Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел лит шпора ГОС.doc
Скачиваний:
117
Добавлен:
27.10.2018
Размер:
674.82 Кб
Скачать

51. “Родныя дзеці” н.Гілевіча як раман у вершах. Жанравыя прыкметы раманнай формы.

Ніл Сямёнавіч Гілевіч – вучоны, аратар, публіцыст, грамадскі дзеяч, перакладчык, паэт, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі. Адметную старонку ў сучаснай беларускай паэзіі складае яго творчасць ( зборнікі «Неспакой», «Бальшак», «Перазовы», «Актавы», «У добрай згодзе», «Повязь», «Жыта, сосны і валуны», «На высокім алтары»). Асноўным зместам сённяшняй паэзіі Н. Гілевіча з'яўляецца лёс беларускай мовы і культуры, духоўная спадчына народа, памяць мінулай вайны. Творчыя інтарэсы паэта шырокія і разнастайныя, у многіх творах адчуваецца сувязь з біяграфічнымі момантамі, канкрэтнымі падзеямі і фактамі.

Ніл Гілевіч — аўтар першага ў беларускай літаратуры рамана ў вершах «Родныя дзеці», у якім адлюстроўваецца побыт і жыццё беларускага народа, выяўляецца сутнасць душы беларуса, паэтызуецца прырода, раскрываецца высокі і трагічны сэнс кахання, узнімаюцца пытанні экалогіі, мовы, маральнай адказнасці чалавека за свае дзеянні, учынкі.

Кампазіцыя твора даволі арыгінальная. У ім чатырнаццаць раздзелаў, аб'яднаных у пары. Пасля першых шасці пар прыводзяцца аўтарскія адступленні: паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, у гонар маці, кулінарнае і педагагічнае. Пачынаецца раман запеўкай, заканчваецца — дапеўкай, у якіх аўтар звяртаецца да чытача, абгрунтоўвае выбар тэмы.

Экспазіцыяй твора з'яўляецца першы раздзел «Прычына», дзе мы ўпершыню знаёмімся з галоўным героем Сцяпанам Якубавічам Вячоркам, калі той раздумвае над «пісьмом-павесткай» — запрашэннем на сямідзесяцігадовы юбілей маці. Асноўная сюжэтная лінія «Родных дзяцей» звязана з лёсам Сцяпана — прафесійнага музыкі і кампазітара, чалавека шматграннага, душэўна шчодрага, выпрабаванага часам, памяццю, сумленнем. У размовах Сцяпана на вясковай, вуліцы, за сталом, на могілках (з братам Антосем, дзядзькам Лёксам, Мікітам, Лёдзяй, Тамашом, дзедам Сіўцом і інш.) абмяркоўваюцца шматлікія пытанні гісторыі, культуры, экалогіі, маралі, робяцца высновы аб непарыўнай еднасці чалавека з прыродай, бацькоўскай зямлёй, акрэсліваюцца чалавечыя лёсы.

Раздзелы «Белы май», «Ганьба», «Разлад», «На ўзвеях часу» з'яўляюцца ўспамінамі Сцяпана аб студэнцкіх гадах, каханні да Альжбеты Францаўны Кудзёлкі, майскіх шчаслівых вечарах. Ёсць ва ўспамінах героя і прыкрыя моман-ты, звязаныя са «шлюбам» з Гіленай, ганьбай, якую справакаваў аднакурснік Юзік Бэнсь, няўдалай жаніцьбай і разводам з Феняй.

Даволі важныя праблемы ўзнімаюцца ў раздзеле «Бацькоўскі кут». У полі зроку паэта — зямля, якая заўсёды была для чалавека і карміцелькай, і духоўнай крыніцай. 3-за няўмелага гаспадарання яна пачынае ператварацца ў тарфяны пыл, у «бясплодны, мёртвы мінерал». Занепакоены гэтым, аўтар усклікае: Зямля! Твой люд цябе вякамі Бярог, любіў — не памірай. Жыві, карміцелька-зямліца! Радзі! Пладзі! Святкуй жніво! I дзень і ноч гатоў маліцца Я за здароўе за тваё'. Але малітва не заўсёды можа дапамагчы. Для выратавання зямлі, сцвярджае паэт, перш за ўсё патрэбен «разумны, рупны гаспадар».

У гэтым жа раздзеле размова вядзецца пра вайну, якая трагічным рэхам адгукаецца ў лёсах многіх герояў твора. На могілках, дзе пахаваны сястра Крыстына і брат Лёнік, Сцяпан сустрэў старога згорбленага дзеда Валенту Дразда. Як высветлілася з размовы, дажывае ён свой век адзін: два сыны не вярнуліся з фронту, жонка загінула на чужыне, дачку Мальвіну фашысты расстралялі разам з грудным дзіцем. Сустрэча з дзедам выклікала ў героя твора трывожны роздум аб сэнсе чалавечага жыцця, аб тым, што забыццё, выкрэсліванне чалавека з людской памяці страшней за фізічную смерць. I таму чалавек з маленства павінен думаць, «які — ці светлы, ці прыгожы — пакіне ў памяці ён след!»

У лірычных адступленнях акрэсліваецца грамадзянская пазіцыя аўтара, даюцца пэўныя рэкамендацыі, рэцэпты. У паэтычным і гістарычным адступленнях, напрыклад, Н. Гілевіч узгадвае гістарычнае мінулае Беларусі, выдатных князёў Уладзіміра і Рагвалода, прызнаецца ў шчырай любові да Радзімы, цеснай і непарыўнай сувязі з ёй.

У лірычным адступленні ў гонар маці паэт выказвае шчырую падзяку маці, якая дзеля шчасця дзяцей гатова ахвяраваць сабой. Перажыўшы вайну, «разбой, пажар смяротны», маці змагла выхаваць дзяцей, уваскрэсіць для жыцця родны дом.

У творы нямала гумарыстычных радкоў (асабліва ў раздзелах «Гамана ў застоллі», «Кулінарнае адступленне»), з дапамогай якіх паэт змог стварыць запамінальныя партрэты герояў, высмеяць негатыўныя з'явы, падзеі, факты, а таксама паказаць сутнасць прайдзісветаў, ілжэвучоных, кар'ерыстаў, бюракратаў.

Раман у вершах «Родныя дзеці», багаты на герояў і падзеі, паказвае непарыўнасць чалавечага існаванння ў часе і прасторы, сцвярджае непераможнасць жыцця. Ён вучыць па-сапраўднаму любіць Бацькаўшчыну, шанаваць яе гісторыю, родную мову, помніць пра свае карані і вытокі.