Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи па МВБЛ.doc
Скачиваний:
162
Добавлен:
23.12.2018
Размер:
3.17 Mб
Скачать

Беларуская літаратура як вучэбны прадмет. Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”.

Агульная сярэдняя адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь, павінна “забяспечваць духоўнае і фізічнае станаўленне асобы, падрыхтоўку маладога пакалення да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, выхаванне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, авалоданне ім асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, навыкамі разумовай і фізічнай працы, фарміраванне ў яго маральных перакананняў, культуры паводзін эстэтычнага густу і здаровага ладу жыцця”.

Дасягненню гэтай мэты і падпарадкаваны ўвесь навучальны працэс ў сярэдніх навучальных установах краіны. У школьным вучэбным плане прадугледжаны дысцыпліны розных тыпаў:

  • якія носяць так званы дакладны характар і накіраваны на аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаісчнасці, г.зн. вучню неабходна дакладна засвойваць тую ці іншую інфармацыю (напрыклад, тэарэма Піфагора, табліца множання, тры законы Ньютана, табліца хімічных элементаў Д. Мендзялеева і інш.);

  • якія садзейнічаюць фізічнаму развіццю і асновам фізічнай працы (фізічная культура, працоўнае навучанне);

  • якія выяўляюць і развіваюць эстэтычны густ (выяўленчае мастацтва, музыка і спевы).

Беларускай літаратуры як вучэбнаму прадмету ў школе належыць асобнае месца і як самастойны вучэбны прадмет пачынае вывучацца з 5 класа. З аднаго боку, беларуская літаратура – дысцыпліна культуралагічнай скіраванасці са сваім суб’ектыўным пачаткам, “якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва. Літаратура ў школе – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння) жыцця, яго маральных нормаў і вартасцей”. З другога боку, пры вывучэнні нацыянальнай літаратуры акрамя знаёмства з пэўнай інфармацыяй і засваеннем яе найлепшым чынам можна рэалізаваць усе адукацыйныя мэты. Вялікая культурная каштоўнасць літаратуры ў тым, што яна ўяўляе неацэннае і незамянімае ідэйна-эстэтычнае багацце, вялікі духоўны здабытак народа, і валодае магутным ідэйна-выхаваўчым і грамадска-педагагічным паіэнцыялам.

Літаратура – “асаблівая катэгорыя духоўнай творчай дзейнасці грамадства, адрозная ад філасофіі, навукі і мастацтва і разам з тым цесна звязаная з імі, паколькі яна карыстаецца ўсімі іх сродкамі: паняццямі, сімваламі, вобразамі, метрам, рытмікай...” (Конард Н.И. Запад и Восток, М, 1966). Гэта своеасаблівы сінтэз навукі, філасофіі і мастацтва.

Літаратура – чалавеказнаўства. Творы пісьменнікаў выступаюць дзейсным сродкам пазнання прыроды, грамадства і жыцця ва ўсіх яго разнастайных праявах. Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць усё гэта на сябе і такім чынам глыбей пазнаюць сваю індывідуальнасць, у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога, складваецца разуменне вечнага і часовага ў чалавеку, сутнаснага і вызначальнага ў яго жыцці, фарміруюцца здольнасці актыўна супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям у грамадстве. Усвядомленая аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх творах, аказвае на школьнікаў, якія знаходзяцца ў працэсе пошуку свайго духоўнага станаўлення, выхаваўчае ўздзеянне. Біяграфіі пісьменнікаў, мастацкія тыпы і характары пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам, з улікам якіх вучні ствараюць сваю мадэль асобы і імкнуцца рэалізаваць яе ў жыцці.

Літаратура развівае ўяўленне, фантазію чытача, яго творчыя задаткі. Яна з’яўляецца дзейсным сродкам мастацка-эстэтычнага і маральнага выхавання. Будучы здольнай мадэліраваць паводзіны чалавека ў разнастайных жыццёвых сітуацыях, літаратура выступае як крыніца выпрацоўкі сістэмы духоўных каштоўнасцяў, ўзбагачэння эстэтычнага вопыту школьніка. Дапамагаючы вучню пазнаваць жыццё, літаратура адначасова фарміруе магчымасці маральнага, эмацыянальнага і эстэтычнага развіцця, духоўнага самасцвярджэння яго як асобы, якая адчувае сябе часткай прыроды, грамады і валодае здольнасцямі творча і актыўна выяўляць сябе. Пры пазнанні мастацкага твора надзвычай важную ролю адыгрываюць не толькі інтэлект і эмоцыі, але і ўяўленне, што плённа ўплывае на асэнсаванне матэрыялу пры вывучэнні прыродазнаўчых, фізіка-матэматычных дысцыплінаў у школе. Літаратура спрыяе выпрацоўцы вобразна-інтуітыўнага, мадэлюючага тыпу мыслення, развіццю творчага патэнцыялу асобы. Вывучэнне літаратуры ў школе ўключае падлеткаў і юнакоў у розныя віды творчай дзейнасці.

Літаратура як мастацтва, што карыстаецца мовай, здольна ахопліваць сваёй увагай самыя разнастайныя сферы рэчаіснасці, спасцігаць рэчаіснасць універсальна, усеабдымна, у самых розных яе вымярэннях: сучасным, гістарычным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё людзей розных краін. Пісьменнікі стварылі мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, увасобілі нацыянальны характар, адлюстравалі асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям,і. Беларуская літаратура паказвае чалавека ў пэўным сацыяльна-культурным асяроддзі, яна ўздымае важныя філасофскія, маральна-этычныя, экалагічныя і іншыя праблемы сучаснасці.

Беларуская літаратура ў школе адносіцца да прадметаў, з якімі звязваецца галоўная мэта навучання і выхавання – фарміраванне асобы ва ўсёй яе шматграннасці: інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, светапогляд, маральнасць, этычная, эстэтычная, мастацкая, моўная культура.

Галоўная мэта навучання прадмету – далучэнне школьнікаў да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове – выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здатнай успрыманне прыгажосці (эстэтычнае ўспрыманне) ператварыць у стымул маральнага самаўдасканалення, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Спецыфіка літаратуры як прадмета навучання вызначаецца тым, што мастацкая літаратура па сваёй прыродзе цесна звязана з іншымі формамі грамадскай свядомасці (навукай, мараллю, рэлігіяй, палітыкай і інш.), асабліва з гуманітарнымі галінамі ведаў, а таму яна мае вялікае пазнавальнае і грамадска-выхаваўчае значэнне, дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра прыроду і месца ў ёй чалавека, жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асобаў.

Але самае галоўнае, што ўсё гэта ў літаратуры рэалізуецца праз эстэтычна-мастацкае ўспрыманне і асэнсаванне жыццёвых з’яў. Літаратура – гэта мастацтва. І як усякае мастацтва, яна мае поліфункцыянальную спецыфіку:

пазнавальную (літаратура – крыніца ведаў аб жыцці),

эўрыстычную (літаратура спрыяе развіццю мыслення),

камунікатыўную (літаратура – сродак і канал сувязі паміж пісьменнікам і чытачамі, паміж чытачамі),

эстэтычную (літаратура – навука і мастацтва аб прыгожым),

выхаваўчую (з дапамогай літаратуры мы выпрацоўваем свае погляды на жыццё, свае адносіны да яго),

геданістычную (літаратура прыносіць нам асалоду, радасць судакранання з мастацтвам),

развіццёвую (літаратура ўзбагачае і развівае інтэлектуальны і эмацыянальны свет чытача, узбуджае яго фантазію, узбагачае і развівае мову),

культуратворчую і нацыятворчую функцыі, садзейнічае гуманітарызацыі мыслення.

Беларуская літаратура ў школе належыць да навучальных дысцыплін гуманітарнага цыкла, які ўключае ў сябе яшчэ і такія прадметы, як руская літаратура, беларуская, руская і замежная мовы, айчынная і сусветная гісторыя, чалавек і грамадства і інш.

Прыклады: Многае яднае беларускую літаратуру з літаратурай сусветнай, арганічнай часткай якой яна і з’яўляецца. Таму беларуская літаратура вывучаецца ў кантэксце сусветнага мастацкага слова. Гэта пераконвае вучняў у тым, што нацыянальнае прыгожае пісьменства – сапраўды важная і неад’емная з’ява ў агульначалавечай мастацкай культуры. Паралельна вывучаючы творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, навучэнцы пераконваюцца ў тым, што людзей свету яднаюць агульныя праблемы, памкненні, радасці і трывогі, што за час свайго існавання чалавецтва выпрацавала агульныя духоўныя каштоўнасці. Вывучэнне рускай літаратуры, знаёмства з сусветна значнымі мастацкімі набыткамі падмацоўваюць гэтую выснову і спрыяюць фарміраванню глыбокіх эстэтычных падыходаў да з’яў мастацтва, грамадзянскіх перакананняў, гуманістычнага светапогляду вучня як прадстаўніка свайго этнасу, носьбіта нацыянальнай і агульначалавечай культуры.

Нарэшце, літаратура як мастацтва слова з’яўляецца сродкам авалодання і ўзбагачэння мовы, сродкам індывідуальнага самавыяўлення школьніка. Праз мастацкія тэксты вучань спазнае адметнасць складу беларускай мовы, яе сінтаксісу. Чытанне і вывучэнне літаратурных твораў развівае здольнасці вучня ў камунікацыі, узбагачае выяўленчыя, экспрэсіўныя магчымасці яго мовы, лексічны, фразеалагічны, слоўнікавы запас, фарміруе маўленчыя нормы, у цэлым развівае маўленчую культуру, а г.зн. і агульную культуру асобы.

Беларуская літаратура таксама звязана з гісторыяй. Кожны мастацкі твор выяўляе асаблівасці той гістарычнай эпохі, у якую ён быў створаны, ці пра якую распавядае. Мастацкія тэксты – своеасаблівая крыніца інфармацыі аб гістарычным мінулым беларускага народа, пісьменнік з’яўляецца сведкам той эпохі, у якую ён жыў. Без вызначанага запасу ведаў па гісторыі нельга правільна ацаніць і вытлумачыць творчасць пісьменніка на ўроках беларускай літаратуры. Гісторык можа прапанаваць навучэнцам прачытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў на гістарычныя тэмы. Рэалізацыя сувязі паміж урокамі літаратуры і гісторыі пакажа навучэнцам, што перадавыя, гістарычна абумоўленыя ідэі не ведаюць нацыянальных меж.

У той жа час беларуская літаратура – гэта дысцыпліна эстэтычнага цыкла, яна збліжана з выяўленчым мастацтвам, музыкай. Як і гэтыя школьныя курсы, беларуская літаратура фарміруе эстэтычныя густы і ідэалы, задавальняе патрэбы ў эстэтычнай дзейнасці. Урокі музыкі спрыяюць мімавольнаму запамінанню беларускай лексікі, актывізуюць яе, развіваюць пачуццё мовы, выпрацоўваюць правільную інтанацыю, замацоўваюць арфаэпічныя навыкі. Урокі літаратуры часам суправаджаюцца праслухоўваннем музычных твораў, якія выклікаюць у школьнікаў вызначаныя асацыяцыі, павышаюць эмацыйны настрой і палягчаюць засваенне тэкстаў.

На ўроках беларускай літаратуры можна абапірацца і на навыкі, набытыя навучэнцамі на ўроках выяўленчага мастацтва. Настаўнік выяўленчага мастацтва можа падказаць настаўніку, хто з навучэнцаў здольны зрабіць ілюстрацыі да які вывучаецца твора, яго кансультацыі дапамогуць падабраць тэматычна блізкія жанравыя карціны, партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да твораў і правільна іх пракаментаваць.

Такім чынам, літаратура – гэта асобасна-арыентаваны школьны прадмет. Разам з тым сярод дысцыплін эстэтычнага цыкла беларускай літаратуры належыць адметнае месца. Мастацкае слова спалучае ў сабе пэўныя магчымасці жывапісу і музыкі, яно здатнае ствараць зрокавыя і слыхавыя вобразы. Беларуская літаратура далучае вучняў да духоўнага жыцця і культуры народа. У нацыянальнай літаратуры выявілася светаўспрыманне этнасу, яго разнастайныя ўяўленні, узаемаадносіны з прыродай, маральныя і эстэтычныя ідэалы.

Курс роднай літаратуры ў школе складаецца з некалькіх кампанентаў.

Большая частка гадзін адведзена на вывучэнне твораў беларускіх пісьменнікаў. Аднак немалая колькасць гадзін адводзіцца і на працу з найлепшымі ўзорамі сусветнай літаратурнай класікі. Такі зварот дапамагае па-новаму зірнуць на нацыянальную літаратуру. Менавіта ўключэннем замежных пісьменнікаў і твораў у праграму па беларускай літаратуры забяспечваецца прынцып вывучэнне нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай, “зарыентаванасць праграм на вывучэнне нацыянальнай літаратуры ў суадносінах з сусветнай, што сведчыць пра культуралагічную накіраванасць навучання і выхавання, пашырае магчымасці ў пазнанні шляхоў развіцця літаратуры, спрыяе вызначэнню рыс падабенства і арыгінальнасці, спасціжэнню эстэтычных асаблівасцей беларускага мастацкага слова”. Пры вывучэнні мастацкіх твораў неабходна знаёміць навучэнцаў і з пэўнымі тэарэтычнымі паняццямі, якія прапануюцца праграмай і вывучэнне якіх прапануецца, улічваючы ўзроставыя асаблівасці школьнікаў, з 5 класа. Беларускую літаратуру як адзін з відаў мастацтва нельга вывучаць у адрыве ад іншых відаў мастацтва. Параўнанне мастацтва слова і, напрыклад, музычнага выяўлення таго ж самага пачуцця заўсёды будзе спрыяць развіццю творчых здольнасцей маладога чалавека. Акрамя таго, многім пісьменнікам і творам, мастацкім вобразам прысвечана нямала ўзораў жывапісу, музыкі, партрэта і інш.: опера “Зорка Венера” Ю. Семянякі, песня “Аляксандрына” У. Мулявіна, мастацкі фільм М. Пташука “Знак бяды” і многае іншае. Таксама варта ўзгадаць, што класікам Янку Купалу і Якубу Коласу прысвечаныя цэлыя альбомы: “Янка Купала ў творчасці мастакоў” і “Якуб Колас у творчасці мастакоў” (абодва – 1982 г.). Гэты важны кампанент літаратурнага навучання ўлічаны ў школьных вучэбных праграмах па беларускай літаратуры і знайшоў сваё адлюстраванне ў спецыяльнай рубрыцы “Мастацтва”.

Такім чынам, родная літаратура, будучы асобным, самастойным прадметам школьнай адукацыі, звязана з іншымі прадметамі грамадска-гуманітарнага і мастацка-эстэтычнага цыклаў, цесна суадносіцца з усім навучальна-выхаваўчым працэсам. Сістэмнае вывучэнне адукацыйнай вобласці “Беларуская літаратура” павінна забяспечыць:

– фарміраванне ў вучняў сістэмы літаратурных ведаў як кампанента гуманітарнага светаадчування і мыслення;

– развіццё чытацкіх і моўных уменняў – сродку самавыяўлення і самавыхавання, неабходнай умовы для ўваходжання ў дыялог з іншымі людзьмі, з мастацтвам і навукай;

– фарміраванне ўмення аналізаваць мастацкі твор як аснову для разумення своеасаблівасці творчасці пісьменніка, для развіцця здольнасці адчуваць сапраўднае мастацтва, высокае і нізкае ў свядомасці і паводзінах чалавека;

– разуменне вучнямі грамадскага значэння нацыянальнай літаратуры – састаўной часткі агульначалавечай культуры і мастацтва, сродку духоўнага ўсведамлення быцця народа, формы зносінаў людзей і цэласнага разумення свету;

– развіццё асобы навучэнцаў: іх пачуццяў, мыслення, самасвядомасці, унутранай духоўнай культуры, мастацка-эстэтычнага густу.

Мастацкая літаратура ў школе забяспечвае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў сучасным зменлівым свеце. Беларуская літаратура – тое спалучальнае звяно, якое перадае ад папярэднікаў да сучаснікаў назапашаны на працягу стагоддзяў духоўны і эстэтычны вопыт. На аснове гэтага духоўнага вопыту разгортваецца выхаванне гарманічна развітой, цэласнай асобы, здольнай выяўляцца ў грамадстве ў працэсе творчай дзейнасці.

Рэспублікі Беларусь

29.05.2009 № 32

АДУКАЦЫЙНЫ СТАНДАРТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА” (I–XI КЛАСЫ)