Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи па МВБЛ.doc
Скачиваний:
162
Добавлен:
23.12.2018
Размер:
3.17 Mб
Скачать

Вывучэнне чытацкага ўспрымання твора вучнямі.

Успрыманне мастацкага тэксту – працэс аналітыка-сінтэтычны, які ўключае эмацыянальную ўражлівасць, рэакцыю на прачытаны твор, зацікаўленыя адносіны да герояў твора, здольнасць чытача пераносіць матывы, псіхалагічныя прадумовы таго ці іншага дзеяння, учынка літаратурнага героя на сябе, свой рэальны жыццёвы вопыт, разуменне падтэксту, пафасу твора аўтарскай пазіцыі, эстэтычнага ідэалу пісьменніка, здольнасць атрымаць асалоду ад чытання твора. Паўнацэннае ўспрыманне магчыма пры ўмове супадзення вопыту чытача і пісьменніка.

Усё гэта сведчыць ад неабходнасці вывучэння настаўнікам першаснага чытацкага ўспрымання. У працэсе такога вывучэння настаўнік павінен вызначыць, як вучні ставяцца да твора, што іх усхвалявала, зацікавіла, у якой меры яны лічаць яго надзённым. Не менш важна даведацца, як школьнікі запомнілі твор. Настаўнік часцей за ўсё карыстаецца для гэтага так званымі арыентацыйнымі заняткамі, якія могуць займаць ад двух мінут да цэлага ўрока ці нават некалькіх. Мэта іх – дапамагчы вучням запомніць змест твора, абмяняцца ўражаннямі пра твор, высветліць узровень, глыбіню, дакладнасць успрымання твора і пошукі праблемы аналізу.

Выяўленне чытацкага ўспрымання, незалежна ад таго, якім чынам яно будзе рэалізоўвацца, павінна забяспечваць наступныя мэты:

  1. выяўляць сілу эмацыйнай рэакцыі,

  2. раскрываць якасць засваення зместу і сэнсу твора,

  3. паказваць ступень увагі да мастацкай формы,

  4. выяўляць актыўнасць працы ўяўлення.

Высветліць уражанне вучняў ад прачытанага твора можна рознымі шляхамі. Пры пісьмовай форме правядзення арыентацыйных заняткаў вучні могуць адказаць на пытанні анкеты, напісаць невялічкія сачыненні тыпу «Мае любімыя старонкі рамана», «Мой любімы герой апавядання». Настаўнік можа даведацца пра ўражанні вучняў ад прачытанага твора, задаўшы такія пытанні: «Спадабаўся твор ці не? Чым спадабаўся?», «Хто з герояў запомніўся і чым?», «Якія старонкі аповесці чыталі з асаблівым хваляваннем?». Глыбіню ўспрымання прачытанага твора можна выявіць і творчымі заданнямі.

На сённяшні дзень існуе некалькі асноўных аспектаў вывучэння ўспрымання вучнем прачытанага:

  • высвятленне папярэдніх уражанняў ад прачытанага;

  • супастаўленне першапачатковых ўражанняў з тымі, што фарміруюцца ў працэсе аналізу і на выніковых занятках;

  • дамашняе заданне апераджальнага характару;

  • эксперыментальныя зрэзы;

  • сістэматычнае назіранне на працягу навучальнага года ці некалькіх гадоў.

Высвятленне папярэдніх уражанняў. Кожны мастацкі твор вучням ўспрымаецца абсалютна арыгінальна, але часам не зусім правільна. Але менавіта ад таго, як ўспрыняў вучань мастацкі твор на этапе чытання, будзе залежаць і ягоная праца над аналізам твора.

Супастаўленне першапачатковых ўражанняў з тымі, што фарміруюцца ў працэсе аналізу і на выніковых занятках. Не заўсёды ўспрыманне твора будзе аднолькавым на першасным этапе працы з творам і пасля працы над аналізам твора. Думкі, уражанні, меркаванні школьніка часта могуць мяняцца пад уздзеяннем меркаванняў настаўніка ці іншых вучняў. Калі школьнік не зусім правільна зразумеў сутнасць твора, яго асноўны сэнс, не змог у поўнай меры ацаніць мастацкую вартасць, перад настаўнікам стаіць задача давесці да свядомасці навучэнца той асноўны змест і сэнс, што закладзены ў творы самім аўтарам. Але нельга забываць і аб тым, што ўспрыманне любога мастацкага твора (літаратура, мужыка, жывапіс, кіно, тэатр і г.д.) – справа абсалютна суб’ектыўная. Таму нельга “дыктаваць” правільныя адказы на тыя ці іншыя пытанні, якія ставіць перад чытачом аўтар. Праз разнастайныя прыёмы працы на ўроку настаўнік павінен дапамагчы вучню зразумець, што яго першасныя ўяўленні былі не зусім дасканалымі, правільнымі. Толькі праз свядомае ўспрыняцце тэматыкі і праблематыкі будзе свядомае засваення праграмнага матэрыялу.

Дамашняе заданне апераджальнага характару. Далёка не кожны мастацкі твор можна прачытаць на ўроку. І калі лірыку, невялічкія апавяданні варта чытаць на ўроку, то з творамі вялікай формы вучням неабходна пазнаёміцца загадзя. У такім выпадку на пачатку працы над гэтымі мастацкімі творамі настаўніку неабходна высветліць, па-першае, узровень і якасць прачытання твора вучнямі, па-другое, асаблівасці ўспрымання твора на першасным этапе працы над ім. Ад гэтага будзе залежаць спецыфіка працы на ўроку. Калі, напрыклад, твор не прачытаны ці прачытаны не ўсімі вучнямі або не да канца, то і спецыфіка ўрочнай працы будзе зусім іншай. Праводзячы ўступныя заняткі па вывучэнні твора, настаўніку неабходна будзе ў большай ступені звяртацца да зместу твора. А ад таго, як ўспрынялі твор вучні, будзе залежаць падача матэрыялу настаўнікам, расстаноўка пэўных акцэнтаў. Для праверкі хатняга чытання апераджальнага характару сучасная метадычная думка прапаноўвае наступныя формы:

Форма

Дзейнасць настаўніка

Гутарка

Настаўнік праз пытанні непасрэдна на ўроку выяўляе чытальніцкую рэакцыю.

Сістэма накіроўваючых пытанняў і заданняў

Настаўнік загадзя распрацоўвае сістэму пытанняў, алгарытмаў, якія дазволяць засяродзіць ўвагу вучняў на самае важнае і вызначальнае ў мастацкім творы, ахапіць вялікі матэрыял і зарыентавацца ў ім.

Пісьмовая праца

Настаўнік падбірае розныя жанры творчых прац, якія дапамагаюць высветліць дасведчанасць у змесце і індывідуальную пазіцыю вучняў.

Праблемная сітуацыя

Настаўнік на матэрыяле разнастайных трактовак праблемы ў сумежных відах мастацтва выяўляе ацэнкі, рэакцыю вучняў.

Чытанне кантрастных эпізодаў

Настаўнік выбірае кантрастныя накірункі аўтарскай думкі і тым самым прымушае вучняў адразу ўвайсці ў цэнтральную праблему твора.

Увядзенне пазатэкставага матэрыялу

Настаўнік прапануе для абмеркавання розныя пункты погляду крытыкаў, розныя ацэнкі, матэрыял для параўнання або супастаўлення.

Эксперыментальныя зрэзы. Эксперыментальныя даследаванні метадам “зрэзаў” выкарыстоўваюцца тады, калі ад тэмы да тэмы высвятляюцца зрухі ў літаратурным развіцці вучняў, у характары іх непасрэднага чытацкага ўспрымання, у разуменні імі разнастайных твораў, у адносінах да розных кампанентаў твора, на ўзроўнях іх абагульненняў, эмацыянальных і эстэтычных ацэнак;

Сістэматычнае назіранне на працягу навучальнага года ці некалькіх гадоў. Першаснае ўспрыманне твора вучням праходзіць пэўную эвалюцыю на працягу літаратурнага навучання. Залежыць гэта ад узроставых асаблівасцей вучняў і ад практыкі чытання мастацкага твора. Успрыманне твора вучнямі 5 – 8 класаў будзе значна адрознівацца ад старшакласнікаў. Ды і ўзровень чытацкіх магчымасцей вучня можа значна адрознівацца на працягу навучальнага года: павышаецца тэмп, сам працэс чытання становіцца больш удумлівым, з элементамі разважанняў і перажыванняў, паколькі успрыманне не з’яўляецца простым фатаграфаваннем, спрошчаным прыёмам інфармацыі, гэта – актыўная дзейнасць, у якой агромністую ролю адыгрывае станоўчая матывацыя, неабходнасць і цікавасць.