон: у «катлах» пад Беластокам, Гродна і Мінскам больш за 300 тыс. чалавек, пад Віцебскам, Оршай, Магілёвам і Гомелем – 450 тыс. чалавек, пад Смаленскам – 180 тыс.чалавек, пад Чарнігавам – 100 тыс.чалавек, пад Бранскам і Вязьмай – 663 тыс. чалавек. Але быў нанесены і адчувальны ўрон групе армій «Цэнтр». Вермахт страціў у 1941 г. на Беларусі каля 1000 танкаў і 150 тыс. ваеннаслужачых забітымі і параненымі.

Абарончыя баі ў Беларусі далі магчымасць савецкаму камандаванню разгарнуць войскі другога стратэгічнага эшалона на рубяжы рэк Заходняя Дзвіна-Днепр, дазволілі мабілізаваць непасрэдныя рэзервы краіны, каб даць адпор ворагу. Намечаныя камандаваннем вермахта тэрміны захопу Смаленска і Масквы былі сарваны.