Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

Прыкладная тэматыка рэфератаў

  1. Віцебскі “кацёл”.

  2. Бабруйскі “кацёл”.

  3. Мінскі “кацёл”.

  4. 1-я Польская дывізія імя Т.Касцюшкі.

  5. Дзейнасць французскага авіяпалка “Нармандыя-Нёман”.

  6. Подзвігі савецкіх воінаў (Ю.Смірноў, П.Рак, Т.Барамзіна, А.Бурдзейны, Д.Фролікаў, М.Колычаў, П.Ротмістраў, А.Кузняцоў) – на выбар.

  7. Воіны-беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны (А.Гаравец, Ф.Смалячкоў, Г.Дольнікаў, З.Тусналобава-Марчанка, П.Купрыянаў, Ф.Кажамякін, Н.Лісавец, В.Квіцінскі, Т.Лук’яновіч) – на выбар.

  8. Двойчы Героі Савецкага Саюза (І.Якубоўскі, П.Галавачоў, В.Гусакоўскі і С.Шутаў).

ТЭМА 7. ЗАКАНЧЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

7.1 Адкрыццё другога фронту. Заключныя аперацыі Чырвонай Арміі ў Еўропе. Заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны.

Пераканаўчыя перамогі Чырвонай Арміі, нарастаючая барацьба народаў акупіраваных краін, іх магчымасць сумеснымі намаганнямі разграміць фашызм і вызваліць Еўропу прымусілі ўрады ЗША і Англіі адкрыць другі фронт 6 чэрвеня 1944 г. і аднавіць прыпыненае 8 месяцаў назад наступленне ў Італіі. Саюзнікі ставілі сваёй мэтай не дапусціць Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Еўропы, забяспечыць прасоўванне англа-амерыканскіх войскаў як мага далей на Усход. Англія і ЗША ў гэты час не пагадзіліся заключыць сепаратны мір з Германіяй і пайсці на саюз з ёй, бо былі няўпэўнены ў перамозе войск кааліцыі над войскамі СССР. Яны ўлічвалі таксама і сілу грамадскай думкі яўрэйскай абшчыны ЗША (5 млн чал.), яе патрабаванні разгрома Германіі і пакарання фашыстаў за злачынствы супраць яўрэяў.

Амерыканскія, англійскія і канадскія войскі 6 чэрвеня 1944 г. высадзіліся на ўзбярэжжы Паўночнай Францыі ў Нармандыі (аперацыя «Аверлорд»). Саюзнікі мелі над немцамі перавагу ў колькасці асабовага саставу і танкаў у 3 разы, у самалётах - больш чым у 60 разоў, валодалі поўнай перавагай і на моры. 15 жніўня амерыканскія і французскія злучэнні высадзіліся на поўдні Францыі. 11 верасня наступаўшыя з поўначы і поўдня групоўкі саюзнікаў злучыліся і ўтварылі адзіны стратэгічны фронт у Заходняй Еўропе.

Актыўна падтрымаў саюзныя войскі французскі рух Супраціўлення, які налічваў 500 тыс. чал. 18 жніўня ў Парыжы пачалося антыфашысцкае паўстанне і праз 4 дні ўвесь горад быў у руках паўстаўшых. Да канца года Францыя і большая частка Бельгіі былі вызвалены. У выніку паспяховых аперацый саюзнікаў (да канца 1944 г. выйшлі да нямецкай абарончай лініі Зігфрыда) Германія апынулася паміж двума франтамі - Заходнім і Усходнім.

У лютым 1945 г. саюзныя арміі пачалі агульнае наступленне на Захадзе. Фарсіраваўшы ў сакавіку Рэйн, яны акружылі ў Руры 325-тысячную групоўку нямецкіх войск, якая здалася саюзнікам ў палон ў красавіку. З гэтага часу саюзныя арміі перамяшчаліся на ўсход, практычна не сустракаючы арганізаванага супраціўлення немцаў.

4 - 11 лютага 1945 г. адбылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя лідэраў трох саюзных дзяржаў: І.Сталіна, Ф.Рузвельта і У.Чэрчыля. У Лівадзійскім палацы імператара Мікалая II, прайшла другая канферэнцыя «Вялікай тройкі». На гэтай сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пасляваеннага ўпарадкавання ў Еўропе. На канферэнцыі было падпісана сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Саюзнікі згадзіліся з умовамі, на якіх І.Сталін разрываў нейтралітэт у адносінах з Токіа, гэта вяртанне Сахаліна і Курылаў, а таксама эканамічная экспансія СССР у Кітаі і Карэі.

На канферэнцыі абмеркавалі ўмовы безагаворачнай капітуляцыі Германіі і прынцыпы абыходжання з ёй, як з прайграўшай краінай. Вызначаліся зоны акупацыі трох краін, а «Вялікі Берлін» таксама падзяляўся на тры часткі. Была вызначана сума рэпарацыяў з Германіі – усяго 20 млрд. долараў, з якіх на 10 млрд. прэтэндаваў СССР.

У Ялце было падпісана сакрэтнае пагадненне, якое датычылася абмену ваеннапалоннымі і рэпатрыяцыі ў краіны пражывання вывезеных насільна ці выехаўшых дабравольна грамадзян. У СССР ваеннапалонныя і острабайтэры часта разглядаліся як здраднікі Радзімы і дабраахвотнай выехаўшыя на працу ў варожую краіну. Шмат пакут і здзекаў чакала гэтых людзей на радзіме.

На канферэнцыі зноў паўстала «польскае пытанне». ЗША і асабліва Англія настойвалі на вяртанні ў Варшаву эмігранцкага ўрада, а СССР ужо прызнаў створаныя органы Краёвай Рады Народавай і Польскага Камітэту нацыянальнага вызвалення, дзе большасць мелі камуністы. Тым не менш, І.Сталін згадзіўся на павялічэнне тэрыторыі Польшчы за кошт тэрыторыі Усходняй Германіі, але мяжа з СССР была вызначана па «лініі Керзана».

Кіраўнікі трох краін прынялі рашэнне аб скліканні 25 кастрычніка 1945 г. у Сан-Францыска канферэнцыі Аб’яднаных Нацый з мэтай падрыхтоўкі статута міжнароднай арганізацыі па бяспецы.

Па ацэнках удзельнікаў канферэнцыі і аналітыкаў, савецкая дэлегацыя пайшла пад час канферэнцыі на большыя ўступкі саюзнікам, чым тыя. Тым не менш, канферэнцыя прадэманстравала адзінства мэт трох дзяржаў у прадбачанні хуткай перамогі над Германіяй, разам з тым, калі прыйшоў час рыхтавацца да міру, усё цяжэй станавілася пераадолець глыбокае адрозненне інтарэсаў і поглядаў паміж партнёрамі па кааліцыі ваеннага часу.

У студзені 1945 г. у выніку Вісла-Одэрскай аперацыі войскі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў вызвалілі большую частку Польшчы і выйшлі на Одэр, захапіўшы шэраг плацдармаў на заходнім беразе. Самай працяглай і цяжкай для савецкіх войск з усіх аперацый 1945 г. з’яўлялася Усходне-Пруская (13 студзеня -25 красавіка), якая скончылася разгромам варожай групоўкі.

Берлінская аперацыя пачалася 16 красавіка 1945 г. У ёй удзельнічалі войскі 1- і 2-га Беларускіх і 1-га Украінскага франтоў з выкрыстаннем сіл Балтыйскага флоту, Дняпроўскай ваеннай флатыліі, авіяцыі далёкага дзеяння, а таксама 1- і 2-й армій Войска Польскага. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала 2,5 млн чал., 41,6 тыс. гармат і мінамётаў, 6 250 танкаў і самаходных гармат, 7,5 тыс. баявых самалётаў. Берлін быў акружаны. Пачаліся цяжкія, кровапралітныя вулічныя баі. 25 красавіка войскі 1-га Украінскага фронту і амерыкана-англійскія саюзнікі ўдарамі з усходу і захаду рассеклі нямецкі фронт і злучыліся на Эльбе ў раёне Торгаў.

Штурм Берліна пачаўся 16 красавіка 1945 г. Дзесяць дзён спатрэбілася савецкім войскам, каб пераадолець абарону немцаў на подступах да горада. Больш за тыдзень доўжыліся баі ў самім Берліне. Нацысцкі рэжым перажываў агонію. Амаль усе паплечнікі Гітлера пакінулі яго. 29 красавіка ён прыняў рашэнне скончыць жыццё самагубствам. У гэты дзень фюрэр даведаўся, што італьянскія партызаны злавілі і павесілі Мусаліні. 30 красавіка, прыкладна праз дзве гадзіны пасля таго, як над рэйхстагам, які знаходзіўся амаль побач з падземным бункерам рэйхсканцэлярыі, быў узняты чырвоны сцяг, Гітлер застрэліўся. Яго цела аблілі бензінам і спалілі. 2 мая гарнізон Берліна капітуляваў. 7 мая ў Рэймсе немцы падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі з заходнімі краінамі. Гэта выклікала незадаволенасць Сталіна, і па яго патрабаванню 9 мая 1945 г. у 0 гадзін 43 хвіліны у Карлсхорсце, у прысутнасці прадстаўнікоў камандавання ўсіх саюзных армій, быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі.

Тысячы нашых землякоў удзельнічалі ў баях на тэрыторыі Германіі. 70-ці з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У іх ліку вызначылася 7 генералаў і адміралаў, 50 афіцэраў і 12 салдат і малодшых камандзіраў. 26 лётчыкаў-беларусаў за праяўленую мужнасць у небе Германіі атрымалі зоркі Герояў Савецкага Саюза. У час баёў над Усходняй Прусіяй атрымаў другую Залатую Зорку героя П.Галавачоў. За гады вайны П.Я.Галавачоў зрабіў 457 баявых вылетаў, удзельнічаў у 127 паветраных баях, асабіста знішчыў 31 нямецкі самалёт.

У ноч на 9 мая 1945 г. усе радыёстанцыі Савецкага Саюза перадалі доўгачаканую вестку аб вялікай Перамозе. Вайна ў Еўропе закончылася. 24 чэрвеня 1945 г. на Краснай Плошчы ў Маскве адбыўся парад Перамогі.