Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи па МВБЛ.doc
Скачиваний:
162
Добавлен:
23.12.2018
Размер:
3.17 Mб
Скачать

Прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу на ўроках літаратуры

Акрамя агульнададактычных настаўнік літаратуры абавязкова павінен выкарыстоўваць спецыфічныя (літаратуразнаўчыя, якія склаліся ў літаратуразнаўчай навуцы) прынцыпы пры выкладанні адпаведнага вучэбнага прадмета.

Вызначальным пры навуковым аналізе літаратурных твораў з’яўляецца прынцып іх вывучэння як твораў мастацтва слова. Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне. Літаратура, як вядома, з’яўляецца адным з відаў грамадскай свядомасці і духоўнай культуры чалавецтва. Аднак яна мае сваю спецыфіку, якая заключаецца ў тым, што літаратура адлюстроўвае свет у вобразнай форме. Вобразнасць адрознівае яе ад такога віду пазнання, як навука, дзе вынікі пазнання падаюцца ў форме навуковых паняццяў. Аб’ектам літаратуры і навукі могуць стаць адны і тыя ж падзеі. Пры аналізе мастацкіх вобразаў трэба звяртаць увагу на чалавечыя характары, іх індывідуальнасць, тыповасць. Змест твора і сутнасць вобразаў нельга падмяняць сацыялагічнымі схемамі, як гэта мела месца ў 30-я гг., а часам і пазней. Літаратурныя творы не павінны разглядацца як ілюстрацыі да гісторыі ці грамадазнаўства. Пры іх аналізе звесткі гэтых навуковых дысцыплін могуць паслужыць дапаможнай крыніцай для глыбокага разумення толькі канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага зместу твора.

Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгожае жыццё і іншыя ідэалы. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, асноўных эстэтычных катэгорый. Літаратура – спецыфічны від мастацтва, яе першаэлементам выступае слова, якое рэалізуецца ў мастацкі вобраз (канкрэтнае, адзінкавае і абагульненае, рацыянальнае і эмацыянальнае). Вось чаму слова становіцца аб’ектам павышанай цікаўнасці пры аналізе мастацкіх твораў. Мастацкі вобраз сінтэзуе ў сабе канкрэтнае, адзінкавае і абагульненае, рацыянальнае і эмацыянальнае.

Адной з умоў забеспячэння глыбокага вывучэння твора з’яўляецца арыентацыя настаўніка на прынцып аналізу мастацкіх з’яў у адзінстве іх зместу і формы. У працэсе аналізу літаратурных твораў разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш.) і знешнія (арганізацыя тэксту, мовы і інш.) кампаненты. Пад зместам мы разумеем тое, што адлюстроўвае пісьменнік, і тое, да якіх вывадаў ён падводзіць чытача паказам пэўных жыццёвых калізій. Змест твора знаходзіць сваё ўвасабленне ў форме, пад якой разумеюць пэўную сістэму мастацкіх сродкаў яго выяўлення. Змест і форма выступаюць як два бакі адной і той жа з’явы і пры аналізе твора трэба ўлічваць іх дыялектычнае адзінства. Яно выяўляецца ў тым, што састаўныя элементы зместу (праблематыка, тэма, ідэя) разглядаюцца не самі па сабе, а ў адзінстве з выяўленчымі сродкамі. У сваю чаргу ўвага да мастацкіх сродкаў пры вывучэнні твораў абумоўлена тым, што менавіта яны з’яўляюцца носьбітамі зместу.Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы. Азначаны прынцып вывучэння літаратуры не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі, без ведання якіх нельга вырашыць адну з важнейшых мэтаў вывучэння літаратуры – выхаванне культуры чытання.

Важным прынцыпам, якога прытрымліваецца настаўнік пры выкладанні літаратуры, з’яўляецца прынцып гістарызму. Ажыццяўленне гэтага прынцыпу вымагае не толькі азнаямлення вучняў з творамі, але і далучэння іх да гісторыі літаратуры. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычныя асновы, каб у свядомасці выпускнікоў школы беларускае і замежнае мастацтва не ўяўлялася як сума твораў, а каб яны ўсведамлялі літаратуру як цэласны працэс. Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу літаратурнай адукацыі на апошняй ступені навучання (ІХ – ХІ класы).

Выкарыстанне разгледжаных дыдактычных прынцыпаў залежыць ад многіх фактараў: узроставых асаблівасцей вучняў, іх падрыхтоўкі, тыпу навучальнай установы, нават ад канкрэтнай сітуацыі, якая складваецца на ўроку. Уменне правільна выбраць адзін з іх з’яўляецца паказчыкам прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка.