Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ненадовец А.М., Луц Л.Н. Великая Отечественная....doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
17.04.2019
Размер:
736.26 Кб
Скачать

2.4 Пачатак Другой сусветнай вайны. Пашырэнне ссср.

Ужо праз тыдзень пасля знікнення з палітычнай карты Чэхаславакіі ўвага нацысцкага кіраўніцтва сканцэнтравалася на Польшчы. 11 красавіка 1939 г. Гітлер зацвердзіў план ваеннага захопу Польшчы - «план Вайс» (Белы), а 28 красавіка германскае кіраўніцтва аб'явіла аб дэнансацыі абавязкаў аб ненападзенні, заключаных паміж Польшчай і Германіяй у 1934 г. Да канца жніўня 1939 г. падрыхтоўка да нападзення на Польшчу была закончана і 31 жніўня 1939 г. Гітлер падпісаў адпаведную дырэктыву.

У ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г., калі ўся «ваенная машына» Германіі была гатова да рыўка на Польшчу, германскія спецслужбы правялі правакацыйную аперацыю «Гімлер». Пераапранутыя ў польскую форму эсэсаўцы і вязні канцэнтрацыйных лагераў, якія валодалі польскай мовай, «захапілі» радыёстанцыю ў германскім горадзе Глейвіц (цяпер польскі Глівіцэ). Непасрэдным кіраўніком аперацыі з'яўляўся штурмбанфюрэр СС А. Науйокс. З захопленай радыёстанцыі быццам бы прагучаў заклік на польскай мове, у якім быў прызыў «аб’ядноўвацца і біць немцаў». Раніцай Гітлер звярнуўся да германскага народа і ўсю віну за развязванне ваеннага канфлікта ўсклаў на польскае кіраўніцтва.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб'явілі вайну Германіі. У вайну ўступілі брытанскія дамініёны і калоніі: Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Канада, Паўднёва-Афрыканскі Саюз. Пачалася Другая сусветная вайна.

Асноўнай прычынай вайны з’явілася абвастрэнне супярэчнасцей і барацьба паміж буйнейшымі капіталістычнымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля Першай сусветнай вайны. Адзін ваенна-палітычны блок дзяржаў узначальвалі фашысцкія Германія, Італія і мілітарысцкая Японія, другі - Велікабрытанія, Францыя і ЗША.

Нягледзячы на мужнае супраціўленне польскіх салдат і афіцэраў, германская армія, маючы вялікую ваенную перавагу, акупіравала да 16 верасня большую частку тэрыторыі Польшчы і выйшла на «лінію Керзана» - прыкладную мяжу рассялення палякаў, з аднаго боку, і украінцаў і беларусаў - з другога. Мяжа была вызначана Парыжскай мірнай канферэнцыяй яшчэ ў 1919 г. Польскі ўрад 16 верасня пакінуў краіну, эмігрыраваўшы ў Румынію, а затым у Лондан. Многія польскія патрыёты, якія засталіся вернымі прысязе, працягвалі змагацца, выконваючы свае вайсковыя абавязкі. Асабліва гераічна змагаліся абаронцы Варшавы, якія капітулявалі толькі 27 верасня. Агульнае становішча польскіх войскаў аказалася катастрафічным, таму ў другой палове верасня польскай арміі, як арганізаванага цэлага, ўжо не існавала.

Аснову стратэгчнай канцэпцыі вермахта складаў так званы “бліцкрыг” – “маланкавая вайна”, паводле якой перамога павінна быць дасягнута яшчэ да таго моманту, як праціўнік паспее разгарнуць свае ўзброеныя сілы і прамысловы патэнцыял.

Пачатак Другой сусветнай вайны не ўнёс істотных змен у стратэгію і тактыку заходніх краін Еўропы. Баявыя дзеянні на Заходнім фронце па-ранейшаму заставаліся так званай “дзіўнай вайной” – вайной без ажыццяўлення якіх-небудзь актыўных ваенных аперацый. Лондан і Парыж пры актыўнай падтрымцы Вашынгтона ўсё больш спрабавалі пашыраць сваю даваенную палітыку “ўміратварэння” і спадзяваліся, што рана ці позна гітлераўцы пойдуць на СССР, а самі яны застануцца ўбаку.

Такім чынам, развязаўшы Другую сусветную вайну, нямецка-фашысцкія акупанты ўжо ў сярэдзіне верасня 1939 г. ўшчыльную наблізіліся да земляў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Тым самым немцы нібы падштурхоўвалі СССР як мага хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за развязванне сусветнай бойні і на савецкі бок. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу і ўзяла “пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”. Паход Чырвонай Арміі пачаўся 17 верасня 1939 г. і працягваўся 12 дзён. Да 22 верасня былі заняты Беласток і Брэст. Савецкаму Саюзу адыйшлі тэрыторыі, якія былі анексіраваны Польшчай у 1920 г. – гэта прыкладна 190 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 12 млн. чалавек, у асноўным украінцаў і беларусаў. Заходняя мяжа СССР была перасунутая на захад на 250-300 км. Лінія сутыкнення савецкіх і германскіх войск у асноўным супадала з «лініяй Керзана». 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войск – будучых патэнцыяльных ворагаў.

Уз’яднанне народаў Украіны і Беларусі з’явілася актам гістарычнай справядлівасці. Большая частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх салдат хлебам-соллю. У некаторых месцах стыхійна ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб’екты. Органамі новай улады з’яўляліся часовыя ўправы і сялянскія камітэты.

У адпаведнасці з сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да дагавора “Аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г., перакройваліся сферы ўплыву ў Польшчы. Усходняя частка Варшаўскага ваяводства і ўсё Люблінскае адыходзілі да Германіі. Узамен у сферу інтарэсаў савецкай дзяржавы ўключалася тэрыторыя Літвы і частка заходніх паветаў Беластоцкага ваяводства з пераважна польскім насельніцтвам, а таксама некаторыя ўсходнія часткі паветаў Варшаўскага ваяводства.

Услед за Польшчай Германія ўзмацніла сваё пранікненне і ў Прыбалтыку. Але, па-прапанове СССР на працягу верасня – кастрычніка 1940 г. паміж Савецкім Саюзам і трыма Прыбалтыйскімі краінамі былі падпісаны дагаворы аб узаемнай дапамозе, і на іх тэрыторыі, як і ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіны, былі ўведзены васковыя злучэнні Чырвонай Арміі. Яшчэ раней – у чэрвені 1940-га – Літва, Латвія і Эстонія былі прыняты ў склад СССР.

28 чэрвеня 1940 г., «у адпаведнасці з дамоўленасцю паміж СССР і Румыніяй», Чырвоная Армія перайшла Днестр і заняла Тэрыторыю Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. У жніўні 1940 г. на гэтых землях з далучэннем Малдаўскай аўтаномнай рэспублікі была ўтворана Малдаўская ССР.

Савецка-фінляндская вайна

З жніўня 1939 г. Масква праводзіла палітыку далучэння да СССР тэрыторый, уключаных у сваю «сферу ўплыву» згодна з сакрэтнымі пратаколамі да савецка-германскіх пагадненняў. Апошняй у чарзе стаяла Фінляндыя – з увядзеннем яе ў палітычную арбіту Масквы, па-сутнасці, аднаўлялася былая мяжа Расійскай імперыі пачатку XX ст. Вырашэнне фінляндскага пытання адпавядала і мэце захавання бяспекі паўночна-заходніх подступаў да Ленінграда, бо дзяржаўная мяжа праходзіла ў 32 км. ад горада. Сучасныя артылерыйскія сістэмы дазвалялі абстрэльваць “калыску рэвалюцыі” нават з тэрыторыі Фінляндыі.

З кастрычніка 1938 г. па кастрычнік 1939 г паміж СССР і Фінляндыяй ішлі перамовы аб урэгуляванні савецка-фінскай мяжы. Савецкі Саюз жадаў узяць у арэнду на 30 год порт Ханко, а таксама абмяняць частку фінскай тэрыторыі – 2761 кв. км на 5529 кв. км савецкай тэрыторыі ва ўсходняй Карэліі. Але што характэрна – на значна меншай фінскай тэрыторыі знаходзілася 8 буйных цэлюлозна-папяровых камбінатаў і ГЭС Раўхала, якая вырабляла трэцюю частку энергіі ў Фінляндыі і добра развітая транспартная сетка. СССР прапаноўваў у замен незаселеную і нераспрацаваную тэрыторыю.

Фінскі бок адхіліў прапановы Масквы. СССР выкарыстаў ваенны інцыдэнт у прыгранічным раёне і 30 лістапада 1939 г. часткі Чырвонай Арміі перасеклі савецка-фінляндскую мяжу. Кіраўніцтва СССР разлічвала на хуткую перамогу – за 14 дзён, аднак вайна зацягнулася. У складзе Чырвонай Арміі на савецка-фінскім фронце ўдзельнічала ад 550 да 760 тыс. чал. Вайна была дрэнна падрыхтавана, кіраўніцтва краіны не дало Генштабу часу для распрацоўкі дэталёвага плана дзеянняў і разгортвання ваенных падраздзяленняў. Фінскае камандаванне вельмі ўдала выкарыстоўвала ўсе магчымасці мясцовасці і прыродных умоваў, а таксама магутнасці «лініі Манэргейма». Таму на першым этапе баёў у снежні 1939 г. яны мелі пэўныя перавагі, а савецкія войскі панеслі вялізарныя страты. З 11 лютага 1940 г. пачаўся другі этап ваенных дзеянняў. Чырвоная Армія была ўзмоцнена танкавымі і авіяцыйнымі злучэннямі, атрымала цёплае абмундзіраванне. У пачатку сакавіка была пераадолена «лінія Манергэйма», і войскі пачалі наступленне на сталіцу Фінляндыі.

З боку СССР у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел да 760 тыс. чалавек, 11 тыс. гармат, 3000 танкаў, 3000 самалётаў, караблі Балтыйскага і Паўночнага флатоў, Ладажскай флатыліі. З фінскага – усе яе ўзброеныя сілы колькасцю каля 600 тыс. чалавек (разам з рэзервам), каля 900 гармат, 270 самалётаў, 60 танкаў і 29 караблёў. Ваенную і дыпламатычную падтрымку фінам аказвалі Англія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Італія. На баку фінаў змагаліся тысячы дабраахвотнікаў з Еўропы і Амерыкі.

Вялікія краіны дамагліся 14 снежня 1939 г. выключэння СССР з ліку членаў Лігі Нацый. Ужо 2 снежня 1939 г. ЗША ўвялі «маральнае эмбарга» на пастаўкі ў СССР авіяцыйнай тэхнікі і тэхналогій. А англійскі ваенны кабінет разгледзеў 7 лютага 1940 г. мерапрыемствы па ажыццяўленню інтэрвенцыі супраць Савецкага Саюза. Так нават планавалася нанесці паветраныя бомбавыя ўдары па нафтавых промыслах Закаўказзя.

12 сакавіка 1940 г. мірнае пагадненне было падпісана ў Маскве, Фінляндыя захавала свой суверэнітэт, але ўмовы СССР ёй прыйшлося выканаць усе і ў поўным аб’ёме.

Вайна была непапулярнай сярод савецкага народу. Чырвоная Армія панесла неапраўдана вялікія страты. Гэта 65 тыс. чалавек забітымі, 20 тыс. страчанымі без вестак, параненымі і абмарожанымі каля 200 тыс., захварэўшымі – 51 тыс. чалавек. Вайна паказала слабасць Чырвонай Арміі – што ў вялікай ступені паўплывала на рашэнне Гітлера перапыніць падрыхтоўку нападу на Англію і пераарыентаваць агрэсію на Усход – супраць СССР.

Вынікі: Як бачым, сацыяльна-палітычныя працэсы ў заходніх рэгіёнах СССР у перадваенныя гады цяжка назваць адназначнымі. Разам з тым, дзякуючы намаганням кіруючых колаў СССР у 1939-1940 гг. адбылося значнае ўзмацненне краіны. Больш чым на 20 млн. чалавек павялічылася колькасць насельніцтва Савецкага Саюза, на 400 тыс. кв. км. пашырылася яго тэрыторыя. У складзе Савецкага Саюза заходнія вобласці Украіны і Беларусі ўключыліся ў агульнасаюзны працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўным зместам пераўтварэнняў, праведзеных тут у канцы 1939 – першай палове 1940 г., быў падзел памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, пачатак калектывізацыі сельскай гаспадаркі, шырокае культурнае будаўніцтва. Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія рэгіёны пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.